Вы тут

Шматфункцыянальная зеляніна: для барацьбы з мікробамі і захавання гісторыі


Азеляненне і добраўпарадкаванне населеных пунктаў краіны заўжды было прыярытэтным і важным пытаннем. Пасадка дрэў, якія ствараюць прыгажосць і камфорт, а яшчэ клапоцяцца пра здароўе людзей і наваколля, — гэта не толькі прэстыжна, але і карысна. Зялёныя пасадкі паляпшаюць экаабстаноўку, павялічваюць біяразнастайнасць, абараняюць ад шуму і проста радуюць вока. Аднак гэта далёка не ўсе іх уласцівасці і выгоды. У Мінпрыроды расказалі, якую вялікую колькасць функцый выконваюць дрэвы і кусты.


Іанізатар паветра, знішчальнік пылу, паглынальнік шуму

Больш за 88 % гарадоў і раёнаў Беларусі ўжо дасягнулі экалагічнага нарматыву азелянення ў 40 % і больш. Цягам свайго жыцця дрэвы даюць у два-тры разы больш выгод, чым колькасць інвестыцый, якія былі ўкладзены ў пасадку і догляд за імі, падкрэсліў Міністр прыродных рэсурсаў Андрэй Худык:

— Зялёныя пасадкі нездарма называюць «лёгкімі гарадоў». Яны не толькі ўпрыгожваюць мястэчкі, але і аздараўляюць наваколле — абагачаюць яго кіслародам і ўбіраюць у сябе дыяксід вугляроду. Як зазначыў Прэзідэнт, Беларусь — зялёны астравок прыроды ў цэнтры Еўропы, які трэба захаваць для будучага. І я цалкам згодны з меркаваннем, што мы жывём у зеляніне і такую спадчыну трэба пакінуць нашым нашчадкам.

Затрымліваючы патокі паветра, расліны паглынаюць забруджваючыя рэчывы, якія ў ім утрымліваюцца: дробнадысперсныя аэразолі і цвёрдыя часціцы, а таксама газападобныя злучэнні, расказаў Аляксандр Гіраеў, начальнік аддзела біялагічнай разнастайнасці ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды:

— Зялёныя пасадкі зніжаюць запыленасць і загазаванасць паветра, выпрацоўваюць фітанцыды, іанізуюць паветра, нейтралізуюць злучэнні азоту і серы. Здольнасць раслін асаджаць пыл тлумачыцца будовай іх кроны і лістоты. Калі запыленае паветра праходзіць скрозь гэты прыродны лабірынт, яно фільтруецца, а значная частка пылу затрымліваецца на лісy; ці (дзякуючы мноству варсінак на яго паверхні), галінках і ствале. Дажджом усё гэта змываецца ў глебу і каналізацыйную сетку.

Зеляніна таксама змяншае ўзровень гарадскога шуму: летам — на 7–8 дБ, узімку — на 3–4 дБ. Гукавыя калябанні слабеюць, праходзячы скрозь лістоту і галіны, такім чынам, рассейваецца да 74 % шуму і паглынаецца больш за 25 % гукавай энергіі. Раслінныя экраны з дрэў уздоўж аўтамагістралей змяншаюць узровень шуму ад транспарту на 4,5–5,5 дБ, з кустоў — на 10 дБ. Паласа насаджэнняў шырынёй 200–250 метраў паглынае такую колькасць шуму, што ён не ўспрымаецца як перашкода і змяншаецца да 35–45 дБ.

— Зялёная паласа шырынёй 100 метраў змяншае шум не менш як на 8 дБ, а добра развітыя драўняныя і куставыя пасадкі шырынёй каля 40 метраў здольныя зменшыць шум на 17–23 дБ. Нават невялікія скверы і рэдка пасаджаныя ўнутрыквартальныя насаджэнні зніжаюць узровень шуму на 4–7 дБ. Найбольшую шумаізаляцыю ствараюць клён, таполя, ліпа, вяз, — удакладніў начальнік аддзела.

Здольнасцю паглынаць шум валодаюць таксама газоны і вертыкальнае азеляненне. Травяное покрыва можа знізіць шум на 6 дБ, а зялёная маса, якая пакрывае сцены будынкаў, па;вялічвае іх гукапаглынальную здольнасць у 6–8 разоў, а таксама садзейнічае рассейванню гукавай энергіі.

Супраць ветру, радыяцыі і бактэрый

Зялёныя насаджэнні могуць іграць ролю і агароджы ад ветру. Паласа дрэў вышынёй дзесяць метраў, якія змешчаны ў пяць радоў, могуць аслабіць хуткасць ветру ўдвая, прычым на адлегласці 60 метраў. А ў жылых раёнах, якія знаходзяцца пад уплывам ветраабаронных уласцівасцей лесу, выдаткі на ацяпленне змяншаюцца на 20–30 %, падкрэсліваюць эксперты.

— Спякотным летам зялёныя пасадкі спрыяльна ўплываюць на арганізм чалавека, а таксама на радыяцыйны, ветравы і цеплавы рэжымы. Акрамя таго, дрэвы і кусты павялічваюць вільготнасць паветра. Як паказваюць даследаванні, адносная вільготнасць паветра на тэрыторыі паўкіламетра ад зялёнага масіву можа павысіцца на 30 %, — агучыў Аляксандр Гіраеў.

У гарадах пасадкі іграюць таксама санітарна-гігіенічную ролю, паляпшаючы мікраклімат і садзейнічаючы камфортнаму адпачынку на свежым паветры. Больш за тое, яны засцерагаюць глебу, сцены будынкаў і тратуараў ад перагрэву ў спякоту. Дзякуючы зялёным насаджэнням змяншаецца тэмпература і павялічваецца цыркуляцыя паветра. Летам на азялененых тэрыторыях спякота на 7–8 градусаў меншая, чым на адкрытых пляцоўках. Такім чынам, дрэвы абараняюць нас таксама і ад празмернай сонечнай радыяцыі.

— Апроч таго, зялёныя пасадкі вырабляюць лятучыя рэчывы, якія забіваюць бактэрыі. Так, мікробы дызентэрыі, напрыклад, гінуць, сутыкнуўшыся з лісцем таполі. Так што азеляняць гарады, ствараючы новыя зялёныя зоны і захоўваючы існуючыя, можна сказаць, проста жыццёва неабходна, — патлумачыў спецыяліст.

Хваёвыя за год затрымліваюць каля 40 т/га пылу, а ліставыя — да 100 т/га за сезон. Пылаўлоўныя здольнасці раслін адрозніваюцца. Запыленасць паверхні лістоў: 

  • вязу — 3,4 г/м2; 
  • бэзу венгерскага — 1,6 г/м2; 
  • ліпы драбналістай —1,3 г/м2; 
  • клёну вастралістага — 1 г/м2; 
  • таполі бальзамічнай — 0,6 г/м2.

Натуральная тэрапія і спецыяльныя пасадкі

Расліны здольныя не толькі ахоўваць здароўе чалавека, але і дапамагаць яму аднаўляць сілы. Нездарма на адпачынак гараджане намагаюцца выехаць на прыроду: у лес ці вёску. Таму рэкрэацыйная значнасць зялёных пасадак у гарадах вельмі высокая, дадаў Міністр прыродных рэсурсаў:

— Для задавальнення рэкрэацыйных патрэб беларусаў і паляпшэння стану асяроддзя ў гарадах мэтанакіравана фарміруецца сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый або пасадак. Гэта культурныя, антрапагенна змененыя і натуральныя ландшафты з перавагай расліннасці і (або) водных аб’ек;таў: лясныя і лугавыя паркі, сады, бульвары, скверы, водна-зялёныя сістэмы. 

Сляпянская водная сістэма, напрыклад, — ункальны аб’ект, аналагічнага якому няма нідзе ў свеце. Гэта самы доўгі парк на зямлі з фантастычнай кампазіцыяй і ашаламляльнай архітэктурай. Стварэнне менавіта ў межах горада азялененых паркаў і сквераў — важная для жыцця людзей задача, удакладніў Аляксандр Гіраеў:

— Нішто так не супакойвае нервы, як прагулка па вечаровым парку, паколькі чалавек — частка прыроды. А калі прайсціся басанож па ранішняй роснай траве ці пашпацыраваць па лясных сцежках, то ўвогуле, лічы, атрымаў натуральную зялёную тэрапію.

Існуе таксама такое паняцце, як «азялененыя тэрыторыі спецыяльнага прызначэння». Гэта насаджэнні санітарна-ахоўных зон прадпрыемстваў, шумазасцерагальных, узбярэжных і берага;ўмацавальных палос, могілак, якія прызначаны для выканання інжынерна-тэхнічных, санітарна-гігіенічных і навукова-даследчых функцый. Ролю апошніх, дарэчы, выконваюць батанічныя сады і заалагічныя паркі. 

— Дзякуючы спецыяльным зялёным пасадкам значна зніжаецца ўздзеянне шкодных рэчываў, выпарэнне вадаёмаў, змяншаецца небяспека моцнага ветру, пясчаных і снежных буранаў, а агонь, шум і дым не распаўсюджваюцца. Нярэдка такія насаджэнні становяцца прыгожай і карыснай часткай агульнага ландшафту, — заўважыў начальнік аддзела.

За адзін цёплы сонечны дзень гектар лесу паглынае з паветра 220–280 кг дыяксіду вугляроду і выдзяляе 180–220 кг кіслароду. Розныя расліны вырабляюць розную колькасць кіслароду. Бэз за год выдзяляе з паверхні лістоты плошчай 1 м2 1,1 кг кіслароду, асіна — адзін кілаграм, граб — 0,9, ясень — 0,89, сасна — 0,81, клён — 0,62, ліпа — 0,47 кг. Аптымальная норма ўжывання кіслароду — 400 кг у год на аднаго чалавека — столькі яго стварае 0,1–0,3 гектара зялёных насаджэнняў.

Культура і эстэтыка

Азялененыя тэрыторыі маюць яшчэ і культурную значнасць. У гістарычных садах і парках ствараецца ўражанне прыналежнасці да культурнага мінулага, індывідуальнасці канкрэтнага месца. Такім аб’ектам у сталіцы з’яўляецца, напрыклад, парк культуры імя Чалюскінцаў. Ён адкрыты ў маі 1932 года і размешчаны ўздоўж галоўнай магістралі Мінска (праспекта Незалежнасці) на плошчы 78 гектараў. Імя парку дадзена ў 1934-м у гонар удзельнікаў экспедыцыі на параходзе «Чалюскін».

Натуральныя экасістэмы і створаныя рукамі чалавека ландшафтна-архітэктурныя аб’екты фарміруюць эстэтыку гарадской прасторы. Пасадкі ўпрыгожваюць вуліцы, а размешчаная паблізу ад офісных будынкаў зеляніна дазваляе работнікам перадыхнуць і садзейнічае паляпшэнню самаадчування і павышэнню працаздольнасці, перакананы Аляксандр Гіраеў:

— Зялёныя насаджэнні, паркі, сады, прыгарадныя лясы і ўзбярэжныя тэрыторыі з’яўляюцца месцамі прывабнага баўлення часу. Загарадныя месцы адпачынку становяцца базамі турызму, а зеляніна ў гарадах захоўвае ролю месцаў для кароткатэрміновага адпачынку.

Разнастайнасць фактуры, формы і колеру, якія выкарыстоўваюцца ў ландшафтнай архітэктуры раслін, адкрытыя водныя і азялененыя прасторы, кампазіцыі з выкарыстаннем архітэктурных форм робяць тыпавую забудову больш індывідуальнай, а гарадскі пейзаж — эстэтычным і інфарматыўным, лічыць Андрэй Худык:

— Як паказвае практыка, наяўнасць зялёных насаджэнняў станоўча ўплывае на ўспрыманне гасцямі горада эстэтычнай, гісторыка-культурнай, экалагічнай і рэкрэацыйнай функцый. Гэта садзейнічае стварэнню станоўчага вобліку горада і развіццю рэгіянальнага і міжнароднага турызму. У сваю чаргу, наяўнасць зялёных тэрыторый гэтаксама станоўча ўплывае на эканоміку турызму і сферы забаў і вольнага часу.

Эксперты лічаць, што ва ўсім свеце штогод расліны ўжываюць 600 мільярдаў вуглякіслага газу і выдзяляюць у атмасферу 400 т кіслароду. Сусветная арганізацыя аховы здароўя запэўнівае, што на аднаго гараджаніна павінна прыходзіцца 50 м2 гарадскіх зялёных насаджэнняў і 300 м2 — прыгарадных. І гэта невыпадковыя лічбы. Даказана, што адно дрэва сярэдніх памераў за суткі здольнае аднавіць столькі кіслароду, колькі неабходна для дыхання трох чалавек.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.