Вы тут

Да 100-годдзя ўтварэння СССР у Гродне прадстаўлена экспазіцыя прадметаў савецкай эпохі


На вінтажнай выставе прадстаўлена больш за 700 экспанатаў з фондаў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага і прыватнай калекцыі гродзенскага гісторыка і краязнаўцы Аляксандра Сявенкі. Тут можна ўбачыць прадметы бытавой тэхнікі, паштоўкі, дакументы, кнігі, дзіцячыя настольныя гульні, ёлачныя цацкі і многае іншае.


З савецкай эпохай звязана жыццё не аднаго пакалення. Для больш сталых беларусаў на гады СССР прыпадае значная частка жыцця, для іншых — пара дзяцінства і маладосці. А тыя, каму сёння трыццаць, вядуць свой жыццёвы адлік ужо ў самастойнай Беларусі. 

І хоць савецкія часы мінулі, многія рэчы застаюцца ў нашым ужытку і зараз. Каб апынуцца ў савецкім мінулым, дастаткова завітаць да старажылаў нашых вёсак. Праўда, зараз старыя рэчы актыўна перамяжоўваюцца з сучаснымі. А вінтаж, здаецца, зноў уваходзіць у інтэр’ерную моду. Ва ўсялякім выпадку, «паляванне» на старыя рэчы вядзецца даволі актыўна. 

Чым цікавыя такія рэчы? Магчыма, не толькі тым, што яны захоўваюць нейкія таямніцы ці рэдкія самі па сабе. На думку калекцыянера Аляксандра Сявенкі, у значнай ступені тут задзейнічаны настальгічны фактар. Гады дзяцінства, юнацтва, як правіла,узгадваюцца з цеплынёй.

У кожнай эпохі ёсць свае плюсы і мінусы. У кожнага чалавека ў жыцці ёсць радасныя моманты і сумныя. Лёсы людзей, зразумела, перапляталіся з жыццём краіны. Замест таго, каб адмаўляцца, трэба лепш вывучаць гэта мінулае і памятаць яго, — упэўнены гродзенскі калекцыянер. — Мне захацелася нагадаць пра той час, каб моладзь пачула і пастаралася зразумець сталае пакаленне. Вядома, і з пазнавальнага боку такая выстава таксама будзе цікавая моладзі. 

Большасць экспанатаў менавіта з прыватнай калекцыі. Яны захоўваюцца ў загарадным доме Аляксандра Сявенкі, дзе ў яго нават створаны невялікі музей. Зараз экспазіцыя размешчана ў аддзеле мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі. Па словах супрацоўніцы бібліятэкі Юліі Макарчык, такім чынам установа вырашыла адгукнуцца на 100-гадовы юбілей першай у свеце савецкай сацыялістычнай дзяржавы, дата стварэння якой прыпадае на 30 снежня 1922 года. 

У першую чаргу бібліятэкар звяртае ўвагу на цуд савецкай тэхнікі канца 1950-х гадоў — камбінаваную радыётэлевізійную ўстаноўку «Беларусь−5». У адным корпусе спалучаюцца чорна-белы тэлевізар, радыёпрыёмнік, вінілавая радыёла, узмацняльнік і калонкі. Да гэтага апарата меўся нават пульт дыстанцыйнага кіравання. Вядома, дазволіць такую тэхніку сабе маглі не многія. Тым не менш выставачны экзэмпляр калекцыянер набыў у вясковых жыхароў. Некаторыя заможныя вяскоўцы набывалі тэхнічныя навінкі літаральна адразу пасля таго, як у вёсцы праходзіла электрыфікацыя. Старажылы могуць прыгадаць, як на прагляд телэпраграм у доме збіраліся не толькі ўсе члены сям’і, але прыходзілі сваякі і аднавяскоўцы. 

Найбольш папулярным відам бытавой тэхнікі былі на той час радыёлы. Меў такую і дзед калекцыянера. Яна захавалася да гэтай пары і прадстаўлена ў якасці экспаната. Некалькі стэлажоў займаюць патэфоны і грамафоны, пласцінкі, якія былі папулярныя ў 1970-1980-я, бабінавыя і шпулькавыя магнітафоны, пераносны тэлевізар, радыёпрыёмнікі. Напрыклад, чорна-белы пераносны транзістарны тэлевізар «Электроніка ВЛ-100» важыў усяго 2,8 кілаграма. Яго выпуск быў прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння У.  Леніна. А вось самым цяжкім экспанатам з’яўляецца сеткавая рыдыёла «Мінск−58». Яна складаецца з лямпавага радыёпрыёмніка з унутранай магнітнай антэнай і электрапрайгравальніка для пласцінак. Такая рыдыёла важыць ажно 18 кілаграмаў. 

Сучасным дзецям будзе цікава на свае вочы пабачыць кінапраектар «Русь» і дыяпраектар «Пеленг 500 АФ», якія прызначаны для прагляду кінафільмаў, а таксама слайдаў і дыяфільмаў. А калісьці аб такіх тэхнічных цудах марылі многія падлеткі, а шчаслівыя ўладальнікі кінакамеры і самі спрабавалі сябе ў ролі рэжысёраў. 

На выставе можна таксама пабачыць, як выглядаў савецкі камп’ютар — ПВК — персанальны вылічальны комплекс. Ён быў распрацаваны ў расійскім Варонежы на заводзе «Працэсар» і там жа серыйна выпускаўся з 1985 года. Да яго далучалася клавіятура, манітор быў і чорна-белы і каляровы.

А вось прадзедам ПВК можна лічыць арыфмометр «Фелікс». Гэта настольная механічная вылічальная машына для дакладных арыфметычных аперацый. Прыбор названы ў гонар рэвалюцыйнага дзеяча Фелікса Дзяржынскага. Гэтая мадэль выпускалася з 1929-га па 1978 год. 

Асобны стэлаж прысвечаны выданням, якія адлюстроўваюць усю палітычную эпоху СССР. Гэта кнігі Леніна, Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, Гарбачова і іншых савецкіх дзеячоў. Дарэчы, у экспазіцыі ёсць і зборнік артыкулаў Леніна, які выйшаў у 1924 годзе. Як вядома, у гэтым годзе не стала кіраўніка Краіны Саветаў, старшыні СНК. 

Наглядным дапаможнікам для вывучэння гісторыі СССР могуць быць настольныя медалі, маркі, паштоўкі, друкаваная прадукцыя, значкі. Многія з іх адлюстроўвалі менавіта савецкую эпоху і самыя значныя падзеі. 

Арганізатары лічаць, што выстава можа быць цікавай як падрастаючаму пакаленню, так і тым, каму давялося жыць у той перыяд. Своеасаблівая машына часу перанясе наведвальніка на дзесяцігоддзі назад, у СССР, які стаў ужо гісторыяй. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».