У традыцыйным спартыўным аглядзе расказваем самыя цікавыя навіны.
Турнір тыдня. У Катары адбыўся фінал чэмпіянату свету па футболе. Трохразовым чэмпіёнам стала зборная Аргенціны, якая абыграла каманду Францыі. Лідарамі каманды-пераможцы сталі Ліянэль Месі і Анхель Ды Марыя, якія забілі два галы ў першым тайме. Аднак у другім тайме вядучы гулец французскай зборнай Кіліян Мбапэ аформіў галявы дубль: на 80-й хвіліне ён рэалізаваў пенальці, а потым зраўнаваў вынік — 2:2. У дадатковы час лідары зноў сказалі сваё слова: спачатку вызначыўся Месі, а потым Мбапе з пенальці аднавіў раўнавагу — 3:3. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку Аргенціны — 4:2. Ліянэль Месі прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату свету — 2022, Мбапэ стаў пераможцам у спрэчцы бамбардзіраў, забіўшы 8 мячоў. Аргенцінец Эміліяна Марцінес названы найлепшым галкіперам турніру.
«Бронзу» 22-га планетарнага форуму заваявалі футбалісты зборнай Харватыі, якія абгулялі каманду Марока з лікам 2:1. Для харватаў гэта другія бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату свету. Наступны чэмпіянат свету па футболе пройдзе ў 2026 годзе на арэнах ЗША, Канады і Мексікі.
Кубак тыдня. Баскетбалісткі «Гарызонта» сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі сярод жаночых каманд. У вырашальным паядынку яны перамаглі гродзенскую «Алімпію» з перавагай усяго ў два ачкі — 74:72. У матчы за бронзавыя ўзнагароды 26-га кубкавага розыгрышу БК «МІНСК» упэўнена перайграў «Гомельскіх рысяў» — 90:62.
Перамога тыдня. У Маскве на «ЦСКА-Арэне» завяршыўся традыцыйны міжнародны турнір па хакеі «Кубак Першага канала». У заключным матчы сустрэліся зборныя Беларусі і Расіі. Пасля заканчэння асноўнага часу на табло гарэлі лічбы 4:4, і сустрэча перайшла ў авертайм. У дадатковай пяціхвілінцы каманды вызначыцца не змаглі, а серыя булітаў засталася за беларускімі хакеістамі. Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі стала пераможцам «Кубка Першага канала». Гэта другая перамога нашай каманды на «ЦСКА-Арэне». Раней беларускія хакеісты былі мацнейшыя за каманду Казахстана ў спаборніцтвах 3 на 3.
Героі тыдня. Беларускія плыўцы выступілі на міжнародных спаборніцтвах «Кубак Уладзіміра Сальнікава» ў Санкт-Пецярбргу. Лідар беларускай каманды Анастасія Шкурдай стала пераможцай на 100 метрах комплексным плаваннем і на 200 метрах на спіне, заваявала «бронзу» на дыстанцыі 50 метраў на спіне. Аліна Змушко стала трэцяй у фінале на 100 метраў брасам і перамагла ў вырашальным заплыве на 50 метраў брасам. Каманда Беларусі ў складзе Віктара Стасяловіча, Антона Кнышава, Анастасіі Куляшовай і Анастасіі Шкурдай заваявала бронзавы медаль у змешанай камбінаванай эстафеце 4х50 м. Удзел у турніры узялі 250 найлепшых спартсменаў рэйтынгу Усерасійскай федэрацыі плавання, 50 вядучых прадстаўнікоў Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, а таксама 20 плыўцоў з Беларусі.
Медалі тыдня. У расійскім Зеленадольску завяршыліся традыцыйныя міжнародныя спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы памяці алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Курынава. На памост спартыўнага комплексу «Маяк» выйшла каля 200 атлетаў з Беларусі і Расіі. Беларускія штангісты заваявалі 12 медалёў.
Надзеі тыдня. Больш як 300 юных беларускіх спартсменаў і іх трэнераў стане стыпендыятамі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў 2023 годзе, паведамілі ў прэс-службе клуба. Сярэдні памер гадавой стыпендыі складзе Br7,5 тыс. (за месяц — Br625). Па выніках праведзенага аналізу ў спіс стыпендыятаў уключаны 189 спартсменаў, з якіх 24 станавіліся чэмпіёнамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розных узроставых катэгорыях, 133 трэнеры, якія прадстаўляюць 47 відаў спорту. У 2023 годзе фінансавую падтрымку ўпершыню атрымаюць прадстаўнікі бадмінтона, воднага пола і хакея на траве. У 2021 годзе Прэзідэнцкі спартыўны клуб упершыню пачаў эксперымент па падтрымцы маладых трэнераў з мэтай зніжэння адтоку кваліфікаваных кадраў са спартыўнай галіны. Ён працягнецца і ў надыходзячым годзе — 70 маладых спецыялістаў будуць атрымліваць падтрымку ад клуба.
Аб'ява тыдня. Беларускіх і расійскіх спартсменаў аднавілі ў рэйтынгах Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBА). Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным сайце WBА. Рашэнне было прынята пасля абмеркавання ўсімі членамі Камітэта па чэмпіянатах і Камітэта па рэйтынгах Сусветнай баксёрскай асацыяцыі. У заяве арганізацыі падкрэсліваецца, што баксёры «дзеля спорту і на карысць кар'еры» змогуць вярнуцца ў рэйтынгі і змагацца за тытулы WBА.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».