Вы тут

Лепшыя творы для дзяцей сабраў пад адной вокладкай зборнік «Вясёлка»


Ёсць розныя кніжныя жанры, якія аб’ядноўваюць мастацкія творы, скіраваныя на выхаванне ў чытача цікавасці да роднага слова, зарыентаваныя на ўрокі чытання і выхавання. Размова не пра падручнікі. Але размова пра тыя выданні, якія знаходзяцца на службе ў падручнікаў, з’яўляюцца іх памочнікамі. Так, ёсць вучэбныя дапаможнікі, дзе месца і творам, і расповеду пра творы хапае. А ёсць — па сутнасці блізкія паміж сабою хрэстаматыі, чытанкі, тэматычныя і анталагічныя зборнікі. Пакінем чытачу права самому вызначыць жанр зборніка «Вясёлка», які толькі што выйшаў у выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» і сабраў пад адной вокладкай лепшыя апавяданні, вершы, казкі, якія друкаваліся на працягу пяці гадоў у часопісе для дзяцей «Вясёлка». Зборнік па самой ідэі не новы, у яго былі папярэднікі. Хутка ці не бібліятэка з дзесяці кніг такога характару выбудуецца па выніках працы штомесячнага перыядычнага выдання. Дарэчы, усяго пабачыла (на снежань 2022 года) 790 нумароў часопіса «Вясёлка».


Як вядома, доўгі час рэдакцыйны калектыў «Вясёлкі» ўзначальваў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. Уладзімір Сцяпанавіч і выступае аўтарам адной з прадмоў да кнігі. Вось што ён піша: «Вам пашчасціла мець у сваёй бібліятэцы чарговы зборнік „Вясёлкі“. Хочацца верыць, што многія з вас чыталі гэтыя творы ў часопісе. Цяпер вось — кніга! У ёй як бы ўвекавечаны тыя творы, з якімі вы знаёміліся зусім нядаўна ў школе ці дома. Яны засведчылі ваша дзяцінства, вашы творчыя інтарэсы, вашу цікаўнасць да казак, апавяданняў, малюнкаў, якія кранулі душу. І ў гэтых адносінах цяперашні зборнік „Вясёлкі“ становіцца як бы помнікам вашага дзяцінства. Беражыце гэты духоўны скарб і перадайце яго сваім наступнікам, малодшым братам і сёстрам, а ў будучым — сваім дзецям...»

Дванаццаць раздзелаў у сапраўды анталагічным зборніку: «Сем колераў «Вясёлкі»; «Мая Беларусь»; «Карагод месяцаў»; «Дзецям пра ўсё на свеце»; «Нашы меншыя браты»; «Дружная сям’я»; «Тэатр Васі Вясёлкіна»; «Літаратурныя вандроўкі»; «Дні дзяцінства»; «Казка побач з намі!»; «Урокі «Вясёлкі»; «Хвілінкі-весялінкі». Усе яны — самыя што ні ёсць стратэгічныя кірункі ў выхаваўчай палітыцы выдання. Мяркуйце самі — тут і знаёмства з часопісам як з верным сябрам хлопчыка ці дзяўчынкі; тут і спасціжэнне роднай старонкі, шырокі погляд на нашу Айчыну, напамін пра тое, якая багатая і бязмежная наша краіна; асэнсаванне свайго месца ў прасторы і часе — назіранні за навакольным асяроддзем, адрозненні часін года; адкрыццё новага, раней нязведанага, усялякія цікавасці, кажучы сучаснай мовай, інавацыі; любоў да звяроў і птушак, пяшчотнае да іх стаўленне; адносіны са старэйшымі і паміж дзецьмі; разуменне, што не адны мы, беларусы, у свеце жывём, своеасаблівыя ўрокі інтэрнацыяналізму, адным словам, «сяброўства без межаў»... Ёсць і іншыя важныя кірункі не проста «вясёлкаўскай» праблематыкі, але і «вясёлкаўскай» педагогікі. Гэтая важная, правераная гадамі і дзесяцігоддзямі стратэгія і перайшла з часопісных старонак у асобную кнігу.

Сёння ў краіне выдаецца не так і мала перыядычных выданняў, адрасаваных юным чытачам. Пералік іх можа быць не зусім кароткім. Гэта не ранейшыя часіны, калі выходзілі толькі «Вясёлка, «Бярозка», газеты «Піянер Беларусі» і «Зорька». Так, у прыватнасці, было да 1991 года... У перыёдыкі — газет і часопісаў — свае законы, у многім адрозніваюцца ад задач, якія вырашае кніга, якія ўвогуле вырашае мастацкая літаратура. Гэта звязана з жаданнем рэдакцыйных калектываў зрабіць інфармацыйна насычаныя выданні, фарміраваць іх змест, згодна з актуаліямі часу, не губляць надзённасць. А што такое надзённасць для дзіцячага літаратурна-мастацкага часопіса (дарэчы, «Вясёлка» пазіцыяніруе сябе як «часопіс для дзяцей» і толькі)?.. Не будзем спяшацца адказваць на гэтае пытанне. Пошук адказаў пакінем педагогам. А вось што да практычных уяўленняў, то відавочнымі з’яўляюцца памкненні «Вясёлкі» весці мастацкае выхаванне чытача праз яркія, адметныя творы паэзіі, прозы, публіцыстыкі і нават драматургіі, незалежна ад часу іх напісання. Таму і суседнічаюць сярод публікацый мінулай пяцігодкі і адпаведна на старонках анталогіі, з якой мы зараз знаёмімся, творы Канстанцыі Буйло, Кандрата Крапівы, Эдзі Агняцвет, Цёткі, Янкі Купалы (шмат хто з якіх і ведаць не ведаў, што будзе з часам у беларускіх дзетак такое выданне, як часопіс «Вясёлка»), творы сучасных дзіцячых пісьменнікаў — Уладзіміра Мазго, Лёлі Багдановіч, Расціслава Бензерука, Леаніда Улашчанкі, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Таццяны Дамаронак, Генадзя Аўласенкі... Што заўважна (на крайні выпадак — гэта заўважна пры разглядзе кніжных старонак): наперадзе — класіка, наперадзе — творы, якія вытрымалі выпрабаванне часам. Дрэнна гэта ці добра?.. Класіка, творы, якія сапраўды на слыху, якія, магчыма, займелі сваё годнае месца ў школьнай праграме ці ў спісе пазакласнага чытання, творы, якія не аднойчы друкаваліся ў розных зборніках, якія перавыдаваліся ў кнігах класікаў ці проста добра вядомых, аўтарытэтных аўтараў ранейшых дзесяцігоддзяў, нясуць, несумненна, іншую, болей важкую сэнсавую нагрузку. І новаму чытачу, якому прапаноўваюцца пераканаўчыя мастацкія вобразы, параўнанні, сімвалы, знаёмства з імі толькі на карысць…

Прачытаюць хлопчыкі і дзяўчынкі верш Алеся Ставера «Жураўлі на Палессе ляцяць...» — і бацькі яго словы падхопяць. А мо нават і дзядуля з бабуляй таксама. Бо напісаны твор многія дзесяцігоддзі таму. І амаль паўвека верш Алеся Ставера, пакладзены на музыку славутым кампазітарам, народным артыстам Савецкага Саюза, загучаў песняй у выкананні ансамбля «Песняры»…

Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць.

Што ім тыя пагоды паўднёвыя!
Што ім пышны платанавы рай,
Калі клічуць іх далі сасновыя
І азёрны рабінавы край.

Знаёмства з такімі творамі якраз можа быць сямейным. Бацькі, дзядуля ці бабуля змогуць пракаменціраваць юнаму чытачу адкрыццё таго ці іншага верша, будуць здольнымі расказаць нешта важнае, даволі істотнае для хлопчыка ці дзяўчынкі. А такія творы, як, напрыклад, верш паэта-франтавіка Івана Муравейкі «Іван з Беларусі», і ўвогуле ствараюць настрой на доўгую размову, на згадкі пра Вялікую Айчынную вайну, на магчымы зварот да сямейных легендаў, гісторый, звязаных з ваенным мінулым.

Знаёмства з новым томам «Вясёлкі» падказвае многія тэматычныя абсягі, якія чамусьці іншымі дзіцячымі перыядычнымі выданнямі проста абыдзены. А самае галоўнае: пагартаўшы «Вясёлку» ў адным маляўніча аформленым томе, над чым парупіўся вядомы кніжны графік Сяргей Волкаў, яшчэ болей пачынаеш разумець, што размова з юным чытачом і на старонках часопіса ці газеты павінна насіць мастацкі, вобразны характар, такая размова павінна прадстаўляць хлопчыкам і дзяўчынкам далёка не творы-аднадзёнкі.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».