Вы тут

Ці магчыма ахова прыроды без дыялогу?


Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай 22 міжнародных дагавораў, якія рэгулююць супрацоўніцтва дзяржаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання прыродных рэсурсаў і змякчэння наступстваў змены клімату. Але апошнім часам наша краіна сутыкаецца з пэўнымі складанасцямі дыялогу на міжнародных пляцоўках. Чаму так адбываецца, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Мінпрыроды Ларыса Лукіна.


— Наша дзяржава заўсёды добрасумленна і ў поўнай меры выконвае ўсе ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, — падкрэслівае Ларыса Лукіна. — Гэта значыць, што Беларусь удасканальвае сваё прыродаахоўнае заканадаўства і ўносіць змены ў дзейнасць сваіх органаў дзяржкіравання, бізнес-колаў, акадэмічнай супольнасці і іншых зацікаўленых. Усё гэта патрабуе вялікай работы з боку дзяржавы.

Удзел нашай краіны ў рабоце міжнародных пляцовак ставіць за мэту наступнае: па-першае, беларускія прадстаўнікі прасоўваюць і абараняюць нацыянальныя інтарэсы, а, па-другое, бяруць удзел у фарміраванні правілаў гульні на міжнароднай арэне ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Актыўны ўдзел у рабоце міжнародных арганізацый і органах міжнародных дагавораў садзейнічае таму, што Беларусь з'яўляецца адной з дзяржаў — заканадаўцаў у фарміраванні трэндаў і тэндэнцый развіцця міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў прыродаахоўнай сферы.

Разам з тым, паводле слоў прадстаўніцы Мінпрыроды, апошнія два гады Беларусь сутыкнулася з беспрэцэдэнтнай палітызацыяй усіх пытанняў міждзяржаўнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. З-за ўвядзення аднабаковых абмежавальных мер, спроб выключэння дзяржавы з работы органаў міжнародных дагавораў парушаецца ўніверсальны характар міжнароднага супрацоўніцтва, вырашэнне экалагічных пытанняў сыходзіць на другі план. Выключэнне любой дзяржавы з міждзяржаўнага супрацоўніцтва прыводзіць да зніжэння эфектыўнасці намаганняў, якія прадпрымаюцца. Пытанні аховы навакольнага асяроддзя практычна заўсёды носяць трансгранічны характар, а экасістэмы залежаць адна ад адной. І дзяржаве ці групе краін з абмежаваным удзелам комплексна і эфектыўна рашыць такія праблемы немагчыма,

— Цяпер пытанні аховы навакольнага асяроддзя выкарыстоўваюцца як інструмент ціску і ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы, — кажа Ларыса Лукіна. — Яркім прыкладам гэтаму служыць апошняе пасяджэнне органаў і нарады бакоў Орхускай канвенцыі, калі Рэспубліку Беларусь абвінавачвалі ў парушэнні палажэнняў міжнароднага дагавора. Пры гэтым аргументы і доказы беларускага боку не прымаліся да ўвагі. Больш за тое, падчас нарады дзяржаў — удзельніц Орхускай канвенцыі калектыўным Захадам была зроблена спроба ўмяшацца ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, што катэгарычна забаронена нормамі міжнароднага права, і прымусіць Беларусь змяніць сваю знешнюю палітыку, каб дагадзіць калектыўнаму Захаду. Зразумела, Беларусь не магла дапусціць такога развіцця сітуацыі і прыняла рашэнне выйсці з Орхускай канвенцыі.

Яшчэ адным абуральным прыкладам палітызацыі экалагічнага парадку спецыяліст называе адсутнасць адэкватнай рэакцыі міжнародных арганізацый і органаў міжнародных дагавораў на сітуацыю, выкліканую ўзвядзеннем загараджальнага збудавання Рэспублікай Польшча ўздоўж беларуска-польскай мяжы, у тым ліку на тэрыторыі аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча».

Прадстаўнікі краіны на пляцоўках ЮНЕСКА, ЮНЕП, Савета Еўропы, Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН у ходзе пасяджэнняў органаў міжнародных дагавораў звярталі ўвагу на ўсе неспрыяльныя наступствы, з якімі сутыкаецца Белавежская пушча з-за разрыву адзінага трансгранічнага прыроднага аб'екта, а таксама на стан яе экалагічных сістэм, які выклікае хваляванне спецыялістаў.

— Неаднаразова беларускія прадстаўнікі запрашалі міжнародныя экспертныя місіі наведаць Белавежскую пушчу і сваімі вачыма ацаніць тую сітуацыю, якая была створана неабдуманымі палітызаванымі дзеяннямі польскага боку, — падкрэслівае прадстаўніца прыродаахоўнага ведамства. — Аднак зразумелага адказу мы не атрымалі. Вымушаны канстатаваць, што цяпер мы назіраем сапраўдны крызіс міжнародных намаганняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя ў сувязі з палітызацыяй гэтай сферы міждзяржаўных адносін. І ён не можа быць вырашаны самавольным выключэннем асобных дзяржаў з міжнароднага дыялогу.

Таццяна ІВАНОЎСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».