На сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента намеснік прэм’ер-міністра расказаў аб развіцці айчыннага аграпрамысловага комплексу — аднаго з бясспрэчных флагманаў нашай эканомікі. У сельскай мясцовасці пражывае 22% насельніцтва краіны, у сельскай гаспадарцы працуе звыш 7% ад занятых у рэальным сектары эканомікі.
Расказваючы аб апошніх дасягненнях аграпрамысловага комплексу, Леанід Заяц звярнуў увагу на тое, што істотна абнавілася вытворчая база. «Толькі за мінулую пяцігодку ў рэспубліцы пабудаваны і рэканструяваны 472 малочнатаварныя фермы, уведзены ў эксплуатацыю 12 новых свінагадоўчых комплексаў, якія працуюць па самых сучасных тэхналогіях, вытворчыя паказчыкі на якіх фактычна не ўступаюць сусветным, — удакладніў ён. — Акрамя таго, праведзена аднаўленне 22 свінагадоўчых комплексаў, пабудаваны і рэканструяваны 32 птушкафабрыкі».
У вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі сёння задзейнічана звыш 222 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, пастаянна вядзецца абнаўленне і дааснашчэнне машынна-трактарнага парка. За мінулую пяцігодку аграрыямі краіны закуплена звыш 5 тысяч трактароў, больш за 2 тысячы камбайнаў, іншая неабходная тэхніка.
— Тэхнічная аснашчанасць сельскагаспадарчых арганізацый дала магчымасць праводзіць увесь комплекс палявых работ у агратэхнічныя тэрміны, — адзначыў намеснік кіраўніка ўрада. — У грамадскім сектары значна павялічылася вытворчасць асноўных сельскагаспадарчых культур, акрамя бульбы і агародніны, у вытворчасці якіх найбольшая ўдзельная вага прыпадае на асабістыя падсобныя гаспадаркі грамадзян.
Статыстыка сведчыць: па вытворчасці большасці відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва Беларусь ужо на працягу некалькіх гадоў істотна пераўзыходзіць аналагічныя паказчыкі іншых краін. У сярэднім на аднаго беларуса за год выпускаецца 98 кілаграмаў мяса, 237 кілаграмаў малака, 95 кілаграмаў садавіны, 170 кілаграмаў гародніны, 159 кілаграмаў бульбы і каля 40 кілаграмаў цукру, 18 кілаграмаў алею, 77 кілаграмаў хлебапрадуктаў. Пры разліку на аднаго чалавека выходзіць 3200 кілакалорый у суткі, што поўнасцю выключае верагоднасць голаду або недаядання.
Згодна з рэйтынгам глабальнай харчовай бяспекі, у 2021 годзе наша краіна займала 36-е месца сярод 113 дзяржаў свету. Міжнародныя эксперты выдзяляюць Беларусь па высокай якасці і збалансаванасці рацыёну харчавання насельніцтва, а таксама стабільнасці спажывецкіх цэн на прадукты ў параўнанні з сусветнымі.
Як акцэнтаваў увагу Леанід Заяц, станоўчыя тэндэнцыі развіцця аграрнай галіны захоўваюцца і сёлета. За 11 месяцаў 2022 года тэмп вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый склаў 103,5%. Па яго словах, па выніках года чакаецца захаванне атрыманага выніку.
За 11 месяцаў бягучага года ў сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках краіны выраблена 7051 тыс. тон малака (або 100,9% да аналагічнага перыяду 2021г.), вырашчана буйной рагатай жывёлы — 566 тыс. тон (96,6%), свіней — 369 тыс. тон (91,2%), птушкі — 608 тыс. тон (101,1%), вытворчасць яек склала 2695 млн. штук (98,7%). На 1 снежня 2022 года да адпаведнай даты мінулага года збор збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі склаў 8586 тыс. тон (118,2%), рапсу — 805 тыс. тон (112,6%), бульбы — 1080 тыс. тон (122, 8%), пладоў і ягад — 228 тыс. тон (119,7%), гародніны — 603тыс. тон (104,8%), цукровых буракоў — 4430 тыс. тон (114,5%), ільновалакна — 47,6 тыс. тон (133,5%).
«Дзеля дзяржаўных патрэб у поўным аб’ёме пастаўлена харчовае збожжа (817,8 тыс. тон) і 82 тыс. тон алейнага семя рапсу, — заўважыў віцэ-прэм’ер. — Названыя аб’ёмы нарыхтаванага збожжа даюць магчымасць забяспечыць унутраны рынак жытняй і пшанічнай мукой, а таксама ячменнымі, грэцкімі і аўсянымі крупамі ў поўным аб’ёме да ўраджаю 2023 года».
Па яго словах, станоўчая дынаміка назіраецца і ў фінансавых выніках. «Па наяўных статыстычных звестках за студзень-кастрычнік бягучага года выручка сельскагаспадарчых арганізацый павялічылася да адпаведнага перыяду мінулага года на 23% і склала каля 17 млрд. рублёў, — расказаў Леанід Заяц. — Адзначаецца рост прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі на 73% (атрымана 1,6 млрд. рублёў). На 50% павялічыўся чысты прыбытак (2,1 млрд. рублёў). Рэнтабельнасць продажаў забяспечана на ўзроўні 9,7%, супраць 6,9% у студзені-кастрычніку 2021 года».
Рост сельскагаспадарчай вытворчасці садзейнічае павелічэнню вытворчасці ў краіне прадуктаў харчавання. За 11 месяцаў 2022 года індэкс фізічнага аб’ёму па гэтым відзе дзейнасці склаў 102,3%. Павялічана вытворчасць асноўных прадуктаў харчавання: масла сметанковага, сыроў, тварагу і тварожных вырабаў, малака сухога абястлушчанага, ялавічыны, мяса птушкі і інш.
Дзякуючы рэалізуемай дзяржаўнай аграрнай палітыцы Беларусь сёння не толькі самадастатковая ў харчовых адносінах дзяржава, якая забяспечвае сваю харчовую бяспеку. Наша краіна валодае і значным экспартным патэнцыялам. Тое, што беларуская прадукцыя карыстаецца попытам за мяжой, пацвярджаюць сусветныя рэйтынгі. Рэспубліка Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку краін экспарцёраў малакапрадуктаў і ТОП-15 краін вядучых экспарцёраў мясной прадукцыі.
— Доля экспарту харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны ў агульным экспарце Рэспублікі Беларусь складае каля 20%, у пачатку 2000-х гадоў гэты паказчык складаў каля 7%, — заўважыў Леанід Заяц. — За 10 месяцаў бягучага года мы ўжо перавысілі гадавы паказчык 2021 года, аб’ём экспарту склаў 6,8 млрд. доллараў. ЗША або амаль 126% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Па выніках 2022 года чакаецца экспартная выручка больш за 8 млрд. дол. ЗША ў эквіваленце. Рост экспарту абумоўлены пераважна за кошт спрыяльнай цэнавай кан’юнктуры на знешніх рынках па большасці таварных пазіцыяў, а таксама росту натуральных паказчыкаў экспарту.
Ва ўмовах санкцыйнай палітыкі ў адносінах да Беларусі нашы прадпрыемствы вядуць работу па пашырэнні паставак на традыцыйныя рынкі (краіны СНД), а таксама па пераарыентацыі на новыя рынкі збыту, прапрацоўваюць новыя лагістычныя маршруты ў краіны далёкага замежжа. Як расказаў віцэ-прэм’ер, сёння геаграфія экспарту харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны налічвае каля 100 краін свету. Асноўная доля ў экспарце харчавання прыпадае на Расійскую Федэрацыю. Аднымі з галоўных пакупнікоў беларускай харчовай прадукцыі таксама выступаюць і краіны Азіі.
Намеснік прэм’ер-міністра вызначыў ключавыя задачы аграпрамысловай вытворчасці — гэта павелічэнне аб’ёмаў экспарту харчовых тавараў і сельскагаспадарчай сыравіны, асваенне новых рынкаў і пашырэнне прысутнасці на традыцыйных рынках збыту.
Кажучы аб далейшым развіцці аграпрамысловага комплексу, Леанід Заяц звярнуў увагу на тое, што асноўным рэзервам росту ў раслінаводстве застаецца строгае выкананне рэгламентаў тэхналагічных патрабаванняў вытворчасці сельскагаспадарчых культур, заснаванае на поўным іх забеспячэнні мінеральнымі і арганічнымі ўгнаеннямі, прымяненні інтэграванай комплекснай аховы раслін, пасеве якасным насеннем высокіх рэпрадукцый у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, а таксама своечасовай і без страт уборкі.
Для выкарыстання тэхналагічных рэзерваў на ўзроўні ўрада штогод прымаюцца неабходныя рашэнні па фінансавай падтрымцы бягучай і інвестыцыйнай дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый, у тым ліку неплацежаздольных, абнаўленні машынна-трактарнага парку, падтрыманні неабходнага ўзроўню яго гатоўнасці.
Адным з істотных рэзерваў росту прадукцыі раслінаводства з’яўляюцца эфектыўнае выкарыстанне меліяраваных земляў, на долю якіх прыпадае 38% сельскагаспадарчых земляў грамадскага сектара. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у чэрвені бягучага года пастаўлена задача па павелічэнні аб’ёмаў меліярацыйных работ не менш як у два разы адносна 2021 года. «У рамках гэтага даручэння, ужо ў бягучым годзе тэмпы меліярацыйных работ падвоены, будзе адноўлена больш як 55 тысяч гектараў меліяраваных зямель», — удакладніў віцэ-прэм’ер.
Асноўнымі рэзервамі росту ў жывёлагадоўлі з’яўляецца мэтанакіраваная работа па якасным паляпшэнні кармавой базы, якая дае магчымасць максімальна рэалізаваць генетычны патэнцыял сельскагаспадарчых жывёл і птушкі. Гэты напрамак у асноўным сканцэнтраваны ў галіне раслінаводства і далейшае абнаўленне вытворчай базы, будаўніцтва, рэканструкцыя і мадэрнізацыя жывёлагадоўчых аб’ектаў.
— Дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі малочнай галіны цяпер у рэспубліцы ёсць 1,6 тысячы малочнатаварных ферм з сучаснымі тэхналогіямі, на якіх размешчана 65% дойнага статка і вырабляецца каля 70% малака, — паведаміў Леанід Заяц. — Для прадаўжэння работы па мадэрнізацыі малочнай жывёлагадоўлі на 2023-2024 гады запланавана будаўніцтва па 10 малочнатаварных комплексаў у кожнай вобласці.
Асобна намеснік прэм’ер-міністра спыніўся на пытанні рэалізацыі кадравай палітыкі ў сельскай гаспадарцы. З мэтай замацавання кадраў у вёсцы створана значная нарматыўная прававая база, якая вызначае комплекс матэрыяльных стымулаў і гарантый для маладых спецыялістаў і работнікаў арганізацый аграпрамысловага комплексу. Сярод іх — штомесячныя выплаты маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на працягу двух гадоў, прадастаўленне льготных крэдытаў маладым спецыялістам на набыццё дамашняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці, прадастаўленне адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу і інш.
«Папаўненне кадравага складу сельскагаспадарчых арганізацый у асноўным павінна ажыццяўляцца за кошт падрыхтоўкі спецыялістаў ва ўстановах аграрнай адукацыі, асабліва на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — перакананы Леанід Заяц. — Гэта катэгорыя найбольш арыентаваных абітурыентаў, у якіх зацікаўлены арганізацыі — заказчыкі кадраў. Зацікаўленыя арганізацыі ўстанаўліваюць у мэтавых дагаворах даплаты да стыпендый у перыяд навучання, забяспечваюць праходжанне вытворчай практыкі і працаўладкаванне выпускнікоў тэрмінам на пяць гадоў, пасля заканчэння якіх, як паказвае практыка, большасць мэтавікоў застаецца працаваць у гэтай арганізацыі на пастаяннай аснове».
Рэзюмуючы сваё выступленне, Леанід Заяц падкрэсліў, што аграпрамысловы комплекс гатовы забяспечыць сваё прызначэнне і ў далейшым быць стабілізатарам у эканоміцы, у нашым грамадстве. Па завяршэнні даклада віцэ-прэм’ера члены ўрада адказалі на пытанні парламентарыяў.
Асновай сельскай гаспадаркі з’яўляецца буйная таварная вытворчасць, на долю якой прыпадае больш за 80% валавай прадукцыі, каля 17% прадукцыі забяспечваюць асабістыя падсобныя гаспадаркі грамадзян, 3% — сялянскія (фермерскія) гаспадаркі. Па памеры сельскагаспадарчых угоддзяў на душу насельніцтва Беларусь уваходзіць у дваццатку сусветных лідараў.
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Што падрыхтавала выдавецтва «Мастацкая літаратура» да кніжнай выставы-кірмашу.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.