Вы тут

Вызначыліся пераможцы прававога турніру «Сіла закона»


Фінальнае інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло на базе юрыдычнага факультэта БДУ і аб’яднала вучняў 9-11-х класаў — пераможцаў раённых, абласных і Мінскага гарадскога тураў праекта, прысвечанага Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.


За першынство змагаўся 21 старшакласнік (па адным прадстаўніку ад кожнай вобласці і сталіцы ў сваіх узроставых катэгорыях). Дарэчы, геаграфія ўдзельнікаў аказалася дастаткова шырокая: Баранавічы, Драгічын, Шаркаўшчына, Орша, Ашмяны, Ліда, Гомель, Лоеў, аграгарадок Ціхінічы Рагачоўскага раёна, Клімавічы, Круглае, Лагойск, Любань, Крупкі і, канешне, Мінск.

У фінале ўдзельнікам турніру трэба было за 60 хвілін у фармаце анлайн-тэсціравання на Дзіцячым прававым сайце адказаць на 30 пытанняў, якія датычацца Канстытуцыі Беларусі і яе гісторыі.

Прызавыя месцы ў турніры размеркаваліся наступным чынам. Першае месца занялі вучань 9 класа Плешчаніцкай сярэдняй школы № 1 Лагойскага раёна Барыс Буцько, вучань 10 класа любанскай сярэдняй школы № 3 Максім Пляханаў і вучаніца 11 класа баранавіцкай сярэдняй школы № 9 Анастасія Цыуньчык.

На другой пазіцыі размясціліся вучаніца 9 класа ашмянскай сярэдняй школы № 3 Лізавета Лабачэўская, вучань 10 класа гомельскай сярэдняй школы № 26 Аляксандр Андык і вучаніца 11 класа Лоеўскай раённай гімназіі Анастасія Куцарэнка.

«Бронза» прававога турніру — у дзевяцікласніка Германавіцкай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна Глеба Свілёнка, дзесяцікласніцы гімназіі Драгічына Крысціны Гарадзецкай і адзінаццацікласніка сярэдняй школы № 1 горада Круглае Аляксандра Мініна. Пераможцы (кожны ў сваёй узроставай катэгорыі) былі ўзнагароджаны дыпломамі I, II, III ступені, сертыфікатамі доступу да інфармацыйна-пошукавай сістэмы «ЭТАЛОН-ONLINE», а таксама каштоўнымі падарункамі ад арганізатараў і партнёраў праекта. Узнагароджанне адбылося ў Музеі беларускай дзяржаўнасці.

Моладзь зацікаўлена ў прававой асвеце, заявіў журналістам другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў

Другі сезон прававога турніру стартаваў 1 снежня 2022 года і быў прымеркаваны да Дня юрыста. У праекце прынялі ўдзел 25 626 старшакласнікаў. Арганізатарамі турніру «Сіла закона» выступілі Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі (НЦПІ) і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна з Міністэрствам адукацыі пры падтрымцы БДУ, Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта.

«Гэта прафесійна арыентаванае мерапрыемства насамрэч вельмі важнае для моладзі, — падзяліўся сваімі думкамі намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Вячаслаў Бекета. — Падчас абласных этапаў старшакласнікі пабывалі ва ўніверсітэтах на юрыдычных факультэтах. Найлепшыя з іх прыехалі ў Мінск на фінальны тур, які прайшоў на базе юрыдычнага факультэта БДУ. Думаю, яны захочуць абавязкова вярнуцца і стаць студэнтамі гэтай ВНУ. Наш цэнтр праводзіць шмат мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прававой культуры і стымуляванне маладых людзей да вывучэння законаў нашай дзяржавы. Яны павінны ведаць і разумець свае правы, але і не забываць аб адказнасці. НЦПІ курыруе дзяржаўны інфармацыйна-прававы рэсурс для дзяцей — Дзіцячы прававы сайт. Дзякуючы яму школьнікі маюць магчымасць азнаёміцца з правам, атрымаць актуальныя веды, а таксама паўдзельнічаць у тэматычных гульнях і конкурсах».

«Моладзь зацікаўлена ў прававой асвеце, — лічыць другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў. — Колькасць удзельнікаў турніру расце, пашыраецца іх геаграфія, павышаецца ўзровень ведаў і падрыхтоўкі канкурсантаў. І гэта не з’яўляецца для нас нейкім адкрыццём. У ходзе шырокамаштабнай работы па абмеркаванні праекта Канстытуцыі Беларусі на дыялогавых пляцоўках і праекта закона аб Усебеларускім народным сходзе моладзь, старшакласнікі — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — былі ў авангардзе. Яны былі па-сапраўднаму актыўныя, ад іх паступіў шэраг канкрэтных і канструктыўных прапаноў па дадзеных пытаннях.

Часта моладзь ведае свае правы, але не ведае свае абавязкі. Сёння мы выхоўваем прававую культуру ў маладых грамадзян. Як гаворыцца, папярэджаны — значыць, узброены. Увогуле неабходна адзначыць, што сумесна з НЦПІ, Міністэрствам адукацыі і іншымі зацікаўленымі мы ставім перад сабой задачу далейшага актыўнага развіцця гэтага напрамку...»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БРСМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».