Вы тут

Савецкі баец знайшоў вечны спачын на могілках у роднай вёсцы


У жніўні бягучага года на вачах карэспандэнта «Звязды» разгортвалася гісторыя лёсу савецкага салдата — ураджэнца Добрушскага раёна Гомельшчыны, які прапаў без вестак 80 гадоў таму. Астанкі Барыса Добшыкава тады былі знойдзены падчас пошукавай экспедыцыі ў Мурманскай вобласці. Пачаліся пошукі звестак аб родных салдата. Імкненне знайсці сваякоў байца аб'яднала жыхароў Гомельшчыны і расійскага Запаляр'я. «Звязда» абяцала сачыць за гэтай гісторыяй. На мінулым тыдні на мурманскай зямлі адбылася цырымонія ўрачыстай адпраўкі астанкаў узнятага салдата на яго малую радзіму. Савецкі баец знайшоў вечны спачын на могілках у роднай вёсцы.


Нагадаю, Барыс Добшыкаў родам з вёскі Івакі, што на Добрушчыне, у 25 гадоў быў прызваны на савецка-фінскую вайну. Вядома, што хлопец з беларускай глыбінкі на той момант паспеў адвучыцца на медыка. У 1941-м Барыс адразу трапіў на фронт Вялікай Айчыннай, і дамоў ужо не вярнуўся. Лічыўся прапаўшым без вестак. Фота свайго роднага дзядзькі Барыса Добшыкава, знятае яшчэ перад вайной, увесь гэты час захоўвала яго пляменніца Тамара Аднавочка з Добрушскага раёна. Менавіта Тамары Уладзіміраўне і яе родным давялося прыняць рашэнне, прасіць вяртання з Запаляр'я астанкаў загінулага сваяка ці не парушаць пакой салдата, які паў на Мурманшчыне.

— Адны сваякі раілі не турбаваць пакой спачылага, які загінуў на той зямлі са сваімі таварышамі. Але мы вырашылі, што калі 80 гадоў аб нашым салдаце не было ніякіх звестак, а тут яго адшукалі, ды не проста ўзнялі астанкі, але і знайшлі пры іх імянны медальён, які добра захаваўся, што неверагодна, то гэта знак: яго трэба вярнуць на родную зямлю, — падзялілася Тамара Аднавочка.

Як патлумачылі тады Тамары Уладзіміраўне, для пошукавікаў узняць астанкі героя Вялікай Айчыннай вайны, пры якіх захаваўся не пусты смяротны медальён, — нечуванае шанцаванне. Вядома, што на фронце многія спецыяльна не ўпісвалі ў запіску сваё імя. Баяліся, што, калі ўпішуць, тады дакладна заб'юць. Здараецца, што знаходзяць медальён, але няправільнае яго адкрыццё прыводзіць да поўнай страты папяровай запіскі ўнутры. Ці яшчэ: пашанцавала — паднялі байца, ёсць медальён, чытаецца, пры гэтым сваякоў яго так і не знаходзяць.

Але ў выпадку салдата з Добрушчыны ўсё гэта не спраўдзілася. У базе даных аб савецкіх франтавіках прозвішча Барыса Добшыкава было ўказана з памылкай у адну літару, а дата смерці пазначалася як 1943 год. Пры гэтым на той момант эбанітавыя цыліндры — смяротныя медальёны — ужо не ўжываліся, бо былі заменены на чырвонаармейскія кніжачкі. Выходзіць, загінуў добрушскі салдат да 1943 года. Памылку ў прозвішчы байца ўдалося высветліць. Дзякуючы дакладна ўпісанаму ў медальёне прозвішчу яго маці, выдатна чытаўся і рэальны адрас Добшыкавых. Дом, дзе вырас Барыс, у Іваках, дарэчы, захаваўся да нашага часу.

З моманту падняцця астанкаў свайго сваяка на Мурманшчыне Тамара Аднавочка і яе родныя амаль паўгода чакалі «вяртання» іх на радзіму, на Гомельшчыну.

— Мы шчыра ўдзячныя ўсім, хто дапамог з арганізацыяй перапахавання нашага салдата, — перадала дачка Тамары Уладзіміраўны Вольга Канавальчык.

Трымаў сувязь з сям'ёй да заканчэння працэсу перапахавання старшы выкладчык кафедры філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГДУ імя Францыска Скарыны Павел Ждановіч і намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама Руслан Сікорскі. Значна дапамог пошукавікам разабрацца з данымі смяротнай запіскі героя, дарэчы, і пазаштатны фатограф газеты «Звязда» Андрэй Феакцістаў. З расійскага боку неацэнную дапамогу аказалі мурманскія пошукавікі, а таксама спецыяліст па рабоце з моладдзю Мурманскага рэгіянальнага цэнтра патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі, ураджэнка Гомеля Вольга Яўсеенка. Прынамсі, удзел гэтага чалавека ў гісторыі — таксама бы знак лёсу. У час, калі ў Запаляр'і ўзнялі астанкі загінулага салдата, Вольга Яўсеенка якраз з Мурманска прыехала на малую радзіму ў Гомель. Цэнтр, дзе яна працуе, непасрэдна курыруе дзейнасць усіх пошукавых атрадаў на тэрыторыі Мурманскай вобласці. Спецыяліст не толькі далучылася да пошуку родных салдата. Калі сваякоў знайшлі, яна перадала свайму кіраўніцтву ў Мурманск просьбу ад родных байца — перапахаваць яго на малой радзіме.

Цяпер на Гомельшчыне з'явілася новае месца памяці. Савецкі баец Барыс Іванавіч Добшыкаў з воінскай пашанай пахаваны на грамадзянскіх могілках пасёлка Вербаў Івакаўскага сельсавета Добрушскага раёна, побач са сваімі бацькамі. Астанкі Барыса Добшыкава асабіста даставіў камандзір расійскага пошукавага атрада «Ваенга» горада Севераморска Эдуард Міронаў.

— Эмоцыі перапаўняюць... Гэта першы такі досвед дапамогі салдату вярнуцца дадому праз больш чым 80 гадоў. Барыс Іванавіч Добшыкаў вярнуўся на родную беларускую зямлю праз дапамогу і падтрымку многіх людзей. Рэгіянальны цэнтр патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі зрабіў усё, каб паездка адбылася. Падтрымка ад пошукавага руху Мурманскай вобласці і атрада «Заходняя Ліца», які знайшоў байца. На месцы дапамаглі і родныя Барыса Іванавіча, прадстаўнікі органаў улады, духавенства, пошукавага руху Гомельскага раёна, нават калі цырымонія праходзіла на могілках, незнаёмыя людзі падыходзілі і прапаноўвалі падтрымку. Усім светам праводзілі салдата ў апошні шлях, — падзяліўся Эдуард Міронаў.

Пошукавіка з далёкага Запаляр'я запрасілі правесці ўрок памяці для школьнікаў Добрушскага раёна. Эдуард Міронаў пазнаёміў вучняў з кадрамі ваеннай хронікі і распавёў аб баях, у якіх прымаў удзел Барыс Добшыкаў.

З 1980-х да 2021 года на мурманскім напрамку пошукавікі знайшлі астанкі больш як 15 тысяч чалавек. І толькі некалькі соцень з іх удалося ідэнтыфікаваць. Як расказаў школьнікам камандзір расійскага пошукавага атрада «Ваенга», астанкі іх земляка Барыса Добшыкава знайшлі на ўзгорку на подступах да сопкі, на вяршыні якой у вайну знаходзіўся апорны пункт фашыстаў. Мяркуючы па ўсім, баец спрабаваў схавацца ад кінжальнага кулямётнага агню. Школьнікі па фотаздымках змаглі ўбачыць і тую самую сопку, і пагорак, і смяротны медальён з прыліплай да яго манетай, які і дапамог больш чым праз 80 гадоў салдату вярнуцца дадому.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота газеты «Добрушскі край»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.