Вы тут

Рэкардсмен Беларусі па лоўлі шчупака Сяргей Макаўчык пра любоў да эстэтыкі водных глыбінь


Рэкардсмен Беларусі па лоўлі шчупака, прадпрымальнік з Мінска Сяргей Макаўчык чакае не дачакаецца вясны, калі рэкі і азёры «сінявокай» вызваляцца ад лёду. Ён ужо гатовы працягваць свае падводныя вандраванні. У многія з беларускіх вадаёмаў заглыбляўся, але наперадзе яшчэ шмат нязведанага: бо толькі рэк у краіне больш за дваццаць тысяч, і азёраў — звыш дзесяці. Магчыма, у падводных глыбінях Сяргей зноў убачыць «залатых» рыбак, аб якіх так захоплена расказвае.


Праўда, і ў цёплыя зімы, якія ў Беларусі не рэдкасць, і вадаёмы не схоплены лёдам, Сяргей таксама зазірае ў падводны свет. Але сёлета, кажа, ныраў толькі пару разоў: ранняя прыйшла зіма.

Пазнаёміліся мы ў адпачынку ў аграсядзібе «Запаведны востраў», што на Віцебшчыне. Гэта непадалёк ад знакамітага возера Шо, дзе, па вызначэнні беларускіх і расійскіх вучоных, знайшлі геаграфічны Цэнтр Еўропы. На прывабную сямейную пару з дачкой-падлеткам звярнулі ўвагу за вячэрай. Гэтыя трое сядзелі побач з намі за столікам, на якім узвышаўся беласнежны торт са свечкай, і пра нешта весела перагаворваліся. Аказалася, у Марыны, жонкі Сяргея, дзень нараджэння. З гэтай нагоды ён зрабіў ёй падарунак — прагулку на баркасе на востраў Жаданняў, які, дарэчы, быў бачны нам з берага возера Івесь: сталы летняга рэстарана аграсядзібы — проста каля вады. А заадно запрашаліся на баркас усе ахвотныя. Зразумела, мы з радасцю далучыліся.

Ёсць такія харызматычныя людзі, якія ў любой кампаніі прыцягваюць да сябе ўвагу. Чым спадабаўся нам Сяргей? Дужы, энергічны, клапатлівы ў дачыненні да сям’і і паважлівы да навакольных. Нам лёгка было ў тым пераканацца ўжо з першых хвілін падарожжа, што добразычлівасць і адкрытасць — у аснове характару новага знаёмага. А яшчэ, потым прымецілі, у Сяргея і позірк асаблівы — уважлівы, праніклівы, але ў той жа час лёгкі, чалавека не бянтэжыць. Напэўна, меркавалі, седзячы разам дапазна каля вогнішча, у яго якая-небудзь асаблівая прафесія. Ці, можа, вайсковец? Ды не, аджартаваў тады Сяргей, гэта ў мяне ад захаплення падводным плаваннем пільнасць і вастрыня позірку сфарміравалася: «Баброў асцерагаюся! Укусіць могуць...».

Так, гумару яму не займаць. І сёння ўспамінаем, як рассмяшыў ён усю кампанію, якая, выходзячы на астравок, абышлася лёгкім спалохам. Глядзіце, глядзіце, усклікнуў, шчупакі проста каля берага стаяць, а баркас адплывае! Вядома ж, шчупакоў там ніякіх відаць не было, а заякараны баркас натуральна пагойдваўся на вадзе, то злёгку адплываючы ад берага, то да яго набліжаючыся.

А назаўтра сям’я Макаўчыкаў пакідала сядзібу. Ехалі новыя знаёмыя ў Бярэзінскі запаведнік: адпачыць у гасцінічным комплексе «Плаўна» і парыбаліць на возеры. Там, як потым даведаліся, і вяселле Сяргея і Марыны было. Усім бы турыстам, рэкамендаваў Сяргей, трэба ў тых месцах пабываць: прыгажосць адмысловая, а паветра, насычанае пахам хвоі, піць можна.

Аказалася, што маркетолаг Марына — заўзятая рыбачка. Калі на адным месцы ў яе не клюе, то там не затрымліваецца, перабіраецца ў іншае. У «Запаведным», паводле яе слоў, рыба не клявала. Мы, абмяняўшыся кантактамі з Сяргеем, развіталіся. Ну не маглі ж упусціць выпадак пагутарыць з заўзятым падводнікам, рыбаком, ды яшчэ фанатам беларускай воднай стыхіі. А калі звярнуцца да стылю ўзвышанага, то скажам так: гутарылі мы з сапраўдным патрыётам роднай яму Беларусі.

— Сяргей, адкуль у вас такая цяга да падводнага свету? Бачым, як ваш твар мяняецца, проста святлее, калі вы туды ў думках паглыбляецеся...

— Мусіць, з дзяцінства, як і ў многіх. А сур’ёзна я пачаў займацца падводным плаваннем пасля паездкі ў Крым. Пабывалі мы тады ў Рыбачым, Судаку, Ялце... Там я ныраў як аматар. Пасля Чорнага мора набыў якасную маску, трубку, ласты, пазней і гідракасцюм. Сёння ў мяне іх два: для летняга заглыблення і для асенне-зімовага. І спецыяльныя пальчаткі ёсць, і шкарпэткі. Пасля Крыма я пабываў — запрасілі знаёмыя — у Пскоўскай вобласці, у Пушкінскіх мясцінах: на возеры Велле. Вада ў ім — найчысцейшая, нават піць можна. (У інтэрнэце знаходзім: «З другой паловы XX стагоддзя гарадзішча і возера Велле, як і гістарычная частка купецкага сяла, увайшлі ў склад Музея-запаведніка А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае». Як бачым, і сапраўды запаведныя месцы. — Аўт.). Вось там я і ўлюбіўся ў падводны свет. Дазвалялася ў запаведніку апускацца на 20 хвілін. Я так і зрабіў. Калі вярнуўся, не зразумеў, чаму на мяне злуюцца, маўляў, вельмі доўга цябе не было. А час пад вадой ідзе павольней, то-бок ты адчуваеш яго па-іншаму. Што цікава, у Веллі пад вадой я адчуў незвычайную лёгкасць у целе. Боль у спіне, які на сушы непакоіў, зусім прайшоў. Падводны свет мяне ўразіў настолькі, што калі я вярнуўся дадому, то думкі аб заглыбленнях у беларускія азёры неадступна мяне пераследавалі. А потым яны і пайшлі, нашы рэкі ды азёры. І прафесійныя ласты набыў, і маску з прасвятленнем, і гідракасцюм...

— Як бы вызначылі вы сваё хобі?

— Ёсць дайверы, ёсць падводныя паляўнічыя — а я паміж імі: такіх завуць фрыдайверамі. З аквалангам не заглыбляюся, а на затрымцы дыхання. Наколькі затрымаеш, залежыць ад самаадчування, настрою... Бывае — на трыццаць секунд, бывае на мінуту, а то і больш. На сушы спрабуеш затрымаць, надоўга не атрымліваецца, а пад вадой чамусьці лёгка. Прафесіяналы і на тры мінуты затрымліваюць дыханне, і на пяць. У Беларусі ёсць клуб фрыдайвераў «Энергія глыбіні», з некаторымі яго членамі я знаёмы.

Што да дзяцінства, то я, вядома, у бабулі ў вёсцы — Вялікая Быхаўшчына, што ў Нясвіжскім раёне — плаваў у рацэ Лань. Там жа і рыбу на вуду лавіў: печкуроў, акунёў, карасёў. Сёння туды езджу, але рыбу не лаўлю, а ныраю. Празрыстасць вады ў Лані гады чатыры таму была высокая, цяпер стала меншая. Вы ж ведаеце, прычыны могуць быць самыя розныя. За станам рэк назіраюць, як вядома, беларускія навукоўцы, бо вада — гэта рэсурс стратэгічны. Далёка не ўсе краіны, нават самыя развітыя, ім валодаюць. Здаецца, усяго толькі пятай частцы дзяржаў на Зямлі пашанцавала з чыстымі вадаёмамі. Я ганаруся тым, што «сінявокая» Беларусь — у іх ліку.

— Ваша жонка Марына, вы казалі, заўзятая рыбачка?

— Так, і дачка Насця таксама. Гэта штосьці неверагоднае. Захапленне жонцы перадалося яшчэ ад яе бацькі, ён быў прафесійны рыбак. Я карыстаюся толькі спінінгам, Марына — паплавочніца: ловіць рыбу на вуду з паплаўком. Дзякуючы Марыне мы заўсёды з рыбай. А Насця ў мяне пайшла: ёй спінінг падавай.

— На якіх азёрах Беларусі вы пабывалі, і што вас там уразіла?

— Нашы азёры настолькі розныя, і іх, як вы ведаеце, так шмат, што і пералічыць немагчыма. Уражвае, перш за ўсё, чысціня і празрыстасць вады. Узяць хоць бы возера Палазер’е ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Чым бліжэй да зімы, тым яно чысцейшае — а так і ў іншых азёрах. Узімку, калі зазірнуць у рыбацкую лунку, можна нават метраў з пяці разгледзець найпрыгажэйшае дно. Яно бывае розным: глейкім, пясчаным і камяністым, як, напрыклад, у возера Чарнова — гэта Віцебшчына, Гарадоцкі раён. Я ў яго яшчэ не заглыбляўся, але бачыў на дне, а глыбіня там 4-5 метраў, валуны і камяні. Дзіўнае і Міхайлаўскае вадасховішча ў Пухавіцкім раёне, кіламетры за тры ад Мар’інай Горкі. Там высокая празрыстасць вады, і бачыў я там цікавыя экземпляры рыб, пад вадой яны проста казачныя.

— Дык можа і «залатую» рыбку там бачылі?

— Не, пакуль не сустракаў. А вось на Палачанскіх разлівах даводзілася любавацца залатым карасём. (Палачанскі кар’ер, або Палачанскія разлівы — у раёне былых торфараспрацовак, у пойменнай зоне ракі Заходняй Бярэзіны, кіламетраў за 16 на паўднёвы захад ад Маладзечна. — Аўт.). Карась там незвычайны, круглы як талерка, зіхаціць золатам. За ім падоўгу назіраць можна. Зачароўвае! Адразу пушкінскую казку пра рыбака і рыбку ўспамінаеш. Таксама здзіўляе празрыстасцю і колькасцю рыбы возера Мядзельскае — на поўнач ад горада Мядзел, і гэта трэці па велічыні вадаём Нацыянальнага парку «Нарачанскі». У ім водзяцца вугры, вялізныя краснапёркі. А вугры, дарэчы, у Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу. Калі там заглыбляўся, то бачыў адначасова штук восем шчупакоў — проста на дне. Уражальнае відовішча. Стаяць сабе як слупкі, адзін аднаму не перашкаджаюць.

— Зімовы падводны свет адрозніваецца ад летняга?

— Напэўна, так. Празрыстасцю, як ужо сказаў, выразнымі абрысамі, вельмі яркімі фарбамі. Узімку менш расліннасці, а ў празрыстай вадзе па-сапраўднаму адкрываецца прыгажосць некаторых відаў рыбы, у прыватнасці, акуня і шчупака. На сушы рыба выглядае зусім па-іншаму: бледная і не так зіхаціць.

— А вам даводзілася лавіць вялікіх шчупакоў? Кажуць, у Беларусі вялікія шчупакі — рэдкасць...

— Нават шчупак вагой каля 8 кг у Беларусі лічыцца вялікім. Але мне пашчасціла злавіць гэтага драпежніка вагой каля 15 кг. Калі быць дакладным, то важыла тая рыбіна, шчупака яшчэ называюць каралевай рыб, 14 кг 600 г. Я злавіў яе на Бярэзіне восенню 2011 года. Не памятаю, каму тады сказаў пра свой поспех. Пасля таго мне сталі тэлефанаваць з розных выданняў... Пісалі пра мяне. Вядома ж, скажу без ілжывай сціпласці, я вельмі радаваўся. Бо шчупака злавіў рэкорднага, і рэкорд быў зафіксаваны. У свеце вылаўленыя гіганцкія шчупакі пастаянна фіксуюцца, у тым ліку і ў Кнізе рэкордаў Гінеса. Шмат пра шчупака і легенд, і многія ведаюць рускую народную казку «Па шчупаковым загадзе», у якой гэтай рыбе прыпісваюцца цудоўныя здольнасці.

— А больш буйная рыба іншага віду вам траплялася?

— Бачыў я такую рыбу: таўсталобік вагой 52 кг. Яго прамыслоўцы даставалі з вадаёма пры горадзе Новалукомлі. Заўважу, што па законе ў Беларусі можна паляваць на рыб пад вадой у светлую пару сутак у дазволеных вадаёмах — а такіх няшмат у краіне. Аднойчы мне пашанцавала з таўсталобікам. Важыў ён 41 кг. Дарэчы, ёсць нормы лоўлі — як для падводных паляўнічых, так і для рыбакоў. Лічу, што ў пытаннях падводнага палявання і рыбнай лоўлі вельмі важны маральна-этычны момант. І я не вялікі аматар падводнага палявання. Мая стыхія — заглыбленне ў падводны свет, я ім любуюся, там рэлаксую. На сушу выходжу, як новенькі, нейкім прасветленым. Нешта містычнае ёсць у гэтым падводным свеце.

— У «Запаведным востраве», памятаецца, вы сказалі ці пажартавалі наконт баброў у вадзе, якія могуць пакусаць. А ці сутыкаліся вы з такой небяспекай падчас нырання?

— У мяне ёсць такі прынцып: я не заглыбляюся ў ваду, калі не бачу дна. Там, у цемры могуць быць карчакі, арматура, вострыя прадметы, кінутыя сеткі. Не сакрэт, часам гінуць дайверы, падводныя паляўнічыя... Прычыны розныя: зачапіўся за корч, не змог своечасова вызваліцца з сеткі, якую не заўсёды ўбачыш... Што і казаць, трагічныя факты. У любога падводніка вісіць на камізэльцы з грузамі адзін нож, другі — на назе. Мне даводзілася бачыць, як падводнікі даставалі з вады сеткі, рэзалі іх і спальвалі. Я захапляюся такімі людзьмі, заву іх санітарамі вадаёмаў. Ёсць у мяне яшчэ адзін страх пад вадой: бабры. Я нездарма пра іх казаў вам у «Запаведным востраве». Яны, відаць, мяне любяць. У сваёй стыхіі, нягледзячы на тое, што вага іх значна меншая за маю, могуць так зачапіць, што мала не будзе. Бабры ў вадзе вельмі выкрутлівыя, хуткія. Аднойчы на Бярэзіне я заглыбляўся разам з двума таварышамі. Апускаюся ў ваду — і чую ўсплёскі. Дарэчы, усплеск ласт фрыдайвера падобны да ўсплеска, што бывае ад хваста бабра. А час быў змрочны, я з ліхтаром. Раптам бачу, як ён, бабёр, на мяне ляціць, як тарпеда. Гляджу, а побач яшчэ двое. Як хутка я тады на бераг выскачыў ад страху — сам дзіўлюся! Магчыма, у іх тады шлюбныя гульні былі, ці я блізка да іх «хаткі» падплыў. На адлегласць выцягнутай рукі бабры да мяне разы тры набліжаліся, мне ўдавалася ад іх уцячы. Праўда, кажуць, яны толькі на сушы на людзей нападаюць. Але на ўсякі выпадак у той дзень, калі ўбачу бабра, хоць я і не прымхлівы, не заглыбляюся. Тэхніку бяспекі пад вадой трэба старанна выконваць. Там дапамагчы няма каму.

— А ці бачылі пад вадой якіх-небудзь незнаёмых «пачвар»?

— Пачвар не сустракаў, а вось змей там бачыць даводзілася.

— Артэфакты ўдавалася знаходзіць?

— Не даводзілася. Бачыў затопленыя лодкі. На дне на сярэдзіне ракі Бярэзіны неяк знайшоў стары прас. Такім нашы бабулі прасавалі, унутр корпуса клалі распаленае вуголле. Магчыма, рыбакі яго выкарыстоўвалі нібы якар. Манеты старыя знаходзіў. А мой таварыш па заглыбленнях неяк у Свіслачы пісталет ваенных гадоў знайшоў.

«На ўсякі выпадак у той дзень, калі ўбачу бабра, хоць я і не прымхлівы, не заглыбляюся. Тэхніку бяспекі пад вадой трэба старанна выконваць. Там дапамагчы няма каму».

— А што з вылаўленай рыбы вы з Марынай гатуеце?

— Смажым, юшку варым, запякаем у духоўцы з гароднінай... Галоўная па гатаванні рыбы — Марына. Я злавіў неяк на Прыпяці жэраха. Гэта рыба-драпежнік. Смачная, мясістая — не перадаць!

— Хто-небудзь — скажам, уладальнікі аграсядзіб — карыстаюцца вашымі паслугамі?

— Неяк мяне запрашаў уладальнік аграсядзібы зрабіць падводную здымку рознай рыбы, якую ён разводзіў у вадаёме. Але не выйшла: вада была каламутнай, потым тая аграсядзіба закрылася.

— У вас усе ў сям’і — рыбакі. Дзе лічыце за лепшае рыбаліць?

— Ну вы ж ведаеце па «Запаведным востраве»: Марына любіць рыбаліць там, дзе клюе. (Смяемся.) Знайшлі такое «клёвае месца» пад Мар’інай Горкай — каму ахвота, пагугліце. Уваход на тэрыторыю платны, ёсць розныя забаўкі, можна і парыбаліць. І за вылаўленую рыбу трэба заплаціць, а выпускаць назад здабычу нельга, інакш будзе штраф. Мы неяк бачылі, як рыбак выцягнуў вялізнага асятра, кілаграмаў пад дзевяць. У хлопца рукі трэсліся ад радасці, хоць ён быў збянтэжаны: рыба ж дарагая. Купіў яе ўсё ж. І жонцы маёй рыбалка там падабаецца: асятры ў яе актыўна клююць. Дачка таксама ў захапленні. Мяне туды прасілі прыехаць паныраць пасля таго, як уладкавалі стронгавую сажалку і, як гаворыцца, штосьці пайшло не так. Я паныраў, паглядзеў. Дно ў сажалцы выслалі плёнкай, а пад яе салому паклалі. Салома гніе, у выніку гніення ўтвараюцца газы. Стаіш на беразе — і бачыш: з вады з’яўляецца шар. Цяпер там усё выправілі.

«Мне пашчасціла злавіць гэтага шчупака вагой каля 15 кг. Я злавіў яго ў Бярэзіне восенню 2011 года. Рэкорд быў зафіксаваны».

— Вы, вядома ж, чулі пра скарбы Напалеона, нібыта з часоў вайны 1812 года пахаваныя ці то ў зямлі, ці то ў вадаёмах Беларусі. Вам хацелася б нешта з іх знайсці?

— Такой мэты перад сабой не ставіў. А вось у тое, што Напалеон пры адступленні загадаў затапіць багатыя трафеі, захопленыя ў маскоўскім Крамлі, у гэта веру. Чытаў і пра тое, што іх французам удалося ў лістападзе 1812 года пераправіць на правы бераг ракі Бярэзіны. А далей сляды скарбаў губляюцца. Вядома, што пасля бітвы на Бярэзіне на Захад адправіўся толькі асабісты абоз Напалеона. Гісторыкі ўпэўнены, што маскоўскія рэліквіі былі схаваныя недзе ў тых мясцінах. Але вось што скажу: рэкі раўнінныя з часам сваё рэчышча зменьваюць. А прайшло ўжо з таго часу больш за 200 гадоў. Бярэзіна не выключэнне. Там, дзе была раней глыбіня, можа з’явіцца водмель. Так што і скарбы, нават калі яны былі прыхаваны ў Бярэзіне, ужо недзе ў іншым месцы. Што і казаць, у адну ваду не ўвайсці двойчы...

— Які любімы ваш вадаём?

— Усё-такі Лань. Адна ж назва чаго вартая! Услухайцеся, што за музыка — Лань!

— Ды вы проста паэт, Сяргей! Вам бы казкі пісаць пра рыбакоў і рыбак. І аб падводным свеце. Не задумваліся аб гэтым?

— Можа, і напішу з часам. Вось мы ўспомнілі Лань... Маленькая рэчка, на якой я, паўтаруся, вырас. Калісьці была шырокая, пра што расказваў мне бацька. У час вайны каля яе стаялі ў лясах партызаны — пра тое і кнігі ёсць, я чытаў. У вёсцы Лань рака бярэ пачатак: там б’е крыніца. А шырокая яна сёння ўніз па цячэнні, на мяжы Мінскай і Брэсцкай абласцей, там Лань упадае ў возера Лактышы. Так называецца і вёска ў Ганцавіцкім раёне, і буйная рыбаводчая гаспадарка. Я ў тыя месцы часта езджу і ад душы ныраю. Бачу часам такія вялізныя чароды рыб! Яны, відаць, з возера ўверх па рацэ заходзяць. Прыгожыя ўсе! Пячкур, акунь, краснапёрка, шчупак, плотка, лешч... Нядаўна ўбачыў, што ў Лані водзяцца і сазан, і сом, дык яшчэ больш сваёй рэчкай заганарыўся. Гэта ж такое багацце ў нас, у Беларусі!

«Не ўсё ў свеце зводзіцца да ежы і прыбытку! Для мяне вельмі важна мець мір, радасць, любоў, цішыню ў душы. Так улагоджана я іду „у гэты свет“ заглыблення. Я стараюся захаваць узвышаны стан на зямлі, дзялюся ім з роднымі. І дзве мае залатыя рыбкі — жонка і дачка — удзячныя мне. Яны заўзятыя рыбачкі. Я шчаслівы, што яны трапілі ў маю сетку».

— А залатую рыбку, не карася, аб якім расказвалі, у Лані бачылі?

— Ды ўсіх рыб можна залатымі назваць! Я ўжо казаў, што пад вадой яны ўсе маюць асаблівыя колеры, як і падводная расліннасць. Ніводны здымак не перадае прыгажосці: фарбы пад вадой адрозніваюцца ад тых, якія над вадой. Чарот у вадзе — гэта нешта мудрагелістае, аер таксама. Глядзіш на падводны свет — і такой удзячнасцю напаўняешся да матухны-прыроды за тое, што стварыла такую прыгажосць. Так, рыбы — гэта, вядома, і наш пражытак. Але не ўсё ж у свеце да ежы і выгады зводзіцца! Для мяне вельмі важна, каб у душы былі спакой, радасць, любоў, цішыня. Такім улагоджаным я выходжу «ў гэты свет» пасля заглыблення. Узвышаны стан імкнуся захоўваць на сушы, дзялюся ім з роднымі людзьмі. А дзве мае залатыя рыбкі — жонка і дачка — мне ўдзячныя.

— А не хацелася б вам пабываць у Егіпце, скажам, у Blue Hole? Там, кажуць, ёсць культавае месца для дайвераў і фрыдайвераў — варонка ў карале глыбінёй каля 130 метраў.

— Ды я ж не спартсмен, і рэкорды па заглыбленні ўстанаўліваць не збіраюся. Ды і ў Беларусі столькі ўнікальных вадаёмаў. А што датычыцца глыбінь... Самае глыбокае ў нас — возера Доўгае пад Мёрамі, на Віцебшчыне, яно злучана пратокамі з азёрамі Шо і Свядава. У Доўгім адлегласць да дна ад паверхні — каля 54 метраў... Так што падводны свет азёр і рэк Беларусі можна даследаваць і спазнаваць бясконца.

Гутарылі Валянціна і Іван ЖДАНОВІЧЫ

Фота з архіва сям’і Макаўчыкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».