Вы тут

Качанава: У сучасным свеце роля парламентарыяў кратна ўзрастае


Пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай адбылося чарговае пасяджэнне экспертнага савета. На парадак дня вынесены два законапраекты — аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь» і «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».


Фота: ТГ-канал Савета Рэспублікі.

Адкрываючы пасяджэнне, Наталля Качанава падкрэсліла, што для эфектыўнай работы парламенцкага корпуса неабходна актуальная і запатрабаваная на практыцы прававая база. Асноўныя законы, якія рэгулююць дзейнасць Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ўстанаўліваюць статус дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі, павінны дазваляць парламентарыям, роля якіх у сучасных рэаліях кратна ўзрастае, эфектыўна ажыццяўляць іх дзейнасць.

Як адзначыла Наталля Качанава, сёння парламенцкі корпус з’яўляецца рэальнай і аўтарытэтнай грамадска-палітычнай сілай, якая праводзіць практычную работу па абароне нацыянальных інтарэсаў дзяржавы. У многім ад эфектыўнасці дзейнасці Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, мясцовых Саветаў дэпутатаў залежыць далейшае развіццё нашай краіны як суверэннай дзяржавы.

«У цяперашніх геапалітычных умовах, калі ўзмацняецца супрацьстаянне сусветных цэнтраў сілы і па сутнасці сітуацыя ўжо перарастае ў маштабны сістэмны крызіс, такім адносна невялікім дзяржавам, як Беларусь, зусім няпроста захаваць свае суверэнітэт і незалежнасць, — падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента. — Наш Прэзідэнт, глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, дакладна вызначыў дэвіз, пад якім пройдзе беларускае старшынства ў АДКБ, — „Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі“. Задача парламентарыяў — накіраваць сваю міжнародную дзейнасць на ажыццяўленне гэтай ідэі. Мы павінны рабіць усё магчымае і нават немагчымае для арганізацыі дыялогу ў імя міру, агульнай бяспекі і развіцця».

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што міжнародная дзейнасць парламентарыяў як ніколі павінна быць актыўнай і прыносіць пэўную карысць краіне. «Важна прымаць дзейсныя меры па пашырэнні ўплыву Рэспублікі Беларусь у рэгіянальных аб’яднаннях, дабівацца палітычнай падтрымкі ад дзяржаў-партнёраў, устанаўліваць канструктыўныя сувязі з калегамі з іншых краін, садзейнічаць супрацоўніцтву прадстаўнічых і заканадаўчых органаў», — сказала яна.

Неабходна выкарыстоўваць розныя пляцоўкі для давядзення міжнароднай супольнасці дакладнай пазіцыі аб непрымальнасці дэстабілізацыі сітуацыі, аб мірных, аб’яднальных намаганнях Беларусі. «Наш голас павінен гучаць так, каб нас чулі. Нам ёсць што сказаць», — заявіла Наталля Качанава.

Яна адзначыла, што дзейсным інструментам абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, забеспячэння грамадскага парадку і бяспекі нашых грамадзян служыць заканатворчасць. Пры дапамозе законаў вырашаюцца многія актуальныя пытанні палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця нашай краіны.

«У нарматворчай дзейнасці дасягнута высокая планка, якую мы абавязаны вытрымліваць. Нам, парламентарыям, працаваць трэба хутка, дакладна і высокапрафесійна. Да падрыхтоўкі законапраектаў трэба падыходзіць аналітычна, выкарыстоўваць шырокі інструментарый выяўлення і ўліку грамадскай думкі, экспертных ацэнак, каб навацыі, якія прымаюцца, былі дасканала выверанымі, эфектыўнымі, а галоўнае — справядлівымі», — расставіла акцэнты старшыня Савета Рэспублікі.

Не менш важная роля парламенцкага корпуса ў забеспячэнні эканамічнага дабрабыту нашай краіны. Парламентарыі разам з усёй кіраўніцкай вертыкаллю абавязаны працаваць з поўнай самааддачай, практычна ў мабілізацыйным рэжыме. Размова ідзе аб непасрэдным устанаўленні кантактаў, пошуку новых дзелавых партнёраў і перспектыўных ніш для эканамічнага супрацоўніцтва.

Актуальна ажыццяўленне парламенцкага кантролю за выкананнем рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу і Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 — 2025 гады. Самую сур’ёзную ўвагу трэба ўдзяляць рэалізацыі бюджэтнага пакета і заканадаўства эканамічнага блока. «Гэта ў тым ліку і нашы абавязацельствы перад народам», — падкрэсліла спікер.

Спынілася Наталля Качанава і на рабоце з насельніцтвам як на адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці парламентарыяў. «Наша задача — трымаць руку на пульсе падзей, быць у курсе запытаў выбаршчыкаў, ведаць, што іх хвалюе. Унікаючы ў настроі людзей і прагназуючы сітуацыю на падведамнай тэрыторыі, мы павінны спрыяць прыняццю вывераных і запатрабаваных кіраўніцкіх рашэнняў», — сказала яна, дадаўшы, што пры гэтым работа парламентарыяў з насельніцтвам не павінна быць фармальнай. Бо людзі гэта тонка адчуваюць.

«Акрамя таго, нельга забывацца, што за намі ідуць маладыя калегі — члены Маладзёжнага саветы. Наша супрацоўніцтва ўзаемадапаўняльнае: яны вучацца ў нас, а мы ўважліва ставімся да іх прапаноў і ініцыятыў. Настаўніцтва — гэта вельмі важная місія, якая патрабуе нямала сіл, мудрасці і цярпення», — вызначыла яшчэ адзін важны напрамак работы Наталля Качанава. Паводле яе слоў, парламентарыі адказныя за выхаванне маладога пакалення і беларускага грамадства ў цэлым. «Шмат у чым ад нас залежыць тое, як развіваюцца грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, грамадзянскія ініцыятывы, як складваюцца ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных канфесій і нацыянальнасцей, як людзі ў нашай краіне ставяцца адно да аднаго», — дадала спікер.

«Сёння няма пытанняў не нашых, падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі. — Мы — народныя абраннікі, таму павінны рабіць усё, што трэба нашым людзям. Неабходна прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць за іх рэалізацыю, каб дзяржаўная палітыка, накіраваная перш за ўсё на дабрабыт нашых грамадзян, увасаблялася ў жыццё. І паверце, патрабаванні да работы парламентарыяў будуць толькі ўзрастаць».

На думку Наталлі Качанавай, быць парламентарыем — гэта не проста насіць значок на грудзях: «Гэта значыць цалкам прысвяціць сябе гэтай справе, выбраць сваім жыццёвым пакліканнем служэнне беларускаму народу і нашай краіне. Усе, хто сёння ў складзе Парламента, мясцовых Саветаў дэпутатаў ці ў перспектыве будзе абраны народным прадстаўніком, павінны гэта дакладна разумець і працаваць менавіта так».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.