Вы тут

Ад летэрынга да фотаканцэпта: свет паэта ў фарбах і рысах


Як маладыя бачаць і асэнсоўваюць творчасць класікаў? На гэтае пытанне спрабуе адказаць выстава «Грані творчасці», урачыстае адкрыццё якой адбылося 22 снежня ў галерэі «Універсітэт культуры». Рэспубліканскі праект дэманструе візуальную творчасць студэнтаў, прысвечаную 110-годдзю Максіма Танка. У гэтым годзе ідэяй-дэвізам акцыі сталі радкі верша паэта «О родная зямля! Ты — кніга вечнага жыцця».


Тэматычную экспазіцыю склалі больш за дзве сотні твораў студэнтаў 26 устаноў адукацыі: творчыя работы, падрыхтаваныя на аснове цытат класіка, прадстаўлены ў чатырох намінацыях.

Вялікую ўвагу прыцягнула намінацыя «Фотаканцэпт. Мне пару крыл дало юнацтва»: студэнтка Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Саркан Валерыя прадставіла дзве работы. Фотаздымкі пад назвамі «Пасля дарогі» і «Акенца ў мінулае» адсылаюць гледача ў старыя, ціхія дворыкі з невысокай забудовай — адразу ўспамінаецца вядомы мінскі раён Асмалоўка, які быў пабудаваны ў пасляваенныя часы і захаваўся да сённяшніх дзён.

У намінацыі «Графіка. Метафары ў колеры» прадстаўлены работы, натхнёныя творам Максіма Танка «Простае шчасце людское». Студэнтка кафедры дызайна і моды БДУ Валерыя Волкава паказала серыю «Простае дзіцячае шчасце». Работы насычаны цеплынёй і ўспамінамі з дзяцінства: на адным з малюнкаў хлопчык іграе на фартэпіяана, на другім сяброўкі частуюцца булачкамі з пякарні.

Наступная намінацыя пад назвай «Візуальны сэт. Я гэта люблю падарожжа» прысвечана ілюстрацыям да аднайменнага верша класіка. У калажнай тэхніцы творчая група студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта асэнсавала прыгажосць і непаўторнасць беларускай мовы. Работу пад назвай «Дзіўная родная мова» цікава разглядаць: яна насычана рознымі элементамі, якія складаюцца ў верш.

Незвычайныя па выкананню творы сабрала намінацыя «Летэрынг. Дзіўная родная мова». Студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Саўчук Дзмітрый у графічнай рабоце спалучыў беларускія арнаменты з авангарднымі элементамі УНОВІС.

Як адзначыла дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчэнка, выстава — выдатная пляцоўка для маладых творцаў, якія цікавяцца сучаснымі тэхнікамі мастацтва:

— Ідэя выставы вельмі важная і патрабуе падтрымкі. Крыніцай натхнення сёлетняга года стала паэзія Максіма Танка, нашага выдатнага беларускага паэта, 110-годдзе якога мы адзначылі. Выстава плануецца як перасоўная. Гэта значыць, што экспазіцыю прадэманструюць у Моладзевай сталіцы — горад, які прыме гэтае званне, выберуць крыху пазней. Пасля работы паедуць па ўніверсітэтам краіны, каб студэнты ВНУ дакрануліся да творчасці Максіма Танка.

Праект ладзіцца ўжо ў 15 раз, і за гады існавання паспеў набыць сяброў: рэспубліканскую акцыю падтрымлівае Беларускі саюз мастакоў. Старшыня секцыі маладых мастакоў і мастацтвазнаўцаў Беларускага саюза мастакоў Паліна Корзун-Фомчанка адзначыла, што сувязь пакаленняў не перарываецца: — Вельмі прыемна ўсведамляць, што моладзь развіваецца і, спадзяемся, будзе ісці далей за нас. Лейтматывам выставы стала творчасць Максіма Танка: яго паэзія займае асаблівае месца ў беларускай культуры. Таму нам здаецца вельмі важным, каб ніхто не забываў аб такіх таленавітых асобах айчыннага мастацтва. Кожны ўспрымае паэзію па-рознаму, таму вельмі цікава паглядзець, як маладыя, сучасныя мастакі ўсведамляюць творчасць класіка.

Выстава адлюстроўвае не толькі пачуцці маладых творцаў, але і дэманструе эксперыментальныя тэхнікі. Гэта сімвалічна, таму што і Максім Танк быў паэтам-эксперыментатарам. Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна да 30 снежня.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».