Вы тут

Круглянскія дэпутаты са сваімі выбаршчыкамі ўвекавечваюць памяць у знаках


«На жаль, сельскіх жыхароў становіцца ўсё менш. Раней на вёсцы пражывала адразу тры пакаленні, старыя заўсёды былі пад наглядам. Зараз гэты ланцужок парушаны, моладзь з'язджае, застаюцца толькі тыя, хто пусціў карані на гэтай зямлі. І яны, на жаль, ужо немаладыя», — дзеліцца набалелым старшыня Круглянскага райсавета Сяргей Храмцоў. Сёння на тэрыторыі Круглянскага раёна з 139 населеных пунктаў 88 з насельніцтвам менш як 20 чалавек. Яны ўжо немаладыя, і вельмі важна не толькі стварыць камфортныя ўмовы для іх жыцця, але і захаваць гісторыю, каб яна не знікла разам з населенымі пунктамі.


Музей пасярод лесу

У лесе за чатыры кіламетры ад трасы стаіць памятны знак, на якім пазначана, што амаль усе жыхары вёскі з прыгожай назвай Бярозка — 47 з 52 — былі спаленыя карнікамі ў 1944 годзе. Нелюдзі разам з дарослымі забілі 22 дзіцяці. Пасля вайны населены пункт адрадзіўся, але з 2000 года там ніхто болей не жыве. Вясковыя сады, якія расквечвалі ў маі Бярозку белым духмяным кіпнем, заглушаныя елкамі ды асінамі. З усёй вёскі захаваўся адзіны дом, якраз непадалёк ад таго знака. І мясцовыя ўлады вырашылі стварыць у ім... музей.

— Гэта думка прыйшла да нас, калі мы працавалі над архіўнымі матэрыяламі аб генацыдзе мясцовага насельніцтва, — расказвае Сяргей Храмцоў. — На месцы былой вёскі ягадныя мясціны. Людзі пойдуць, збіраюць журавіны і змогуць зайсці ў гэты дом адпачыць — ён будзе адкрыты. Унутры на банерах размесцім інфармацыю з гісторыяй вёскі ад моманту яе з'яўлення да таго трагічнага дня, калі фашысты расстралялі жыхароў.

Дом ужо практычна вернуты да жыцця. Рэканструкцыю рабілі ў некалькі прыёмаў. Трэба было адрамантаваць дах, паставіць вокны, дзверы. На народнай будоўлі шчыравалі і прадстаўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Сцяпанам Палоннікавым, і дэпутаты пад кіраўніцтвам Сяргея Храмцова, і супрацоўнікі розных службаў, і грамадскія арганізацыі, і моладзь, і жыхары.

— Наш праект называецца «Боль без тэрміну даўнасці», — удакладняе старшыня райсавета. — Тое, што дом будзе адкрыты, не страшна. Вандалаў мы не баімся. Калі людзі самі ўдзельнічаюць у стварэнні такіх месцаў, яны па-іншаму ставяцца да іх. Далучаем да гэтых спраў школьнікаў. Яны таксама ўдзельнічалі тут у суботніку. Хочацца, каб да моладзі дайшло разуменне, што вайна — гэта жах. І вельмі лёгка страціць краіну, калі яе не берагчы.

Па кім звоніць звон

«З акта ад 26 снежня 1944 года №55 раённай камісіі па ўліку злачынстваў і шкоды, прычыненай нямецка-фашысцкімі захопнікамі Круглянскаму раёну: «На тэрыторыі Круглянскага раёна расстраляна, павешана, спалена і сагнана ў нямецкае рабства 2365 чалавек».

Гэтыя лічбы можна ўбачыць на помніку яшчэ ў адным памятным месцы, якое знаходзіцца на старых яўрэйскіх могілках у Круглым.

— Архіўныя дакументы пралілі святло на падзеі 80-гадовай даўніны, — расказвае Сяргей Храмцоў. — Да нас трапілі спісы расстраляных і сагнаных у Германію людзей, сведчанні відавочцаў. Па тых успамінах мы аднавілі апошнія моманты жыцця людзей, якія былі расстраляныя на яўрэйскіх могілках. З удзелам жыхароў і пры іх фінансавай дапамозе мы ўстанавілі памятны знак. Праект называецца «Памяць расстраляць немагчыма».

У тым месцы, дзе, па сведчаннях відавочцаў, было расстраляна некалькі соцень людзей, зараз памятная кампазіцыя.

На гранітных дошках пазначаны словы відавочцаў. Ад успамінаў А. П. Новікава, 1908 года нараджэння, мароз па скуры. «Я пражываў на краі вёскі непадалёк ад яўрэйскіх могілак, дзе ў асноўным праводзіліся расстрэлы. Малалетніх дзяцей наогул менш стралялі, у асноўным забівалі палкай і хавалі жывымі, маладых дзяўчат збівалі да страты прытомнасці, пасля гвалцілі і расстрэльвалі».

Тут усё прасякнута трагізмам. На вялікім камяні дошка з заклікам да прахожых, каб прыпыніліся і схілілі галаву перад тымі, у каго адабрала жыццё вайна. За каменем жалезны масток праз роў і металічная канструкцыя са звонам, які нагадвае пра трагічныя падзеі. Ён зроблены з падручнага матэрыялу — газавага балона і дыска з трактара майстравітымі круглянскімі жыхарамі. На стварэнне гэтага месца і ўвекавечанне памяці землякоў жыхары сабралі сем тысяч рублёў.

На абласным форуме ўстойлівага развіцця, які прайшоў падчас нядаўняга эканамічнага форуму «Млын поспеху», былі вызначаны найлепшыя раённыя праекты. Круглянская ініцыятыва «Памяць расстраляць немагчыма» заняла другое месца.

Ад каранёў нашых

Менавіта пад такой назвай матэрыялізаваўся ў Круглым на рацэ Друць кавалачак старадаўняй гісторыі. Ініцыятарам выступіў дзіцячы парламент, а дэпутаты разам з выканаўчай уладай падтрымалі.

— Дзецям было цікава акунуцца ў нашу гісторыю, — расказвае, з чаго ўсё пачалося, Сяргей Храмцоў. — Мяркуем, што праз Круглае пралягаў адзін са шляхоў «З вараг у грэкі». Школьнікі прапанавалі гэты факт праілюстраваць. На рэчцы ёсць астравок. Летась мы перакінулі да яго невялічкі мост, устанавілі арку і інфармацыйныя шчыты з падрабязнай інфармацыяй, хто мы і адкуль. Адзін стэнд расказвае пра крывічаў, нашых продкаў, другі — пра гэты гандлёвы шлях. Сёлета дапоўнілі карцінку старадаўняй ладдзёй. Зараз гэта адна з любімых у гараджан зон адпачынку.

Ёсць яшчэ адна цікавая ідэя, якая, на думку суразмоўцы, спадабаецца дзецям.

— У кнізе «Памяць» нашага раёна ёсць інфармацыя, што ў 1941-м, калі немцы наступалі, у раёне населенага пункта Храпы некалькі чырвонаармейцаў, якія ацалелі ў баях, схавалі сцяг палка, — расказвае ён. — Пасля вайны нехта з іх прыязджаў, шукаў гэты сцяг, але безвынікова. Ва ўспамінах ён патлумачыў гэта тым, што час змяніў мясцовасць да непазнавальнасці. Мы ж збіраемся рызыкнуць і зладзіць пошукі. Нават карту здабылі 1936 года, каб прасцей было арыентавацца. Прыдумаем які-небудзь квэст для школьнікаў і адправімся ў экспедыцыю. Было б цікава знайсці такі сімвалічны рарытэт.

Ад вытокаў да сучаснасці

Ідэі ад народа самыя дзейсныя. Важна толькі, каб яны не замоўчваліся, а прагаворваліся. Калі яны рэальныя, ды і насельніцтва не супраць паўдзельнічаць, іх няцяжка рэалізаваць.

Узнагародай за праект «Памяць расстраляць немагчыма» Сяргей Храмцоў ганарыцца асабліва.

— У гэтым пытанні ў нас асноўныя памочнікі органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, — расказвае Сяргей Храмцоў. — Гэта пасіянарныя, ініцыятыўныя людзі, праз якіх мы трымаем сувязь і маніторым сітуацыю ў населеных пунктах. І з гэтых сустрэч нараджаюцца праекты ад жыцця, звязаныя са стаўленнем да роднай зямлі, памяці продкаў. За апошнія гады дзякуючы ініцыятыве і садзейнічанню нашых жыхароў мы падтрымалі шмат ініцыятыў. Гэта крыніца каля Цяцерынскай школы, якую мы аднавілі лічы з нуля. Яшчэ дзве адноўленыя крыніцы знаходзяцца каля Цяцерынскай ГЭС і ў Новым Палессі. Гэта таксама на тэрыторыі Філатаўскага сельсавета.

Крынічка каля школы нагадвае невялічкае квадратнае азярцо са сцяжынкай здароўя. Розныя пераходы, невялічкія масткі, альтанка, журавель робяць аб'ект яшчэ больш маляўнічым і аўтэнтычным. Да яшчэ адной крынічкі шлях вядзе праз лясны масіў да ракі Друць. Збіцца з дарогі не даюць маршрутныя паказальнікі на дрэвах. Калі што — арыенцір Цяцерынская ГЭС. Дарэчы, таксама цікавы аб'ект савецкага перыяду.

Тутэйшая крыніца — адна з вядомых мясцовых славутасцяў. Кажуць, што калі акунуцца ў яе, забудзешся пра любыя хваробы. Для купелі зроблена спецыяльнае памяшканне з цывільным спускам і лаўкамі.

— У нас тут, як у Жыровічах, усё па фота рабілі, — удакладняе мой гід. — На Вадохрышча людзей збіраецца вельмі шмат. Каб было зручна перамяшчацца — мясцовасць-та ўзгорыстая — ліхтары паставілі.

Па суседстве з купеллю прасторная зона адпачынку з альтанкамі і арэлямі. І што сапраўды радуе — вакол чысціня і парадак. Як той казаў: шануй сваё.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Круглянскі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.