Вы тут

Васіліса Марзалюк: «Хочацца даць драйву нашым юным спартсменам»


Складаныя часы не толькі нараджаюць, але і выхоўваюць моцных людзей. Асабліва гэта важна ў спорце. Таму новы праект Беларускай федэрацыі барацьбы і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Ліга храбрых» стаў важным крокам у развіцці дзіцяча-юнацкага спорту. З верасня да снежня юныя барцы з усёй краіны высвятлялі, хто з іх мацнейшы. У кожную каманду ўвайшлі 30 чалавек: дзесяць дзяўчат, дзесяць хлопцаў-вольнікаў і дзесяць класікаў. Спачатку яны сапернічалі на папярэдняй стадыі, затым — у паўфіналах, самыя моцныя дайшлі да фіналу. Галоўны трафей заваявалі барцы з Масквы, на другім месцы — каманда Магілёўскай вобласці, на трэцім — барцы з Мінскай вобласці. Пакуль юныя спартсмены набіраліся спаборніцкай практыкі і дэманстаравалі свае прыёмы, дарослыя спецыялісты адзначалі новыя імёны і рабілі аналіз развіцця барацьбы. У выйгрышы засталіся ўсе. Якія асноўныя вынікі «Лігі храбрых» і як далей будзе развівацца ўнікальны праект, расказала старшы трэнер нацыянальнай каманды Васіліса Марзалюк.


— Васіліса, падзяліцеся, калі ласка, вынікам «Лігі храбрых». Ці атрымалася рэалізаваць усё задуманае?

— Калі ў нас з'явілася ідэя гэтага праекта, адразу ёй загарэліся, хоць і не да канца разумелі, што ў нас атрымаецца. Але пасля першай папярэдняй сустрэчы камандаў зразумелі, што мы запусцілі круты праект. Ён такі і атрымаўся. Вядома, як арганізатары мы заўважылі шмат памылак. Але самае галоўнае, што дзеці, трэнеры і госці засталіся задаволенымі, атмасфера была выдатная. А памылкі мы возьмем да ўвагі, на наступны год іх выправім і правядзём «Лігу храбрых» яшчэ лепш.

— Чаму ўзрост удзельнікаў «Лігі храбрых» — 14-15 гадоў. Якое значэнне гэты ўзрост мае для станаўлення барца?

— На гэта ёсць некалькі прычын. Першая — такі ўзрост удзельнікаў быў пажаданнем нашага партнёра — Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які робіць акцэнт на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту. А з іншага боку, для каго як не для дзяцей праводзіць такія турніры? У нас ёсць пэўныя прабелы ў дарослых камандах, але ж пачынаюцца яны з дзіцячага ўзросту, і наша задача — зрабіць так, каб у будучыні іх не было. Гэта другая прычына. І трэцяе — сёння вельмі важна захапіць дзяцей спортам, неабавязкова барацьбой, але абавязкова, каб дзеці адцягнуліся ад тэлефонаў і заняліся спортам. «Ліга храбрых» паказала, што ў нас тое атрымліваецца. Нельга не звяртаць увагі на патрабаванні нашага часу, таму мы прыцягваем дзяцей тымі сродкамі, якія цікавыя ім: развіваем сацыяльныя сеткі, ствараем маладым спартсменам сучаснае яркае свята.

— Папярэднія этапы «Лігі храбрых», паўфіналы праходзілі ў адзін дзень. Для спаборніцтваў па барацьбе — фармат незвычайны. Як ён паказаў сябе на практыцы?

— Прэзідэнцкі спартыўны клуб стварыў умовы, аб якіх мы раней нават не маглі марыць. Па кожную каманду ў абласны горад прыязджаў аўтобус, забіраў спартсменаў і трэнераў. У Мінску іх кармілі, выдавалі футболкі, трыко. Ад спартсменаў патрабавалася толькі прысутнасць. Такія ідэальныя ўмовы, зразумела, былі ім на карысць. Вельмі зручна праводзіць турніры ў адзін дзень. Гэта не стварае дадатковай нагрузкі на спартсменаў. Нягледзячы на тое, што мы пакуль адхіленыя ад міжнародных стартаў, спаборніцтваў праводзіцца шмат: у календары стала больш афіцыйных рэспубліканскіх стартаў, праводзіцца спартакіяда вучылішча алімпійскага рэзерву. Таму адзін дзень, субота — гэта аптымальны варыянт, каб спартсмены і трэнеры маглі раўнамерна размеркаваць нагрузку, а аматары — прыйсці і паглядзець спаборніцтвы. Фармат «Лігі храбрых» атрымаўся вельмі ўдалы. Выступаючы з верасня да снежня, спартсмены атрымалі каласальны вопыт: адбароліся два адборачныя, адзін паўфінальны і фінальны паядынкі — чатыры схваткі. Я назіраю за арганізацыяй міжнародных стартаў па гэтым узросце і хачу сказаць, што наша «Ліга храбрых» па ўзроўні арганізацыі нічым ім не саступае.

— Барацьба — індывідуальны від спорту. Наколькі важна барцам выступаць у камандзе?

— Выступленне ў камандзе — гэта, у першую чаргу, падтрымка, а потым адказнасць. Мне спадабаўся адзін пост нашага спартыўнага псіхолага Ірыны Конан. Яна пісала аб тым, што на лёгкіх спаборніцтвах, дзе спартсмен адучвае сябе лідарам і не мае канкурэнцыі, яму камфортна і ён атрымлівае задавальненне. Чым вышэйшы ўзровень турніру, чым больш напружаная абстаноўка і чым больш сур'ёзны этап, напрыклад, фінал, — тым большае напружанне спартсмена. Гэта цалкам лагічна і зразумела. Адчуваючы вялікае напружанне, часам спартсмен хоча зрабіць больш, чым ён можа, чым робіць на трэніроўках. А як такое магчыма, калі ён ніколі гэтага не рабіў? Але яны імкнуцца, і тое можа дапамагчы. А часам здараецца, што ад напружання спарстмен не можа зрабіць таго, што рабіў на трэніроўках. Гэта ўжо небяспечна. Але ў тых двух выпадках спартсмену неабходна адно — падтрымка. І яе дае каманда. Выступаючы за каманду, барэц можа падняць свой максімальны ўзровень. Яму дапамогуць падтрымка каманды, эмоцыі, настрой, атмасфера. Часам дзеці ў камандных спаборніцтвах робяць такое, што трэнеры нават не думалі, што іх вучні на гэта здольныя. Яны раскрываюцца. Калі я сама баролася, на мяне часам «ціснула» адказнасць, і я баялася зрабіць лішні рух, недзе рызыкнуць. А ў каманднай барацьбе лягчэй раскрыць свае найлепшыя якасці.

Да таго ж дзіцяча-юнацкі спорт — не толькі пра тое, каб паказаць найлепшы вынік. Гэта ўсё роўна нейкі педагагічны, выхаваўчы момант, аб'яднанне, дысцыплінаванасць. Адчуванне, што ты патрэбен камандзе, падбадзёрвае спарстмена. Мы параўноўвалі, як нашы падапечныя мяняліся за час «Лігі храбрых». Першы раз я ўбачыла іх вясной, потым праз паўгода яны ўжо былі іншыя, да фіналу — яшчэ больш змяніліся. Сталі цікавейшыя, пачалі больш сур'ёзна рыхтавацца да турніру, ім захацелася паказаць сябе, прадэманстраваць лідарскія якасці, сталі больш упэўненыя. Плюс яны сталі разумець уклад трэнера ў работу, гэта вельмі важна. Дзеці выраслі не толькі ў спартыўным плане, але і як асобы. Ліга класная тым, што дзеці маглі рызыкнуць. Нават трэнеру гэта карысна, ён бачыць, што не атрымліваецца ў спартсмена і над чым трэба працаваць.

— Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў часта кажа, што з турніраў трэба рабіць шоу, каб яны былі цікавыя аўдыторыі. З «Лігі храбрых» шоу, безумоўна, атрымалася. А ці не перашкаджае яно спартсменам?

— Шоу іх захапляе. І гэта адзін з інструментаў таго, каб захапіць дзяцей спортам. Юныя спартсмены сочаць за нашымі сацыяльнымі сеткамі. Сучасныя дзеці глядзяць не тэлевізар, а стужку «Інстаграма» або TіkTok, таму мы развіваем акаўнты, праўда, да TіkTok нам пакуль далёка, бо гэта вялікая работа. Стастыка праглядаў трансляцый з «Лігі храбрых» на Youtube-канале Прэзідэнцкага спартыўнага клуба паказвае добрыя лічбы, і мы разумеем, што рухаемся ў правільным кірунку. Ва ўдзельнікаў «Лігі храбрых» бралі шмат інтэрв'ю. І я заўважала, што з кожным разам яны адчуваюць сябе больш упэўнена, выказваюць разумныя думкі, пачынаюць сачыць за тым, што кажуць. Я на сваім вопыце ведаю, як важна спартсменам умець даваць інтэрв'ю. Памятаю, на Алімпіядзе ў Лондане я прайграла схватку за трэцяе месца, выйшла засмучаная. А да мяне журналісты падбягаюць... Ну якое там інтэрв'ю?! І адваротны выпадак: заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні, да мяне падыходзіць нямецкі журналіст і на рускай мове задае пытанні. І я, на той час ужо вопытная спартсменка, задаволеная выступленнем, разгубілася. Таму размаўляць з журналістамі спартсмен павінен умець.

— Адной з мэт «Лігі храбрых» быў прагляд спартыўнага рэзерву. Якія тут вынікі?

— У цэлым яшчэ да гэтага праекта мы разумелі, у якой вобласці сітуацыя лепшая, у якой — горшая. Аднак мы былі прыемна ўражаны, калі даведаліся, што ў некаторых рэгіёнах была прыстойная канкурэнцыя для таго, каб адабрацца ў каманду. На наступны год будзем прасіць, каб галоўныя трэнеры ў рэгіёнах уключылі ў свой каляндар адбор да «Лігі храбрых». Дзякуючы гэтаму праекту мы ўбачылі, што ў барацьбе, як і ў іншых відах спорту, ёсць праблема з трэнерскімі кадрамі. І мы плануем вырашаць гэтую праблему ў рамках «Лігі храбрых», і праект стане яшчэ большым.

— Якім чынам?

— У рамках праекта будзем праводзіць судзейскія курсы — з лютага. У сакавіку плануем пачаць курсы для трэнераў. Наша федэрацыя супрацоўнічае з Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізкультуры, таму спікеры ў нас будуць аўтарытэтныя: трэнер-выкладчык, выкладчык па педагогіцы, выкладчык па методыцы віду спорту, псіхолаг. Зараз ствараем вялікую насычаную праграму.

Я вучуся ў Вышэйшай школе трэнераў БДУФК і разумею, якія веды патрэбныя трэнерам. Да нас прыязджаў Сайпула Абсаідаў, галоўны трэнер жаночай зборнай Расіі, алімпійскі чэмпіён 1980 года. Яго вучні прывозілі з Алімпійскіх гульняў па чатыры-пяць медалёў з шасці магчымых. Для нашых трэнераў паслухаць такога спецыяліста — вельмі карысна. Яны хочуць працаваць па навуковых методыках, але ў моры інфармацыі цяжка выбраць тое, што сапраўды патрэбна, і навуковая літаратура не самая лёгкая для ўспрымання. Сайпула Атававіч расказваў, як сам некалькі разоў пачынаў і кідаў вывучэнне навуковай літаратуры, як разбіраўся ў тэрмінах і нарэшце стварыў сваю методыку падрыхтоўкі спартсменаў. І мы на аснове яго методыкі плануем стварыць своеасаблівы навуковы дапаможнік для трэнераў. Яны павінны быць кампетэнтнымі хоць бы ў самых зразумелых аспектах, напрыклад у згонцы вагі. Калі дзеці зганяюць вагу — гэта страшная справа. Мяне адзін трэнер вучыў, што перад кожнымі спаборніцтвамі трэба бароцца з вагой, са сваім хваляваннем і з сапернікам. А гэта вялікая нагрузка на псіхіку. Значыць, трэба трэніравацца так, каб хоць бы з вагой не бароцца. Агульная тэндэнцыя барацьбы — не ганяць вагу, максімальна ад гэтага адыходзіць. З такім падыходам спартсмены павінны працаваць з самага юнага ўзросту. А гэта адказнасць трэнера. З падлеткамі трэба размаўляць на іх мове, не недаацэньваць іх, яны дастаткова кемлівыя. Юныя спартсмены павінны навучыцца не баяцца спаборніцтваў, паказваць свае прыёмы. І гэта зноў адказнасць трэнера. Самае прыемнае, што трэнеры хочуць развівацца. І, абапіраючыся на іх, мы зможам развіваць любімую барацьбу.

— Калі вярнуцца да спартыўнага рэзерву, то якія рэгіёны ў нас лідары па развіцці барацьбы?

— У Магілёўскай вобласці жаночая барацьба на вышыні. У Гродне працуюць два выдатныя трэнеры — Марыя Кардаш і Ганна Грабовік. У свае секцыі яны дзяцей не набіраюць, а адбіраюць. Гродзенская вобласць — адна з наймацнейшых. Актыўныя трэнеры працуюць у Оршы, але ў цэлым Віцебская вобласць пакуль прасядае. Мы адзначаем і трэнераў, і спартсменаў, але, пакуль яны яшчэ дзеці, не хочацца моцна рабіць нейкі акцэнт. Мы адэкватна разумеем, што зараз складана ацаніць, таму што няма міжнародных стартаў. Хочацца даць юным спартсменам драйву, каб яны не згаслі, убачылі, што ім ёсць куды імкнуцца. Плануючы наступны год, хачу з'ездзіць у кожны рэгіён, правесці там нейкі час, прааналізаваць работу трэнераў і ўзровень падрыхтоўкі спартсменаў. Мне пашанцавала, што я знаходжуся ў такім узроставым прамежку, што я добра ведаю вопытных дарослых трэнераў і спартсменаў, якія пераходзяць на трэнерскую работу. У мяне з імі добры «канэкт», і гэта абавязкова дапаможа.

— Васіліса, на вашу думку, як магла б скласціся ваша кар'ера, калі б у яе пачатку былі такія турніры, як «Ліга храбрых»?

— Мы, дарослыя спарсмены, шчыра кажучы, крыху зайздросцім сучасным юным барцам, што ў іх ёсць такі турнір. У наш час такога не было. Можа быць, я бы па-іншаму раскрылася, не была б такой сціплай у спробе зарабіць ачкі і не баялася б рызыкаваць. У мой час пасля чэмпіянату краіны праводзіліся камандныя спаборніцтвы «сценка на сценку». І камандныя спаборніцтвы надавалі драйву. Таму мы хочам, каб наша змена яго адчула.

— Якія новыя праекты плануе Беларуская федэрацыя барацьбы?

— З найбліжэйшых — «Белнафтахім Women's cup» — камандны турнір у лютым. Папярэднія этапы пройдуць у «Стайках», а фінал — у палацы барацьбы імя Аляксандра Васільевіча Мядзведзя. Фармат такі ж, як і ў «Лізе храбрых». Хочуць паўдзельнічаць і кіргізскія каманда, і малдаване, і ўзбекі, і казахі. Яны бачаць, што ў нас старты праходзяць на высокім узроўні. Мы чуем пазітыўную зваротную сувязь аб узроўні нашых спартсменаў. Магчыма, пасля гэтага турніру і колькасць каманд у «Лізе храбрых» павялічыцца. Гэта, вядома, дадасць цяжкасцяў нам як арганізатарам, але нічога, справімся.

— Васіліса, а вас не цягне на дыван?

— Не, не цягне. Некалькі месяцаў таму я выйшла пабароцца на трэніроўцы, і калі вырвала пазногаць, зразумела, што ўсё. Я трэніруюся, каб падтрымліваць цела ў нармальнай форме. Мой максімум — быць спарынг-партнёрам, калі камусьці са спартсменаў спатрэбіцца мая дапамога. Спорт — гэта асобнае жыццё, іншае, чым у мяне цяпер. Але я вельмі рада, што ўсё роўна спорт прысутнічае ў маім жыцці.

Магчыма, на дыван не цягне, таму што я стамляюся, працы шмат, адпачынку мала. Спачатку я баялася, як вытрымаю такі рытм, але за год прывыкла. На наступны год у нас яшчэ больш планаў, яшчэ больш работы, і мяне гэта ўжо не палохае, а натхняе. Самае галоўнае — бачыць шчаслівыя вочы нашых юных спартсменаў, высокія ацэнкі трэнераў, цікавасць людзей. У нас склалася дружная каманда, сапраўдная барцоўская сям'я, якая дае стымул рухацца і працаваць. А мне як бонус яшчэ і мой спартыўны вопыт дапамагае, я шмат дзе была, бачыла мноства спаборніцтваў, разумею, што трэба спартсменам. Зразумела, былі і моманты шоку. Калі я ўбачыла некаторыя залы, дзе займаюцца дзеці, — хацелася плакаць. Ну трэба цвяроза глядзець на нашу рэчаіснасць і імкнуцца вырашаць праблемныя пытанні, не баяцца працы. У нас уся каманда працуе па такім прынцыпе. Інакш не можа быць, бо барацьба — частка нашага жыцця.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».