Вы тут

Прасачылі за якасцю ўборкі зімой у населеных пунктах з кіроўцам ЖРЭП


«Эх, дарогі, снег і туман»... У апошніх умовах надвор'я гэтыя радкі вядомай песні, перакладзеныя на народны лад, набываюць асаблівы сэнс. Зіма па поўнай уладарыць у краіне, засцілае белым покрывам усё, дзе ступае і не ступае нага чалавека. Гарачая пара зараз у работнікаў камунальных службаў, якія штодзень няспынна выходзяць на барацьбу са снегам. Мы правялі адзін дзень з кіроўцам жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага прадпрыемства Віцебскага раёна Дзянісам Уласенкам і даведаліся, чаму вулачкі населеных пунктаў па некалькі дзён застаюцца непраходнымі.


Мароз і сонейка — дзень цудоўны. Накіроўваюся на сустрэчу з байцом «снежнага дэсанта» Дзянісам у вёску Андронавічы Віцебскага раёна. Чакаю ўбачыць ужо звыклы для сельскай мясцовасці трактар, але на гарызонце з'яўляецца велічэзны, 8,5-тонны сіне-аранжавы МАЗ. Такіх, дарэчы, у ЖРЭПе два, і абодва — новыя. Залезці ў кабіну — справа для дзяўчыны сярэдняга росту нялёгкая, але агульнымі намаганнямі мне ўсё ж такі ўдалося заняць пачэснае пасажырскае месца побач з кіроўцам.

Пастаяць і паразмаўляць часу няма — у зімнюю пару пачынае змяркацца рана, таму, хапаючы дзённыя сонечныя хвіліны, накіроўваемся па маршруце. За якасць уборкі зімой у населеных пунктах Падзвіння адказваюць дзве ўстановы — дарожна-рамонтнае будаўнічае ўпраўленне 144 і жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае прадпрыемства Віцебскага раёна. Першыя займаюцца ўборкай снегу на трасах і прыпынках грамадскага транспарту, другія — на вясковых дарогах і вулачках. ЖРЭП абслугоўвае ўсе населеныя пункты раёна, а гэта 727 кіламетраў. Прадпрыемства — навічок на камунальнай арэне, яно існуе ўсяго два гады. На «ўзбраенні» работнікаў зімой знаходзяцца грэйдар, бульдозер «Шантуй», два МАЗы і шэсць трактароў «Беларусаў» старога і новага пакаленняў. Адпаведна, у асноўным за кожнай адзінкай тэхнікі замацаваны кіроўца. Адсюль і адказ на пытанне, чаму пасля моцных завірух жыхары аддаленых населеных пунктаў не могуць не толькі выехаць на асабістым аўтамабілі, але і дзе-нідзе прайсці пехатой — для аператыўнага рэагавання на падарункі нябеснай канцылярыі не хапае тэхнікі і работнікаў.

А мы між тым упарта калясім па андронавіцкіх вуліцах — завітаць трэба на кожную. Апусціўшы адвал ці па-народнаму коўш на зямлю, кіроўца праязджае па завулку да канца, здае «задам» і яшчэ раз праходзіцца па снежным покрыве. Дарэчы, па маіх назіраннях, адным з галоўных крытэрыяў для кіроўцаў на ўборачнай тэхніцы з'яўляецца ўменне віртуозна ездзіць заднім ходам — не заўсёды хапае месца развярнуцца, асабліва — для МАЗа з прычэпам. Дзяніс расказвае, што альгоўскі напрамак — Андронавічы, Альгова, Падбярэззе, Бабінічы — неафіцыйна замацаваны за ім. Нягледзячы на тое, што для Уласенкі гэта першая зіма ў ролі байца «снежнага дэсанта», ён з сярэдзіны лістапада ўжо добра вывучыў вясковыя дарогі: ведае, дзе пад снегам хаваецца канава, а дзе высокая верагоднасць затрымацца. Апошняе, як бы жартоўна ні гучала, таксама здараецца з работнікамі камунальных службаў, тады на дапамогу прыходзяць мясцовыя ўлады, накіроўваючы трактары з мэтай «выцягнуць» калег.

Расчыстка вуліц ў гэтай вёсцы заняла каля гадзіны, але такі прыём працуе толькі ў малых населеных пунктах з некалькімі вуліцамі. Пасля Андронавіч на чарзе вялікае Альгова каля горада, у якім і дзіцячы садок, і Дом культуры, і школа, і вытворчы кааператыў. Па вёсцы мы калясілі дзве з паловай гадзіны! Я ўжо збілася з падліку, колькі кругоў мы зрабілі, імкнуўшыся ўбраць снег з кожнай вуліцы, але Дзяніс ведае дакладна, куды яшчэ трэба заехаць. Дзе з-пад снегу паказваецца лёд — адразу падсыпае сумессю пяску і солі, а вось ссыпаць утрамбаваныя снежныя каляіны вуліц непажадана — дарога раскісне і ператворыцца ў кашу. Каля школы заўважылі гаспадара аўтамабіля, які актыўна махаў МАЗу... лапатай. І гэта было не пагрозай, а просьбай узяць з прычэпа крыху пяску, каб мець мажлівасць выехаць з паркоўкі. «Такі выпадак — не адзіны, — усміхаецца Дзяніс Уласенка. — Заўсёды іду насустрач людзям, а калі трэба, то і дапамагаю выпхнуць аўтамабіль. Бывае, што ў вёсках жыхары звяртаюцца з просьбамі расчысціць пад'езд у двор, пляцоўку для аўталаўкі — усё раблю. У населеных пунктах, за якія адказваю я, мой сіне-аранжавы «МАЗік» ужо ведаюць і чакаюць, а некаторыя нават падрыхтоўваюць месца для развароту. Стараемся працаваць не дзеля «птушачкі», а дзеля людзей».

Афіцыйна ў кіроўцаў рабочы дзень доўжыцца з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара з перапынкам на абед у кабіне. На справе ж падчас моцнага снегападу снежныя экіпажы выходзяць у раён няспынна, у суботу і нядзелю таксама. Чысціць вуліцы ў вячэрніх прыцемках — справа небяспечная: можна не толькі моцна «засесці» ў снезе, але і пашкодзіць адвал, таму лепш выходзіць на змену са світання. У сярэднім за дзень тэхніка праязджае каля 150 кіламетраў, у некаторых асабліва цяжкіх вёсках — звыш 200. МАЗы, як правіла, працуюць у населеных пунктах, дзе ёсць асфальт або вуліцы з друзавым пакрыццём, грэйдар і трактары — на складаных участках.

«За дзень у дыспетчарскую службу паступае шмат зваротаў ад грамадзян, на якія мы па мажлівасці аператыўна рэагуем. Добра, што на дапамогу прыходзяць нашы мясцовыя прадпрыемствы, за што ім шчыры дзякуй. Так работнікі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі расчышчаюць вуліцы Запольскага і Курынскага сельсаветаў, Віцебскі лясгас працаваў у раёне на сваім грэйдары. Усе ўсведамляем, што робім адну агульную справу», — расказаў дырэктар ДУ «ЖРЭП Віцебскага раёна» Станіслаў Завадскі.

Пакуль едзем па альгоўскіх вулачках, разважаю, што было б здорава замяніць адвалы на аўтаматызаваныя каўшы: кіраваць адвалам з кабіны можна толькі па схеме «падняць -апусціць», а каб павярнуць яго налева або направа, неабходна выйсці з цёплай кабіны і зрабіць гэта ўручную. Кіраванне кнопкамі на панэлі значна спрасціла б і паскорыла рабочы працэс, а гэта значыць, што за дзень замест 5-6 вёсак можна было б пачысціць каля 8. Пакуль з каўшамі, якія спраўляюцца са снежным настам больш эфектыўна, толькі «Шантуй» і МТЗ-92П, але прадпрыемству ёсць куды імкнуцца.

Для мяне гэты дзень выдаўся яркім і прыемным: па-за лабавым шклом адкрываюцца маляўнічыя падзвінскія прасторы — адно замілаванне. У гэтым мяне падтрымаў і кіроўца Дзяніс, і дадаў, што работа на МАЗе летам і зімой значна адрозніваецца, патрабуе ад работніка асаблівых якасцяў. Улетку — гэта адказнасць, узімку таксама яна ў сінтэзе з рашучасцю, бо не кожны асмеліцца віраваць па непраязных вясковых дарогах і часам праціскацца на абмежаваных плошчах. На маё пытанне, у чым заключаецца яго прафесіянальны сакрэт, Дзяніс Уласенка адказаў проста: рабіць усё сумленна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?