Вы тут

Сонца, вітаміны і добрая генетыка. Што ўплывае на наш тэмперамент?


Як наш тэмперамент уплывае на выбар партнёра? Ад чаго залежыць сексуальны апетыт і ці можна яго палепшыць? І як на яго ўплываюць сонца, наш рацыён і генетыка? Чаму высокая сексуальнасць вабіць і мужчын, і жанчын? З чым звязаны крызіс сярэдняга ўзросту? Ці важная палавая канстытуцыя для стварэння сям'і? Пра гэта і іншае размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.


Фота Яўгена Пясецкага

— Доктар Гумен, якую ролю ў нашым жыцці адыгрывае тэмперамент?

— Ёсць такое паняцце, як палавая канстытуцыя, што сведчыць аб большай ці меншай актыўнасці ў сексуальным жыцці — як мужчын, так і жанчын. Чаму прадстаўнікі абодвух полаў звяртаюць на гэта ўвагу? Секс патрэбны для прадаўжэння роду — і людзям, і жывёлам. Але лічыцца, што чалавек, дэльфіны, а таксама некаторыя віды прыматаў займаюцца сексам не толькі для прадаўжэння роду, але і для задавальнення. Для чалавека гэта адна з разнавіднасцяў прыемных адчуванняў.

У многіх жывёл ёсць шлюбны сезон: самец спакушае самку, дэманструючы больш прывабныя рогі, пер'е ці шэрсць, перамагае саперніка ў паядынку. А ў астатні час палавой актыўнасці амаль няма. У чалавека не так: ён можа круглы год займацца сексам. Праўда, у залежнасці ад пары года можа быць больш ці менш актыўным.

Сексуальны мужчына дае жанчыне тое задавальненне, якое ёй трэба. Для мужчыны тэмпераментная жанчына таксама лепш: з ёю лягчэй уступаць у палавы кантакт, чым з халоднай. Так што высокая сексуальнасць прыцягвае.

— Для каго ўсё ж больш важна, каб партнёр быў тэмпераментны — мужчын ці жанчын?

— Так нельга ставіць пытанне. Усё залежыць ад палавой канстытуцыі абодвух полаў. Калі ў жанчыны палавая канстытуцыя дастаткова слабая, а ў мужчыны моцная, то для яе гэта не падарунак. Калі, наадварот, у жанчыны моцная, а ў мужчыны — не, то ёй можа захацецца шукаць на баку тое, чаго не хапае. Таму самае галоўнае, каб палавыя канстытуцыі супадалі і партнёры адпавядалі патрабаванням адно аднога, а не так, што адзін пастаянна хоча, а іншы ўвесь час не можа.

З боку мужчыны ёсць і псіхалагічны фактар: калі ён адчувае, што жанчына з ім атрымлівае задавальненне, то яна для мужчыны больш прывабная, чым жанчына, якая будзе ляжаць у ложку з думкай, ці не прыйшоў час пабяліць столь. Для цяжарнасці гэта не адыгрывае ролі, а вось для атрымання задавальнення вельмі важна.

— Ад чаго залежыць палавая канстытуцыя мужчын і жанчын?

— Пакуль вядома некалькі фактараў, магчыма, у будучыні з'явяцца і новыя даныя. Асноўны — генетычны, які абумоўлівае гіперсексуальнасць мужчын і жанчын. А таксама харчаванне і тое, у якой паласе зямнога шара чалавек жыве. Генетычны фактар, мяркую, тлумачыць не трэба, ёсць мужчыны генетычна больш моцныя, ёсць — менш моцныя. Тое самае і ў жанчын. Жаночая халоднасць, яшчэ яе называюць фрыгіднасць, дарэчы, не так моцна заўважная, яе можна хаваць. У мужчыны гэтак не атрымаецца.

У тых шыротах, дзе больш сонца, свежых фруктаў, мужчыны і жанчыны больш тэмпераментныя, маюць больш моцную палавую канстытуцыю, чым у паўночных шыротах. Чым больш сонца трапляе на скуру, тым больш выпрацоўваецца вітаміну Д, сератаніну і дафаміну, якія з'яўляюцца гармонамі шчасця, павышаюць настрой, больш выпрацоўваецца і тэстастэрону. Гэта мужчынскі гармон, але ён таксама павышае сексуальную актыўнасць у жанчын, як і вітамін D.

Даследаванні паказваюць, што ў сонечны цёплы дзень дзяўчаты больш схільныя да знаёмстваў, чым у пахмурны. Гэта звязана з выпрацоўкай сератаніну і дафаміну. Таксама важныя вітамін В і цынк. А гэта ўсё тая ж знакамітая міжземнаморская дыета.

З вітамінам D, дарэчы, не ўсё адназначна. Яго недахоп у мужчын і жанчын выклікае фрыгіднасць і аслабленне палавой канстытуцыі. Яна ўзмацняецца, калі яго павышаюць да нормы. Але ў мужчын і жанчын, у якіх гэты вітамін у норме, яго павелічэнне істотна ні на што не ўплывае. Таму штучна яго павялічваць няма сэнсу, да таго ж яго лішак шкодны для арганізма. Ёсць сэнс прыводзіць яго да нормы тады, калі выяўлены недахоп.

У зімовы час, калі сонца мала, кароткі дзень, больш выпрацоўваецца мелатаніну — гармону цемнаты. Чым менш сонца, тым больш мелатаніну, і, як сведчаць даследаванні, ён крыху прыглушае сексуальнасць. Таму ў зімовы час мы менш актыўныя. У летні час, акрамя ўльтрафіялету, уплывае адкрытае адзенне, як у мужчын, так і ў жанчын, гэта таксама павялічвае сексуальную актыўнасць.

— Калі праводзіць больш часу на сонцы, гэта ўзмоцніць сексуальнасць?

— Так, нават салярый падыходзіць. Але трэба ўсведамляць, што гэта не віягра, ад якой праз пару гадзін гарантаваны вынік. Тут усё працуе не ўмомант, а патрабуе часу. Пазагараўшы на пляжы адзін раз, не станеш сексуальным супергероем.

У жанчын, у адрозенне ад мужчын, на сексуальныя паводзіны можа істотна ўплываць гарманальны ўзровень, які мяняецца на працягу месяца. У той час, калі жанчына гатовая да зачацця, у яе ўзнікае жаданне хадзіць па крамах, знаходзіцца там, дзе ёсць мужчыны, яна больш схільная да флірту. Тады, калі жанчына не гатовая да цяжарнасці, у яе больш рамантычны настрой.

Брытанскія вучоныя праводзілі даследаванне: жанчынам паказвалі фотаздымкі двух тыпаў мужчын. Адны з шырокім ілбом і грубымі рысамі твару, іншыя больш вытанчаныя і рамантычныя. У той час, калі жанчыны гатовыя былі зацяжарыць, яны выбіралі больш брутальных мужчын. У астатні — больш рамантычных. Такім чынам, ад гульні гармонаў на працягу цыкла мяняецца і жаночая псіхалогія, і ўзровень сексуальнасці.

Некаторыя вучоныя лічаць, што ў канцы лета — пачатку восені жанчыны больш схільныя да кантакту з мужчынамі, бо са старажытных часоў генетычна так закладзена, што калі цяжарнасць адбываецца ў гэты час, то дзіця нараджаецца ў цёплы перыяд, і больш верагодна, што яно выжыве.

У мужчын многае залежыць ад узроўню тэстастэрону і яго выпрацоўкі. Але вядомы факт, што ў тых краінах, якія знаходзяцца бліжэй да экватара, мужчыны больш тэмпераментныя. З іншага боку, яны і больш агрэсіўныя ды запальчывыя. Гарачыя каўказскія мужчыны — гэта не проста прыгожая фраза. Так працуе тэстастэрон. Мы ведаем, што падчас шлюбнага сезона жывёлы становяцца больш агрэсіўнымі і небяспечнымі. Павышэнне тэстастэрону не толькі павышае сексуальную актыўнасць, але і ўплывае на псіхалогію.

— Гэта азначае, што тэмпераментнага мужчыну можна распазнаць па больш агрэсіўных і эмацыянальных паводзінах?

— Хутчэй за ўсё так. Цікавы факт, што ў паўночных шыротах, дзе характэрна палярная ноч, актыўнасць мужчын рэзка падае. Гэта звязана з недахопам сонца, харчаваннем з паніжаным утрыманнем вітамінаў. Напрыклад, у такіх краінах, як Фінляндыя, ёсць асобна клубы для мужчын і жанчын. І лічыцца нармальным, калі жанчына сама праяўляе ініцыятыву падчас знаёмства.

Калі жанчыны з паўночных краін знаёмяцца з паўднёвымі мужчынамі і, стварыўшы сям'ю, пераязджаюць на поўнач, гэты сексуальны мужчына з часам становіцца менш актыўны. І жанчына пачынае расчароўвацца, хвалюецца, у чым справа: у ёй ці ён знайшоў палюбоўніцу? Гэта тлумачыцца тым, што ён пераехаў туды, дзе менш сонца, і змяніў харчаванне. Калі ён вернецца ў цёплы клімат, усё наладзіцца.

Калі мужчына з паўночнай краіны некаторы час пажыве там, дзе больш сонца і іншае харчаванне, ён будзе не горшы, чым мясцовыя мужчыны — грузіны ці італьянцы.

— Ці змяншаецца з узростам выпрацоўка тэстастэрону? І ці ёсць такое паняцце, як мужчынскі клімакс?

— Безумоўна, змяншаецца, але ў якім узросце гэта адбудзецца, сказаць немагчыма, бо тут усё індывідуальна. І многае залежыць ад біялагічнага ўзросту чалавека, які не заўсёды супадае з пашпартным. Магчыма, дзесьці на Каўказе 70-гадовы мужчына скажа, што яму надакучыла чацвёртая жонка, і трэба шукаць больш маладую. У афрыканскіх і азіяцкіх краінах, дзе практыкуецца мнагажонства, старэйшая жонка мусіць знайсці для мужа больш маладую, бо ёй ужо не патрэбна столькі мужчынскай увагі і ён яе мучыць. Лепш, калі яна сама знойдзе яму другую жонку і пазбавіць сябе ад лішніх клопатаў — там гэта лічыцца нормай.

Існуе і такое паняцце, як мужчынскі клімакс, калі змяншаецца сексуальная актыўнасць. І мяняецца псіхалогія як у жанчын, так і мужчын. І жаночы, і мужчынскі клімакс набліжаюць шкодныя звычкі, асабліва курэнне і алкаголь. Ёсць і пераходны ўзрост, характэрны як для мужчын, так і для жанчын, калі цягне да больш маладых партнёраў. Мы гэта называем крызісам сярэдняга ўзросту. Жанчына лічыць сябе не такой прывабнай, як раней, мужчына не хоча здавацца і прызнаваць свой узрост. Таму з'яўляецца жаданне мець стасункі з больш маладым партнёрам, каб адчуць сябе псіхалагічна больш камфортна.

— Як доўга такі перыяд працягвацца?

— У кагосьці ён можа зацягнуцца: і мужчыны, і жанчыны ствараюць сем'і з нашмат маладзейшымі партнёрамі. А здараецца, што хутка наступае расчараванне і такія сувязі нічым не заканчваюцца. Няма адзінага сцэнарыя.

— Калі так шмат залежыць ад узроўню тэстастэрону, магчыма, ёсць сэнс штучна яго павышаць, ужываючы нейкія пілюлі?

— Тут трэба сказаць, што павышаны тэстастэрон і ў мужчын, і ў жанчын можа выклікаць пэўныя праблемы і паталогіі. Яго высокі ўзровень можа быць звязаны, напрыклад, з пухлінамі галаўнога мозгу. У жанчын павышэнне тэстарону выклікае залішняе аваласенне твару і цела, асабліва гэта заўважна ў брунетак, а таксама аблысенне па мужчынскім тыпе. Таксама можа ўзнікаць бясплоддзе, парушэнне менструальнага цыкла, невыношванне цяжарнасці, атлусценне, павышэнне цукру. А яшчэ гэта тлустая скура, вялікая колькасць прышчоў, дэпрэсія і трывожныя станы.

У мужчын лішак гэтага гармону можа выклікаць нізкую якасць і недастатковую колькасць сперматазоідаў, павелічэнне прастаты, абцяжаранае мочаспусканне, рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, бяссонніцу і перапады настрою ад эйфарыі да дэпрэсіўнага стану, раздражнёнасць і павышаную агрэсію. Такім чынам, павышэнне тэстастэрону дрэнна і для мужчын, і для жанчын.

Многія спартсмены прымаюць гэты гармон, асабліва тыя, якія займаюцца бодзібілдынгам, у тым ліку і жанчыны. У іх з'яўляюцца пералічаныя праблемы. Калі ў мужчыны раней тэстастэрон выпрацоўваўся сам, то пасля працяглага яго прыёму арганізм перастае вырабляць гэты гармон. Калі своечасова не спыніцца, гэта будзе пацыент эндакрынолага і замяшчальнай гармонатэрапіі. Таму штучны тэстастэрон — не выйсце.

Палавая канстытуцыя закладзена ў нас прыродай, і змагацца з ёй не трэба. Самка льва можа займацца сексам да 50 разоў у дзень, а ў шлюбны сезон — да 100 разоў у суткі, прычым з рознымі самцамі. Генетычна такая палавая канстытуцыя ў львіцы.

— Для чалавека ёсць якія-небудзь стандарты, накшталт тры разы на тыдзень?

— Ніякага стандарту няма. Камусьці тры разы на тыдзень можа падацца смешным, бо ён можа тры разы за гадзіну. А для кагосьці столькі і за месяц зашмат. Тут усё індывідуальна і залежыць ад палавой канстытуцыі чалавека.

— Яна важная для стварэння сям'і?

— Безумоўна. Калі вы знайшлі мужчыну сваёй мары і ён супадае з вамі ў поглядах, характары, мае прывабную знешнасць, але пры гэтым не задавальняе вас у сексе, наўрад ці гэты шлюб будзе доўгі. Таму палавыя канстытуцыі мусяць супадаць.

У нашым грамадстве так склалася, што ў жанчыны партнёраў мусіць быць няшмат, а лепш за ўсё адзін, а вось мужчына можа выхваляцца сваімі сувязямі. Насамрэч і жанчына, і мужчына могуць мець столькі сувязяў, колькі ім трэба. Але варта ўсведамляць, што жанчына не можа зацяжарыць у любым узросце, таму важна ўкласціся ў гэты час.

Калі вакол мужчыны шмат жанчын, гэта дае больш шанцаў, што хоць бы адна з іх зацяжарыць. Так прадугледзела прырода, што мужчына імкнецца пакінуць сваё патомства. Жанчына ж цягнецца да генетычна больш моцнага партнёра, ад якога больш шанцаў нарадзіць і вырасціць здаровае патомства. Так адбываецца, бо працуюць законы прыроды, а не таму, што мужчыны — лавеласы, а жанчыны толькі пра грошы і думаюць.

Аднак якія б у нас ні былі паводзіны і палавая канстытуцыя, самае галоўнае — прытрымлівацца гігіены сексу. У нашым стагоддзі неабавязкова ствараць сям'ю, каб нарадзіць і вырасціць дзяцей, — сёння часта можна пачуць пра секс без абавязацельстваў. Не могуць мець дзяцей і гомасексуальныя пары. Такім чынам, людзі, якія супраць павелічэння колькасці насельніцтва, прапагандуюць яго скарачэнне. Улічваючы гэта, павялічваецца колькасць венерычных хвароб, што ўплывае на рэпрадуктыўнае здароўе. Таму з дзяцінства, асабліва ў падлеткавым узросце, бацькі мусяць правільна ўсё растлумачыць сваім дзецям.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.