Вы тут

Сакрэты цэнаўтварэння. Як дачнікі зарабляюць на сваёй гародніне і паслугах


Даўно падлічана, што «бясплатная» дачная гародніна і садавіна дорага абыходзяцца: насенне, саджанцы, угнаенні, інструменты, глебагрунт і г. д. каштуюць не так ужо і мала. «Ну, а сваю працу мы ўвогуле не цэнім», — казаў адзін з суседзяў. Зрэшты, сёй-той дзякуючы дачнаму ўчастку знаходзіць магчымасць зарабіць нядрэнную капейчыну.


Сакрэты цэнаўтварэння

Не будзем разглядаць такі даход ад лецішча як здача яго ў арэнду. Пагаворым аб гародніне, садавіне, мёдзе і рознага роду паслугах.

У нашым СТ некалькі гаспадынь трымалі курэй. Хатнія яйкі прадавалі па кошце ад 3 да 6 рублёў за дзясятак. Чаму такая разбежка, цяжка растлумачыць. Але неяк самі сабой утварыліся две групы: «элітная» купляла даражэй, хто прасцей — таннейшыя. Мусіць, толькі кошт яек і вызначаў элітарнасць дачнікаў.

Лішкі ягад і гародніны таксама прадавалі. Ніна Іванаўна лічыла: калі ёй не трэба ехаць на Камароўку, купляць квіткі на маршрутку, клапаціцца аб даведцы, што ўсё вырашчана на сваім участку, а пакупнікі ёсць на месцы, то і кошт павінны быць ніжэйшы, чым на рынку. А вось Таццяна Піліпаўна прытрымлівалася супрацьлеглага меркавання, мяркуючы: раз пакупнікам не трэба ехаць на рынак, дык і плаціць яны павінны больш.

Пакупнікоў хапала. Па-першае, гэта арандатары лецішчаў, па-другое, тыя, у каго ўсялякія ландшафтныя дызайны на ўчастку, а на вячэру хочацца экалагічна чыстых прадуктаў. Праўда, апошні крытэрый падаецца спрэчным. Бо калі вы самі не выкарыстоўваеце хімічныя ўгнаенні, то гэта можа рабіць ваш сусед, і рана ці позна ўсе гэтыя рэчывы трапяць і на бліжэйшыя ўчасткі.

У СТ ёсць два пчаляры, вакол якіх было найбольш спрэчак. Частка дачнікаў сцвярджала, што ў Станіслава самы сапраўдны мёд, а ў Пятра разведзены, другая частка меркавала з дакладнасцю да наадварот. Самі ж пчаляры толькі пасмейваюцца з таго, што пакупнікі бегаюць ад аднаго да другога.

Барацьба з сумнікам і прагнасцю

Садаводчае таварыства — тое месца, дзе добра бачная розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын. Ва ўзросце 70+ вельмі мала сямейных пар, а вось удоў — пераважная большасць. Ёсць вельмі актыўныя жанчыны, якія самі і за рулём аўто, лёгка ўпраўляюцца і з газонакасілкай, і з сучкарэзам, а то і з пілой. Але ўсё ж больш тых, каму патрэбна дапамога. Наяўнасць дзяцей і ўнукаў нічога ў гэтым пытанні не гарантуе.

Сыну Ніны Іванаўны прасцей аплаціць паслугі рознага роду майстрам, чым марнаваць свой час. Зоя Вячаславаўна ўмее так распарадзіцца пенсіяй, што хапае на ўсё. «Зяць паабяцае, а потым у яго няма часу нешта зрабіць. Таму вось купіла альтанку і адразу замовіла майстра, каб сабраў. І не трэба мне суседа, які возьме ў два разы менш грошай, а потым тыдзень будзе хадзіць на абеды і яшчэ чарку патрабаваць», — расказвала жанчына.

Самай запатрабаванай паслугай мінулым летам аказалася касьба. Новы старшыня СТ пачаў актыўную барацьбу з інвазіўнымі раслінамі: сумнікам і шалёным агурком. Калі на сходзе ён сказаў аб вялікай шкодзе гэтых раслін і аб тым, што і СТ, і гаспадары ўчасткаў атрымаюць штраф, калі гэтае бязладдзе ўбачаць спецыялісты інспекцыі прыродных рэсурсаў, Людміла Рыгораўна выступіла з прамовай:

— Усё, што вы кажаце, — фэйк. Сумнік — вельмі прыгожая расліна, я ўнукам у букеты да першага верасня абавязкова яго дадаю, і ў школе ім не рабілі заўваг.

Але Дзмітрый Антонавіч ведаў, што, як кажуць дачнікі, «Люся вывучыла новае слова», якое ўжывае заўсёды, калі з нечым не згодна. Ведаючы характар гэтай дамы, старшыня СТ прынёс на сход раздрукоўкі дакументаў. Людміла Рыгораўна вывучыла іх і стала... самым лютым барацьбітом з інвазіўнымі раслінамі. Праўда, больш сачыла за суседнімі ўчасткамі. Сама ж яна не магла скасіць сумнік. «У чым праблема? Няхай унук скосіць», — прапанаваў Дзмітрый Антонавіч. Людміла Рыгораўна з дачкой загаласілі: «Гэта ж дзіця!».

І тут выступіла яшчэ адна суседка: «Як касіць, дык дзіця, а як з дзяўчынай прыязджаць на лецішча, дык дарослы». Такі скандал здарыўся! У выніку паўсоткі залатарніку скасіў сусед за 20 рублёў. Не маглі ж жанчыны дазволіць 19-гадоваму «дзіцяці» асвоіць трымер.

Зінаіда ж Васільеўна ў сваю чаргу скардзілася на суседзяў: «Людзі ж такія пайшлі бяздушныя, што не хочуць проста дапамагчы адзінокай пенсіянерцы, толькі за грошы, дык яшчэ і паспрабуй угаварыць!».

Сапраўды, падрадзіць суседзяў не так проста, бо кожнаму і на сваім участку хапае працы. Наша СТ малілася на дзве сям'і з суседняй вёскі, у якіх мужчыны ад 15 да 70 гадоў майстры на ўсе рукі.

Аддзячыць рублём

У СТ з'явіліся новыя кантэйнерныя пляцоўкі, на якіх створаны ўмовы для раздзельнага збору смецця. Але ў кантэйнер для пластыку кідаюць траву, бутэлькі ляцяць у скрыні для ТБА. Праўленне паглядзела запісы відэакамер: парушаюць правілы ўсё. Як растлумачылі пажылыя, «таму што прывыклі ўсё разам выкідваць». Тынейджары — таму што «пляваць хацелі» на вашыя правілы. Сярэдняе пакаленне — «буду я, як лох, складаць тут вам усё асобна». У выхадныя дні пластыкавыя бутэлькі з-пад піва валяліся проста на пляцоўцы — у кантэйнеры яны ўжо не змяшчаліся. Між тым СТ плаціць штрафы за несартаванае смецце.

У пачатку сезона Дзмітрый Антонавіч замовіў тры машыны, якія вывозяць металалом. Людзі былі задаволеныя: выкінулі хлам, за які яшчэ і грошы ім заплацілі. Старшыня аб'явіў, што ў канцы сезона прыедуць зборшчыкі пластыку і шкла. Дачнікі пачалі збіраць пластык, не ленаваліся нават прымінаць бутэлькі, каб яны займалі менш месца. І вось прыехалі нарыхтоўшчыкі. Народ павыцягваў з сараяў тое, што ляжала там гадоў дваццаць. У некаторых стары поліэтылен ад цяпліц рассыпаўся ў руках.

Таццяна Піліпаўна абуралася: нешта мала грошай даюць за гэтыя другасныя рэсурсы! Зоя Вячаславаўна парыравала: «На некалькі квіткоў на маршрутку зарабіла? Вось і добра. І яшчэ ўсё гэта перапрацуецца, а не будзе валяцца абы дзе». У выніку многія дачнікі сказалі Дзмітрыю Антонавічу, што ў наступным сезоне гэты эксперымент трэба паўтарыць.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.