Вы тут

Навагоднія навіны старажытнага прадмесця


Ракаўскае прадмесце Мінска ўпершыню стала пляцоўкай для пераднавагодняга святочнага кірмаша. Дзед Мароз і Снягурка запрашаюць пачаставацца смачнай гарачай выпечкай, набыць цікавыя сувеніры, паўдзельнічаць у інтэрактыўных гульнях. 


Рызынкай гэтага відовішча стала з’яўленне на Ракаўскай вуліцы поўнароставых лялек Кракадзіла Гены і Чабурашкі — герояў казак і мультфільмаў. І гэта не выпадкова — у прадмесці нарадзіўся і жыў вядомы мастак-мульціплікатар Леанід Шварцман, які стварыў вобраз Чабурашкі, Кракадзіла Гены і іх вясёлых сяброў. Пра славутага мастака вядучы дзіцячых гульняў раз пораз нагадвае, праводзіць з дзятвой конкурсы на веданне папулярных мультфільмаў. 

Ракаўскае прадмесце стала для навагодняга кірмаша выдатнай святочнай пляцоўкай, дзякуючы не толькі умелым арганізатарам і выканаўцам. Вельмі дапасуе да казачнай атмасферы навагодніх дзён само гэта месца: абрысы старых умела асветленых будынкаў, брук на вуліцы, пешаходная тэрыторыя ўсцяж невялічкіх крам і кафэ. 

Гэта месца знакавае для цэнтральнай частцы сёняшняга горада. Нашы продкі пачалі засяляць яго яшчэ ў 12-м стагоддзі. Тут калісьці пралягаў гандлёвы шлях да старажытнага паселішча. У канцы 19-га стагоддзя у прадмесці сталі з’яўляцца першые фабрыкі. Адна з іх, па вырабу шпалераў, набыла шырокую вядомасць. А хлебазавод, неаднойчы адноўлены і параабсталяваны, дагэтуль нагадвае пра сябе духмяным пахам свежага хлеба.

Пабываўшы у нядзельны вечар на Ракаўскім кірмашы, адведаўшы каля елкі гарачых бліноў і дранікаў, набыўшы на памяць некалькі сувеніраў я прапаную наведвальнікам сайта газеты «Звязда» фотаздымкі з гэтай новай для Мінска фестывальнай пляцоўкі. Нагадаю, ўсе гэта лепей убачыць самiм. Балазе, арганізатары абяцаюць, што Ракаўскі кірмаш будзе гудзець аж да 8-га студзеня.

Яўген ПЯСЕЦКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.