У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны.
Героі тыдня. У Разані ў біятлонным комплексе «Алмаз» завяршыўся трэці этап Кубка Садружнасці, удзел у якім прынялі спартсмены Беларусі і Расіі. У жаночым суперспрынце пераможцай стала беларуская біятланістка Дзінара Алімбекава. На чатырох агнявых рубяжах яна дапусціла толькі адзін промах. У мужчынскім суперспрынце перамога таксама дасталася беларускаму спартсмену — Івану Тулаціну. На другім месцы Антон Смольскі, які ўступіў партнёру па камандзе чатыры секунды. У мужчынскім мас-старце беларус Мікіта Лобастаў заняў трэцяе месца.
Чацвёрты этап Кубка Садружнасці па біятлоне пройдзе з 19 па 22 студзеня ў Раўбічах.
Перамога тыдня. Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» пяты раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У вырашальным паядынку 32-га кубкавага розыгрышу падапечныя Віктара Бекшы перамаглі мінскі «Будаўнік» з лікам 3:2, у матчы за бронзавыя ўзнагароды віцебскі клуб «Марка-ВДТУ» ўзяў уверх над абухоўскім «Легіёнам» з вынікам 3:1. Уладальніцамі Кубка Беларусі сярод жанчын сталі валейбалісткі брэсцкага «Прыбужжа», якія ў фінале перайгралі шматразовых чэмпіёнак краіны валейбалістак «Мінчанкі» — 3:0.
Няўдача тыдня. Гандбалісты мужчынскай зборнай Беларусі пацярпелі паражэнне ў другім таварыскім матчы ў Бахрэйне. Беларусы ўступілі гаспадарам з лікам 27:30. Самым выніковым у складзе нашай зборнай аказаўся Мікіта Вайлупаў, які закінуў 11 мячоў. Ён жа з 13 галамі быў найлепшым снайперам і ў першай гульні, якую беларускія гандбалісты ўпэўнена выйгралі з вынікам 33:28.
Зборная Бахрэйна з'яўляецца сярэбраным прызёрам чэмпіянату Азіі і зараз рыхтуецца выступіць на чэмпіянаце планеты, які ў студзені 2023 года прымуць Польшча і Швецыя.
Рэкорд тыдня. Сяргей Заслаўскі, чэмпіён свету па сілавых відах спорту, трохразовы майстар спорту міжнароднага класа па жыме штангі стоячы і па класічным пад'ёме на біцэпс, устанавіў чарговы рэкорд. Атлет завяршыў 2022 год новым дасягненнем у вагавой катэгорыі да 85 кг, выціснуўшы стоячы штангу ў 120 кг. Рэкорд краіны зафіксаваны суддзямі міжнароднай катэгорыі, і зараз Сяргей Заслаўскі афіцыйна стаў наймацнейшым атлетам Беларусі у сілавых відах спорту. У канцы верасня беларускі асілак пабіў дасягненне амерыканца Роберта Нэльсана ў жыме 70-кілаграмовай штангі: за 60 секунд ён здзейсніў 21 пад'ём — на адзін больш, чым было ў амерыканскага спартсмена. У 2023 годзе беларус настройваецца на новыя рэкорды.
Поспех тыдня. У Смаленску прайшоў Кубак Расіі па фехтаванні, сярод удзельнікаў якога і беларускія спартсмены. Фехтавальшчыкі разыгралі медалі ў асабістым і камандным першынствах у трох відах зброі. Беларуская спартсменка Кацярына Пашарнёва прайшла сваю частку турнірнай сеткі без паражэнняў, у чвэрцьфінале перамагла Крысціну Ясінскую з каманды Маскоўскай вобласці (15:12), а ў паўфінале справілася з масквічкай Янай Бекмурзавай (15:14). Саперніцай беларускі па фінале стала двухразовая чэмпіёнка свету Таццяна Гудкова. Кацярына ў гэтым паядынку заваявала «серабро». Вынік сустрэчы — 15:11.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.
Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.
Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.