Яйкі, лыжкі і шкатулкі, філігранна выразаныя з дрэва. Зубры, коні і павукі, вытанчана сплеценыя з саломы. Выцінанкі, выразаныя з паперы, — настолькі цудоўныя, што імі можна ўпрыгожваць сцены замест карцін. Нацыянальныя строі, зробленыя ўручную адпаведна з гістарычнымі ўзорамі. Усё гэта сабралася ў адным месцы ў выставачнай зале аддзела рамесніцкай дзейнасці, якая нядаўна адкрылася ў будынку Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Яна мусіць адначасова стаць і пляцоўкай для продажу самабытных вырабаў рамеснікаў. Аднак галоўная задача выставы — садзейнічаць адраджэнню і папулярызаваць традыцыйныя віды рамёстваў краю.
У адным месцы цяпер можна пабачыць самыя розныя творы народных промыслаў і рамёстваў раёна: выцінанку, вышыўку, ганчарныя, драўляныя і саламяныя вырабы, заўважыла Наталля ГАРОДНІК, дырэктар Карэліцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці:
— Цэнтральнае месца экспазіцыі мы адвялі пад выставу саламяных работ Веры Салдатавай — майстра, практыка саломапляцення якой занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Майстрыха саломапляцення ўжо 26 гадоў жыве ў Карэліцкім раёне ў... доме-музеі — сядзібе ў Райцах, дзе яны з мужам замаюцца творчасцю, прымаюць гасцей і гатовыя гадзінамі расказваць і паказваць, як просты матэрыял пераўтвараецца ў шыкоўны твор. Вакол дома — вялізны парк, дзе, па словах Веры Салдатавай, збіраецца 1,5 гектара лістоты, з якой гаспадары робяць кампост і ўносяць назад у глебу:
— Гэта еўрапейская традыцыя, якая пайшла з каралеўскіх садоў К'ю ў Вялікабрытаніі, і мы яе падтрымліваем. А саломкай я заахвоцілася ў 14 гадоў у педвучылішчы. Мастак паказаў, як рабіць з яе аплікацыі. І пасля я ўвесь час вучылася працаваць з ёю, так што, саломка трымае мяне на плыву доўгія гады.
Вырабы з саломы ў майстрыхі самыя розныя: коні, павукі (упрыгажэнне, з якога можа атрымацца жырандоля), зубры, талеркі, капялюшы.
Падрастаючаму пакаленню часам бывае не зусім зразумела, што такое традыцыйныя народныя рамёствы, лічыць Юлія БАЯРЭНКА, загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага дома рамёстваў, таму, каб зрабіць успрыманне больш уяўным, яна правяла невялікую экскурсію па прадэманстраваных вырабах:
— Тканыя дзяружкі, якімі нашы продкі засцілалі ложкі, у Карэліцкім рэгіёне, напрыклад, вылучаліся стрыманай каляровай гамай і геаметрычным малюнкам. Ткацкія станкі маглі займаць палову жылога пакою. Для вырабу гаспадыні выкарыстоўвалі шарсцяныя або льняныя ніці. Ткацтва паясоў мы асвойваем другі год, робіцца гэта ў розных тэхніках. Напрыклад, пояс у выглядзе шнура вырабляецца з дапамогай прылады, якую ў народзе празвалі вілка. А на калодках ткалі круглыя паясы даўжынёй каля двух метраў. На выраб такога пояса патрэбны быў дзень. А нядаўна асвоілі тэхніку ткацтва паясоў на ніту.
Расказала майстар і пра вырабы з лазы: кошыкі, шкатулкі, цукерніцы; вышываныя ручнікі і карціны, выцінанкі з паперы, якімі ўпрыгожвалі інтэр'ер замест сурвэтак; гліняны посуд, якім карысталіся ў штодзённым побыце.
Асобнае месца на выставе адведзена нацыянальным строям: жаночаму, мужчынскаму і дзіцячаму (для хлопчыка і дзяўчынкі), а таксама верхняй вопратцы на перыяд міжсезоння. Усе касцюмы сшытыя ўручную і існуюць у адзінкавым варыянце.
— Адна з асаблівасцяў строяў тых часоў у тым, што жанчына не магла выйсці на вуліцу з непакрытай галавою, а мужчына не мог паказацца на вуліцы без пояса, — заўважыла Юлія Баярэнка. — А дзіцячае адзенне з сямігадовага ўзросту было дакладнай копіяй дарослых строяў.
Цэнтральная экспазіцыя ў выставачнай зале будзе час ад часу мяняцца, а вось вырабаў з гліны, дрэва, саломкі ды вышыванак будзе больш. У планах паставіць стэлажы і займацца не толькі паказам твораў, але і іх продажам. Асноўныя накірункі, па якіх працуюць у аддзеле рамёстваў, — гэта ткацтва, ганчарства, разьба па дрэве.
— Тут будуць творы майстроў і нашага аддзела, і іншых раённых умельцаў. Пры нашым аддзеле працуе цэлае аб'яднанне «Карэліцкія вытокі». Мы вельмі радуемся, калі да нас прыходзяць новыя людзі. Як правіла, гэта ўсё самавучкі, якія паспрабавалі нешта рабіць, і ў іх атрымался. Не забываемся і пра майстрых, якія ўжо з-за ўзросту не робяць новага, але захоўваюць веды, якія мы пераймаем, — падзялілася Юлія Баярэнка. — Як правіла, усе майстры маюць асноўнае месца працы, а стварэнне адмысловых твораў для іх хобі. Пражыць, займаючыся толькі творчай працай, немагчыма.
Прытым што такія хобі — справа не танная і часам нават небяспечная. Узяць рэзчыка па дрэве Аляксандра Заблоцкага, у якога, дарэчы, любімае хобі — гэта яшчэ і праца (ён мастак-афарміцель у аддзеле рамёстваў). У яго пастаянна парэзаныя пальцы, заўважыла загадчык аддзела:
— Пару гадоў таму мы ўдзельнічалі ў выставе ў Баранавічах, і члены журы на вырабы майстра сказалі, што гэта немагчыма зрабіць уручную, што яго творы адшліфаваны станком. Я так тады абразілася, а рэзчык перапыніў мяне і кажа, што для яго гэта сталася найлепшым кампліментам яго рабоце. Аднак я ўпэўнена, што члены журы падобных творчых конкурсаў таксама павінны быць падрыхтаванымі людзьмі, каб уяўляць магчымасці таленавітых людзей і разбірацца ў зробленым.
Трэба не толькі аднаўляць традыцыйныя народныя рамёствы, але і захаваць іх, перадаць наступным пакаленням, заахвоціць іх займацца гэтай справай, упэўнена майстар:
— Маладыя спецыялісты часта прыходзяць і сыходзяць на большыя грошы. Займацца нашай справай застаюцца людзі, улуюбёныя ў сваб работ да глыбіні душы. Нам бы вельмі хацелася, напрыклад, займець хаця б невялікі ткацкі станок — гэта такая цікавая работа, але ж для яго патрэбны спецыяліст, які б займаўся толькі гэтай справай.
Юлія Баярэнка радуецца, што ў моду ўваходзяць вышыванкі, шкарпэткі і спадніцы з арнаментам, якія можна сустрэць на вуліцы ў штодзённым жыцці, а не на свяце. Хай сабе і не вышыты ўзор, а прынт, але ж ён ёсць. І захоўваюцца традыцыйныя беларускія колеры: белы, чорны, чырвоны. А круглыя паясы пакрые становяцца ўпрыгажэннем для жаночых сумак.
Ірына СІДАРОК
фота аўтара
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.