Вы тут

Інтэрв'ю са старшынёй Гомельскага райвыканкама Сяргеем Ермаліцкім


Буйныя інвестыцыйныя праекты — гэта заўсёды не толькі пра прыбытак і фінансавы складнік, а яшчэ і пра развіццё рэгіёна і краіны ў цэлым, павышэнне ўзроўню жыцця людзей, клопат пра перспектывы для нашых дзяцей. Цікава гэта прасачыць на прыкладзе канкрэтнага раёна. Пра тое, як сёння з традыцыйнымі выклікамі жыцця на вёсцы спраўляецца рэгіён вакол другога па велічыні горада Беларусі, інтэрв'ю «Звязды» са старшынёй Гомельскага раённага выканаўчага камітэта Сяргеем Ермаліцкім.


— Сяргей Уладзіміравіч, канец года для Гомельскага раёна — не толькі каляндарны час падвядзення вынікаў работы, але і чарговы рубеж, звязаны з гадавінай утварэння раёна. Сёлета ўжо 96 гадоў, як рэгіён з'явіўся на карце Гомельшчыны. Якія знакавыя праекты ўдалося ажыццявіць у бягучым годзе?

— Наш раён вядомы сваім высокім эканамічным патэнцыялам. Спрыяе гэтаму, безумоўна, выгаднае геаграфічнае палажэнне, развітая транспартная інфраструктура і значны працоўны рэсурс. У раёне актыўна развіваецца малы і сярэдні бізнес — усяго зарэгістравана без нечага 2 тысячы суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, працуюць 70 фермерскіх гаспадарак. Увогуле, Гомельскі рэгіён — адзін з прызнаных лідараў у вытворчасці самай шырокай лінейкі сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі і машынабудавання. З году ў год у раёне як запускаюцца новыя інвестыцыйныя праекты, так і працягваецца актыўная мадэрнізацыя існуючых вытворчасцяў.

Напрыклад, сёлета на базе Гомельскага доследнага лясгаса рэалізаваны праект лесаперапрацоўчай прамысловасці, знакавы не толькі для Гомельскага рэгіёна, але і краіны ў цэлым. Гаворка аб адкрыцці новага — аднаго з самых магутных сярод падобных вытворчасцяў у краіне — завода паліўных пелет. Будаўніцтва гэтага аб'екта стала чарговым этапам выканання даручэння Прэзідэнта па забеспячэнні поўнай перапрацоўкі драўняных рэсурсаў унутры краіны. Новыя вытворчасці дазволілі ў разы павысіць эфектыўнасць выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў і павялічыць экспарт прадукцыі. Агульная гадавая магутнасць новага завода — каля 25 тысяч тон паліўных гранул у год. Плануецца, што з выхадам на праектную магутнасць завод забяспечыць перапрацоўку да 75 тысяч кубічных метраў нізкаякаснай драўніны. Адкрыццё новай вытворчасці дазволіла стварыць 15 працоўных месцаў.

— Вядома, што прапіску ў Гомельскім раёне атрымала чарговая перадавая сельгасвытворчасць Гомельшчыны. Гэта комплекс, на якім упершыню ўстаноўлена прагрэсіўнае айчыннае даільнае абсталяванне «Карусель».

— Так. Сёння ў раёне на фінішнай прамой знакавы сельскагаспадарчы інвестыцыйны праект. Гэта будаўніцтва малочнатаварнай фермы на тысячу галоў дойнага статка. Праект з аб'ёмам інвестыцый звыш 24 мільёнаў рублёў рэалізоўваецца на тэрыторыі адной з самых лепшых гаспадарак Гомельскага раёна — «Сцяг Радзімы» і прадугледжвае завяршэнне будаўніцтва малочнатаварнай фермы па вытворчасці 7 тысяч тон малака ў год. Комплекс забяспечаны кароўнікамі беспрывязнага ўтрымання жывёлы і даільна-малочным блокам з высокаэфектыўнай даільнай залай тыпу «Карусель», якая цалкам адпавядае канцэпцыі аб беражлівым і хуткім даенні. Новы комплекс забяспечыць працоўнымі месцамі 40 чалавек.

— Раскажыце, калі ласка, ці змаглі ў раёне апошнім часам ажыццявіць сацыяльна значныя праекты па развіцці інфраструктуры?

— Знакавая падзея бягучага года — адкрыццё цалкам абноўленага ўчастка дарогі «Паўночна-заходні абход горада Гомеля». Дарога была пабудавана ў 1960-я гады як асноўная транспартная звязка магістраляў Ленінград — Кіеў і Гомель — Кобрын. А пасля будаўніцтва Гомельскага хімзавода гэты ўчастак яшчэ і забяспечвае неабходную для прадпрыемства прамысловую лагістыку. Выконваючы функцыі аб'язной, дарога таксама звязвае населеныя пункты-спадарожнікі Гомеля — аграгарадкі Чырвонае і Урыцкае — і звязвае іх з мікрараёнамі абласнога цэнтра. Адкрыццё цалкам абноўленага ўчастка дарогі сёлета стала падарункам да Дня народнага адзінства не толькі для гамяльчан і жыхароў Гомельскага раёна, але наогул для многіх беларусаў. Гэты праект з прыцягненнем інвестыцый не менш як 11 мільёнаў рублёў рэалізавала прадпрыемства «Гомельаблдарбуд». Дарогу не проста адрамантавалі, а рэканструявалі па сучасных патрабаваннях — шырыню праезнай часткі давялі да 4-х палос руху. Як ацэньвае кіраўніцтва Гомельскай вобласці, па якасці, зручнасці, а самае важнае, па бяспецы гэты транспартны вузел вывелі на абсалютна новы ўзровень.

Будаўніцтва жылля — не менш важныя сацыяльна значныя праекты. Сёння ў раёне вядзецца актыўнае асваенне квартала шматкватэрнай жылой забудовы ў пасёлку Чонкі. За два гады пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю тры 10-павярховыя дамы на 440 кватэр. Цяпер вядзецца будаўніцтва чацвёртага дома на 120 кватэр. Плануецца таксама размясціць шматкватэрную жылую забудову на тэрыторыі вёскі Сеўрукі Чонкаўскага сельсавета, у якой ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне, гатаванне ў жылых дамах будзе ажыццяўляцца выключна з выкарыстаннем электраэнергіі. Нагадаю, што вопыт узвядзення такіх жылых дамоў у Гомельскім раёне ўжо ёсць. У 2020 годзе быў уведзены 60-кватэрны жылы дом у рабочым пасёлку Бальшавік — першае ў краіне шматкватэрнае жыллё, аснашчанае электракацельняй у падвальным памяшканні. Увогуле, раён ставіць перад сабой задачу забяспечыць камфортныя ўмовы для пражывання не толькі ў новай забудове, але і ў існуючай. Напрыклад, ужо ў наступным годзе для належнага водазабеспячэння жыхароў пасёлка Чонкі і вёскі Сеўрукі будзе пачата будаўніцтва закальцоўкі вадавода ад гарадской сеткі працягласцю звыш 4 кіламетраў. Падрыхтаваны праект рэканструкцыі другога корпуса аздараўленчага лагера «Чонкаўскі бор» пад дзіцячую дашкольную ўстанову. Гэта дазволіць забяспечыць 57 дадатковых месцаў для дзяцей. Нагадаю, што рэканструкцыя першага корпуса была завершана ў 2020 годзе. Тады ўпершыню ў рэгіёне ў санаторна-курортнай зоне пачаў працаваць сучасны дзіцячы садок на 65 месцаў «Вясёлка-град».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».