Вы тут

Як вырашае жыццёвыя спрэчкі дэпутат райсавета з Ваўкавыска


Аляксандр Варчак не належыць да катэгорыі дэпутатаў-кіраўнікоў. Ён працуе старшым электрамеханікам у Баранавіцкім аддзяленні Беларускай чыгункі. Ажыццяўляе тэхналагічнае абслугоўванне і рамонт сігналізацыі і сувязі. Дэпутацкія клопаты — яго грамадскі абавязак. Тут зона дзеяння — прамысловы раён Ваўкавыска. «Гэта даволі складаная частка горада, — зазначыў падчас сустрэчы старшыня райсавета Віталь Навіцкі. — Тут трэба вельмі ўзважана падыходзіць да работы, ведаць настрой мікрараёна. Аляксандр якраз з тых людзей, што ўмеюць знайсці агульную мову з кожным. Ён у поўнай ступені апраўдвае свой дэпутацкі статус».

Сам Аляксандр Варчак расказаў карэспандэнту «Звязды», з якімі нечаканымі пытаннямі даводзіцца сутыкацца па родзе дэпутацкай дзейнасці.


Напачатку аб самой асобе дэпутата, бо ў значнай ступені вырашэнне той ці іншай праблемы залежыць ад асаблівасці характару чалавека. Аляксандру 38 год, жанаты, першынцу няма яшчэ і двух гадоў. Сваімі вызначальнымі рысамі называе мэтанакіраванасць і ўпартасць. «Калі паставіў перад сабой мэту, трэба яе дасягнуць, — лічыць Аляксандр, — І вынік абавязкова павінен быць. Пажадана, станоўчы». Такі падыход ён акрэсліў і ў сваёй дэпутацкай дзейнасці.

Аляксандра можна назваць дэпутатам са стажам — працуе на гэтай грамадскай пасадзе другі тэрмін. Напачатку ўяўляў гэту працу даволі павярхоўна. Ведаў, што дэпутаты ў парламенце прымаюць законы, а вось работа мясцовых Саветаў была не вельмі зразумелай. Але адразу пасля абрання стаў цікавіцца, пераймаў вопыт у іншых, асабліва, хто працаваў некалькі тэрмінаў склікання. Паступова і сам набыў такі вопыт. Мабыць, удала, бо пасля таго, як кіраўніцтва раённага камітэта КПБ вылучыла Аляксандра на другі тэрмін, выбаршчыкі яго кандыдатуру падтрымалі. «Людзі аказалі мне давер другі раз, ды і самога работа цікавіла. Асабліва прыемна, калі людзі дзякуюць за дапамогу. Значыць, у тваіх сілах нешта зрабіць», — перакананы народны выбраннік

Акруга ў Аляксандра не сказаць што малая — у яго прамысловым раёне пражывае каля паўтары тысячы чалавек. Даволі значны тут і прыватны сектар. Звяртаюцца да дэпутата ў асноўным з бытавымі пытаннямі, па большасці са сферы ЖКГ. Гэта рамонт дамоў, добраўпарадкаванне тэрыторый, дарожнае пакрыццё, устаноўка лавак у дварах і каля пад'ездаў і іншае. Цікаўлюся, ці хапае паўнамоцтваў у дэпутата вырашыць гэтыя праблемы?

— Калі ўзяць раённы ўзровень, паўнамоцтваў хапае, — упэўнены суразмоўца. — Тым больш, кіраўнікі прадпрыемстваў, у тым ліку ЖКГ, заўсёды ідуць насустрач. Напрыклад, былі звароты па ямачным рамонце двароў у прыватным сектары. Рэльеф у нас гарысты, пры ліўнях вада ідзе хутка, дарогі падмывае. Людзі просяць прагрэйдзіраваць. Я афармляю дэпутацкі запыт і адсылаю ў ЖКГ. Згодна з заканадаўствам, адтуль павінен быць адказ. Як правіла, у ім прапісваюцца тэрміны выканання дэпутацкага звароту. Трэба сказаць, што ў камунальнай гаспадарцы імкнуцца дапамагчы, нават калі ў іх загружанасць. Такім чынам, ямачны рамонт быў зроблены на працягу двух тыдняў.

Узгадаў Аляксандр і рамонт у шматпавярховіку. У аварыйным стане быў уваход у падвал. Дэпутат звярнуўся ў фінансавы аддзел райвыканкама, каб даведацца, ці патрэбен для гэтай работы праект. Кажа, што без грунтоўнага аналізу сітуацыі не хацеў людзям загадзя абяцаць. Пасля запыту былі распачатыя работы па рамонце. Жыхары дома, успамінае дэпутат, пры сустрэчы дзякавалі яму, бо шмат гадоў пытанне не маглі вырашыць. Дом хоць і абследавалі, але ўсё заставалася на ўзроўні абяцанняў.

Прыпомніў Аляксандр і аналагічную сітуацыю з добраўпарадкаваннем ганка ў шматкватэрным доме. Людзі скардзіліся ў камунальную службу, што прыступкі сыплюцца, па іх нязручна хадзіць. Адтуль атрымалі адказ, што камунальнікі загружаны, трэба пачакаць. Пасля звароту дэпутата работа па рамонце ганка была выканана на працягу месяца. «Людзі звяртаюцца не толькі падчас прыёмаў ці тэлефануюць у раённы Савет дэпутатаў, але і пры асабістай сустрэчы могуць расказаць аб нейкай праблеме альбо выказаць падзяку за вырашэнне таго ці іншага пытання. Прычым самі спыняюць, ведаюць мяне ў твар», — зазначае суразмоўца.

Дэпутату даводзіцца вырашаць і розныя спрэчныя пытанні паміж жыхарамі, быць, што называецца, у ролі трацейскага суддзі. А ў нейкай ступені яшчэ і псіхолагам.

Канфлікты, як правіла, бываюць з-за якіх-небудзь тэрытарыяльных прэтэнзій. Напрыклад, жылы дом разлічаны на пражыванне дзвюх сем'яў, як кажуць, на два канцы. Вакол дома участак. І вось гэты ўчастак становіцца прадметам разладу паміж людзьмі.

— Мужчына пенсіённага ўзросту, які жыў у адной палове дома, забараніў суседзям з другой хадзіць па «яго» дарожцы. Маўляў, абыходзьце вакол дома. Але дарожка вядзе адразу на цэнтральную вуліцу, а з другога канца дома выходзіць на завулак, што значна павялічвала адлегласць. Гаспадар участка мог бы і дазволіць, каб той дарожкай, якая ўжо ёсць, маглі карыстацца і суседзі, бяды тут ніякай няма. Прыйшлося гаварыць з гаспадаром, у выніку ён пайшоў на ўступкі, — расказвае Аляксандр пра жыццёвы выпадак і здзіўляецца, як гэта людзі не могуць паміж сабой дамовіцца? Здавалася б, справа зусім простая...

Былі выпадкі, калі суседзі не маглі падзяліць паміж сабой тэрыторыю. Як можа дапамагчы дэпутат? Напрыклад, падказаць, куды звярнуцца з гэтым пытаннем, як правільна дакументальна аформіць, акрэсліць алгарытм іх дзеянняў, прасачыць, каб гэта просьба не завісла недзе ў кабінетах.

Даводзіцца дэпутату мець справу і з «прафесійнымі скаржнікамі». Такімі, напрыклад, як жанчына, якая пражывае ў прыватным сектары ў доме на тры кватэры. Яна пастаянна ў прэтэнзіі на сваіх суседзяў. Прытым, што тыя там пастаянна не пражываюць, а прыязджаюць час ад часу. Жанчына неаднаразова выклікала міліцыю, але фактаў парушэння не знаходзілі. Да яе шукалі розны падыход, кажа дэпутат. Нават падключыліся прафсаюзы. З'явілася даволі нестандартная прапанова дапамагчы ёй з пуцёўкай у санаторый на адпачынак.

Заўважыў, што такія жыццёвыя пытанні трэба вырашаць толькі па-добраму, без націску і пагроз. Інакш у адказ таксама можна атрымаць негатыўную рэакцыю, — упэўнены Аляксандр. — Як правіла, такія паводзіны могуць быць вынікам нейкіх жыццёвых непаладак, праблем, гэта выліваецца ў грамадскі канфлікт. Таму тут трэба дзейнічаць з чалавечых пазіцый. І пры гэтым вытрымліваць нейтралітэт у спрэчках.

Аляксандр Варчак прызнаецца, што выступаць у ролі міратворца яму дапамагае не толькі яго пасада, але і памяркоўны характар. Ён лічыць, што ўсе пытанні трэба вырашаць па-добраму, мірна. А ўзамен атрымлівае нармальныя адносіны ад усіх канфліктных бакоў. Кажа, ніхто не злуецца і пры сустрэчы ўсе заўсёды вітаюцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».