Вы тут

Лукашэнка: Няпросты час патрабуе ад нас палітычнай волі і нацэленасці на вынік


Рабочы тыдзень пачаўся беларуска-расійскімі перагаворамі на найвышэйшым узроўні. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў у Палацы Незалежнасці свайго калегу — Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У нашай краіне расійскі лідар не быў доўгі час, аднак гэта ніколькі не перашкаджала развіццю беларуска-расійскіх адносін. Толькі сёлета лідары дзвюх краін правялі шэраг сустрэч — у самых розных фарматах. Аднак гэта сустрэча ў Мінску мае істотнае адрозненне ад усіх астатніх — пытанні, якія на ёй абмяркоўваліся, маюць стратэгічны характар. Найперш, у сферы эканомікі. 


Беларускі лідар асабіста сустрэў свайго калегу ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», і яны разам накіраваліся ў Палац Незалежнасці, дзе правялі сустрэчы ў розным фармаце. Пачаліся перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў пашыраным складзе. Удзел у іх прынялі прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў, намеснік старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Аляксей Авярчук, прэс-сакратар Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў. Сярод удзельнікаў перагавораў — кіраўнікі ведамстваў, арганізацый Беларусі і Расіі, якія адказваюць за асноўныя напрамкі беларуска-расійскага супрацоўніцтва. 

Сімвалічна, што падчас перагавораў у прысутнасці членаў дэлегацый кіраўнікі дзяржаў размясціліся не адзін насупраць аднаго, як гэта звычайна бывае ў такім фармаце, а побач. Гэта сведчыць аб сяброўскім і саюзніцкім характары беларуска-расійскіх узаемаадносін. 

«Толькі разам можна пераадолець любыя пандэміі, крызісы або санкцыі»

Перш чым перайсці да абмеркавання важных пытанняў двухбаковага ўзаемадзеяння, Аляксандр Лукашэнка сардэчна прывітаў усіх расійскіх калег у гасціннай беларускай сталіцы. Звяртаючыся да свайго калегі, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Уладзімір Уладзіміравіч у сілу абставін не быў у нашай краіне дастаткова даўно, але дэлегацыі ў іншым складзе, міністры дзвюх краін часта сустракаюцца. «Вы заўсёды з’яўляецеся для нас жаданымі гасцямі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Перапынак у візітах у Мінск зусім не перашкаджаў нам быць у пастаянным кантакце. Нават заходнія нашы так званыя партнёры вельмі непакоіліся, што мы часам вельмі часта сустракаемся. Мы рэгулярна сустракаліся як у Расійскай Федэрацыі, так і на міжнародных пляцоўках. Таксама інтэнсіўна працуюць нашы ўрады. Шмат сустрэч праходзіць на ўзроўні рэгіёнаў і прадпрыемстваў. Пацверджэнне гэтаму — стабільны рост гандлю, вырашэнне многіх пытанняў, якія раней перашкаджалі супрацоўніцтву».

Умацаванне беларуска-расійскіх сувязяў, па словах беларускага лідара, стала натуральным адказам на зменлівую сітуацыю ў свеце, у якой нас пастаянна правяралі і правяраюць на трываласць. «Нягледзячы на некаторыя шурпатасці, мы ўсё ж знаходзім эфектыўныя адказы на шматлікія выклікі і пагрозы, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Лёсавыя рашэнні аб больш цеснай інтэграцыі нашых дзяржаў зноў дэманструюць усяму свету, што толькі разам можна пераадолець любыя пандэміі, крызісы або санкцыі. Пры гэтым Расія і Беларусь, як мы з Уладзімірам Уладзіміравічам часта гаворым, адкрыты для дыялогу з іншымі дзяржавамі, у тым ліку і з еўрапейскімі. Спадзяюся, што ў хуткім часе там прыслухаюцца да голасу розуму і мы пяройдзем да канструктыўнага абмеркавання як пытанняў агульнай бяспекі, так і будучага светаўладкавання». 

Кіраўнік нашай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што абарона дэмакратыі і прагрэсу з дапамогай абмежаванняў і ваеннай сілы ў адносінах да Расіі і Беларусі больш не ўражвае нават мясцовых выбаршчыкаў, якія спаўна адчулі на сабе недахопы такой палітыкі. «Няпросты час патрабуе ад нас палітычнай волі і нацэленасці на вынік па ўсіх тэмах двухбаковага парадку дня, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта наш адказ. Ад таго, наколькі мы будзем паспяховымі ў гэтай працы, залежыць месца, якое нашы краіны замацуюць за сабой заўтра ў новай сістэме міжнародных каардынат».

Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што ні ў якім разе нельга паўтарыць памылкі, дапушчаныя пасля распаду Савецкага Саюза. У сувязі з гэтым безумоўны прыярытэт дзвюх краін — вырашэнне адчувальных эканамічных пытанняў, ад якіх залежаць дабрабыт насельніцтва і ў канчатковым выніку падтрымка рэформаў, якія праводзяцца дзяржавамі ў грамадскай і палітычнай сферах.

Беларускі лідар заўважыў, што дзякуючы сумесным крокам дзвюм дзяржавам у цэлым удалося пераадолець магчымыя негатыўныя эфекты санкцыйнага ціску. «Спецыялісты Беларусі і Расіі добра папрацавалі над саюзнымі праграмамі, якія мы з Уладзімірам Уладзіміравічам у свой час зацвердзілі, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Пэўныя зрухі ёсць практычна па ўсіх напрамках. Але пакуль не ўсё атрымалася, і гэта стрымлівае наша развіццё».

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, па шэрагу адчувальных тэм урады, як яны заяўляюць, вычарпалі перагаворныя магчымасці. «Як яны нам дакладваюць, пазіцыі бакоў сфармуляваныя, і сёння трэба яшчэ раз абмеркаваць іх у шырокім складзе, — паведаміў Прэзідэнт Беларусі. — Урады лічаць, што без нас з вамі, Уладзімір Уладзіміравіч, дасягнуць згоды па асобных пытаннях немагчыма. Вось і прычына нашай нарады». 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў яшчэ раз дэталёва абмеркаваць гэтыя пытанні і, калі неабходна, прыняць адпаведныя палітычныя рашэнні. Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу, што яны вельмі часта сустракаліся з Уладзімірам Пуціным і абмяркоўвалі ўсе пытанні, асноўныя з якіх датычыліся абароны і бяспекі. Асноўныя ж сацыяльна-эканамічныя пытанні, якія сёння характэрныя для двухбаковых адносін, прэзідэнты Беларусі і Расіі яшчэ ў сярэдзіне года дамовіліся абмеркаваць менавіта ў снежні. 

Кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў прадуктыўна папрацаваць па стратэгічных напрамках, якія здольныя вызначыць бліжэйшую будучыню Беларусі і Расіі. Ён адзначыў, што гэта стала ўжо свайго роду традыцыяй — здымаць усе праблемныя пытанні напярэдадні Новага года, які грамадзяне нашых краін заўсёды звязвалі са спадзяваннямі на лепшае жыццё. «Перакананы, што прынятыя сёння рашэнні не расчаруюць ні беларусаў, ні расіян і будуць садзейнічаць павышэнню іх дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

«Ёсць падставы меркаваць, што сёлета будзе новы рэкорд»

У сваім уступным слове Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін таксама падкрэсліў, што асноўная мэта сустрэчы — падвядзенне вынікаў работы ўрадаў і розных ведамстваў, найперш у сферы эканомікі. Па яго словах, апошнім часам лідары дзвюх краін шмат увагі надавалі пытанням бяспекі, супрацоўніцтву на міжнароднай арэне. Таму, па словах расійскага лідара, у цэлым прысутнічае задаволенасць тым, як выбудоўваюцца нашы адносіны на гэтым трэку.

«Трэба падкрэсліць, што Беларусь з’яўляецца не толькі нашым добрым суседам, з якім мы працуем, улічваючы інтарэсы адно аднаго на працягу ўсіх папярэдніх дзесяцігоддзяў, Беларусь з’яўляецца нашым саюзнікам у самым прамым сэнсе гэтага слова. Усе пытанні, у тым ліку і ў эканамічнай сферы, мы вырашалі, зыходзячы з гэтых дадзеных. Што да эканомікі, то, як адзначыў Аляксандр Рыгоравіч, гэта наш прыярытэт», — сказаў Уладзімір Пуцін. Прэзідэнт Расіі звярнуў увагу, што ў мінулым 2021 годзе быў зроблены вельмі добры рывок у развіцці гандлёва-эканамічных сувязяў Беларусі і Расіі, і пацвердзіў гэта лічбамі: «Наш тавараабарот, я хачу гэта падкрэсліць, яшчэ да ўсякіх падзей у рамках спецыяльнай ваеннай аперацыі, у 2021 годзе, вырас на трэць і дасягнуў 38,5 мільярда долараў. Гэта вельмі добры і значны паказчык. За 10 месяцаў бягучага года ён вырас яшчэ на 10 % да базы мінулага года, і гэта таксама вельмі добра. Калі летась быў рэкорд, ёсць падставы меркаваць, што і сёлета будзе новы рэкорд. Хутчэй за ўсё, мы выйдзем на планку 40 мільярдаў долараў гандлёвага абароту».

Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Беларусь і Расія актыўна працуюць ў сферы энергетыкі. Па яго словах, Расійская Федэрацыя працягвае атамны праект, дапамагае будаваць атамную электрастанцыю, першы блок якой замяшчае 4,5 мільярды кубічных метраў газу. Ён назваў гэту працу «ва ўрон Расіі». «Мы маглі б пастаўляць газ дадатковы. А электрастанцыя працуе і аб’ём электраэнергіі, якая выпрацоўваецца, адпавядае 4,5 мільярда кубічных метра газу, які „Газпром“ мог бы пастаўляць на беларускі рынак, але зараз не пастаўляе. Мы гатовы далей развіваць гэты праект, працаваць, блокі будаваць. На мой погляд, найважнейшае, што мы можам, — ствараць галіну, рыхтаваць кадры нацыянальныя, развіваць навуку. Такія дамоўленасці папярэднія ў нас ёсць. Мы гатовы рухацца ў гэтым напрамку далей», — растлумачыў Прэзідэнт Расіі.

Па яго словах, у супрацоўніцтве дзвюх краін ёсць і іншыя цікавыя напрамкі: вельмі важныя кірункі ў фінансавай сферы, у тым ліку ў рамках ЕўраАзЭС, кірункі, звязаныя з ваенна-тэхнічным узаемадзеяннем. «І гэта не толькі ўзаемныя пастаўкі і, на мой погляд, што надзвычай важна, сумесная работа, распрацоўкі і кааперацыя ў гэтай сферы», — заўважыў расійскі лідар. 

Уладзімір Пуцін рэзюмаваў, што ўсё гэта знаходзіцца ў сферы ўвагі прэзідэнтаў. Па яго словах, акрамя падвядзення вынікаў сумеснай работы, неабходна паглядзець і на тое, што трэба зрабіць у бліжэйшай перспектыве.

Затым Прэзідэнты Беларусі і Расіі правялі перагаворы адзін на адзін.

Кіраўнікі дзяржаў адзначылі выніковасць праведзеных у Мінску перагавораў у пашыраным складзе з удзелам прадстаўнікоў урадаў. «Мы падвялі вынік нашай работы ў шырокім складзе і выявілі, што мы крыху адышлі ад урадавых пытанняў, але кампенсавалі наш абавязак і абмеркавалі ўвесь комплекс пытанняў беларуска-расійскіх адносін, сацыяльна-эканамічных пытанняў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў свайму расійскаму калегу за тое, што ён знайшоў на гэта час. «Затое ўсе пытанні разгледзелі. — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Далей будзе лягчэй. Думаю, людзі ацэняць нашы рашэнні, якія мы тут прынялі на сённяшні дзень і на стратэгію».

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі звярнуў увагу на тое, што краіны ўцягнуты ў прамысловую кааперацыю ў розных галінах, супрацоўнічаюць у галіне сельскай гаспадаркі, уключаючы пастаўкі сельгаспрадуктаў. «Гэта ж усё ж такі ключавыя рэчы. Кааперацыя прамысловая. Мне здаецца, што гэта вельмі важна. Перавозкі, транспарт... У цэлым, мне здаецца, што сённяшняя сустрэча была вельмі рэзультатыўнай», — заявіў расійскі лідар.

Аб выніках перагавораў і далейшых планах Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін расказалі журналістам. 

«Беларусь і Расія — найбліжэйшыя саюзнікі і стратэгічныя партнёры» 

Прэзідэнт Расіі выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі за традыцыйна цёплы прыём. «Як справядліва адзначыў Аляксандр Рыгоравіч, перагаворы сапраўды былі карыснымі і своечасовымі, — падкрэсліў Уладзімір Пуцін. — У дзелавым і канструктыўным ключы разгледжаны асноўныя пытанні расійска-беларускіх адносін. Вядома, абмеркаванні прайшлі з улікам абстаноўкі ў свеце, якая складваецца ў цэлым, і ў нашым рэгіёне ў прыватнасці».

Расійскі лідар падкрэсліў, што Беларусь і Расія — найбліжэйшыя саюзнікі і стратэгічныя партнёры, супрацоўніцтва паміж якімі развіваецца на прынцыпах узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. «Нас аб’ядноўвае агульная гісторыя, духоўныя каштоўнасці, сямейныя і сваяцкія сувязі, якія склаліся паміж сем’ямі расіян і беларусаў, — адзначыў Уладзімір Пуцін. — Расія і Беларусь разам будуюць Саюзную дзяржаву, паслядоўна паглыбляюць эканамічную інтэграцыю, якая накіраваная на забеспячэнне ўстойлівага гаспадарчага росту і павышэнне ўзроўню жыцця грамадзян. Разам мы супрацьстаім санкцыйнаму ціску з боку несяброўскіх дзяржаў, спробам ізаляваць Расію і Беларусь ад глабальных рынкаў, каардынуем крокі па мінімізацыі ўплыву незаконных абмежаванняў на эканомікі нашых краін. І робім гэта дастаткова ўпэўнена».

Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі канстатаваў, што паспяхова рэалізоўваюцца 28 галіновых праграм, распрацаваных у кантэксце выканання дамоўленасцяў паміж дзвюма дзяржавамі. Ён звярнуў увагу на тое, што на сённяшні дзень ужо ажыццёўлена 600 з амаль тысячы інтэграцыйных мерапрыемстваў. 

Па словах Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, расійскія і беларускія прадпрыемствы падтрымліваюць шчыльныя кааперацыйныя сувязі: наладзілі ўзаемныя пастаўкі камплектуючых. «На фінасаванне перспектыўных імпартазамяшчальных сумесных праектаў (у машынабудаванні, станкабудаванні, электроніцы) Расія дадаткова выдзеліла нашым беларускім партнёрам 105 мільярдаў рублёў, — паведаміў Уладзімір Пуцін. — Гэта ўзаемавыгадныя праекты: яны патрэбны не толькі беларусам для атрымання гэтага фінасавання, яны патрэбны і Расіі — для таго, каб запоўніць наш рынак, асабліва пасля таго, як частка замежных кампаній з нашага рынка сыхлдзіць».

Нагадаў расійскі лідар і аб тым, што Расія пастаўляе Беларусі і газ — на вельмі выгадных умовах. Гэта, па словах Уладзіміра Пуціна, пацвярджае прывілеяваны характар нашага партнёрства, з’яўляецца сур’ёзнай меры падтрымкі беларускай эканомікі. 

Акрамя таго, Прэзідэнт Расіі звярнуў увагу на тое, што развіваецца ўзаемадзеянне і ў сферы мірнага атама. Ён паведаміў, што ў наступным годзе плануецца поўнасцю завяршыць будаўніцтва другога энергаблока Беларускай АЭС. Таксама Уладзімір Пуцін нагадаў, што нашы краіны паспяхова супрацоўнічаюць і ў іншых навукаёмкіх галінах: у прыватнасці, у асваенні космасу. У наступным годзе запланаваны палёт на арбітальную станцыю беларускага касманаўта. Адзначыў кіраўнік расійскай дзяржавы і вялікі ўклад ва ўзаемнае супрацоўніцтва рэгіёнаў абедзвюх краін.

Уладзімір Пуцін расказаў, што падчас перагавораў было абмеркавана і пытанне фарміравання адзінай абароннай прасторы і забеспячэнне бяспекі Саюзнай дзяржавы, а таксама супрацоўніцтва ў межах АДКБ — з улікам таго, што старшынство ў гэтай арганізацыі з 1 студзеня 2023 года пераходзіць Беларусі. «У межах паслядоўнай рэалізацыі агульнай Ваеннай дактрыны Беларусі і Расіі вядзецца сумеснае ваеннае планаванне, дзейнічае расійска-беларуская рэгіянальная групоўка войскаў, у цяперашні час на тэрыторыі Беларусі праводзяцца мерапрыемствы баявога зладжвання злучэнняў і воінскіх часцей нашых краін, створана і нясе баявое дзяжурства адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, — адзначыў расійскі лідар. — Дамовіліся і далей разам прымаць усе неабходныя меры для надзейнага забеспячэння бяспекі нашых краін». Уладзімір Пуцін лічыць магчымым рэалізацыю прапановы свайго беларускага калегі па падрыхтоўцы экіпажаў баявых самалётаў Беларусі. Важнасць такіх узгодненых мер, па словах Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, актуальныя ў сувязі з напружанай абстаноўкай на знешніх граніцах Саюзнай дзяржавы. 

У заключэнне Уладзімір Пуцін яшчэ раз падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за змястоўныя перагаворы, якія, па яго словах, безумоўна, паслужаць далейшаму развіццю расійска-беларускіх саюзніцкіх адносін ва ўсіх галінах. 

«Трэба развіваць наш поспех»

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Адыходзячы год за ўсю трыццацігадовую постсавецкую гісторыю сапраўды стаў рэкордным па колькасці і інтэнсіўнасці кантактаў на ўсіх узроўнях. Але гэта аб’ектыўна — сітуацыя ў свеце імкліва мяняецца, і дадзеныя перамены па глыбіні і маштабах без усялякага перабольшання носяць па-сапраўднаму лёсавызначальны характар. Фактычна вызначаецца будучыня беларускага і расійскага народаў. Рэальнасць такая, і тут няма ні кроплі пафасу». Па яго словах, сёння можна адназначна канстатаваць, разам Беларусь і Расія змаглі не толькі выстаяць, але і знайсці магчымасці для развіцця эканомік. «Пры гэтым нечакана для ўсіх, перш за ўсё тых, хто ствараў нам цяжкасці». — заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што напярэдадні ў Бішкеку на паседжанні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ён адзначаў, што прымітыўная штампоўка Захадам эканамічных санкцый супраць наших краін пачынае згасаць. «Важна (цяпер ужо ўсім гэта відавочна), што такія абмежаванні бумерангам вельмі балюча ўдарылі па іх ініцыятарах. Прычым церпяць зусім не дзеячы, якія прыдумалі санкцыі, а простыя людзі і бізнэс. І гэта на сумленні тых, хто развязаў спачатку эканамічную вайну супраць нашых краін, а потым і проксі-вайну з Расіяй рукамі ўкраінцаў. Як цяпер зразумела, да апошняга ўкраінца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Тым не менш, на думку беларускага лідара, 2022 год дае падставы сцвярджаць з пакуль асцярожным аптымізмам, што мы спраўляемся і довольна нядрэнна з эканамічнымі выклікамі. Ён заўважыў, што нечакана для быў раскрыты велізарны патэнцыял, які ў іншыя часы проста не бачылі ці не верылі ў яго. «Але патрэбна хуткасць у прыняцці і рэалізацыі рашэнняў. Час зараз важнейшы за грошы. У гэтым сутнасць нашых перагавораў», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнты Беларусі і Расіі абмеркавалі ход рэалізацыі агульнага плана эканамічнага развіцця — 28 саюзных праграм. Пакуль выканана каля 60 працэнтаў ад агульнай колькасці задач, вызначаных гэтымі праграмамі. Падпісаны ўжо шэраг сістэмаўтваральных дакументаў у мытнай сферы, падаткаабкладанні. «Трэба развіваць наш поспех», — настойвае Аляксандр Лукашэнка.

Ключавую важнасць маюць праграмы, якія прадугледжваюць стварэнне аб’яднаных энергетычных рынкаў. Дадзены адпаведныя даручэнні ўрадам для таго, каб дапрацаваць гэтыя праграмы. Значэнне мае фарміраванне адзінай прамысловай і аграрнай палітыкі. Лідары дзвюх краін дамовіліся аб умацаванні кааперацыі, пры гэтым непатрэбныя паралельныя вытворчасці стварацца не будуць, калі яны ёсць у той ці іншай краіне. Прэзідэнты абмеркавалі і ўніфікацыю рэгулявання транспартнага рынку. Па словах Аляксандр Лукашэнкі, у найбліжэйшы час пытанні па гэтай тэме будуць знятыя. 

Беларускі лідар нагадаў, што ў савецкі час Беларусь, збольшага як і Украіна, Захад Расіі была высока развітай тэрыторыяй з найноўшай на той час навукай і навуковымі тэхналогіямі. У складаных умовах беларусы гэта захавалі і змаглі развіць.

«Тое, што мы вырабляем, мы працэнтаў на 60 мы можам ужыць. Усё астатняе вырабляецца на экспарт. І калі нашы партнёры заходнія сышлі, мы аказаліся для вялізнай Расіі запатрабаванымі. І калі мы зараз патрэбныя — мы ідзем туды і замяшчаем тых, хто сышоў. Яшчэ крыху часу, і мы іх замесцім. Мы разам з расіянамі вучонымі, канструктарамі створым такія ўзоры, якіх не бачыў свет. І гэта не замашкі нейкія нерэальныя. Мы ўжо шмат зрабілі», — заявіў Прэзідэнт Беларусі. 

Па яго словах, усе напрамкі, якія абмеркавалі лідары краін, маюць стратэгічны характар. Такія пытанні вырашаюцца не сёння і не заўтра. Зыходзячы са існуючай сітуацыі па перыметры межаў, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама абмеркавалі некаторыя важныя дэталі супрацоўніцтва ў сферы ваеннай бяспекі.

«Я ўдзячны расійскаму Прэзідэнту за тое, што па ўсіх тэмах мы знайшлі паразуменне, падтрымку і прынялі патрэбныя рашэнні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, — Асаблівая падзяка за тое, што выканалі сваё абяцанне. І сёння мы паставілі на баявое дзяжурства комплекс «С-400», які вы перадалі беларусам і самае галоўнае — комплекс «Іскандэр», які вы таксама, паабяцаўшы паўгода таму, перадалі нам. Уладзімір Пуцін закрануў тэму падрыхтоўкі і трэніровак экіпажаў, здольных везці спецыяльныя ўзбраенні і спецыяльныя боепрыпасы. «Павінен вам паведаміць, што мы падрыхтавалі самалёты. Аказалася, што ў нас з савецкіх часоў такія самалёты ёсць. Мы тэсціруем іх у Расійскай Федэрацыі, мы разам з расіянамі рыхтуем экіпажы, здольныя кіраваць самалётамі, якія нясуць спецыфічныя боепрыпасы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падзякаваў Уладзіміру Пуціну за цёплую, энергічную размову і канструктыўную сустрэчу.

Па выніках перагавораў Прэзідэнты дзвюх краін адказалі на пытанні журналістаў.

«Мы стварылі базу для агульнага рыўка наперад»

У кіраўнікоў дзяржаў пацікавіліся, чым тлумачацца такія частыя сустрэчы і спыталі, што яны думаюць наконт размоў аб паглынанні Расіяй Беларусі. Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што ў Расіі няма мэты кагосьці паглынаць. Няма мэтазгоднасці ў гэтым. Ён растлумачыў гэта на прыкладзе. «Самае простае, здавалася б, бытавое пытанне, але ў той жа час вельмі адчувальнае для эканомікі — цэнаўтварэнне і тарыфаўтварэнне ў энергетыцы. Пытанне ў тым, каб пытанні ў галіне цэнаўтварэння былі справядлівыя. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб зразумець, у чым праблема. Праблема ў тым, што ў нас розныя ўзроўні субсідзіравання. У нас розныя падыходы да субсідзіравання асобных удзельнікаў эканамічнай дзейнасці і грамадзян. Узровень розны, падыходы розныя і таму для нас важна пагрузіцца ўглыб і дамовіцца аб агульных прынцыпах. Вось з гэтым звязана і работа ў галіне мытнага рэгулявання, з гэтым звязана работа ў галіне падатковага рэгулявання, — сказаў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі. — Нядобрасумленныя крытыкі з боку або не разумеюць, пра што гавораць, або спецыяльна гавораць пра гэта, уводзячы ў зман людзей». Па словах расійскага лідара, пытанне не ў паглынанні, пытанне ва ўзгадненні эканамічнай палітыкі, як гэта робіцца ў шматлікіх іншых інтэграцыйных аб’яднаннях. «Усё астатняе — гэта лухта. Гэта спробы нашых нядобразычліўцаў затармазіць наш інтэграцыйны працэс. А робяць яны гэта толькі дзеля таго, каб не атрымаць эфектыўных і небяспечных для іх канкурэнтаў», — канстатаваў Уладзімір Пуціна.

Прэзідэнт Беларусі пагадзіўся са сваім калегам. Ён адзначыў, што размовы аб «паглынанні» ідуць з-за мяжы ад збеглых. «Яны, пару тысяч, збеглі туды, грошы трэба зарабляць, нічога проста так не плацяць. Яны нават не пішуць гэтыя тэзісы, ім падкідваюць. Напярэдадні вашага візіту аб чым казаць — аб паглынанні», — растлумачыў ён. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, галоўнае — гэта канкрэтны вынік. Ён падмацаваў свае словы прыкладамі, тэмамі, якія абмеркавалі падчас перагавораў. «Энергетыка — што, у нас ёсць прыродны газ? Мы атрымліваем прыродны газ ад брацкай Расіі. Мы што, вырабляем 25 мільёнаў тон нафты, якую мы можам перапрацаваць? А два мадэрнізаваныя сучасныя прадпрыемствы ў нас — мы іх можам забяспечыць? Не. Да каго звярнуцца? Да Расійскай Федэрацыі. А яшчэ ж трэба выгадныя цэны, а яшчэ сёння праблема рэалізаваць нафтапрадукты і гэтак далей. Мы гэта абмяркоўвалі і прынялі рашэнне па гэтых пытаннях», — расказаў Прэзідэнт Беларусі. Падымалася пытанне аб транспарце і грузаперавозках. Беларускі лідар расказаў, што Прэзідэнт Расіі аддаў ураду даручэнне неадкладна дапрацаваць і прыняць рашэнні выгадныя для нас. А гэта тысячы перавозак. «Якое паглынанне?», — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі галоўнае пытанне — прамысловая палітыка, якая прадугледжвае кааперацыю, а не паралельныя вытворчасці, таксама выгадная для беларускага боку. «Расія без нас абыдзецца, а мы без яе няма. І мы дамовіліся, што мы будзем дзейнічаць на роўных», — канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.

Ён прывёў у прыклад сферу абароны і бяспекі: «Мы ў стане ў адзіночку без Расіі абараніць сваю незалежнасць і суверэнітэт? Не ў стане. І ў цяжкую хвіліну ён не адмовіў. Пайшоў насустрач як родны, блізкі чалавек. Сяргей Лаўроў выступіў і сказаў, як мы сумесна будзем дзейнічаць у знешняй палітыцы. Разам, на роўных, як гэта было заўсёды, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, — Казаць аб тым, што хтосьці кагосьці паглынае... Паўстае пытанне а навошта. Навошта? Расія заўсёды ішла нам насустрач. Мы ідзем насустрач Расійскай Федэрацыі ў самую цяжкую хвіліну».

Прэзідэнт Беларусі ўзгадаў, што іх з Уладзімірам Пуціным лічаць суагрэсарамі, самымі шкоднымі таксічнымі людзьмі на гэтай планеце. «У нас толькі адна спрэчка — хто больш. Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я, я пачынаю ўжо думаць, што ён. Мы прынялі рашэньне, што аднолькавыя», — пажартаваў беларускі лідар.

«А калі хтосьці думае нас сёння разарваць, убіць клін — не атрымаецца. У 2020 годзе не ён мяне атакаваў. Не Расія — Расія працягнула нам руку... Яны чаго хацелі? Жадалі пазбавіць нас і незалежнасці і суверэнітэту. Проста на злосць, яшчэ адзін раз — не атрымаецца ў іх разарваць нашы адносіны. Яны будуць толькі ўмацоўвацца. Мы стварылі базу для агульнага рыўка наперад. Мы яго здзейснім». — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін дадаў, што частыя сустрэчы запатрабаваныя. Сёння, калі з расійскага рынку сыходзяць заходнія партнёры, для беларускіх вытворцаў адчыняецца акно магчымасцяў. «Пры такім аб’ёме супрацоўніцтва вельмі шмат пытанняў, якія патрабуюць пастаяннага адміністрацыйнага суправаджэння на высокім узроўні або самым высокім узроўні. Урады зрабілі вельмі шмат, нас застаецца толькі кропкі нейкія расставіць». — растлумачыў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што да частых сустрэч штурхала абстаноўка: «Калектыўны захад абрынуўся супраць нас, магутны, высокатэхналагічны ва ўсіх адносінах. Мы павінны былі скаардынаваць нашыя дзеянні».

На пытанне, ці ўдалося расійскаму боку дамовіцца з Беларуссю наконт цаны на энергарэсурсы, Уладзімір Пуцін адзначыў коратка: «Дамоўленасці дасягнуты». 

Таксама прадстаўнік масмедыя пацікавіліся ў кіраўнікоў дзяржавы, ці глядзелі яны фінальны матч чэмпіянату свету па футболе і якую з каманд падтрымлівалі. Уладзімір Пуцін сказаў, што сачыў за матчам і па яго выніках не ўтрымаўся і патэлефанаваў Прэзідэнту Аргенціны, каб павіншаваць з перамогай. 

Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, расказаў аб сваіх балельшчыцкіх перавагах у ходзе праведзенага ў Катары чэмпіянату свету па футболе і фінальнага паядынку паміж зборнымі Аргенціны і Францыі. «Я заўсёды хварэю за Бразілію, а потым за Аргенціну. — прызнаўся беларускі лідар. — У іх гэта нават не філасофія. У іх гэта нешта святое. Яны ўсе ў футболе». Прэзідэнт Беларусі расказаў, што паглядзеў увесь матч. Аргенціна, па яго словах, абсалютна заслужыла перамогу.

Журналісты таксама пацікавіліся ва Уладзіміра Пуціна, ці быў бы аналагічны званок Прэзідэнту Францыі ў выпадку перамогі гэтай краіны ў чэмпіянаце. «У мяне са многімі калегамі захоўваюцца дзелавыя адносіны, у тым ліку і з Прэзідэнтам Францыі, — заўважыў Уладзімір Пуцін. — Мы сапраўды падтрымліваем кантакты па тэлефоне, і ён, як вядома, пасля пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі ў Маскву прыязджаў з візітамі».

Аляксандр Лукашэнка з нагоды гэтага пытання пажартаваў, што, хутчэй за ўсё, сітуацыя была б роўна супрацьлеглай і ініцыятарам званка стаў бы сам французскі лідар: «Гэта ён патэлефанаваў бы Уладзіміру Уладзіміравічу і радасна сказаў, што яны выйгралі, і чакаў бы ад яго віншаванняў». 

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.