Вы тут

Гартаем «старонкі» з жыцця і творчасці Зіновія Прыгодзіча


Журналіст, пісьменнік, выдавец часопіса «Гаспадыня. Сямейны часопіс», кандыдат філасофскіх навук, аўтар маштабнага праекта ў беларускай публіцыстыцы «Постаці» Зіновій Прыгодзіч успамінае пра сустрэчы і гутаркі з вядомымі ў Беларусі людзьмі, разважае аб прыярытэтах свайго жыцця, пра крутыя павароты. А таксама пра творчыя пошукі і сямейныя радасці, якія, лічыць нам суразмоўца, ёсць абавязковая ўмова для паўнаты шчасця.


Кожны з нас, вобразна кажучы, піша сваю кнігу жыцця. Піша, як можа, як умее, як дазваляюць яму яго таленты. А таксама абставіны зямнога быцця, у якія ад нараджэння ўсе мы трывала ўбудаваны. Ну а жыццё, як вядома, штука складаная, і зусім не да ўсіх яно ласкавае і добразычлівае. Вось і наш суразмоўца падчас гутаркі распавёў і аб пасляваенным дзяцінстве, і як яшчэ ў тыя гады разы тры здаралася яму аказацца на тонкай грані паміж жыццём і смерцю. Выжыў. Потым і ўзрушэнні-штормы постперабудовачнай пары ў пачатку 90-х выкінулі паспяховага журналіста і рэдактара на бераг рэальнасці — простым беспрацоўным. Але жыццёвы досвед чалавека, які ўмее любіць, працаваць і тварыць, вядома ж, застаўся пры ім. Ды і хто, скажыце, такую каштоўнасць здольны абясцэніць?.. І працаўнік з Палесся, маючы да таго ж трывалы сямейны тыл, здолеў пабудаваць з аднадумцамі, вобразна кажучы, у бушуючым моры змен сціплы карабель: часопіс «Гаспадыня». Па сутнасці, гэта выданне — равеснік незалежнай Беларусі. «Гаспадыня» і сёння, прайшоўшы розныя выпрабаванні, частковы рэбрэндынг, упэўнена трымаецца на плыву, мае больш за 20 тысяч падпісчыкаў.

У кнізе жыцця Зіновія Прыгодзіча знойдуцца розныя раздзелы, главы, старонкі. Ёсць настойлівая работа, плён у журналістыцы, з перавагай нарысаў, аповедаў пра людзей сельскай працы — паколькі такой была спачатку журналісцкая спецыялізацыя ў хлопца-газетчыка з палескай глыбінкі. Ёсць вершы і аповесці, апавяданні пра каханне — сэрцам выпакутаваныя, сагрэтыя душэўнасцю і мудрасцю чалавека, які зведаў высокія пачуцці. Дарэчы, Зіновій Кірылавіч падпісаў нам на памяць — «маім таленавітым калегам, добрым сябрам з удзячнасцю за гутарку» — сваю нядаўна выдадзеную кнігу аповесцяў і апавяданняў «Чаромхавыя халады». Яна — пра каханне. Нас прыемна здзівіла, што ў прыгожым узросце творчай сталасці журналіст і пісьменнік, маючы за плячыма больш за 40 розных кніг, аддаваў даніну павагі трапяткому і заўсёды маладому пачуццю, якому «ўсе ўзросты пакорныя». І ўявіце сабе: на такім лірычным фоне кніга жыцця Зіновія Прыгодзіча ўмяшчае і адказную службу (у апарат ЦК кампартыі Беларусі «мабілізоўвалі» яго тройчы, а пазней і намеснікам Міністра інфармацыі Прыгодзіч таксама працаваў). Была яшчэ вучоба ў «элітнай» у савецкі час установе: Акадэміі грамадскіх навук у Маскве. Там ён праявіў сябе і як вучоны-даследчык, напісаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю па філасофіі. Гатова была і доктарская, ды не склалася яе абараніць: здарыўся чарговы службовы віраж.

Што ў выніку мае наш суразмоўца? Глыбокае веданне жыцця, уменне ацэньваць яго з’явы як з пазіцый журналіста, публіцыста, пісьменніка, так і чалавека дзяржаўнага. Вялікая павага да людзей працы і творчасці, што паходзіць з велізарнай асабістай працавітасці. Плюс рэдкі талент наладжваць са знакамітымі суразмоўцамі даверны дыялог, уменне слухаць і чуць — а не «даваць распараджэнні», як часам бывае з некаторымі людзьмі, якія пабылі ва ўладзе. З такім багажом і распачаў Зіновій Прыгодзіч, бадай, самы маштабны творчы праект свайго жыцця. Адным з першых ягоных суразмоўцаў, дарэчы, быў вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Больш за 15 гадоў спатрэбілася майстру, каб стварыць, выдаць спачатку трылогію дыялогаў «Личности», у якой 30 творчых партрэтаў вядомых людзей літаратуры, культуры, мастацтва, а потым і трохтомнік «Созидатели»: ён туды змясціў 15 ранейшых тэкстаў, перакладзеных на рускую мову, і яшчэ 15 новых. Разам — 45. Раней такога маштабнага праекта ў беларускай публіцыстыцы яшчэ не было.

Плён працы Зіновія Прыгодзіча.

Нядаўна ў Мінску ў Доме літаратара прайшла прэзентацыя гэтых двух трохтомнікаў, а заадно і творчы вечар Зіновія Прыгодзіча, на які і мы мелі гонар быць запрошанымі. Поўная зала, прыгожыя твары, героі кніг у зале і на сцэне, цёплая атмасфера і шмат добрых слоў у адрас аўтара. Тады і ўзнікла ў нас жаданне пагутарыць з тым, каго можна лічыць сапраўдным майстрам творчага партрэта і жывога дыялогу. Праз некалькі дзён, так усё склалася, мы ўжо гутарылі з галоўрэдам «Гаспадыні» ў яго невялікім кабінеце. Рыхтуючы тэкст да друку, прыбіраем «будаўнічыя рыштаванні» з нашых пытанняў, рэплік, разважанняў падчас гутаркі і даём слова Зіновію Кірылавічу. Вядома ж, шмат чаго ў гэты тэкст не ўвайшло... Магчыма, «штрыхі да партрэта майстра» не будуць лішнімі, дапамогуць чытачам глыбей зразумець асобу самога аўтара-стваральніка. Зрэшты, у кнігу яго жыцця (як і нашы кнігі...) гэтая сяброўская гутарка ўжо ўпісана…

* Часам пытаюцца ў мяне, калі лепш працуецца: у стане душэўнага спакою ці ж унутранага напружання, гарачага жадання штосьці выказаць? Абодва станы для мяне могуць быць прыдатнымі для творчасці. Некалькі аповесцяў, напрыклад, былі «выкліканы да жыцця» тым, што я расстаўся са сваім першым каханнем. Быў тады, прызнаюся, у вельмі прыгнечаным стане. Каб тых супярэчлівых эмоцый пазбавіцца, ды заадно глыбока іх асэнсаваць, трэба было выказацца. Цяпер ведаю: ёсць такія метады ў псіхааналітыцы. Дык вось, я сваю першую аповесць «Журба мая светлая» («Печаль моя светла») пісаў менавіта ў такім стане. А некаторыя мастацкія рэчы прадумваю, сюжэт выношваю, дэталі перабіраю. Тады маю патрэбу ў душэўным спакоі. Прычым люблю пісаць, калі ў найбліжэйшы час не чакае мяне тэрміновая праца, мне патрэбен цэлы дзень для творчасці, спакойны і размераны. Пішу ў асноўным у першай палове дня. Ведаю, ёсць сярод пісьменнікаў і тыя, каму падабаецца працаваць вечарамі, ноччу — для мяне такое немагчыма. Так што і ўнутраная ўзрушанасць, і ціхамірнасць, спакой — гэта, скажу вобразна, як два крылы для творчага палёту. Звычайна ёсць нейкі стымул, першаштуршок для задумы — і ён можа прыходзіць у напружанай жыццёвай сітуацыі. А яго рэалізацыя, напісанне ў маім творчым метадзе, адпрацаваным ужо дзесяцігоддзямі, патрабуе душэўнага спакою.

* Ёсць думка: пісьменнік, што б ні пісаў — заўсёды піша пра сябе. Што да мяне, то калі я нешта сам не перажыў, не бачыў на ўласныя вочы — гэта мне для стварэння канвы мастацкага твора недаступна. А ёсць і такія пісьменнікі, хто ўнутры сябе стварае цэлыя сусветы. Скажам, я быў добра знаёмы з народным пісьменнікам Беларусі Іванам Шамякіным, якога лічу выдатным сюжэтчыкам. Ён такое выдумляў! Але гэта, як кажуць, не маё. У сваёй літаратурнай творчасці я больш выкарыстоўваю аўтабіяграфічны матэрыял. Што не выключае, вядома ж, выпісванне вобразаў, абагульненняў, тыпізацый. У свой час напісаў аповесць «Ноч перад нядзеляй», ёсць там канва біяграфічная. Некаторыя вобразы пісаліся на аснове рэальных правобразаў, у тым ліку і маіх сваякоў, аднавяскоўцаў. Па ходзе апавядання, вядома ж, нешта дадумваў у адпаведнасці з логікай жыцця, характараў, сюжэту. Вось як гутараць паміж сабой героі, якія канфлікты вырашаюць? Так, прыйшлося ўяўленне ўключаць: дадумаў нешта і напісаў. Уявіце сабе, некаторыя ў вобразах сябе пазнавалі, дапытваліся: а хто табе гэта расказаў? (Смяецца.) Там жа нікога старонняга не было... Але я настолькі трапіў у тую плынь жыцця, што людзям здаецца: слова ў слова так усё і было... Кажу: ды я гэта ўсё прыдумаў. Не вераць: н-е-е, хтосьці расказаў. Вось так на канве біяграфічнай пры дапамозе ўяўлення, фантазіі пісьменніка нараджаецца нейкая іншая рэальнасць. Мне заўсёды цікава як бы прыпадняць побытавы матэрыял на іншы ўзровень успрымання. Нешта бярэш ад рэальнага чалавека, нешта «рэдагуеш» у ім для большай пераканальнасці, рэльефнасці, бачнасці. Вось як жанчыны «робяць» пры дапамозе розных хітрасцяў сабе такі твар, які ім хочацца — на аснове таго, што ёсць у рэальнасці... Так і тут: бярэш аснову — штосьці прыгладжваеш, нешта ўзбуйняеш, абагульняеш.

* Мой творчы метад сфарміраваўся разам са мной. Працаваў я ў рэдакцыях газет, быў на партыйнай рабоце ў апараце ЦК, загадваў кафедрай у Рэспубліканскай партшколе, займаў адказныя пасады ў журналістыцы, у Міністэрстве інфармацыі. Вось там з раніцы, як правіла, актыўная фаза жыцця, да таго ж важна «бачыць рэальнасць», а не жыць у прыдуманым свеце. Складаным для мяне, скажу праўду, быў партыйны перыяд, і, вядома ж, не самым лепшым для творчасці. Аднак ён многа мне даў для творчага росту. Вось такая дыялектыка. Па-першае, я спрычыніўся да вельмі цікавай сферы жыцця, можна сказаць: да вышэйшых сфер палітычнага жыцця. А працаваў, удакладню, у 70–80-я гады ў ЦК КПБ, быў доўгі час памочнікам у сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандра Кузьміна, меў стасункі з Пятром Машэравым ды іншымі вядомымі ў той час асобамі: партыйнымі, дзяржаўнымі дзеячамі. Гэты досвед дазволіў мне выйсці на новы ўзровень разумення жыцця. Як журналіст да таго часу асвоіў, выпісаў побытавы пласт жыцця, вытворчага. А «вышэйшыя сферы» прыйшлося асвойваць. Бачыў, як там што вяжацца і варыцца, як «вырашаюцца пытанні» альбо ж, як па-майстэрску, з дапамогай тонкіх прыёмаў «адфутбольваецца». А колькі было ўсякіх кулуарных гульняў, плыняў, ідэй і ўплываў, колькі яркіх характараў... Шмат што трымаю ў памяці, спадзяюся пра тое напісаць — таму што такіх тэкстаў у нас вельмі мала. Як правіла, тыя, хто «ў сістэме» працуюць, не валодаюць пяром настолькі, каб пакінуць пасля сябе яркія мемуары. Яшчэ станоўчае з таго часу: калі быў памочнікам у Кузьміна, то праз яго прыёмную пры мне прайшлі сотні найцікавейшых людзей. Пісьменнікі, мастакі, вучоныя, філосафы... Магчыма, ужо адтуль ідуць задумы мае аб стварэнні «энцыклапедычнай» серыі гутарак, як «Постаці». Скажам, з мастаком Міхаілам Савіцкім з тых часоў у мяне завязаліся сяброўскія адносіны. Як правіла, Аляксандр Кузьмін бываў заняты, і мы прапаноўвалі наведвальніку кубак гарбаты, сваю гутарку з ім. Часам ненадоўга, а бывала і на паўгадзіны чаканне зацягвалася. Так мы і з Міхаілам Савіцкім неяк разгаварыліся. Я ведаў яго па работах і раней, але ў размове адразу адчуў, якая гэта глыбокая асоба, як рознабакова і нестандартна мастак думае. Пазней размовы з ім склаліся ў творчы партрэт для трохтомніка «Постаці».

Падчас інтэрв'ю ў рэдакцыі часопіса «Гаспадыня. Сямейны часопіс».

* На партыйную службу, у апарат ЦК КПБ, я тры разы быў мабілізаваны. Унікальны выпадак: нават другі раз туды ўжо мала хто пападаў. Першы раз мяне ўзялі ў апарат у 1977-м. 23 лютага, памятаю, выйшаў на работу. У аддзеле культуры, літаратуры і кіно было вельмі цікава: семінары, творчыя сустрэчы... Для мяне гэта ўсё, канешне, новым не было. Я на падобных мерапрыемствах бываў і працуючы ў рэдакцыі газеты «Звязда». Але тут усё раскрывалася на іншым узроўні. Праступалі дэталі, пра якія многія не здагадваюцца, іншыя гарызонты раскрываліся. Папрацаваў там крыху больш за паўгода, і мне паступіла новая прапанова. Журналіст, калега Аляксандр Шабалін сыходзіў з ЦК на пасаду галоўнага рэдактара ў часопіс «Беларусь». Трэба было кагосьці знайсці на яго месца, і ён прапанаваў Кузьміну маю кандыдатуру на пасаду памочніка. Скажу шчыра: тая пасада мне была зусім не даспадобы, хоць і каціравалася ў апараце ЦК высока, на ўзроўні загадчыка аддзела ці нават вышэй. Карацей, стаў я памочнікам, і адпрацаваў там больш за чатыры гады. А з часам гэтае памочніцтва так надакучыла! Прыходзіш у 8 гадзін — і рэдка калі ў 8 вечара сыходзіш. Бясконцыя запіскі, артыкулы, тэзісы... А Кузьмін быў неверагодна патрабавальным. Прычым звычайна фармуляваў задачу абстрактна: «Трэба што-небудзь вось гэтакае!» (Пакручвае рукой. Смяемся). І вось я ламаю галаву: што б такое гэтакае... Не раз даводзілася мне артыкул пісаць, потым перапісваць, дарабляць — неяк налічыў ажно 14 варыянтаў! Гэта нейкі бясконцы кашмар! Выхадных, як правіла, не было. «Так што прыходзьце заўтра — і будзем працаваць» — такая фармулёўка перад выхаднымі была звычайнай справай. Я працаваў там, як кажуць, на знос, у рэшце рэшт упрасіў кіраўніцтва адправіць мяне на вучобу ў Маскву: у Акадэмію грамадскіх навук. Вельмі хацеў вырвацца на волю. І там у 1981–84 гадах вельмі плённа папрацаваў: напісаў і абараніў дысертацыю, стаў кандыдатам філасофскіх навук.

* Другая мая «мабілізацыя» ў ЦК здарылася пасля Масквы. Прычым узялі мяне простым інструктарам у той самы аддзел культуры, з прыцэлам на далейшы кар’ерны рост. Але гэтага, зрэшты, не здарылася, і месяцы праз тры мяне накіравалі загадчыкам кафедры ў Рэспубліканскую партшколу. Больш за 4 гады я там адпрацаваў, а тым часам і перабудова пачалася. Пісаў доктарскую, і практычна скончыў яе, прычым тэма была найцікавейшая: «Літаратура і перабудова». Тады ж столькі пайшло рознай літаратуры, матэрыял для даследавання — найбагацейшы. А потым усё разам, як гаворыцца, абрынулася…

* І была трэцяя «мабілізацыя» — пасля таго, як мяне тэрмінова выклікаў да сябе Валерый Пячэннікаў, які змяніў на той час на пасадзе Аляксандра Кузьміна. Як потым аказалася, Пячэннікаў прачытаў мой артыкул у часопісе «Полымя», ён яму спадабаўся: «Нам такія людзі патрэбныя. Заўтра ж выходзь да нас на работу». А гэта якраз напярэдадні новага 1989 года: у 20-х чыслах снежня. Кажу: я гатовы праз паўгода прыйсці, але дайце закончыць доктарскую, абараніцца... «Куды твая доктарская дзенецца? Ты бачыш, што робіцца ў краіне? Пажар! А людзей, якія ведалі б знутры журналістыку, літаратурнае асяроддзе, нам вельмі не хапае. Усё! Ніякіх размоў! Ты камуніст!». Прыйшоў я дадому, як кажуць, ні жывы, ні мёртвы. Жонка як глянула — у трывогу: што здарылася? Я ёй кажу, а яна ў слёзы... Я пра гэта таму так падрабязна расказваю, каб вы ведалі, разумелі: работа ў ЦК была вельмі складанай, мы не проста «перакладвалі паперкі», як гэта камусьці можа падацца. Яшчэ на 9 месяцаў там аказаўся, і гэта была работа як на вулкане. Я не перабольшваю. Пасада мая была такая: намеснік загадчыка ідэалагічнага аддзела. Сёння, скажам, мітынг і шум у Саюзе мастакоў — я іду туды як на амбразуру. А ўжо заўтра ў Саюзе пісьменнікаў сустрэча. А якія тады бурныя былі сходы! Ніхто не слухае ніякіх аргументаў. Ужо і партыя для іх не аўтарытэт, мне ў твар кідаюць: «Ты цэковец, камуняка...». Ну як быццам я зусім права голасу не маю. Але я ж, паверце, усё знутры бачыў. У ЦК працавала шмат добрых, разумных, адукаваных людзей. Ну а некаторыя «дзеячы» на хвалі перабудовы так захапіліся новымі ідэямі, што страцілі арыенціры. Памятаю, сустракаўся з кіраўніцтвам тэлебачання, калі пачала выходзіць маладзёжная перадача «Крок» — беларускі аналаг маскоўскага «Взгляда». Журналісты ў ёй востра, часам празмерна з’едліва выказваліся, не заўсёды аб’ектыўна асвятлялі актуальныя тэмы. Я казаў: мы не супраць розных тэм, але давайце ўзважана гаварыць, ацэньваць факты і падзеі, не падаграваць страсці ў грамадстве. Дзве гадзіны дыскутавалі, а ў іх свой аргумент: калі будзем гаварыць прэсна, не абвастраючы — нас і глядзець не будуць. Вось і ўся размова... Для іх рэйтынг, шум, папулярнасць ужо былі больш каштоўнымі, чым цвярозы сэнс. Вось такая была ў мяне работа ў крутым 1989-м. Краіна кацілася ў бездань, і многія несвядома яе штурхалі туды, шчыра верачы, што «будуюць новае заўтра». На жаль, цуду тады не здарылася…

Момант гутарркі Зіновія Прыгодзіча і Валянціна Елізар’ева (на фота — злева), мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Беларусі.

* Мая цэкоўская работа, паўтаруся, давала ўнікальную магчымасць для сустрэч з надзвычай цікавымі людзьмі, якія, несумненна, уплывалі на маё станаўленне як асобы. Менавіта там карані маіх трылогій. Калі я гутарыў са сваімі героямі, то спачатку публікаваў, апрабоўваў тэксты ў перыёдыцы, потым сабраў у трохтомніку «Постаці» на беларускай мове: у кожнай з кніг па дзесяць гутарак — усяго трыццаць. Пасля выйшаў трохтомнік «Созидатели». Усіх гутарак і эсэ ў кнігах атрымалася 45. Кожны мой суразмоўца — значная асоба, з’ява ў беларускай культуры. Але быў яшчэ літаратурна-публіцыстычны праект, бо доўгія размовы ў мяне бывалі з класікамі нашай літаратуры: Андрэем Макаёнкам, Іванам Шамякіным, Максімам Танкам... Барыс Сачанка стаў мне блізкім сябрам, як і Янка Сіпакоў. На падставе тых гутарак, уражанняў я напісаў кнігу «Літаратура як лёс». Працуючы ў Рэспубліканскай партшколе, пазнаёміўся з Васілём Быкавым, запрашаў яго выступіць у нас і з часам, выкарыстаўшы магнітафонны запіс, тады зроблены, падрыхтаваў цікавы тэкст у часопіс «Полымя». Тэкст увайшоў і ў трылогію. Памятаю, прыязджала камісія з Масквы: маніторыць, як сёння кажуць, сітуацыю ў Беларусі. Масквічам вельмі хацелася сустрэцца з Быкавым як яскравым прадстаўніком творчай эліты, а ён страшэнна не хацеў гэтага. І мяне накіравалі на перамовы: ты з ім знаёмы, пагавары. Спачатку пісьменнік быў катэгарычны: «Я не хачу! Усё роўна яны сваё зробяць, перакруцяць, імя маё толькі запэцкаюць...». Карацей, ні ў якую! Але я акуратна, пакрысе ўцягнуў яго ў дыялог. Сказаў: паверце, я не хачу вас падставіць, і ведаю, што гэта людзі вельмі цікавыя, аб’ектыўныя. У рэшце рэшт, Быкаў сказаў мне: «Добра, паверу табе». І пайшоў на сустрэчу, і потым казаў: «Дзякуй, гэта сапраўды была добрая размова, і, я спадзяюся, карысная».

* Мабыць, самае няпростае ў рабоце было — устанавіць кантакт, каб чалавек табе даверыўся. Гэта ўдавалася, у тым ліку і таму, што частка суразмоўцаў былі маімі даўнімі знаёмымі: Міхаіл Дрынеўскі, Міхаіл Казінец, Янка Сіпакоў, Барыс Сачанка... Такія кантакты напрацоўваліся дзесяцігоддзямі. Я шмат чаго ведаў пра іх яшчэ да таго, як пачынаў рыхтавацца да размоў з дыктафонам. Хоць часам пра сяброў пісаць яшчэ больш складана, чым пра новых людзей. Часта я выкарыстоўваў старых знаёмых, каб праз іх рэкамендацыю выйсці на кантакт з будучым суразмоўцам — вось і такая была стратэгія. Адзін, калі прыйшоў да яго, пытаецца: паўгадзіны цябе задаволіць? У мяне толькі пытанняў 50, а ў яго людзі на прыём сядзяць. Ён мне: «Ну, давай, пачынай!» Я пытанне, а ён як машына адказваў. Дакладна, не адыходзячы ад акрэсленых тэм. У мяне нават спіна змакрэла ад такога тэмпу! Адстралялі мы гадзіны за паўтары. Відаць, зачапіў я яго нечым — тэкст атрымаўся цікавы.

* Бывае, што цяжка ідзе адладжванне кантакту, мы прыглядаемся адзін да аднаго. Некаторыя думаюць, што будзе інтэрв’ю, а я бяру глыбей: раблю творчыя партрэты. Не ўсе да таго гатовы. Адна артыстка спачатку відавочна агрэсіўна заявіла: сто разоў ужо адказвала на падобныя пытанні журналістаў. Прыйшлося тлумачыць, што ёсць жа пласты інфармацыі, якія не абыдзеш: дзяцінства, бацькі, станаўленне…

* Працуючы над трылогіямі творчых партрэтаў, я ўсім суразмоўцам задаваў пытанне: у чым, на ваш погляд, сэнс жыцця? Адказвалі, вядома, па-рознаму. Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч сказала, што шукала яго ў любімай рабоце, але з часам прыйшла да высновы: самае галоўнае для кожнага — гэта сям’я. Прызналася, я так шкадую, што цалкам аддавалася працы — у тэатры, на радыё, на тэлебачанні, на розных вечарах і мерапрыемствах столькі, што амаль не бывала дома. Дзеці пры гэтым раслі без маёй апекі, любові. Дзякуй богу, што выраслі дастойныя людзі. Дарэчы, яе сын Андрэй — добры акцёр, ён працуе ў Тэатры імя Максіма Горкага. Адзначу, што я заўсёды сур’ёзна і грунтоўна да кожнай размовы рыхтуюся. Шмат чытаю з таго, што ўжо пісалася раней пра суразмоўцу, пытанні прадумваю — такія, каб ім было цікава на іх адказваць, з асабістымі прывязкамі. Бывае, хтосьці раскажа пра асабістае, а потым просіць жывыя дэталі гутаркі апусціць. Я іду насустрач, хоць так шкада бывае скарачаць!

* Для мяне сёння галоўныя прыярытэты ў жыцці — гэта любімая работа і сям’я. Калі па шчырасці, то і я вельмі шкадую, што сям’і, дзецям увагі замала аддаваў. Хоць яны часам кажуць: ну ты ж столькі з намі важдаўся! І фільмы ёсць, і здымкаў шмат. Першыя крокі дачкі здымаў, важныя этапы жыцця: першы раз у першы клас і іншыя. Да 16-годдзя Вольгі сабраў фотакадры — яе першы месяц, тры, шэсць, дзевяць, год, і потым па гадах да 16-ці. Важкі атрымаўся альбом-фоталетапіс, дачка (жыве ў Санкт-Пецярбургу, працуе псіхолагам) шануе яго як сямейную рэліквію. А сыну Яўгену да 50-годдзя я цэлую кнігу фатаграфій выдаў: «Высокі поўдзень». Нешта з архіваў маіх, штосьці з іх здымкаў папрасіў: з паездак за мяжу ды іншыя. Цікава атрымалася. Дарэчы, нявестку маю вы бачылі ў зале на вечарыне-прэзентацыі. Добрая дзяўчынка. Я казаў ёй выйсці на сцэну — пасаромелася. Ёсць відэазапіс творчай сустрэчы, паказаў жонцы, дык ёй усё спадабалася. А яна, Святлана Рыгораўна, таксама па адукацыі журналістка, працавала рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Загадчыкам аддзела ў іх быў народны пісьменнік Беларусі Рыгор Барадулін, і дачка Янкі Брыля там працавала. Святлана мая таксама з цікавымі людзьмі сустракалася, рэдагавала Збор твораў Уладзіміра Караткевіча, кнігі Максіма Лужаніна ды іншых аўтараў.

* У мяне ўжо чацвёра ўнукаў: Вользіны дзеці — гэта Мікалай (яму 32 гады, айцішнік, тэсціроўшчык-праграміст) і Кацярына. Яна журналістка па адукацыі, прафесійна займалася парашутным спортам у групавой акрабатыцы, нават была інструктарам па падрыхтоўцы парашутыстаў высокага ўзроўню. А потым ва ўнучкі здарыўся цікавы кульбіт: паступіла на міжнародныя курсы па лініі Масква — Лондан, адвучылася два гады і атрымала эканамічную адукацыю. Цяпер у адной саліднай фірме ў Маскве працуе, ездзіць у розныя краіны. У Яўгена сын Арцём, мой унук, яшчэ вучыцца, атрымлівае адукацыю на стыку эканомікі ды ІТ-тэхналогій. Ён ужо і падпрацоўвае ў фірме бацькі. У Арцёма ёсць сястрычка Ліза: на 15 гадоў за яго маладзейшая. Чароўнае стварэнне! Толькі год ёй, а ўжо гойсае па ўсіх пакоях. Арцём спакойны быў у такім узросце, і крышку флегматычны, прычым гадоў да 10-і ўсё лета са мной праводзіў, пераважна на дачы. Мы з ім гулялі ў розныя гульні, шмат майстравалі. Дарэчы, на аснове гутарак, заняткаў, блізкіх і цёплых зносін з унукам я нават напісаў кнігу «Арцёмкавы канікулы». Усяго ж у мяне выйшла 40 кніг, больш дакументальныя, ёсць і мастацкія. Самыя значныя апошнім часам — гэта, вядома, трохтомнікі «Личности» і «Созидатели», якімі, як ужо казаў, займаўся на працягу 15 гадоў. А паралельна былі таксама іншыя праекты — яшчэ 16 кніг выйшлі, у тым ліку 3 кнігі, прысвечаныя літаратуры і літаратарам. Туды ўвайшлі тэксты, напісаныя пасля гутарак з Аркадзем Куляшовым, Максімам Танкам, Янкам Брылём, разгорнутыя, вялікія эсэ пра Барыса Сачанку, Янку Сіпакова, Генадзя Бураўкіна... Пра апошняга, думаю, больш глыбока і ўсебакова пакуль ніхто і не напісаў.

Гутарылі Іван і Валянціна ЖДАНОВІЧЫ

Фотаздымкі Івана Ждановіча і з архіва Зіновія Прыгодзіча.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.