Вы тут

Калядная казка ў Оперным: прэм’ера «Гісторыі Кая і Герды»


Гэта опера называецца «Гісторыя Кая і Герды» — і гэта прынцыповае рашэнне стваральнікаў: кампазітара Сяргея Баневіча і аўтара лібрэта Таццяны Калінінай. Сапраўды, ёсць нюанс, які адрознівае музычны твор ад казкі Андэрсена, якая лягла ў аснову. Аднак у ім у тым ліку ключык да таго, каб пастаноўка была цікавая гледачам розных узростаў. Маленькія дзеткі паглядзяць казку са злой каралевай і разбойнікамі, падлеткаў павінна зацікавіць гісторыя першага кахання (пра што нас папярэджваюць напачатку ў арыі Ліхтаршчыка), увагу дарослых можа прыцягнуць магчымасць узгадаць чыстыя і шчырыя эмоцыі, як у дзяцінстве. Між іншым, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Ганна Маторная сама натхнілася гэтай операй з таго самага моманту, як пачула яе ўпершыню. А было гэта ў 1990-я гады, калі спектакль ішоў у Музычным тэатры. Паставіў яго рэжысёр Юрый Аляксандраў, аўтар мастацкага афармлення Вячаслаў Окунеў. Тады яе ўразіла незвычайная гукавая прастора, якую аказалася немагчыма забыць. У 1990-я такая музыка здавалася сучаснай, а сёння шмат якія музычныя хады ўжо з’яўляюцца класікай. І ў гэтым таксама адметнасць твора, якую пастановачная група Вялікага тэатра Беларусі збіраецца падмацаваць іншымі сродкамі. 


— Опера «Гісторыя Кая і Герды» — цудоўная казка, якая пашырае ўяўленне пра свет, у ёй яднаюцца ўсе чалавечыя ісціны, — тлумачыць галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Ганна Маторная. — Таму наша задача — злучыць ідэі і лепшыя эмоцыі, якія яна можа нарадзіць. Усе самыя незвычайныя ўражанні, якія могуць быць у дзіцяці пры сустрэчы з выяўленчымі сродкамі опернага тэатра, мне здаецца, утрымлівае гэта опера. Казка Андэрсена, па-сутнасці, не разлічана выключна на дзяцей, яна вельмі трапяткая і ўзнёслая, блізкая да прыпавесці. А ў оперным творы надзвычай акуратна яднаюцца традыцыі Вялікага тэатра і тонкія камерныя інтанацыі. У оперы Сяргея Баневіча прадстаўлена ўся палітра галасоў, уся палітра выяўленчых сродкаў — не толькі салісты, але і балет, і хор, і маштабная сцэнаграфія. Гэты спектакль у Вялікім тэатры не можа быць маленькім. Таму што дзякуючы сродкам Вялікага казка перарастае ў гісторыю кахання, барацьбы чалавека за сваю душу і выхавання ўнутранай веры. Яна паказвае, што самаахвярнасць і любоў чалавека — каштоўныя рэчы. У гэтай казцы заяўлена важная ідэя: у кожнага чалавека павінен быць дом. Ён павінен быць цёплым, там павінны жыць цудоўныя, добрыя і сумленныя людзі. Гэтыя людзі здольныя дзяліцца сваім цяплом. Калі на ўзроўні асобнага маленькага дома — сям’і — будуць захоўвацца галоўныя ісціны, то яны тады размяркуюцца на ўвесь свет.

На мой погляд, гэты спектакль павінен быць у афішы Опернага тэатра  яшчэ і дзеля таго, каб выхоўваць любоў да оперы з маленства. Бо сямейная опера — гэта па-сутнасці музычны спектакль, у якім кожны эпізод і вобраз павінен быць яскравым і прыцягальным для гледачоў розных узроставых катэгорый. 

— Я лічу, што музыка напісана геніяльна. Выдатная палітра, гарманічная музычная мова — зразумелая і даступная, — адзначае Юрый Караваеў, дырыжор-пастаноўшчык. — Я прашу музыкантаў аркестра, каб яны ігралі асабліва экспрэсіўна ўсе тэмы, якія тычацца кахання. Фактура няпростая, але опера напісана проста — там ёсць чысціня і шчырасць. Тое, што для нас натуральна ў дзяцінстве, у дарослым жыцці, на жаль, становіцца не такім відавочным. 

Магчыма, казка дапаможа даросламу вярнуцца ў дзяцінства, закране глыбінныя струны душы, якія дазволяць узгадаць, што такое сапраўднае шчасце і сапраўдная любоў, здольная адрадзіць тое, што павінна жыць. 

У мастакоў, якія працавалі над спектаклем, задача была складаная, таму што трэба было стварыць некалькі светаў — утульны гарадскі, лясны з разбойнікамі, свет Снежнай каралевы… Мастачка Вольга Мельнік-Малахава лічыць, што гэтая казка — удзячны матэрыял для працы менавіта таму, што падчас падарожжа Герды адбываецца перамена месцаў, і трэба прадумаць, каб быў кантраст паміж сярэднявечным горадам, лесам, ледзяным палацам. Дэталі яны прадумвалі разам з Андрэем Меранковым. Касцюмы Таццяны Лісавенка ўяўляюць сабой гістарычную стылізацыю. А відэакантэнт з’яўляецца часткай светлавой фантазійнай партытуры. Усё зроблена дзеля таго, каб трымаць увагу тэатральнымі сродкамі, бо спектакль, па-сутнасці, канкурэнт тэлевізару. Асноўныя ў гэтай дзеі — безумоўна, артысты. Сярод іх — зоркі беларускага Вялікага тэатра. Напрыклад, партыю Снежнай каралевы будзе выконваць заслужаная артыстка Беларусі Аксана Волкава: 

— Кампазітар напісаў малавата для Каралевы — усяго чатыры эпізоды. І таму ў выканаўцы партыі ўзнікаюць складанасці: я лічу, што Каралева ў гэтым спектаклі — адзінае ўвасабленне зла. А ўсе астатнія персанажы, нават са світы — вельмі мілыя. Тролі, разбойнікі — смешныя і сімпатычныя. Атрымліваецца, што Каралева павінна адказваць за кантраст, і гэта вельмі складана. Ад яе павінна сыходзіць адпаведная энергетыка. Быць Каралевай вельмі складана, бо трэба данесці ідэю сусветнага зла, якое павінна быць пераможана. 

Заслужанаму артысту Беларусі Станіславу Трыфанаву даручылі ролю... Атаманшы. Так, партыя заяўлена кампазітарам для мужчынскага голасу. Насамрэч традыцыя оперы ў тым, каб умоўнасці, звязаныя з персанажамі, абазначаць голасам. Для выканання гэтай партыі Станіслаў Трыфанаў нават апране сукенку... Але ён задаволены, бо нарэшце ў спектаклі яму нікога не давядзецца забіваць: 

— У нас высакародныя разбойнікі, таму я магу адасобіцца ад амплуа вечнага злодзея на сцэне. Насамрэч нам цікава іграць у дзіцячых спектаклях, таму што гэта магчымасць крыху пахуліганіць. 

А вось Віктару Мендзелеву, выканаўцу ролі Кая, наогул давялося весці назіранні за ўласнымі дзецьмі. Артыст крыўляўся ля люстэрка, каб знайсці патрэбныя рухі і міміку... Усё дзеля таго, каб гледачы паверылі, што Мендзелеву 14 гадоў. 

— Музыка выяўленчая, яна абазначае характар, дапамагае тэмбральна афарбаваць пэўныя эпізоды, — адзначае Віктар. — У выніку адбываецца метамарфоза, ідзе пастаяннае развіццё характару героя. 

А вось Настасся Міхнавец падобная на сапраўдную Герду і ў жыцці. Гэта першы сезон артысткі ў тэатры, і яна ўдзячная калегам за цёплы прыём, гатовая працаваць з максімальнай аддачай. Прызнаецца:

— Я вельмі арганічна адчуваю сябе ў гэтай партыі. Герда — увасабленне самога жыцця цягам усяго спектакля. Спачатку мы бачым баязлівую дзяўчынку. Але, пераадолеўшы вялікі шлях у пошуках дарагога чалавека, яна становіцца смелай і моцнай. Дзяўчына, якая кахае і гатовая на ахвярнасць дзеля таго, каб уратаваць іншага. 

Асаблівасць гэтай пастаноўкі ў Вялікім тэатры Беларусі абумоўлена тым, што яна ствараецца ў 2022 годзе, калі ўжо ёсць вялікая колькасць Каяў і Герд, увасобленых у розных тэатрах і кінафільмах.  Гэта будзе сучасны спектакль з артыстамі, якія спяваюць жывымі галасамі, і ў той жа час з умоўнымі дэкарацыямі, традыцыйнымі для казкі. І з элементарнымі цудамі, якія здараюцца літаральна на вачах з высакародным аленем, з кінетычнай лятаючай савой... Стваральнікі бачылі сваю задачу ў тым, каб прыцягнуць усе магчымасці мастацтва, асабліва опернага, для таго, каб чалавек, які, магчыма, прыйшоў у тэатр упершыню, палюбіў яго на ўсё жыццё. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота: bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».