Вы тут

Знакаміты мастацкі крытык Алесь Марціновіч пра пісьменніцу Алену Васілевіч


Галоўнае мастакоўскае дасягненне Алены Васілевіч, несумненна, — тэтралогія «Пачакай, затрымайся…» Над аповесцямі «Расці, Ганька», «Доля знойдзе цябе», «Новы свет» і той, што і дала назву гэтаму твору, яна працавала чатыры гады — з 1965-га да 1969-га. Настолькі праўдзіва і па-майстэрску расказала пра простую вясковую дзяўчынку Ганьку Гурыновіч і яе жыццё, што тэатралогія з вялікай цікавасцю была сустрэта юнымі чытачамі, а крытыкай высока ацэнена як адно з найлепшых дасягненняў беларускай дзіцячай літаратуры, а ў 1976 годзе Алена Сямёнаўна атрымала Дзяржаўную прэмію БССР. Аднак у яе ёсць і іншыя значныя творы. І не толькі адрасаваныя хлопчыкам і дзяўчынкам, а «дарослыя». Хоць для сапраўднай літаратуры ўзроставае паняцце, як вядома, умоўнае. Тое, што напісана таленавіта, даспадобы каму заўгодна.


Алена Васілевіч. Фота з сайта smartpress.by

Шляхі і ростані

Яе малая радзіма — Случчына, якая, што таксама добра вядома, дала літаратуры столькі пісьменнікаў, што, згадва­ючы іх, і заблытацца лёгка. Знакамітых таксама нямала. Нарадзілася Алена Васілевіч 22 снежня 1922 года ў засценку Даманшчына, сённяшняя вёска Ліпнікі цяперашняга Слуцкага раёна. Жыццё з самага ранняга маленства яе не песціла. Бацькі ўлетку 1930-га амаль адно за адным памерлі. Васьмігадовай Аленкай пачалі апекавацца сваякі: тры гады жыла ў матчынага брата, а потым у стрыечнай сястры Аляксандры Забродскай.

У роднай вёсцы скончыла чатыры кла­сы. Вучобу прадоўжыла ў вёсках Таліца і Паўстынь, а пасля сямі класаў Урэцкай сярэдняй школы, паступіла ў Слуцкае педагагічнае вучылішча. Аднак пасля другога курса развіталася з ім. Прычына — нелады з матэматыкай. Падала дакументы ў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут на літаратурны факультэт.

Гэта быў усвядомлены выбар. Ве­дала ад маці, што за некалькі месяцаў да яе нараджэння, улетку 1922 года, у Даманшчыну прыязджаў Якуб Колас. У шостым класе зацікавілася раманам Кузьмы Чорнага «Трэцяе пакаленне». Ва Урэцкую школу, калі вучылася ў ёй, наведваўся Міхась Лынькоў. Хіба можна пасля гэтага не палюбіць літаратуру! А «ў Рагачове, — як сведчыла ў аўтабіяграфіі, — прайшлі самыя светлыя, шчаслівыя два гады майго юнацтва».

Калі пачалася Вялікая Айчынная вай­на, эвакуіравалася ў Арэнбургскую во­бласць. І ў калгасе працавала, і бібліятэкарам у эвакашпіталі, і пісарам у адной з вайсковых часцей... З’яўляючыся воль­нанаёмнай, у 1943 годзе перабралася ў Харкаў. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадоўжыла вучобу на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы яго, працавала кансультантам у Курскім абласным выдавецтве. Напісала невялікую аповесць «У прастор жыцця», якую надрукаваў у першым нумары за 1947 год часопіс «Беларусь». Гэта паспрыяла таму, што яе запрасілі ў Мінск на Рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў БССР.

Канчаткова звязала свой лёс з літаратурай у 1950 годзе. Загадвала аддзелам культуры часопіса «Работніца і сялянка» (цяперашняя «Алеся»), рэдакцыяй літаратуры для сярэдніх і старэйшых школьнікаў выдавецтва «Мастацкая літаратура», а да выхаду на пенсію ў 1993 годзе ўзначальвала рэдакцыю літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва».

Ідэал «запазычанасць» падказаў

У назве «У прастор жыцця» відавочна пераклічка з аповесцю Якуба Коласа «На прасторах жыцця». Яшчэ ў большай ступені гэта пачало адчувацца, калі першапачатковую назву памяняла на «У прасторах жыцця». Што да зместу, то ён арыгінальны. Хоць, калі падыходзіць схематычна, пэўная запазычанасць у выбары галоўных персанажаў назіраецца. У Якуба Коласа Сцяпан Барута і Аленка Гарнашка — тыповыя прадстаўнікі свайго часу. Такімі з’яўляюцца і Андрэй і Наташа Алены Васілевіч, якіх разлучыла вайна. Яны годна вытрымалі ўсе выпрабаванні і засталіся разам.

Гэтае «падабенства» даследчыца Таццяна Дасаева вытлумачвае так: «Коласаўскія героі Сцёпка і Аленка для А. Васілевіч і яе аднагодкаў былі ідэалам, бо ў іх увасобіліся тыповыя рысы тагачаснай моладзі з яе прагай да ведаў, чысцінёй маральных прынцыпаў, апантанасцю ў імкненні зрабіць што-небудзь карыснае для Радзімы».

Аповесць не засталася не заўважанай крытыкай. Былі як заўвагі істотныя, так і пажаданні ў духу таго часу. Гэта відаць і з назвы разваг аўтара адной з іх Усевалада Краўчанкі — «Глыбей вывучаць жыццё». Адгукнулася крытыка і на наступную «курскую» аповесць Алены Сямёнаўны «Шляхі-дарогі». Таксама хапіла заўваг — і істотных, і неістотных, аднак для яе куды больш значным было меркаванне Міхася Лынькова, які сваімі ўражаннямі падзяліўся ў лісце ёй ад 15 красавіка 1948 года:

«Што добрага, харошага ў Вашай аповесці?

Сур’ёзная задума. Паказ таго штодзённага і не заўсёды прыкметнага гераізму нашых жанчын-калгасніц, якія вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар вайны (я маю на ўвазе іх намаганні падтрымаць, не запусціць сельскую гаспадарку).

Гэта паказана Вамі нядрэнна, а ў асобных раздзелах добра нават бліскуча. У гэтым, па-мойму, асноўная ўдача аповесці».

Аднак, не развітваючыся з буйным жанрам, усё больш упэўнена пачала абжываць «малую» празаічную форму, найбольшага поспеху дасягаючы ў апавяданнях, у сюжэт якіх закладзены аўтабіяграфічныя моманты: «Ты пайшоў насустрач вайне…», «Пісар страявой часці», «Рахмат», «Тая першая зіма», «Пані старшыніха прыехала» і іншыя. Першае са згаданых асабліва кранальнае. Па сваіх мастацкіх якасцях яно набліжаецца да найлепшых твораў Івана Навуменкі з кнігі «Таполі юнацтва». Разам з тым усё гэта сваё, прапушчанае праз уласнае сэрца. Згадка пра канкрэтнага чалавека Івана Лазоўскага, каханне да якога апавядальніца пранесла праз усё жыццё, — гэта і слова пра пакаленне маладых людзей, якіх назаўсёды разлучыла вайна.

Апавяданне ж «Пані старшыніха пры­ехала» — трагедыя хлапчука, на вачах у якога немец чаргой з аўтамата застрэліў маці і сястрычку. З-за перажыта­га так і застаўся на ўсё жыццё дзіцем. Чэсікам быў тады, Чэсік і цяпер. Хіба што радуецца, калі да старшыні калгаса прыязджае з горада яго жонка. Чаму яна прываблівае Чэсіка, «такая прыгожая, такая вясёлая і добрая», становіцца зразумелым, калі прынёс ёй сабраныя ў лесе суніцы:

«Ён глядзеў, як пані старшыніха карміла грудзьмі малое дзіця, як яна лашчыла і пяшчотна цалавала Колю, глядзеў і як быцам бачыў ужо не іх, а бачыў — успамінаў нейкую другую жанчы­ну і другіх дзяцей… Дзе ён гэта бачыў… Калі гэта было. Хто была тая жанчына…

— Пані старшыніха… — шэпча Чэсік. — Мама!.. Мама!.. — паўтарае ён, раптам пазнаўшы яе…

Толькі дзе яна была столькі гадоў?.. Чаму яна гэтак доўга не ішла?..»

У Алены Васілевіч нямала і апавяданняў, адрасаваных дзецям. Але пры ўсіх сваіх высокіх мастацкіх якасцях яны не могуць параўнацца з яе тэтралогіяй.

Галінка ў засмужаным ранку

Тэтралогію «Пачакай, затрымайся…» правільней ахарактарызаваць як спавядальна-маналогавы цыкл аб маленстве і юнацтве Ганькі Гурыновіч, які ўвабраў у сябе роздум аб пражытым і перажытым гераіняй і які вядзецца ў асноўным ад імя апавядальніка (у апошняй аповесці ад першай асобы). На карысць гэтага сведчыць невялікая прадмоўка Алены Сямёнаўны да ўсіх аповесцей:

«Кожны раз, калі я азіраюся ў тую, цяпер ужо даўнюю далячынь, кожны раз я пытаюся ў сябе: “Няўжо гэта там, за тым засмужаным ружовым туманам ранкам, жывой галінкай зелянееш ты сама? І гэта тваім босым нагам гэтак лёгка хадзіць на свеце? І няўжо твая гэта песня звініць і не ведае стомы з ранку да вечара: І гэта ў цябе столькі шчырага даверу, хто б ні стрэўся табе на дарозе, хто б ні азваўся да цябе прыхільным словам?”

І цяпер, калі між намі лягла неабсяжная прастора часу і ўзросту, калі лягло столькі камення на той дарозе, якая нас развяла і раз’яднала, я пытаюся, дзівячыся і спадзеючыся:

— Тая даўняя з таго далёка Ты — гэта Я? І Я цяперашняя — гэты Ты таксама?

І я заву цябе са смуткам і надзеяй адтуль, з тае раніцы:

— Пачакай, затрымайся…»

Вяртанне ў маленства, імкненне «затрымаць» тое, што даўно страчана беззваротна. Але разам з тым гэта і жаданне з вышыні пражытых гадоў асэнсаваць шлях, пройдзены равеснікамі, паказаць, як новыя сацыяльныя грамадскія ўмовы спрыялі нараджэнню, фарміраванню новага чалавека, як ён, чалавек гэты, ад галечы і нішчымніцы здолеў узняцца да вышынь культуры. У тэтралогіі сапраўдная песня маленству — то задумліва-сумная, то чуйна-напеўная, і голас аўтара ў ёй зліваецца з голасам Ганькі Гурыновіч, якая ўваходзіць у неабсяжны свет жыцця.

Першая частка «Расці, Ганька» — найбольш «дзіцячая». Яе, у адрозненне ад наступных, асабліва «Новы свет» і «Пачакай, затрымайся…», у якіх склад мыслення аўтара, ды ўся канцэпныя жыццёвых і грамадскіх з’яў больш складаная, смела можна адрасаваць дзецям малодшага ўзросту. У цэлым жа тэтралогія больш цікавая старшакласнікам.

Ганька Гурыновіч не старэе

Увогуле, калі акінуць позіркам творчасць Алены Васілевіч, лёгка заўважыць, што аўтар, па сутнасці, пастаянна сочыць за нейкім сваім пэўным чытачом. У самым раннім узросце яму прапануюцца невялікія апавяданні, у крыху старэйшым — таксама творы «малога жанру», толькі з больш складанай праблематыкай і, нарэшце, калі школьнік ужо здатны самастойна арыентавацца ў падзеях, калі ў яго ёсць пэўная жыццёвая пазіцыя, ён перагорне тыя старонкі жыцця Ганькі Гурыновіч, калі яна вучылася — спачатку ў педагагічным вучылішчы, а крыху пазней — у настаўніцкім інстытуце.

Пісьменніца не абмінае вострых момантаў у жыцці гераіні, падрабязна апавядае, як Ганька праходзіць праз першыя свае выпрабаванні, як вучыцца разумець людзей. Тэтралогія і цікавая гэтай чуйнай увагай да ўнутранага свету дзіцяці, характар якога паступова фар­міруецца, набірае моцы і сілы.

Крочыць па жыцці Ганька Гурыно­віч, а поруч з ёй ідзе і чытач, які адчуў у дзяўчынцы свайго добрага сябра. Разам з ёй наведвае школу, знаёміцца з настаўнікамі, разам з ёй развітваецца на пероне вакзала з Ванем Лазоўскім, якога яна пакахала шчыра і самааддана. І разам з аўтарам хочацца яму сказаць: «Пача­кай, затрымайся!» Затрымайся ў радасным, шчаслівым гэтым імгненні свайго жыцця, калі ўсё так хораша, прыгожа наўкола, калі столькі светласці і хараства.

Затрымайся, Ганька! Ты яшчэ не ведаеш, што праз месяц і дванаццаць дзён пачнецца самая страшная ў гісторыі чалавецтва вайна і многія выпрабаванні (куды ім да тых, што былі ў тваім маленстве) чакаюць цябе. А можа, і не трэба спяшацца ў гэтай імклівай хадзе па жыцці? Ты ж знайшла ўжо ў ім сваё месца, ты дарослы чалавек, Ганька!

Алена Васілевіч быццам падводзіць рысу пад пэўным перыядам у жыцці сваёй гераіні. Менавіта пэўным, бо ў некаторых апавяданнях, пра якія гаварылася, чытач яшчэ сустрэнецца з Ганькай. І не важна, калі галоўную гераіню завуць інакш, — важна, што сярод персанажаў угадваецца і яна, Ганька Гурыновіч, якая па-ранейшаму ўпэўнена крочыць па жыцці, узіраючыся ў новыя яго блізкія і далёкія гарызонты.

Героі твораў усе без выключэння (станоўчыя, зразумела) глыбока чалавечныя. Гуманістычны патэнцыял іх душы часам, магчыма, і не заўсёды адразу заўважны, аднак дастаткова прыгледзецца ўважлівей, і адкрыецца тое глыбіннае, схаванае ўнутры, што сведчыць аб дабрыні, чуласці. Чароўнасць пазнання свету стане чароўнасцю пазнання канкрэтнага чалавека ва ўсёй яго складанасці і шматграннасці.


Перш чым узяцца за прозу, Алена Васілевіч студэнткай Рагачоўскага настаўніцкага інстытута пісала вершы. Да паэзіі звярнулася зноў, калі ўжо зарэкамендавала сябе выдатным празаікам. Сведчанне таму — цыкл з чатырох вершаў «Радкі — без часу» («ЛіМ», 1994, 4 сакавіка), напоўнены філасофскім падтэкстам і тым аптымізмам, што на мяжы рэальнасці і вечнасці, і які характэрны для людзей з моцным характарам, вялікіх жыццялюбаў. Адзін з гэтых твораў гучыць, па сутнасці, уласна напісанай эпітафіяй:

«Спыніцеся!

Пастойце не ў скрусе,

Засмейцеся!

Успомніце мяне.

Я вас пачую.

Я вам адгукнуся

З майго

Далёку».

Тады да шляху ў далёкасць у яе было яшчэ 27 гадоў. Пайшла ў вечнасць 8 жніўня 2021 года. Жыццё не песціла яе не толькі ў маленстве — балючыя рубцы на сэрцы з’яўляліся і пазней, калі ўжо прыйшло прызнанне. Прынамсі, рана памерла дачка. І першае каханне пастаянна адукалася незваротным болем. Ды насуперак усяму жыла. Не магла не жыць. Яшчэ адно сведчанне таго, што кожным з нас апякуецца Усявышні. Яму аднаму падуладна ведаць і вырашаць, каму колькі вёснаў і зім адвесці.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».