Вы тут

Ці трэба ўтоптваць снег вакол пладовых дрэў?


Пытанне, якое тычыцца ўшчыльнення снегу на ўчастку наогул і вакол пладовых дрэў у прыватнасці, выклікае мноства спрэчак. Адны лічаць, што ўтоптваць снег вакол пладовых дрэў трэба, і гэта нібыта для іх нават карысна. Другія ж сцвярджаюць, што ўшчыльненне снегу вакол пладовых дрэў выкліча толькі цэлую кучу праблем.


Старэйшае пакаленне як раней, так і цяпер, снежны пласт вакол пладовых дрэў утоптвае кожную зіму. Лічыцца, што чым больш шчыльна «ўкладзены» снег, тым каранёвая сістэма больш надзейна абаронена, шчыльны снег не дазваляе грызунам, у прыватнасці — мышам, дабрацца да смачнай кары, таму што яны нібы не стануць паказвацца на адкрытым участку, а будуць пракопваць хады ў снезе.

Акрамя гэтага, шляхам ушчыльнення снегу вырашаецца пытанне забеспячэння раслін вільгаццю ў вясновы перыяд, паколькі, як вядома, чым больш мацна ўтрамбаваны снег, тым ён значна павольней растае. Адпаведна, глеба пад пладовымі дрэвамі працяглы перыяд будзе вільготнай, яна, нібы ад кропельнага паліву, будзе ўзбагачацца вільгаццю паступова, а пры рэзкім снегарастанні вялікая частка вільгаці папросту выпарыцца.

Пераходзім зараз у лагер тых, хто ад ушчыльнення снегу ў сваіх садах адмаўляецца цалкам або часткова.

Фізіка сцвярджае, што чым снег больш друзлы, тым лепш ён трымае цяпло. Бо друзлы снег уяўляе сабою масівы сняжынак, паміж якімі запасяцца вялікія аб'ёмы паветра, якія захоўваюць цеплыню ў глебе.

Акрамя таго, шмат снегу ў садзе, прычым у любым садзе, гэта заўсёды добра, гэта коўдра і падушка адначасова. Снег не дазваляе ўшчыльняцца глебаваму пласту і захоўвае ніжнюю частку ствала, а часам і першыя шкілетныя сукі ад падмярзання ў асабліва суровыя зімы. Кожны садоўнік вам скажа, што чым больш тоўсты пласт снегу, тым на меншую глыбіню прамярзае глеба.

Тоўсты слой друзлага снегу, да ўсяго іншага, можа павысіць тэмпературу глебавага пласта і нават паскорыць адтаванне глебы і прагравання яе па вясне, што немалаважна для пладовых дрэў.

Доследным шляхам устаноўлена, што таўшчыня снегу ў сантыметр павышае тэмпературу глебы прыкладна на паўградуса.

Самае цікавае, што калі вышыня снегу дасягае метра, то глеба ў садзе, насуперак усім чаканням прыхільнікаў ушчыльнення снегу вакол дрэў, будзе раставаць раней менавіта з-за розніцы тэмператур ля паверхні глебы і вышэй, ствараецца эфект «патэльні», ролю якой іграе глеба. На ёй растае снег, вядома, і пад уплывам сонечных прамянёў таксама, а вось ушчыльнены снег ляжыць вельмі доўга, і пад ім глеба ледзяная — кожны можа гэта праверыць у сябе ў садзе.

Далей — мышы. Насамрэч яны спакойна перамяшчаюцца і па адкрытых участках, кіраваныя голадам, яны часам пераадольваюць яшчэ і не такія адлегласці. Тыя ж, хто лічыць, што снег можна ўшчыльніць такім чынам, што сфарміруецца штосьці падобнае на ахоўную сцяну ад мышэй, памыляюцца яшчэ больш — мышы грызуць дрэва, што для іх ваш утрамбаваны снег?

Такім чынам, калі жадаеце захаваць цяпло глебы і абараніць расліны, то снег ушчыльняць не варта. Калі жадаеце затрымаць максімум вільгаці на ўчастку, але адначасова на некалькі дзён, а то і на тыдзень, адцягнуць праграванне глебы, то снег на ўчастку ўтопваць варта, асабліва гэта датычыцца яблыневых дрэў на любых прышчэпах, таму што яблыня пазней за іншых абуджаецца і якраз трапляе па часе ва ўзбагачаную вільгаццю дзякуючы ўшчыльненаму снегу і нагрэтую сонцам глебу.

Што ж тычыцца культур костачкавых, якія рана распускаюць пупышкі, то ўшчыльняць снег вакол гэтых дрэў шкодна: па-першае, яны абудзяцца ад сонца раней, чым глеба нагрэецца пад снегам і можа пачацца банальнае ўсушэнне, калі надземная маса ўжо пачынае расці і развівацца, а карані ўсё яшчэ «спяць» у халоднай глебе, пад утаптаным снегам.

Другая прычына непажаданага ўшчыльнення снежнага пласта вакол костачкавых культур датычыцца войлачнай вішні і абрыкоса, для іх лішак вільгаці вакол каранёвай шыйкі, які абавязкова з'явіцца (бо нагамі вы зробіце штосьці накшталт лункі, куды будзе сцякаць адталая вада), яшчэ і небяспечны выправаннем каранёвай шыйкі.

Выснова такая — ушчыльняць снег можна ў яблыневым садзе, на пясчаных глебах, каб сабраць пабольш вільгаці.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».