Вы тут

Віталь Карпанаў: Ніколі не саромеўся, што я з вёскі


Вясёлы, жыццярадасны, шчыры і таленавіты. Пра Віталя Карпанава можна смела сказаць: свой хлопец. Выхадзец з вёскі, ён падкупае сваёй адкрытасцю і дабрынёй. Гурт «Дразды» сёння папулярны як ніколі, а песні на роднай мове даўно палюбіліся беларускай публіцы. Аднак саліст гурта не пакутуе на зорную хваробу, паводзіць сябе сціпла, а пра асабістае жыццё ўвогуле лічыць за лепшае не расказваць. У якасці выключэння спецыяльна для «Сямейнай газеты» Віталь пагадзіўся пагутарыць і не толькі прыадкрыць сакрэт папулярнасці «Драздоў», а і ўзгадаць сваё вясковае дзяцінства, і падзяліцца дэталямі выхавання сыноў.


У дзяцінстве разносіў пошту

Віталь не ўтойвае свайго вясковага паходжання. Яго бабуля па матчынай лініі працавала ў калгасе, дзед быў кавалём. Дзядуля па бацькавай лініі быў камбайнерам, заслужаным героем працы. Спявак успамінае, як у дзяцінстве дапамагаў маці разносіць пошту. Валянціне Паўлаўне 67 гадоў, 40 з якіх яна аддала гэтай справе. Спачатку працавала паштальёнам у вёсцы Дзяцел Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, дзе жыла сям'я, а пасля начальнікам паштовага аддзялення ў Валожынскім раёне ў вёсцы Сівіца, куды з цягам часу пераехалі Карпанавы.

— Бацькі ўжо тры гады няма з намі, — дзеліцца Віталь. — Уладзімір Якаўлевіч займаў пасаду старшыні калгаса, пасля ў Сівіцы быў намеснікам старшыні калгаса «Світанак», працаваў і галоўным аграномам. Мой старэйшы брат Руслан, як і бацька, абраў справай жыцця сельскую гаспадарку — з'яўляецца навуковым супрацоўнікам, дацэнтам
Інстытута аховы раслін. Таму сям'я наша — сапраўдныя рупліўцы, якія ведаюць, што такое работа на зямлі.

«Белыя ружы», балалайка і Юрый Антонаў

У шэсць гадоў наш герой пачуў песню «Белыя ружы» гурта «Ласкавы май» і захацеў стаць артыстам. Хлопчыка прынялі ў Івянецкую музычную школу.

— Я хадзіў на балалайку. Любіў бавіць час у нашым вясковым клубе, дзе па выхадных артысты мясцовай самадзейнасці давалі канцэрты. Я рос і глядзеў за ўсёй гэтай культурнай «дзвіжухай», мне гэта ўсё падабалася (смяецца). Назіраў, як на вяселлях ігралі музыкі, стаяў і глядзеў, разявіўшы рот. Гэта захапляла мяне ўсё больш і больш.

— А цяпер іграеце на балалайцы?

— Балалайка стаіць у кутку. Колькі гадоў я на ёй адыграў — столькі гадоў ёй трэба і адпачыць, — смяецца артыст.

Першы гурт Віталь сабраў яшчэ ў школе. Ён называўся «ГБС» (Героі будучага стагоддзя). Дарэчы, некаторыя з тых першых песень, што з'явіліся ў школьным ансамблі, Віталь і цяпер выконвае. Напрыклад, песня «Каханая дзяўчына» з таго часу перайшла ў рэпертуар «Драздоў» і з'яўляецца ў слухача адной з любімых.

— А як бацькі ўспрынялі ваш намер абраць творчую прафесію?

— Бацькам я сказаў, што хачу стаць артыстам. «Паступай», — адказалі яны. Артыстаў дзе рыхтуюць? У музычным вучылішчы. Юрый Антонаў скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча — вось для мяне быў прыклад. Я павінен быў усімі шляхамі паступіць туды. Юрый Антонаў — вялікі артыст, значыць, і я магу стаць, — усміхаецца Віталь. — І я скончыў менавіта тое вучылішча.

Валянціна Паўлаўна і Уладзімір Якаўлевіч прыслухоўваліся і дапамагалі па магчымасці. Падтрымлівалі сына, казалі, каб вучыўся. Пасля Віталь паступіў у Акадэмію музыкі, і менавіта там з'явіўся гурт «Дразды», які трапіў у 2005-м на сочынскі конкурс «Пяць зорак». Менавіта з гэтай даты пачалася гісторыя ансамбля.

«А вы слыхали, как поют дрозды?»

— Адкуль жа такая назва гурта?

— Назва — вечнае пытанне, якое мне задаюць, — усміхаецца Віталь. — Нас заўсёды натхнялі «Песняры». Уладзімір Мулявін спеў некалі песню «А вы слыхали, как поют дрозды?». Мы, як вось тыя птушкі, даносім нашы песні. Таму так сугучна: «Песняры» — «Дразды». Наш ансамбль з'яўляецца музычным прадаўжальнікам вялікіх «Песняроў», а наш рэпертуар — «Хата бацькоў», «Беларуская мова», «Сланечнік» — гэта не што іншае, як працяг іх традыцый.

Родная мова заўсёды падабалася спеваку. Ён з цеплынёй згадвае сваю класную кіраўніцу і настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Алену Бернардаўну Рос, якая прывіла любоў да мовы і чытання.

— Я хлопец вясковы і размаўляў на добрай трасянцы. З пераходам на рускую я адчуваў пэўны дыскамфорт, асабліва калі паехаў вучыцца ў горад. Думаю, гэта бянтэжыла не толькі мяне. Мы ўсе — вясковыя, з глыбінкі, якія з'ехалі на вучобу — сябе крыху ламалі.

Віталь тлумачыць, што з узростам ён зразумеў: трэба быць сабой да канца, паказваць, хто мы ёсць, праслаўляць сваю культуру.

Гурт «Дразды» заўсёды ў цудоўным настроі.

— Гадоў пяць таму зразумеў: калі я такі і на сцэне, і ў песнях, то, аказваецца, нічога шукаць і не трэба. Калі Уладзімір Мулявін здолеў зрабіць беларускую песню папулярнай на ўвесь Савецкі Саюз, хоць ён быў рускім па паходжанні, чаму мы, беларусы, з вёскі, пачынаем пераймаць кагосьці? Самае галоўнае — не саромецца. Ніколі не саромеўся,
што я з вёскі. Я проста дадаў вясковага каларыту, мовы — асноўнага. І гэта аказалася надзвычай запатрабаваным. На беларускай эстрадзе быў вакуум, недахоп вось такога настрою. У нас, у гурта «Дразды», ёсць тая «разыначка» — мы можам даносіць мову. На жаль, не кожны гарадскі жыхар можа ёю валодаць.

Нараджэнне песні

— Песні нараджаюцца дзякуючы назапашванню жыццёвага вопыту, — гаворыць Віталь. — З'яўляюцца вершы. Так нарадзілася шчымлівая песня «Хата бацькоў». Пра самае дарагое, што ў нас ёсць, пра тое, як мы вяртаемся дамоў у сталым узроце. Сыходзяць бацькі, падрастаюць нашы дзеці, але застаецца родная хата — як працяг усяго.

Цяпер мы працуем над вялікім сумесным праектам з нашым беларускім паэтам Леанідам Пранчаком. Ужо выйшлі такія творы, як «Мама», «Сланечнік», «Беларуская мова». Нядаўна выйшаў кліп на песню «Мама», слухачоў радуе новая песня «Вярба».

Большасць кліпаў гурта знята ў роднай вёсцы Сівіца і ў яе ваколіцах. Падчас гастроляў па Беларусі артысты могуць прыпыніцца каля любой хаты ў любой вёсцы і пачаць здымаць відэа для будучага кліпа. Па словах саліста, там жыве цеплыня, якая праз мітусню застаецца незаўважанай. Але калі гэта «абгарнуць» у песню, кожны можа адчуць вялікі водгук у сэрцы, ва ўспамінах вярнуцца ў дзяцінства да бабулі, бацькоў. І ў гэтым, лічыць вакаліст, ёсць сёння патрэба.

Мы простыя хлопцы

— Цікава, а калі прыязджаеце да мамы, што першае просіце прыгатаваць?

— Я прашу скварак насмажыць з блінамі і дранікі, — усміхаецца артыст. — Дарэчы, усе новыя песні паказваю маме. Раней, калі ў нас былі іншыя песні, яна магла выказаць незадаволенасць, а сёння, калі ў нас такая лінейка душэўных кампазіцый, мама з удзячнасцю кажа: няўжо, сынок, ты спяваеш правільныя песні? — смяецца саліст.

— Віталь, раскажыце пра свае рарытэтныя матацыклы — яны засталіся вам у спадчыну?

— «ІЖ Планету-5» далі бацьку ездзіць па палях, калі ён быў аграномам. Яшчэ ёсць «Урал» з каляскай. На матацыкле я аб'язджаю ўсе свае месцы юнацтва, дзе цалаваўся першы раз, дзе палілі вогнішча, куды дзяўчат вазіў — каб напоўніць душу цеплынёй і творчасцю.

Спявак разам з мамай Валянцінай Паўлаўнай.

— Цікава, ці змянілася стаўленне да вас у аднавяскоўцаў, усё ж такі вы знакамітасць?

— Мы не зоркі, як, напрыклад, Філіп Кіркораў, мы простыя хлопцы. Мы з усімі стасуемся, можам выступіць на вяселлі. Да гэтага ставімся проста, так і да нас ставяцца. «Прывітанне, Віталя!» — так, па-простаму, са мной вітаюцца аднавяскоўцы. Для іх я заўсёды свой хлопец з нашай вёскі.

— А за што найперш удзячны вёсцы і бацькам?

— За тое, што вёска мяне выхавала як чалавека, за прыроду, за тую прыгажосць і гармонію, якую я адчуваў з году ў год з маленства. За лета, за дыскатэкі, за працу, за любоў да Радзімы. Гэта бясконца можна пералічваць.

Бацькам я ўдзячны за тое, што мяне і брата накіроўвалі ў правільным рэчышчы. Падтрымлівалі, удзельнічалі ва ўсіх пачынаннях і за тое, што вырасцілі нас. Яны навучылі правільна адносіцца да людзей. Быць шчырым, сяброўскім, а самае галоўнае — працалюбівым і верыць у сваю мару. Усяго можна дасягнуць, галоўнае — не апускаць рукі.

Гледзячы на сваіх бацькоў — як будавалі яны дом, трымалі гаспадарку, выхоўвалі нас у цяжкія часы, — бяру з іх прыклад. Цяпер успамінаю і разумею, што ім было ў тысячу разоў складаней, чым нам цяпер, хоць і сёння жыццё няпростае.

— А яшчэ вёска навучыла працаваць...

— Для вясковых хлопцаў гаспадарчыя заняткі не былі праблемай: усё трымалася на нас. Бацькі на рабоце, а ў хляве — дзве каровы, парсючкі, куры, качкі, гусі. Трэба накасіць, навазіць — тут не растлумачыш. Школа і вольны час — гэта ўсё было фонам, астатняе — гаспадарка, — успамінае Віталь.

Ва ўсім павінна быць гармонія

— Віталь, цяпер вы ўжо самі бацька, у вас два сыны... Ці цяжка сумяшчаць ролі таты і артыста?

— Майму старэйшаму сыну Рыгору дзевяць, Якаву — два. Увогуле, лёгкага нічога няма ў жыцці. Складана ўсё сумяшчаць, але ў мяне ёсць жонка, якая мне дапамагае. Нялёгка быць артыстам, але калі ў сям'і ўсё дружна, тады весялей. Ганна — чалавек творчай прафесіі, таксама музыкант, іграе на скрыпцы. Мы разам даўно, яшчэ з Акадэміі музыкі. Я не хаджу на бацькоўскія сходы, у гэтым плане я дрэнны бацька. Гэтым займаецца жонка, я магу толькі вазіць-развазіць, забіраць — практычная функцыя, — усміхаецца Віталь.

Бацька Віталь з сынамі Рыгорам і Якавам.

— Сваіх хлапчукоў вучу ўсяму, чаму вучыў нас бацька. Мужчына павінен і малаток умець трымаць, і адвёртку, і ў футбол паганяць, і рагатку зрабіць... Усяму, чым хлопцы займаліся ў вёсцы, стараюся навучыць сваіх рабят. Што можна рабіць, што — нельга. На «веліках», «моцыках» паганяць, расказаць, як уладкаваны матацыкл. Гэта ж жыццё, без гэтага — ніяк. У нас жа цяпер жыццё паламалася: сацыяльныя сеткі, інтэрнэт. Гэта, вядома, і добра, але ў той жа час перакос вялікі.

— Падзяліцеся, як змагаецеся з гэтым перакосам?

— Ва ўсім павінна быць гармонія. Вось спачатку займаемся ўсім, што я пералічыў, а пасля можна і ў тэлефон пагуляць, — смяецца Віталь.

Сямейная традыцыя Карпанавых — збірацца за адным сталом з роднымі. Спачатку ў адных бацькоў, з боку жонкі, потым у бацькоўскай хаце галавы сям'і. Усё проста, па-сямейнаму, як і ва ўсіх, расказвае наш герой. На выхадных, па магчымасці, Віталь з сям'ёй аб'язджаюць усіх бабуль-дзядуляў.

— Як казаў мой бацька, сям'я — ячэйка грамадства, — усміхаецца Віталь. — Гэта галоўнае ў жыцці кожнага, незалежна ад таго хто ты — артыст ці рабочы. Тым больш калі ты артыст і карміцель, ты павінен вярнуцца дамоў, у цябе дзеці павінны быць сытыя, а ў доме — парадак і ўтульнасць. І самае галоўнае — гармонія, каб усе былі задаволеныя і спакойныя, — лічыць артыст.

Аднак у той жа момант, паводле меркавання героя, сям'я — гэта вялікая праца, без яе нічога не атрымаецца.

— Не бывае, што два чалавекі сустрэліся і далей — толькі «любовь-морковь». Усё роўна гэта ўвесь час праца над сабой, над сваімі эмоцыямі. Трэба вучыцца саступаць адно аднаму, бо калі дэманстраваць усе свае жаданні і не прыслухоўвацца да каханага — нічога не атрымаецца. Трэба знаходзіць кампраміс і ўзаемаразуменне.

Надзея ЗУЕВА

Фота з сямейнага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.