Вы тут

«Полымя», якое «гарыць» ужо стагоддзе...


Для старэйшага літаратурнага часопіса краіны «Полымя» гэты год прайшоў пад знакам юбілею — сто гадоў з дня выхаду першага нумара. Пра святочныя мерапрыемствы, сённяшні дзень і перспектывы аўтарытэтнага выдання ішла гаворка на прэс-канферэнцыі «Гісторыя і сучаснасць беларускай літаратуры на старонках беларускіх часопісаў», што прайшла ў Доме прэсы.


Напачатку мерапрыемства намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп зачытаў прывітальны адрас часопісу-юбіляру за подпісам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, у якім прагучалі віншаванні ад Савета Рэспублікі і асабіста ад Наталлі Іванаўны. Сярод іншага там гаварылася: «Цягам стагоддзя часопіс „Полымя“ выконвае важную і адказную місію: аб’ядноўвае пісьменнікаў Беларусі, якія шчыра клапоцяцца аб захаванні беларускага слова і яго вартым гучанні ў свеце, які імкліва мяняецца. Непарушнымі застаюцца прыярытэты выдання: адкрытасць для ўсіх пакаленняў, стыляў і плыняў, мастацкія якасці твораў. Выбітныя майстры Якуб Колас і Янка Купала, якія стаялі ля вытокаў стварэння часопіса, назаўсёды застаюцца прыкладам літаратурнага служэння нацыянальным інтарэсам і справе абароны спаконвечных каштоўнасцяў беларускага народа». 

Віктар Шніп прадэманстраваў юбілейны нумар часопіса, дызайн якога стылізаваны пад вокладку часопіса выпуску 1922 года, распавёў пра змест — своеасаблівы дайджэст гісторыі часопіса. 

— Я  — дванаццаты галоўны рэдактар выдання, і я ўдзячны ўсім сваім папярэднікам, якія намагаліся, каб часопіс быў цікавы чытачу, удзячны супрацоўнікам і, зразумела, нашым аўтарам. Недарэмна часопіс «Полымя» традыцыйна трымае пастаянную сувязь з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, які з’яўляецца сузаснавальнікам выдання.

Віктар Анатольевіч нагадаў, што да 26 снежня ў любым паштовым аддзяленні яшчэ можна аформіць падпіску на часопіс «Полымя» і іншыя выданні, якія выходзяць пры выдавецтве «Мастацкая літаратура». 

— Нельга ўявіць гісторыю беларускай літаратуры без часопіса «Полымя», — адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч і згадаў імёны некаторых легендарных супрацоўнікаў выдання, у тым ліку Анатоля Вялюгіна і Івана Пташнікава.

Паколькі чытач у першую чаргу шукае на старонках літаратурнага часопіса буйныя творы, раманы, аповесці, Алесь Мікалаевіч лічыць, што ў бліжэйшыя гады павінен пашырыцца аб’ём «Полымя», каб даць магчымасць падзяліцца сваімі адкрыццямі як мага большай колькасці пісьменнікаў. 

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак нагадаў, што ў свой час наклад часопіса «Полымя» даходзіў да 10 тысяч, а «Нёмана», які сёння таксама выходзіць пры выдавецтве «Мастацкая літаратура», — да 180 тысяч. 

— Быў вялікі адбор, некаторыя рукапісы чакалі публікацыі па тры гады. Сёння ж выдавецтвы самі змагаюцца за цікавых аўтараў, чые творы могуць прыцягнуць увагу чытача. Але ад гэтага роля часопіса толькі ўзрастае. Часопіс — гэта не толькі апублікаваныя творы, гэта — фарміраванне грамадскай свядомасці, фарміраванне ўяўлення пра стан сучаснай літаратуры. Гэта ўніверсальны прадукт, які ў кожным нумары акумулюе ў сабе розныя жанры. 

Алесь Бадак заўважыў, што бачыць перспектыву часопіса ў публікацыі новых яркіх твораў і падтрымцы маладых аўтараў.

Дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка звярнуў увагу на высокую культуру рэдакцыі і назваў «Полымя» «часопіс нумар адзін»:

— Вельмі добра, што калісьці мы змаглі забяспечыць выданню інтэлектуальную функцыю: «Полымя» — ВАКаўскі часопіс, дзе друкуюцца прафесійныя літаратуразнаўцы. А публікацыя артыкулаў выкладчыкаў, даследчыкаў — гэта іх прафесійны рост. Адзначу, што часопіс «Полымя» ёсць стрыжань ідэалогіі нашай дзяржавы, гуманістычнай па сваёй сутнасці, сацыяльна арыентаванай. Захоўваецца высокі ідэйна-мастацкі ўзровень твораў, прынцыпы чалавечнасці, народнасці, маральнасці, адшліфаванасць слова, стылю. Скіраванасць на адукацыю і выхаванне грамадзян краіны — вельмі істотная функцыя выдання, якое паслядоўна спраўджвае дзяржаўныя ідэалагічныя праграмы, такія, як захаванне гістарычнай памяці. 

Галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Амосава распавяла, што ў фондах бібліятэкі маецца поўная падборка выпускаў выдання — 1118 нумароў, пачынаючы з 1922 года, у колькасці каля 3.500 асобнікаў. Любы нумар можна замовіць у электронным фармаце. Пры гэтым застаецца акутальным часопіс у друкаваным выглядзе. Рарытэтныя нумары «Полымя» экспануюцца зараз на кніжнай выстаўцы «Іскрыся іскрамі, палай...», якая праходзіць у бібліятэцы, а таксама на выставе «На хвалі часу, у плыні жыцця» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Пра змест сучаснага «Полымя» распавяла рэдактар аддзела крытыкі і літаратуразнаўства Наталля Казапалянская. З адметнымі публікацыямі часопіса «Нёман» азнаёміла галоўны рэдактар Наталля Касцючэнка. Часопіс «Маладосць» прадставіла рэдактар аддзела паэзіі і крытыкі Юлія Алейчанка. 

Напрыканцы Віктар Шніп распавёў пра канцэпцыю бліжэйшых нумароў часопіса «Полымя». Таксама паведаміў, што запланавана некалькі круглых сталоў, адзін з іх адбудзецца з удзелам старшынь абласных аддзяленняў СПБ, другі збярэ бібліятэкараў краіны. 

— Часопіс «Полымя» пастараецца быць і надалей люстэркам сучаснай беларускай літаратуры, — запэўніў Віктар Шніп.

Людміла ІВАНОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.