Вы тут

«І з кожным крокам набліжаемся да ўласнага сэрца...»


Для многіх студэнтаў і выкладчыкаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова духоўным аазісам стала літаратурнае аб’яднанне «Натхненне», якое плённа працуе ўжо 35 гадоў. 


Сёння творчай арганізацыяй кіруе Наталля Аляксандраўна Міхальчук, дацэнт кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 2022 годзе Наталля Аляксандраўна стала ўладальнікам Гран-пры рэспубліканскага конкурсу «Іван Шамякін. „Сэрца на далоні“» ў намінацыі «Паэзія» за кнігу вершаў «Светлы дзень». 

Унікальнасць творчага калектыву — каля вытокаў «Натхнення» стаялі не толькі студэнты, але і выкладчыкі — яркае суквецце адораных паэтаў, для якіх мастацкае слова — і аб’ект навуковага вывучэння, і сродак выяўлення думак і пачуццяў: першы кіраўнік літаб’яднання дацэнт Т. Міхальчук, прафесар член Саюза пісьменнікаў Беларусі У. Рагаўцоў, кандыдат палітычных навук, цяпер прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ імя А. А. Куляшова У. Ясеў, дацэнты В. Іваноў, В. Касценіч, А. Бірукоў і іншыя. 

Адметная рыса «Натхнення» — і яго шматнацыянальны склад. На шасці мовах — рускай, беларускай, украінскай, польскай, літоўскай і туркменскай — можна было пачуць вершы, песні і апавяданні на пасяджэннях літаб’яднання. Літаратурная вучоба, выступленні ў школах, супрацоўніцтва з прэсай, удзел у конкурсах і іх арганізацыя, прэзентацыі зборнікаў паэзіі і прозы, сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі — вось асноўныя напрамкі работы літаб’яднання. 

У апошнія дзесяцігоддзі асабліва мацнеюць сувязі «Натхнення» з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, ладзяцца творчыя сустрэчы з літаратарамі — А. Казекам, В. Арцем’евым, Н. Падабедам, Я. Булавой. Літаб’яднанне — арганізатар шэрагу гарадскіх і абласных літаратурных конкурсаў. 

Студэнты з літаб’яднання ў розныя гады станавіліся пераможцамі гарадскіх і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Сярод выпускнікоў «Натхнення» — і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: У. Ясеў, Е. Кісель, Н. Міхальчук. 

Сёння літаб’яднанне працуе пры падтрымцы рэктара МДУ імя А. А. Куляшова Д. Дукі, прарэктара па вучэбнай рабоце У. Ясева, прарэктара па выхаваўчай рабоце Д. Рагаўцова.


Уладзімір ЯСЕЎ 

Пара спатканняў 

Нас гасцінна зайсці запрашае 
На бярозавік сонечны гай. 
У пупышках жыццё набухае, 
Расквітае святлом небакрай. 
Паспяшайся, глядзі, не спазніся 
На спатканне з імклівай вясной, 
У блакітнага дня закуліссе, 
Адурманенае сон-травой. 
Чуеш ветру дрыготкія спевы? 
Бачыш мрояў начных чараду? 
Твае вусны расчуліць няўмела 
Красавік пацалункам дажджу. 
Дотык тонкіх, гарачых запясцяў 
Панясе ад дарэмных трывог, 
Птушкай з выраю вернецца шчасце — 
Паспрабуй жа не спудзіць яго... 

* * * 
На вайне я ніколі не быў, 
не насіў за плячмі аўтамат, 
пад бранёй 
не гарэў 
і пад кулямі ў бой не хадзіў, 
не страляў з мінамётаў 
і зенітных гармат. 
Я не быў партызанам, 
не закладваў пад рэйкі траціл, 
як мой бацька, малым 
ад разрываў снарадаў не глух, 
у шпіталях ад гною мне раны 
без наркозу 
не чысціў хірург. 
У дзяцінстве, як маці, 
тыфам я не хварэў, 
ад варожых салдат 
не хаваўся ў балоце ніколі, 
не збіраў, каб пад’есці, 
пупышак з разгалістых дрэў, 
не шукаў мёрзлай бульбы 
ў заснежаным полі. 
Зноў цяпло напаўняе 
бярозавым сокам ствалы, 
на старое гняздо 
ля бацькоўскае хаты 
прыляцяць непазбежна 
захоўнікі шчасця — буслы. 
З фотаздымкаў пажоўклых, 
ваенных 
глядзяць на мяне юнакі, 
усміхаюцца ветла дзяўчаты. 
Нашы дзеці і ўнукі вітаюць вясну, 
як віталі дзяды ў сорак пятым. 
Што і як мне яшчэ напісаць пра вайну, 
каб вавекі не ведаць праклятай?! 

Адліга 

Нечакана ўвечары — адліга. 
За акном звініць твой цёплы смех. 
Каламутна зелянее выган. 
Сціх завей нудотны плач і скрыгат. 
Паляцелі ледзяшы са стрэх. 
Мне хочацца размяць у небе крылы, 
Каб зноў адчуць і лёт, і ветру свіст, 
Дзе месяц над ваколіцай павіс, 
Дзе ручаём адліга забруіла, 
Дзе снегу на дварэ амаль няма. 
Ад’едзеш заўтра — вернецца зіма... 

Блазан 

Мой сябра з тварам самотнага блазна 
Прыкідваецца, быццам зусім забыўся, 
калі дазволіў надзеі загаснуць, 
а сам за саломінку схапіўся, 
калі ён ачуўся ў бяздонным свеце, 
размаўляючы шолахам 
пра нятленнасць, 
там, дзе між двума не ўзнікае трэці, 
стаяў у прыцемках на каленях. 
Каціліся зоркі слязьмі скупымі — 
за чужымі вокнамі паўзмрок бяздонней. 
Былі незнаёмцамі мы — 
сляпымі, 
Не бачылі, хто й чаго з нас годны. 
Дзве бездані ззялі адзіным светам, 
святлом вяртаючы бясхмарныя поўдні, 
уваскрашаючы сад сухацветаў, 
каб блазан жарты свае прыпомніў... 

Палон 

Над дахамі вісяць гаркавыя дымы. 
Штодзённік на стале вядзе адлікі датам. 
Упершыню адчуў, што не хачу зімы, 
Што снежнае святло не прынясе мне 
свята. 
Туляюся паміж бярозавых калон. 
Раз’етыя імглой іх кроны пасівелі. 
Снягі бяруць мяне ў пакутлівы палон, 
Кладуць свінец бяліл па жоўтай акварэлі. 
Здагадкай пра бяду чарнее сонны яр 
Глыбокай, нібы вір, і незагойнай ранай. 
Узняўся над дваром аголены стажар... 
Зіма, скажы, за што рыхтуеш пакаранне? 
— Наўцёкі! Напрасткі! 
Ужо на рэчцы лёд! — 
На ўсе лады рыпіць старэнькі тэлевізар, 
А я вастру нажы — рассекчы ў Новы год 
Зімовы небасхіл ад верха і да нізу. 

Дзьмухаўцы 

Мы дзьмухаўцы зрывалі. Ты пляла 
Вянкі, упарта звязваючы душы, 
Каб іх не сцяла прагная імгла, 
Каб раўнавагу свету не парушыць. 
Плылі суквецці па начной рацэ — 
У маладосці ўсе чакаюць цудаў, 
А мы ішлі з табой — рука ў руцэ, 
І верылі: мы ёсць, былі і будзем! 
Не слухаліся нудных мудрацоў: 
«Жыццё імчыць з паскораным 
разбегам!» 
Пухнатыя лятучкі дзьмухаўцоў 
Зляталіся на скроні першым снегам... 


Вольга ШПАКОЎСКАЯ 

* * * 

Раніца прыгожая, але 
абдымкі яе ледзяныя. 
Яна грэецца ад мяне 
і неба пачынае свяціцца. 
Зараз яно смачнае, жывое. 
Мой погляд прагна ўпіваецца 
ў яго бэжавую плоць 
і ўбірае ў сябе святло. 
Сонца халоднае, гордае, 
з ім проста так не дамовішся: 
трэба гуляць з яго прамянямі 
і чакаць цуд, адкрыта і без надзей. 
Вырашыла абмяняць цяперашні час 
на мінулыя хвіліны. 
Авантура скончылася правалам: 
шчасце памяняць на ілюзію — 
неймаверная дурнота! 
Але памылкі выпраўляюцца, 
калі ёсць жаданне жыць 
і рухацца далей. 
Таму я скокнула ў Імгненне 
і перастала азірацца. 
Мы нараджаемся не адразу, 
а паступова. 
І з кожным крокам набліжаемся 
да ўласнага сэрца. 
Колькі б ні надыходзіў вечар, 
за ім абавязкова наступіць раніца. 

Колеры 

Зялёны гарэў 
і заскочыць імкнуўся 
ў мае вочы... 
Але ператварыўся ў балота. 
Жоўты заблытаўся 
ў валасах, 
страціў спакой 
і ператварыўся ў сонца. 
Чырвоны глядзіць 
на мяне з яе сукенкі. 
Я аслеп на вочы, 
але стаў бачыць сэрцам. 

* * * 

Туман хавае ў сабе 
не толькі восеньскія дрэвы, 
але і нешта страчанае: 
пах дзяцінства, чаканне, 
калі бабуля прыгатуе піражкі, 
калі матуля купіць ляльку, 
калі можна будзе выйсці на вуліцу 
і пагуляць з сяброўкай. 
Глядзіш на туман і прыгадваеш 
у асноўным добрае. 
Калі да туману стаўленне цёплае, 
то і ён гатовы пазбавіць сэрца 
ад пакут. 


Алесь ДВАРАКОЎ 

Кіберэлегічнасць 

Скажы, ці ззяеш ты дарэмна 
Той прыгажосцю незямной? 
Бо «Інстаграм» твой — што арэна 
І на яго ідуць з вайной 
Трывогі жорсткія імгненні, 
Фрагменты кпінаў ад чужых. 
Ці ўсё ў душы так несумненна? 
Ці хочаш ты паехаць жыць 
Туды, дзе лета захацела 
З табой пабыць яшчэ анлайн, 
Туды, дзе восень заляцела 
Табе сказаць: «Яшчэ палай!»? 
Без перапынкаў я жадаю 
Ў сацсетках на цябе глядзець, 
Апавяшчэнні слухаць дай мне 
І ведаць, што ты побач дзесь. 
Так проста ўсё: твае гаворкі, 
Салодкі погляд мілы той 
У інтэрнэце, як вавёрка, 
Знікае — болей ты ніхто. 


Аляксей САМУСЕЎ 

Дзяўчына-зорка 

Цёплая, як сонейка, 
Светлая, як зорка, 
Цікавая, як жыццё, 
Прыхожая, як кветка, 
Самая вялікая зорка майго жыцця, 
Мая надзея і мой лёс, 
Маё паветра, 
Мой дзень і мая ноч, 
Маё жыццё і сэнс, 
Мая добрая раніца і цёплы вечар, 
Новы час і новы дзень, 
Мой холад у ліпені і цяпло ў лютым, 
Мая нечаканая зорачка. 
Маё каханне!

Мая восень 

Вось і восень прыйшла, 
І душа мая зноў апынулася ва ўспамінах 
аб восені той, 
Калі я быў у цябе закаханы. 
Я быў шчаслівы тады і не мог сабе ўявіць, 
Што так хутка скончыцца радасць мая. 
Прабягалі дні сонечных праменняў — 
падала залатая лістота, 
І ніхто не ведаў аб тым, 
што гэта апошняя наша пара, 
Як і апошнім быў той вечар, 
Калі доўгімі гадзінамі сярод мільёнаў зор 
я шукаў цябе. 
І так не знайшоў у гэты зорны вечар, 
А назаўтра назаўсёды згубіў. 


Сафія НАТСІДЗІС 

Мой Магілёў 

Хмарка белых матылёў 
За акном лятае, 
Упрыгожыць Магілёў, 
Калі не растае. 
Сэрца ціхенька пяе, 
Поўнае кахання, — 
Для чаго я на Зямлі — 
Болей не пытанне. 
Над высокім дахам 
Родны сцяг лунае. 
Хораша жывецца! 
Цішыня над краем. 


Анастасія МЫТНІК 

Чарневічы 

Мая вёсачка, маленькі куточак, 
Я помню, там пляла 
з дзьмухаўцоў вяночак, 
Помню, з суседскімі хлопчыкамі 
ў футбол гуляла, 
А потым вясёлыя песні складала. 
Помню стары мудры клён 
І як цвіў у полі лён. 
Помню сваю старую сяброўку, 
З ёй мы гулялі весела і лоўка. 
Помню, як ездзілі ў лес, 
А яшчэ там у маі ўсюды цвіў бэз: 
Уся мая вуліца бэзам цвіла, 
Каб туды вярнуцца — я б, мабыць, 
усё аддала! 
Помню сваіх сябровак школьных — 
Добрых, жартоўных і часам 
павольных. 
Заўсёды разам мы гулялі, 
Пасля школы калісьці кароў сустракалі, 
Там мы дурэлі і песні спявалі. 
Помню сваю хату, школу родныя, 
І маленства дні пяшчотныя. 
Гэта не вярнуць і гэтага няма, 
І спусцела школьная зямля. 
Але ў маёй памяці застанецца — 
вёска Чарневічы — 
навекі ў маім сэрцы! 


Наталля МІХАЛЬЧУК 

* * * 

У памiраючае лісце 
Моўчкі белы снег упаў. 
І на досвітку калісьці 
Ты мяне пашкадаваў. 
Бачыў, басанож я крочу, 
Як па снезе, па журбе, 
Ды не папракаюць вочы, 
Непатрэбныя табе. 
Міласэрны ты мой княжа! 
Не святлей, дарэчы, снег. 
Хто ў гэтым свеце скажа, 
Што кахаць ад жалю — грэх?! 
І на досвітку тужлівым 
Ты ў дом мой зазірнуў. 
І свой жаль мне, срэбра нібы, 
У далоні працягнуў. 
Чым жабрачкай закаханай — 
Лепей босай у раку? 
Так. Ды сэрца не стрымала. 
...Нібы лёд кальнуў руку. 


Аляксей БІРУКОЎ 

Рабіна 

На вясковым задворку, 
пад вішнёваю квеццю, 
Пад раскошаю яркай чырвонай 
шыпшыны 
Ціха грэла на сонцы сваё кволае вецце, 
Сваё сціплае лісце маладая рабіна. 
Людзі крочылі побач, але не заўважалі 
Ні яе прыгажосці, ні яе існавання, 
Толькі зорачкі з ёю ў начы размаўлялі, 
Толькі сонца вітала яе з самага рання. 
Непрыкметна праходзілі восень і лета, 
Непрыкметна ляцелі вятры над зямлёю, 
Час ішоў і, нарэшце, зусім непрыкметна 
Заквітнела яна прыгажосцю сваёю. 
Загарэлася яркай чырвонай пяшчотай, 
Вераснёўскай красой, пералівам караляў, 
Цалавалі вятры ёй разную лістоту, 
І сівыя дажджы косы ёй 
расчасалі. 
О рабіна мая, прыгажуня рабіна! 
Што ты бачыш у сне пад бялюткай 
завеяй? 
Ціхі шоргат дубоў і паспелай збажыны, 
Ззянне зорак і сонца заўжды цябе грэюць. 
О рабіна мая, чараўніца рабіна! 
Колькі радасці бачу ў знаёмым убранні, 
Калі ты побач з хатай, 
нібы тая дзяўчына, 
З сарамлівай усмешкай чакаеш 
спаткання. 
Толькі хто ж сюды прыйдзе сівым 
надвячоркам? 
І каго ты ўбачыш тут ночкаю гэтай? 
Пад зязюліны песні ў россыпах зорак 
Ты прымаеш пачуцці закаханых паэтаў.


Маргарыта САДОЎСКАЯ 

Рабiнка 

Павольна iду па вуліцы. Раптам мае сумныя думкі перарывае дзіўны гук. Падымаю галаву і бачу ў небе жораваў. Высока ляцяць яны роўным клінам па пранізліва блакітным бяздонным небе і дасылаюць апошняе прывiтанне роднай зямлi з нябёсаў. Нешта здрыгану¬лася ў грудзях ад гэтага курлыкання. Я агледзелася вакол — неяк зусім неўпрыкмет надышла восень. Дрэвы і кусты, яшчэ ўчора зялёныя, сёння чараўніца восень размалявала разнастайнымі адценнямі жоўтага, ружовага, вогненнага, барвова-чырвонага. Толькі дзе-нiдзе невялiкая зялёная пляма. Восень — самы прыгожы час года. Калі яшчэ ўбачыш такую разнастайнасць фарбаў у прыродзе! 

Заходжу ў парк. Пад нагамі шамаціць лісце клёну. Колькі яго ўжо апала?! Збіраю кляновае лісце і пляту залаты вянок. Адзяваю на галаву і адразу ўяўляю сябе каралевай восені. Мінакі ўсміхаюцца. Настрой паляпшаецца. І раптам сярод гэтага золата я ўбачыла яркае пунсовае вогнішча. Падыходжу бліжэй: гэта рабiнка. Доўга гляджу на яе, бо рабіна — маё любімае дрэва. Здаецца, няма яго прыгажэй. 

Кучаравыя лісточкі падобны на лёгкiя карункі. Вогнішча ўжо злёгку абпаліла яго бакi, але яны яшчэ захавалі летнюю зеляніну. А яе пурпурныя гронкі палаюць яркім чырвоным полымем. Гронкі рабіны здаюцца гарачымі — працягнеш руку, каб сарваць агністую кветку, і адразу апячэшся. 

Летам рабiнка была зусім непрыкметная сярод іншых дрэў. Можа, крыху зграбнейшая і ружавейшая, чым астатнія. Але восень падарыла гэтаму дрэўцу непаўторную казачную прыгажосць, вылучыла яго, зрабіла не такім, як усе. Хутка ўсе дрэвы страцяць свой прыгожы яркі ўбор. І толькі рабіна яшчэ доўга будзе радаваць нас сваім убраннем і нагадваць пра гарачае лета. 


Веранiка БАЙЦОВА 

Люстэрка 

У маёй спальні ёсць старое люстэрка. Вялікае, авальнай формы, з мудрагелістым арнаментам на важкай раме з цёмнага дрэва... 

Не памятаю, калі і як гэтае люстэрка ў мяне з’явілася, часам нават здаецца, што яно было са мной з самага нараджэння — глядзела на мяне са столі... 

Кожны дзень, прачынаючыся і засынаючы, я вы¬мушана ныраць у яго халоднаю роўнядзь, углядацца ў вочы дзяўчыны з «таго боку». 

Дзяўчына з «таго боку»... Яна не рухаецца, яе чорныя, як смоль, зрэнкі не сочаць за маімі перасоўваннямі, але мне заўсёды здаецца, што яна бачыць мяне, нават калі з галавой накрываюся коўдрай. За ўсе тыя гады, якія яна жыве у люстэрцы маёй спальні, яна не прамовіла ні слова (а ці ўмее яна наогул гаварыць?), але ў яе вачах, вуснах — і нават валасах — нямы дакор. Якое б праведнае жыццё я ні вяла, сваім бяздушным позіркам яна выдзірае з глыбінь маёй памяці ўсе самыя дрэнныя ўчынкі. Часам я не сплю з-за гэтага позірку ўсю ноч — так і стаю да світання басанож перад люстэркам. І пакуль скразны вецер перабірае складкі маёй піжамы, я змагаюся з жаданнем пра¬цягнуць сваю далонь да халоднай паверхні люстэрка, бо мне здаецца, што навобмацак яно будзе як ртутнае возера... Возера, на дно якога мяне зацягне ўчэпістая рука... 

І колкі позірк, і той факт, што не магу ўцячы ад гэтага люстэрка, — усё палохае, але дрыжаць маё цела прымушае зусім іншае... 

Калі ўважліва разглядаю ўсе рысы і лініі дзяўчыны з «таго боку», з грудзі вырываецца нямы крык, бо яна, як дзве кроплі вады, падобна да мяне...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.