Вы тут

Зазірнуць у прыадчыненыя дзверцы


У дзень з’езда Беларускага саюза мастакоў у Палацы мастацтва пачала працаваць выстаўка «Залаты фонд». Яна прымеркавана, па-першае, да Года гістарычнай памяці, а па-другое, да самога з’езда. Экспазіцыю склаў жывапіс са сховішчаў аб’яднання. Вядома, што ў калекцыі БСМ, якая ахоплівае 50 гадоў гісторыі беларускага мастацтва, налічваецца каля 10 тысяч твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пра некаторых аўтараў ды іх карціны з выстаўкі — асобная гаворка.


Віталь Цвірка «Вечаровае сонца», 1971 г.

Адным з галоўных мастакоў праекта можна назваць Віталя Цвірку — творы яго аўтарства пераважаюць, а адна з яго карцін упрыгожвае афішу. Засяродзім увагу на яго «Вечаровым сонцы» (1971) — адным са шматлікіх пейзажаў, прысвячэнняў прыродзе, якая без перабольшання была для творцы ўсім. У ёй — крыніца сіл і натхнення, што нараўне з талентам было, як можа падацца, канстантай. Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў пісаў: «Помню яго паўжартаўлівае-паўсур’ёзнае выказванне: “Я магу швабрай так мазануць па палатне, а пасля пэндзлем першага нумара так паставіць пару кропак, што… будзьце ласкавы, карціна гатова!”» З аднаго боку — добрая працаздольнасць, з іншага — імпэт, якому толькі пазайздросціш і за якім тоіцца напружаная разумовая і душэўная праца. У «Вечаровым сонцы» глядач назірае неверагоднае спалучэнне, за якое так любяць творчасць жывапісца. Тлумачыцца гэта тым, што пры выкарыстанні пераважна прыглушаных колераў, пры частым злучэнні даволі змрочных фарбаў атрымліваецца вельмі мяккі і цёплы, пяшчотны і лагодны пейзаж, напоўнены цішынёй, у якой, калі прыслухацца, чуецца дыханне зямлі.

Барыс Забораў «Будні Мінска», 1963 г.

Зусім іншым беларускі краявід бачыў Іван Рэй, дарэчы, вучань Віталя Цвіркі. Яго яркі пейзаж «На Гомельшчыне» (год стварэння не пазначаны) вельмі пераклікаецца з больш знакамітай карцінай аўтара «Малінавы звон» (1983). Абодва — прысвячэнне лету, яго цеплыні і спакою. Аднак твор, які паказвае сціплы куток Гомельшчыны, цалкам прасякнуты чырвоным. Вядома, што над многімі творамі Іван Рэй працаваў вельмі доўга, шмат увагі надаючы колеравым эксперыментам, таму карціна магла цалкам змяніцца. Здаецца, і ў гэтым выпадку ў аўтара было шмат ваганняў наконт таго, якімі павінны быць ідэя, кампазіцыя, настрой. Вырашыў усё чырвоны — колер, з дапа­могай якога можна выказаць свае перажыванні, асабістыя любоў і боль.

Святлана Каткова «Прадчуванне бяды», 1989 г.

Завяршае тэму апісання прыроды Іван Дмухайла з карцінай «Вясновыя воды» (1980—1981), якая вылучаецца сярод іншых не зусім звычайнай кампазіцыяй. Але першае, што ўражвае пры знаёмстве з работай, — гэта каларыстычнае рашэнне, якое будуецца на розных пераходах аднаго колеру да другога. Што цікава, жывапісец нібыта абмежаваў сябе лічанымі фарбамі, стварыўшы лаканічны і гарманічны сюжэт, які некаторым можа падацца толькі эцюдам… Пагадзіцца з гэтым будзе несправядліва. Гледзячы, мы нібыта ўваходзім у прастору карціны, адчуваючы пахі свежасці вады і паветра, цеплыню і ледзь улоўны халадок вясновага ветрыка… А што, калі краявід — толькі фантазія, сон? Што, калі гэта толькі невыразны, мутны «адбітак» позірку мастака, які праз змрок здолеў памайстэрску перадаць свае адчуванні і чаканні? Час сутак, выяўлены на карціне, таксама прымушае сумнявацца, хоць сама ідэя скіроўвае да варыянта з досвіткам — парой, калі ўсім нам (па ўласным жаданні ці не) неабходна прачнуцца.

Сяржук Цімохаў «Лесавік», 1991 г.

Дарэчы, вельмі ўдала працаваў з фантазіяй, міфам Сяржук Цімохаў. Бясспрэчна, яго «Лесавік» (1991) не ўпісваецца ў экспазіцыю, поўную рэалістычных матываў і вобразаў. А, між іншым, творца даследаваў спадчыну дахрысціянскага перыяду, звяртаючы ўвагу на тое, што язычніцтва, якое было найперш, — несправядліва забыта. Натуральна, той жа «Лесавік» — гэта не ілюстрацыя, а пераасэнсаванне тых ці іншых вобразаў і сімвалаў, шматзначная інтэрпрэтацыя. «Бажаство не павінна быць цалкам рэалістычным, трэба, каб яго выява пакідала адчуванне недасказанасці — як у белых вершах, што даюць аснову для роздуму і заканчваюцца шматкроп’ем, — адзначаў Сяржук Цімохаў. — У любой карціне павінны быць “прачы­неныя дзверцы” — кожны глядач можа праявіць фантазію і даразвіць сюжэт».

Між тым прыродны складнік вель­мі моцна гучыць і ў многіх іншых творах мінулага, хоць і не вельмі далёкага. Асаблівыя стасункі з ім меў Міхась Чэпік. На выстаўцы — яго работа «Час цвіцення траў» (1980). Выразная кампазіцыя, вытанчанасць ліній, яркія, але не крыклівыя колеры, немудрагелістасць сюжэта — асноўныя характарэстыкі жывапісу Міхася Чэпіка. Мастак імкнуўся перадаць і ўславіць дух народнага жыцця. Узнёсласць, з якой ён звяртаецца да гледача, своеасаблівая атмасфера святочнасці пануюць і ў творы «Час цвіцення траў», які расказвае ўсяго толькі пра адпачынак калгаснікаў. У ім, як і ў іншых палотнах, бачыцца, з аднаго боку, несур’ёзная гульня і, з іншага, моцная і нязгасная ўлюбёнасць ва ўсё прыгожае, што мастак бачыў у жыцці. Невыпадкова герояў карціны ён выявіў амаль з вышыні птушынага палёту — не вельмі чаканы ракурс у адлюстраванні такой тэмы.

Далей — яшчэ болей пра людзей. Так, найперш прыцягвае ўвагу «Партрэт народнага мастака БССР, прафесара А. Бембеля» (1980—1982) Івана Стасевіча, які ўвайшоў у гісторыю айчыннага мастацтва як майстар сюжэтна-тэматычнай карціны і партрэта. Выява Андрэя Бембеля — маштабная яркая работа, пра існаванне якой многія сёння і не здагадваюцца. Галоўным, што кранае ў гэтым палатне, з упэўненасцю можна лічыць манументалізацыю вобраза скульптара, якая дасягаецца сродкамі як відавочнымі, так і абсалютна схаванымі ад зроку гледача. Да таго ж нельга не адзначыць дакладнасць перадачы аблічча героя — назіральнасць мастака бясспрэчная.

Фёдар Бараноўскі «Брыгада», 1985 г.

У рэчышчы адной з галоўных тэм беларускага жывапісу — падзей Вялікай Айчыннай вайны — нельга не згадаць імя Мікалая Залознага, у прыватнасці яго палатно «Вярнуўся» (1975). Эмоцыі і драматызм, уласцівыя творчасці жывапісца, раскрываюцца тут у поўнай ступені. Аднак галоўнае адрозненне ад работ у гэтым прыкладным шэрагу хаваецца ў адчуванні нечага страшэннага, неспазнанага, няхай яркасць і жывасць фарбаў, урачыстасць шчырага дзейства спрабуюць пераканаць у адваротным.

Завяршаюць неструктураваную падборку Мікола Селяшчук і яго «Дачыненне» (1978). У адрозненне ад вышэйпералічаных, гэтая работа сустракалася на выстаўках апошняга часу. Схематычная гісторыя, заўважная метафара, дэталізаванасць — далёка не ўсе складнікі «Дачынення», якое паўстае перад гледачом не як рэальная сцэна, а як канструкцыя. (Мабыць, менавіта ў прысутнасці такіх канструкцый заключаецца непрыманне некаторымі творчасці Мікалая Селешчука і яе прыступнасць.) Верагодна, твор вельмі асабісты, шчыры, аднак падаецца не вельмі змястоўным і арыгінальным у адрозненне ад большасці яго работ.

«Залаты фонд» будзе працаваць да 29 снежня. Дарэчы, таксама да 29-га ў Палацы мастацтва можна ўбачыць выстаўку «Калі сляза скацілася на попел», створаную па выніках адмысловага сімпозіума. Яго тэма — трагедыя насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мэтай праекта было яшчэ раз нагадаць аб трагічным гістарычным мінулым беларусаў, прыцягнуць увагу грамадскасці да неапраўданых страт і гора, звязаных з вайной, і выказаць пашану продкам. Удзельнічалі Алена Андрушчанка, Андрэй Басалыга, Ігар Гардзіёнак, Юрый Крупянкоў, Вольга Крупянкова, Вольга Нікішына, Андрэй Пяткевіч, Таццяна Сіплевіч, Юлія Шаціла і Усевалад Швайба.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?