Вы тут

«Хочаш міру — рыхтуйся да вайны». Лукашэнка адказаў на чуткі аб ваенных манеўрах у Беларусі


Сітуацыю вакол Беларусі, пагрозы і выклікі нацыянальнай бяспецы абмеркавалі на нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з ваенным і сілавым блокам. На парадку дня — вынікі праверкі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы рэагавання. 


«Хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Не мною прыдумана і не вамі таксама. Гэтым самым я хачу адказаць на рознага роду чуткі, якія з’яўляюцца ў нашым грамадстве, і асабліва ў інтэрнэце, як у сметніцы, наконт перамяшчэння Узброеных Сіл Беларусі і перамяшчэння Узброеных Сіл Беларусі і Расіі. Яшчэ раз хачу нагадаць: у нас створана, згодна з даўняй дамовай з Расійскай Федэрацыяй, сумесная групоўка для сумеснага рэагавання на пагрозы нашаму Саюзу. Мы праводзілі і праводзім трэніроўкі. Цяпер яны ў сілу існуючай сітуацыі і пагроз больш маштабныя. Таму мы на сваёй тэрыторыі праводзім вучэнні, перамяшчаем туды, куды лічым патрэбным, і сумесную групоўку Узброеных Сіл і свае Узброеныя Сілы. Кропка. Ніякай іншай задумы. Ніякай канспіралогіі. Усё, як я сказаў», — з надзённага пачаў нараду кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка абазначыў асноўныя тэмы для абмеркавання. Ён заўважыў, што сёння нельга выключаць, што супраць нашай краіны можа быць разгорнута агрэсія, прынамсі такая гатоўнасць з боку нашых суседзяў бачная. «Ведаем, хто падштурхоўвае ў спіну ці іншую кропку цела гэтых самых суседзяў для таго, каб яны стваралі напружанасць на нашых граніцах. Таму мной было прынятае рашэнне правесці праверку сіл неадкладнага рэагавання», — расказаў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, каб «грамадства разумела», што ў арміі ёсць сілы імгненнага рэагавання. Калі раптам нешта нечаканае, то гэтыя сілы за вызначаны прамежак часу паднімаюцца па трывозе і накіроўваюцца туды, дзе існуе напружанне. Вось гэтыя сілы правяраліся па рашэнні Галоўнакамандуючага. Правяраліся два напрамкі: заходні і паўночна-заходні. Адказваў за гэта дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч і ўвесь дзяржсакратарыят. «Я сапраўды ведаю, што ўсё было абсалютна закрыта, утоена. Усё было, як у ваенны час. Былі ўзняты адпаведныя падраздзяленні з пэўнай задачай», — адзначыў беларускі лідар. Па яго словах, сродкі масавай інфармацыі, а асабліва тэлебачанне, знаёмілі з ходам гэтых мерапрыемстваў. Яны ўключалі ў сябе пераправу двух падраздзяленняў праз Нёман і Бярэзіну, хуткае ўзвядзенне пантонных мастоў, якія павінны былі забяспечыць пераход часцей. Падчас праверкі таксама прыкрывалі паўднёвы кірунак. «Мяне, канешне, у гэтых прапановах, якія былі вынесены на мой разгляд, насцярожвала толькі адно з досведу маёй службы — маршы здзяйсняліся вельмі далёкія, працяглыя больш за 100 кіламетраў. Мяне гэта напружвала, але ўсякае можа быць у вайну, і я пагадзіўся. Мы правялі трэніроўку і вучэнні сіл хуткага рэагавання ў арміі на ўсякі выпадак. Усе мы павiнны вучыцца», -сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Другі напрамак — антытэрарыстычны. Прэзідэнт падкрэсліў, што ніхто не выключае, што знутры (што малаверагодна і немагчыма практычна) і звонку могуць уварвацца на тэрыторыю Беларусі тэрарыстычныя групы і захапіць асобныя будынкі, дзяржаўныя ўстановы ці цэлы населены пункт. І вось тут праводзіцца антытэрарыстычная аперацыя. «Мы стварылі адпаведную абстаноўку, былі задзейнічаны самыя падрыхтаваныя хлопцы, якія інсцэніравалі захоп населенага пункта або часткі населенага пункта. Дзейнічалі нашы хлопцы з сіл спецыяльных аперацый. Ім супрацьстаялі антытэрарыстычныя падраздзяленні пад кіраўніцтвам камітэта дзяржбяспекі. Антытэрарыстычны напрамак — гэта ўжо прэрагатыва не арміі, а КДБ. Але ўдзельнічаць у гэтым будуць усе. КДБ накіроўвае, арганізуе контртэрарыстычную аперацыю, прыцягваючы патрэбныя сродкі і сілы, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны былі ўзяць пад кантроль тыя ці іншыя напрамкі, маршам выйсці, былі вызначаны месцы, куды выходзяць падраздзяленні, уступаюць ў бой, адваявалі і вяртаюцца ў свае падраздзяленні».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на сёння аперацыі поўнасцю завершаны і Узброеныя Сілы, і сілы спецыяльных аперацый, і спецпадраздзяленні знаходзяцца ў месцах пастаяннай дыслакацыі.

«Скажу прама, нічога не хаваючы, каб мы тут не пстрыкалі абцасамі і не крычалі ўра, — былі і недахопы. І на гэтых недахопах я хацеў, каб была засяроджаная ўвага», — заявіў Прэзідэнт. Па яго словах, у выпадку ваенных дзеянняў гэтыя недахопы стануць крытычнымі, загінуць людзі, чаго дапусціць нельга. 


У тэму

Праверкі павінны працягвацца

Аб выніках праверкі сіл і сродкаў дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму і дзейнасць незаконных узброеных фарміраванняў Прэзідэнту дакладваў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Ваальфовіч. А пасля нарады з кіраўніком дзяржавы ён сустрэўся з журналістамі. Па яго словах, сілы неадкладнага рэагавання знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці выконваць задачы па прызначэнні. Перш за ўсё, для спынення агрэсіі каля граніцы Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Вальфовіч расказаў, што ў цэлым падчас праверкі падраздзяленні са сваімі задачамі справіліся. А тое, што не атрымалася, было дэталёва разгледжана на нарадзе ў Прэзідэнта. 

«Людзям у пагонах наогул ніколі нельга расслабляцца, а зыходзячы з таго становішча якое складваецца ля нашых граніц — тым больш. Аналізуючы дзеянні нашых суседзяў, улічваючы іх агрэсіўныя планы, захопніцкія думкі трэба рыхтаваць нашы Узброеныя Сілы да таго, каб яны былі ў любы момант гатовы выканаць свае задачы, гарантаваць бяспеку нашай краіны. Усё трэба ў нас ёсць, самае галоўнае — якасна выконваць тое, што спланавана, адпрацоўваць праграму баявой падрыхтоўкі, рыхтаваць маладых людзей, маладых афіцэраў усіх сілавых структур да выканання задач па прызначэнні. Гатоўнасць выканаць задачу, перш за ўсё, заключаецца ў маральна-псіхалагічнай гатоўнасці асабовага складу. Дарэчы, гэтая праверка паказала, што нашы салдаты, маладыя афіцэры, камандзіры падраздзяленняў нацэлены, матываваны выканаць пастаўленыя задачы якасна. Бо яны разумеюць, што за спіной у іх жыццё іх дзяцей, жонак, бацькоў, і яны забяспечваюць іх абарону, гарантуюць бяспеку краіны тым, што якасна выконваюць свае задачы», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. 

Генеральны сакратар Савета Бяспекі заўважыў, што праверка праходзіла ў складаных умовах — акурат падчас маразоў і снегападу. Спецыяльна гэта не планавалася, але супадзенне ўдалае. Аляксандр Вальфовіч растлумачыў, што людзі, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі, людзі якія хочуць здзейсніць акт агрэсіі, якраз і выберуць складаныя ўмовы. Вельмі няпростыя задачы стаялі перад інжынернымі часцямі. Ім трэба было навесці дзве пантонныя пераправы — праз Нёман і Бярэзіну. Калі б гэта не было зроблена аператыўна, своечасова, баявыя часці не змаглі б прыбыць на названыя рубяжы. Дзяржсакратар адзначыў, што інжынерныя часці са сваёй задачай справіліся. 

«Праверкі павінны працягвацца. Перыядычна правяраючы часці, мы можам быць упэўнены, што яны выканаюць задачы, якія перад імі стаяць», — рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».