Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Сакрэт найсмачнейшай заціркі»


Сакрэт найсмачнейшай заціркі

...Прыпамінаючы сваё маленства, часам думаю, што, з аднаго боку, для сваіх бацькоў я была падарункам, а з іншага — не і яшчэ раз не! Бо ў сям'і я расла адзінай (старэйшы брат памёр ад менінгіту), і мама з татам занадта песцілі мяне, што, вядома ж, адбівалася на паводзінах. Вось толькі адзін выпадак, за які мне сорамна і цяпер.

Фота: pexels.com

Такім чынам, экскурс у гісторыю: ні газавых ні — тым больш — электрычных пліт ды мікрахвалёвак тады не было. Былі — хіба што керагазы. Гэта, скажу вам, — «цуд», а не тэхніка: мала ў ёй газы — пыхкае, як той паравоз (можа нават патухнуць), а дай трохі болей — загарыцца чырвоным полымем, стане капціць, смуродзіць...

Дык вось. У той дзень мама прыйшла з работы і на абед вырашыла падсмажыць бульбы: нарэзала на патэльню, паставіла на керагаз, запаліла агонь, а ён то гарыць (прычым абы-як), то зусім тухне... У мамы, бачу, ніякага цярпення! Што ўжо казаць пра мяне: нагулялася, набегалася на вуліцы, згаладалася, раззлавалася: ну чаму так доўга мне есці не даюць?!

Але ж бульба нарэшце гатовая, мама кліча за стол. Я ў адказ:

— Не буду-не хачу! Еш сама сваю бульбу!

Мама, гляджу, і сапраўды села есці.

— Не хочаш — не трэба, — сказала мне. — Захочаш — не будзе.

Пачуўшы гэта, я зразумела, што магу застацца без абеду і пайшла паплакаць. Мама як быццам не звярнула ўвагі, хіба праз нейкі час паспрабавала мяне суцяшаць: маўляў, бульба ж ёсць, я зараз падсмажу... Ты крышку пачакай.

Ёй лёгка сказаць — яна пад'еўшы, а я, галодная, плачу далей... Аж пакуль на стале не з'яўляецца новая патэльня бульбы.

— Я не буду гэтую есці, — адпіхаю ў дзве рукі. — Я іншай хачу!

— Ды якой жа? — пытаецца мама.

— Той, што ты з'ела! — тупаю нагамі я.

...На маміна шчасце, з работы прыйшоў тата.

— Што за шум? — спытаў ён і, пачуўшы мамін аповед пра мае капрызы, цяжанька ўздыхнуў ды падаўся ў «страшны кут», дзе вісела яго старая дзяжачка. Ёй мяне (бронь божа!) ні разу не білі, але ж калі-нікалі «абяцалі», палохалі... І гэтага, як здаецца, было дастаткова.

Тым разам я хуценька рванула з хаты, схавалася за дрывотняй і прасядзела там, аж пакуль бацькі не прыйшлі з работы.

...Вечарам клікаць мяне да стала ім не прыйшлося. Я самай першай узяла сабе лыжку. Мама наліла талерку заціркі — ды гэтакай смачнай, што я потым яшчэ дабаўкі папрасіла.

— А можа, і бульбачкі даць? — са смехам спытала мама.

— Не, не хачу, — прашаптала я. — Лепей заціркі.

Праўду кажуць: голад — найлепшая прыправа.

Валянціна СУБАЧ

Глыбоцкі раён.


Бацька ведае ўсё?

У тыя ўжо далёкія шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя хаты ў вёсках былі багатыя — на дзяцей, на людзей, на кожным падворку хапала жыўнасці. Каб пракарміць яе і пракарміцца самім, вяскоўцы садзілі шмат бульбы ды іншай гародніны, сеялі збажыну.

Цяжка працавалі і на сваіх сядзібах, і на калгасных палетках, але ж не толькі гэтым жылі. Дзятва збягалася на выган. Наша, з вёскі Радкава, у што толькі не гуляла: у лапту, выбівалы, хованкі, казакі-разбойнікі, класікі... Пра тэлевізар ніхто нават не чуў, не ў кожнай хаце стаяла радыёла, але ў суботу ці нядзелю нам прывозілі кіно.

Вёска ведала гэта, і таму, управіўшы гаспадарку, людзі прыбіраліся і спяшаліся да так званага клуба (яго зрабілі ў адной з пабудоў, што засталіся ад панскага маёнтка). У чаканні «кіншчыка» (так вяскоўцы звалі кінамеханіка) мужчыны курылі, жанчыны размаўлялі, дзеці гойсалі вакол іх...

Але ж вось над натоўпам звінела нейчае: «Едзе! Едзе!», і гэта было камандай на тое, каб зайсці ў клуб, каб рассесціся па драўляных лаўках, каб пабачыць, як той «кіншчык» ставіць апаратуру, як вешае на сценку экран, як дастае бабіну з фільмам і нарэшце выключае святло.

Для дарослых пачыналася дзейства, чараўніцтва, кіно, для малых...

Браты Валодзік з Мішкам перш, чым пайсці ў клуб, аб'яўлялі паляванне на вераб'ёў. Гэтыя птушачкі вельмі любілі начаваць у іхнім хляве — пад страхой (дахам з саломы) — і лавіліся, як той казаў, на раз-два: дастаткова было асляпіць ліхтарыкам — і ўсё, справа зроблена! Садзі пухнатую ў сваю кішэньку, бяжы ў клуб, каб потым у нейкі адказны момант (калі на экране, напрыклад, нехта пачне абдымацца) узяць ды выпусціць...

Верабейчык тады стралой ляціць да экрана. І калі адзін, то кіно яшчэ працягнецца, а вось калі болей — паказ спыняецца: «кіншчык» запальвае святло, сварыцца, загадвае выпусціць птушак з клуба.

Самі гледачы таксама азіраюцца — шукаюць вінаватых...

А дзе яны? Дык жа няма! Валодзька з Мішкам сядзяць як мышкі — анічым сябе не выдаюць!

...Кінамеханік тым часам зноў выпускае фільм на экраны, але ж хлопчыкаў кіно не цікавіць: ім карціць яшчэ раз выпусціць птушак. І яны, вядома ж, выпускаюць!

Сцены клуба як не дрыжаць ад рогату! «Кіншчык» зноў запальвае святло, зноў шукае вінаватых. І зноў-такі марна! Браты святкуюць сваю перамогу, у думках рыхтуюцца не раз паўтарыць свой «подзвіг»...

Але ж вось фільм скончыўся, народ (і Мішка з Валодзькам) спакойна ідзе на вуліцу. Як раптам абодвух гэтых жэўжыкаў нехта моцна бярэ за вушы. Ад болю браты адразу ж спыняюцца, задзіраюць галовы: побач з імі стаіць бацька.

Ён жа без адкладу аб'яўляе прысуд: «Значыць, так, у наступную суботу будзеце сядзець дома, дапамагаць матулі церці лён... У кіно пойдуць толькі сястрычкі!»

...З часам хлопцы таксама пайшлі, але ж кожны раз, бацька на ўсякі выпадак правяраў іх кішэні.

В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ​

Салігорскі раён.


«Мая твая...»

Ды што там разумець?!

Гэтыя два хлопцы сябравалі з маленства: разам хадзілі ў садок і ў школу, разам — на заняткі ў тэхнікум, разам жылі ў інтэрнаце. Каларытная пара была: рослы здаравяк Паша — смуглы, чорнавалосы... І невысочанькі, шчуплы, сонцам пацалаваны Коля — з рыжаватым чубам, з рабаватым тварам...

Дык вось пасля трэцяга курса іх студэнцкую групу (на дварэ быў канец 80-х) адправілі на вытворчую практыку — размеркавалі па розных гарадах і заводах. У выніку Паша з Колем апынуліся ажно ў Вільні!

Сябрукі прыехалі туды, худа-бедна ўладкаваліся, зазірнулі ў крамы. Прыкінулі, што снедаць лепей сваімі прыпасамі, вячэраць — дзе-небудзь у горадзе (цікава ж пахадзіць, пагуляць...), а вось на абед можна і ў сталоўку.

Якраз туды яны і лыжы навастрылі ў свой самы першы рабочы дзень. Як належыць — спыталі, хто апошні, занялі чаргу (Пашка наперадзе, Коля за ім). Стаяць, вакол сябе азіраюцца, чужыя размовы слухаюць і нічога не разумеюць: адно толькі «сыканне» (ну такая мова ў людзей — на «с» багатая, асабліва ў канчатках)...

А чарга тым часам ідзе. І Паша ўжо каля раздачы:

— Два блінас, адзін кампотс, — выдае нечакана.

Дзяўчаты, перш чым падаць, пырснулі смехам, а пажылая літоўка — нават вокам не міргнула — спакойна спытала:

— Смятанус да блінас даць?

Пашка разгубіўся, моўчкі залыпаў вачыма: ну не чакаў ён такога павароту ў размове! Але ж тут з-за яго пляча, як зязюля з гадзінніка, «выскачыў» Коля:

— Не-е-е, — засіпеў (бо ўчора пераеў марожанага). — На смятанус немас грошас...

Чарга ўзарвалася рогатам. Бедны Коля атрымаў ад Пашы чарговага кухталя, але ж...

Блінас яныс еліс разамс.

А. НАВАСЕЛЬСКАЯ

Мінскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».