Вы тут

Надрукавана ў «Маладосці»: Снежань 2022


У дванаццатым нумары «Маладосці» знайшлося месца творам як маладых, так і сталых аўтараў. Адкрываецца часопіс навагоднімі навеламі-гісторыямі Андрэя Сідарэйкі «З чыстага аркуша». З лірычнай паэмай «Крыгі» выступае Алёна Папко. Падборкай вершаў «Снегавы магніт» вядзе свой дыялог з чытачом добра вядомы айчыннаму чытачу Віктар Ярац. З вершамі ў «Маладосці» выступаюць і Наталля Суботка, Навум Гальпяровіч, Ангеліна Варатынская.


Хацелася б усім параіць прачытаць апавяданні Алены Бравы, аб’яднаныя ў падборку «Кава на пяску» («Канапа», «Ганеша», «Сабакі Гекаты»). Пісьменніца, якую па праву можна лічыць «маладосцеўскім» аўтарам (на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў яна друкуе сваю прозу менавіта ў гэтым выданні), вельмі ашчадная ў карыстанні словам, вельмі пільна і востра ўзіраецца ў жыццё, адлюстроўвае яго праз выразныя дэталі. Проза Алены Брава — творчасць са сваім, адметным почыркам. Ліна Мрагі, вядомая як аўтар рамана-фэнтэзі «Для смаку дадаць кары, альбо Каталізатар для планеты», выступае ў снежаньскім нумары з апавяданнем «Негабарытны груз».

Друкуюцца ў нумары і пераклады «Прытч» Роберта Стывенсана. Пераклаў тэксты сусветна вядомага пісьменніка з англійскай мовы Валерый Пшыгодскі.

Вітаўт Чаропка праз «штрыхі да летапіснага партрэта» знаёміць з легендарнай гістарычнай асобай «Вешчая душа князя Усяслава Полацкага». Нагадаем, што князь Усяслаў Брачыслававіч правіў Полацкім княствам 57 гадоў (!). «Каб рэканструяваць біяграфію Усяслава Полацкага, нам давядзецца звярнуцца не толькі да вядомых летапісных фактаў, а і да тлумачэнняў даследчыкаў „Слова пра паход Ігаравы“ і былін, правобразам якіх стаў полацкі князь, да версій і здагадак. Гэта толькі надае інтрыгі і цікавасці для яго жыццеапісання», — зазначае вядомы гістарычны пісьменнік і публіцыст Вітаўт Чаропка. Васіль Зуёнак прысвяціў сваё эсэ акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі літаратуразнаўцу і празаіку Уладзіміру Гніламёдаву — «Ля паэтычнага вогнішча». У снежні 2022-га ва Уладзіміра Васільевіча — 85 гадоў з дня нараджэння.

Адметнай публікацыяй нумара можна лічыць урыўкі з кнігі вядомага публіцыста і вучонага Аляксандра Радзькова «Пра матэматыку і матэматыкаў». Сама кніга пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» у бліжэйшы час.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».