Вы тут

Не пра Мурзіка. Амаль навагодняя гісторыя


Трапляеш у сталічны гандлёвы цэнтр — нібы ў нейкі казачны свет. На вуліцы ранняя цемра, слата і туман, у падземным пераходзе метро — заклапочаныя твары змерзлых цётак, якія прадаюць усё што заўгодна — ад салёных агуркоў да кавы і робатаў-паліцэйскіх. А тут зробіш два крокі ад таго пераходу і трапляеш у свята. Музыка, яркае святло, цеплыня, водар дарагой парфумы. Дзівішся напачатку, як шмат тут людзей, пасля здзіўленне праходзіць, і ты становішся часткай гэтага лакальнага соцыуму — дзелавога і бесклапотнага адначасова. Забыўшыся, чаго прыйшоў, пачынаеш заглядаць ва ўсе магазіны, проста з цікавасці, прыслухоўвацца да сябе — бо вось жа менавіта ў гэтым антуражы павінна нахлынуць ні з чым не параўнальнае шчаслівае прадчуванне і адчуванне хуткага Новага года. Стомлены ад гэтага стракатага гармідару, крыху разгублены, бо не разумееш — ці нахлынула, кіруеш да выхаду, дзе цемра, туман і цёткі з салёнымі агуркамі і кіслымі тварамі...


Якраз на мяжы штучнага дня і соннага снежаньскага вечара — у дзвярах таго цэнтра да мяне кінуўся падлетак. «Цётачка, пачакайце!» Са святла было незразумела, чаго ён хоча, таму я на ўсякі выпадак прыціснула да грудзей сумку з пакупкамі. «Цётачка, вазьміце коціка! Вы ж ведаеце, гэта будзе год Ката, коцік абавязкова прынясе вам шчасце!» Малы (прыгледзеўшыся, зразумела, што ён яшчэ і не падлетак зусім, гадоў дзесяць усяго), забягаючы наперад, жаласліва заглядаў у вочы, а з-за пазухі ў яго выглядвала цікаўная чорна-белая пыска. Пра тое, каб узяць кацяня, нават размовы не было: дома чакалі свае два нахабныя пухнатыя стварэнні. Але і адмахнуцца не было як: прынамсі, трэба было хаця б пацікавіцца, што дзіця робіць адно так позна (была ўжо дзясятая гадзіна) на вуліцы. Завёўшы малога пад дах пераходу і ўжо не адпускаючы яго руку, строга спытала, як яго завуць і дзе яго бацькі.

«Я Арцём. Бацькі дома, бабуля з імі таксама... А мяне выгналі. Сказалі, каб яго духу дома не было, — хлопчык пагладзіў кацяня між вушак. — А я сказаў, што калі Мурзіка (яго Мурзік завуць) на вуліцу выганяць, дык і я з ім пайду. А тата кажа: ну і ідзі. Я пайшоў, сеў на аўтобус, сюды прыехаў... Цётачка, вазьміце Мурзіка. Гляньце, які харошы. А мне дадому трэба, мама з татам хвалявацца будуць, дый есці хочацца...» «Давай я цябе дадому адвязу. А з кацянём што-небудзь прыдумаем. Ты адкуль прыехаў?» (Я спадзявалася праехаць пару прыпынкаў, завесці яго дадому, па дарозе патэлефанаваць знаёмым валанцёрам, каб забралі таго Мурзіка.) «Я з Гараняў, — шмыгнуў носам малы. — Тут аўтобус ходзіць. Толькі я не ведаю, у колькі ён будзе ехаць...» «...і ці будзе ён ехаць сёння наогул», — услых падумала я. Да тых Гараняў — кіламетраў дваццаць. На двары амаль ноч. Хлопчык, убачыўшы мой азадачаны твар, і пэўна, забаяўшыся, што сыду, пачаў хуценька расказваць: «Я Мурзіка ля сметніцы знайшоў. Яго хтосьці ў каробцы кардоннай вынес, скотчам заклеіў. Мурзік плакаў моцна, холадна яму было. Я падумаў: вось маме і бабулі падарунак будзе, Новы год жа хутка. Прынёс дадому, пакарміў. Мурзік разумны і ручны — на каленях у мяне спаць улёгся. А потым прыйшлі дадому спачатку бабуля, пасля тата з мамай. І сказалі, што ніякага ката дома не будзе, каб я нёс яго туды, адкуль узяў. А куды яго — на сметніцу? Я плакаў і сказаў, што нельга так, што я з ім тады пайду... І пайшоў».

Вочы малога былі ўжо на мокрым месцы, трэба было нешта рабіць. Я слухала гэту, па сутнасці, тыповую ў сваіх разнастайных варыянтах гісторыю і думала аб тым, колькім дзецям — добрым, чулым, спагадлівым, менавіта такімі вось сваімі паводзінамі дарослыя сапсавалі... не дзяцінства, а ўяўленне пра гэты свет. Які ўжо пасля гэтага назаўсёды перастаў быць светам, дзе самыя блізкія людзі — самыя найлепшыя, бо любяць і шкадуюць усіх, нават блыхастых шчанят і кацянят... Я вельмі добра разумела, што адчуваў у той момант Арцём, бо памятаю, як абрынуўся мой сусвет, калі мама з бабуляй выставілі мяне з хаты з маленькім рудзенькім шчанюком, якога выпрасіла ў старэйшых хлопцаў, што неслі яго тапіць... Некалькі дзён мне здавалася, што я жыву ў адным доме з чужымі, зусім незнаёмымі мне жанчынамі. У нашым выпадку, на шчасце, скончылася ўсё найлепшым чынам: я схавала сабачку ў лазні, карміла яго сваім сняданкам. Праз пару дзён нас рассакрэцілі і памілавалі, і агульны любімец Джым пражыў з намі доўгае шчаслівае жыццё...

Але так бывае далёка не заўсёды, і я гэта выдатна разумела. Пазваніла дзяўчыне-валанцёру, дамовілася, што прывязу ёй Мурзіка, а Арцёма павяла ў метро, да міліцыянера — няхай шукаюць бацькоў, рашаюць, як адправіць хлопчыка дадому... Але спусціцца ў метро мы не паспелі — нам насустрач ужо ішоў міліцыянер і ўся Арцёмава сям'я. Што гэта яны, можна было здагадацца па рэакцыі жанчыны, якая кінулася да малога і пачала яго абдымаць. Старэйшая, пэўна, бабуля, увогуле заплакала. «Ваш? — спытала я ў бацькі, які разгублена стаяў побач. — Ну то і добра, я тады дахаты...»

«Цётачка, стойце, пачакайце!» Яны, бацька і сын, дагналі мяне на прыпынку. «Аддайце, калі ласка, Мурзіка. Ён будзе жыць у нас!» — малы аж свяціўся ад шчасця. «Праўда?» — недаверліва перапытала я ў мужчыны, не спяшаючыся даставаць жывёлку з-за пазухі. «Праўда, — весела адказаў ён. — Ух ты які... вусаты. Бяры, Арцёмка, свайго ката. І пайшлі хутчэй, там, я бачыў, у пераходзе зоамагазін яшчэ адчынены. Купім яму латок і іншы пасаг...»

Праз вуліцу свяціўся стракаты свет перадсвяточнага гандлёвага цэнтра. Але шчаслівае адчуванне, што хутка Новы год, і прадчуванне, і чаканне нечага вельмі-вельмі добрага і светлага, дагнала менавіта тут, на паўцёмным прыпынку, у золкім снежаньскім тумане...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.