07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


А прафесар Шаршуноў пасля Мінсельсгасхарча працаваў намеснікам старшыні ВАКа, а ў 2003 годзе зноў вярнуўся ў звыклае для сябе асяроддзе — узначаліў Магілёўскі ўніверсітэт харчавання (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадуктовых і хімічных тэхналогій, БДУТ). Гэтая ВНУ была адкрыта ў Магілёве ў сувязі з вострай неабходнасцю ў хіміках-тэхнолагах перш за ўсё для велізарнага вытворчага аб’яднання «Хімвалакно». Яго пачатковай асновай стаў тэхналагічны факультэт Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута, дзе ўжо была пачата падрыхтоўка па спецыяльнасцях «Тэхналогіі хімічных валокнаў». «Машыны і апараты харчовых вытворчасцяў», але з часам у новай ВНУ быў адкрыты яшчэ шэраг новых не толькі для ВНУ Магілёўшчыны, але і ўвогуле для вышэйшай адукацыі краіны спецыяльнасцяў: «Тэхналогія кансервавання», «Тэхналогія брадзільных вытворчасцяў», «Тэхналогія малочных прадуктаў», «Тэхналогія хлебапякарства і кандыдатарскай вытворчасці», «Тэхналогія грамадскага харчавання», «Халадзільныя і кампрэсарныя машыны і абсталяванне». Першыя кіраўнікі маладой ВНУ сутыкнуліся з каласальнымі цяжкасцямі пры забеспячэнні вучэбнага працэса неабходным лабараторным абсталяваннем, хімічнымі рэактывамі, падручнікамі, але асноўная праблема была ў недахопе кваліфікаваных кадраў. Іх давялося шукаць па ўсім Савецкім Саюзе, таму яны з цяжкасцю «прыціраліся» адзін да аднаго, і першым кіраўнікам інстытута давялося патраціць нямала намаганняў на фарміраванне здаровага творчага калектыву. Пра першых рэктараў гэтай ВНУ я толькі чуў. Спачатку на гэтай пасадзе быў кандыдат тэхнічных навук, дацэнт В. Я. Міхалап (дэкан таго тэхналагічнага факультэта ў «машынцы»), пасля — кандыдат хімічных навук, дацэнт А. Г. Бясчаснаў. Я іх не ведаў, але пра цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца пры развіцці інстытута, быў начуты, таму што туды перайшлі на працу некаторыя выкладчыкі з нашага педінстытута. А вось з рэктарам, доктарам хімічных навук, прафесарам Алегам Георгіевічам Палячэнкам быў знаёмы асабіста. Праўда, болей з яго жонкай, кандыдатам хімічных навук, дацэнтам Лідзіей Дзмітрыеўнай Палячанок, паколькі яна загадвала кафедрай на нашым біялагічным факультэце. Выхаванцы Ленінградскага ўніверсітэта, высакакласныя вучоныя і педагогі, яны былі прыкметнай парай у гарадскім асяроддзі выкладчыкаў ВНУ. Характарам знешне адрозніваліся: заўсёды адкрытая да стасункаў, са смяшынкамі ў вачах Лідзія Дзмітрыеўна і знешне строгі, маўклівы Алег Георгіевіч. Аматары пешых прагулак у ваколіцах Магілёва. Гэтыя ленінградцы расказалі мне пра мой горад болей, чым карэнныя магіляўчане.


Алег Георгіевіч рэктарстваваў з 1979 да 1988 года, але мне заўсёды здавалася, што навуковая праца яго прыцягвае болей, чым адміністрацыйная. Змяніў яго доктар тэхнічных навук, прафесар А. А. Грычэнка, але і ў тыя часіны я быў далёкі ад працэсаў, якія адбываліся ў тэхналагічным інстытуце, таму яго кіраўнікоў асабіста не ведаў. А вось ужо з рэктарам, кандыдатам тэхнічных навук, прафесарам Яўгенам Іванавічам Чыжыкам я сябраваў. На гэтую пасаду ён прыйшоў у 1992 годзе з машынабудаўнічага інстытута, які ў свой час закончыў, там і выкладаў, працаваў дэканам і прарэктарам. Побач з Яўгенам Іванавічам мне было паўсюль камфортна.

Аднойчы я як прарэктар педінстытута прыехаў у «машынку» па службовых справах, да свайго калегі Чыжыка. А яны тады адрамантавалі лабараторны корпус, які размяшчаўся ў будынку унутранай турмы НКУС. Справа ў тым, што ў трыццатыя гады з-за блізкасці заходняй граніцы да Мінска, усяго ж сто кіламетраў, сталіцу Беларусі было вырашана перанесці ў Магілёў, і яго пачалі забудоўваць адпаведна. На галоўнай плошчы ўзвялі Дом урада, па баках ад яго — прыгожыя жылыя дамы для высокіх чыноўнікаў, а насупраць — манументальны будынак НКУС з турмою ва ўнутраным двары. У 1939 годзе да нас вярнуліся нашы заходнія рэгіёны, граніца ад Мінска адсунулася, і неабходнасць пераносу сталіцы адпала. Будынак НКУС аддалі пад вучэбны корпус машынабудаўнічага інстытута, а ў турме з часам абсталявалі навуковыя і вучэбныя лабараторыі. Вось прарэктар Чыжык і павёў мяне па гэтых вузкіх і доўгіх калідорах і пераходах. Ці то ад гісторыі гэтага будынка, ці то ад яго планіроўкі, але я паступова губляў цікавасць да лабараторнага абсталявання і запанікаваў. Папрасіў Яўгена Іванавіча закончыць прагляд і вывесці мяне да выхада. Сам бы я з гэтых лабірынтаў выйсці ўжо не змог бы.

Яшчэ болей я зблізіўся з Чыжыкам, калі сам стаў рэктарам. Яўген Іванавіч да гэтага часу ўжо меў немалы вопыт кіравання ВНУ і шчыра са мною дзяліўся падыходамі ў рабоце з прафесарска-выкладчыцкім складам, арганізацыі вучэбнага працэсу, фінансавай дзейнасці. Неяк натуральна атрымлівалася, што ў дзвюх дзённых і большых камандзіроўках мы з ім засяляліся ў адзін гасцінічны нумар. І гэта суседства было для мяне выгадным не толькі з пункту гледжання стасункаў з вельмі цікавым суразмоўцам, але і з эканамічных пазіцый. Спецыялісты ў галіне грамадскага харчавання яго ўніверсітэта стараліся ўкамплектаваць свайго рэктара ў дарогу па ўсіх правілах кулінарнага мастацтва. У яго з сабою заўсёды быў велізарны баул, шчыльна, але акуратна запоўнены ўсялякім смакоццем. Мы з Яўгенам Іванавічам не хадзілі ні ў якія кавярні і рэстараны, толькі вечарам набывалі бутэлечку віна, і нашы размовы станавіліся ўсё цікавейшымі і цікавейшымі. Рэктарам, ВНУ якіх да ўсяго астатняга знаходзяцца ў адным горадзе, заўсёды ёсць пра што пагутарыць. Усе мае калегі гэта добра ведаюць.

Яўген Іванавіч быў адкрытым, даступным для ўсіх кіраўнікоў і вельмі добрым чалавекам. Аднойчы едзем з ім у яго службовай машыне з Мінска ў Магілёў. Бачу, што кіроўца небяспечна ідзе на абгон. Паказваю гэта рэктару. Яўген Іванавіч гаворыць:

— Я заўважыў, што ён увогуле дрэнна адчувае на дарозе дыстанцыю паміж машынамі.

— Дык гэта для ўсіх можа дрэнна закончыцца. Змяніце вадзіцеля!

— Разумею, але чалавек ён увогуле старанны, добры. Таму і маруджу з рашэннем...

У 2003 годзе прафесар Чыжык перадаў сваю пасаду прафесару Шаршунову, сам вярнуўся ў родную сваю «машынку» прафесарам.

З Вячаславам Аляксеевічам Шаршуновым я паспеў пазнаёміцца яшчэ як рэктар Магілёўскага ўніверсітэта, але блізкімі паплечнікамі і сябрамі мы сталі пасля таго, як я перайшоў на працу ў міністэрства. Ён прыцягваў да сябе як вопытны палітык, шматпланавы вучоны, мудры рэктар і сумленны чалавек. Вячаслаў Аляксеевіч шмат працаваў, і мне было прыемна з яго рук атрымліваць манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі па механізацыі сельскай гаспадаркі, расповеды пра гісторыю яго сям’і. У ім заўсёды адчуваўся, з аднаго боку, вучоны-аналітык, а з другога — настаўнік, прафесійны педагог. Здавалася б, як намеснік старшыні ВАКа ён абавязаны быў кантраляваць працэс падрыхтоўкі і абароны дысертацыйных прац, але як вучоны і педагог ён дасканала яго вывучыў і для саіскальнікаў надрукаваў кнігу-параду «Як падрыхтаваць і абараніць дысертацыю».

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 31 снежня

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.