Вы тут

Кіраўнік МАРГ аб сістэме рэгулявання цэн. Эксклюзіў «Звязды»


Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў распавёў «Звяздзе» аб парушэннях антыманапольнага заканадаўства, сістэме рэгулявання цэн, асартыменце на прылаўках крам і росце цікавасці спажыўцоў да айчынных тавараў.


«Найважнейшы састаў правапарушэнняў — злоўжыванне дамінантным становішчам на рынку»

— Аляксей Ігаравіч, раскажыце аб парушэннях антыманапольнага заканадаўства, што былі выяўлены ў апошнія месяцы. Якія меры прыняты для абароны інтарэсаў усіх удзельнікаў рынку?

— У рамках кантролю за выкананнем антыманапольнага заканадаўства, у тым ліку ў мэтах забеспячэння роўных умоў ажыццяўлення дзейнасці для гаспадарчых суб'ектаў, камісіяй Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь па ўстанаўленні факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства за дзевяць месяцаў 2022 года разгледжаны 53 справы, у выніку якіх устаноўлены шэраг фактаў наяўнасці парушэнняў у галіне нядобрасумленнай канкурэнцыі, злоўжывання дамінантным становішчам, а таксама парушэнні ў адносінах дзяржаўных органаў. Камісія з'яўляецца спецыяльна створаным калегіяльным органам, які прымае рашэнні аб наяўнасці (адсутнасці) факта парушэння антыманапольнага заканадаўства. Па выніках устаноўленых фактаў парушэнняў антыманапольнага заканадаўства сума штрафных санкцый склала каля 42 тысяч рублёў. Прывяду некалькі прыкладаў устаноўленых фактаў парушэнняў. Адно з расследаванняў закранула ўсім вядомы савецкі таварны знак «БУРАТИНО». Суб'ект набыў і выкарыстоўваў выключнае права на таварны знак «БУРАТИНО», перашкаджаючы пры гэтым выкарыстанню дадзенага таварнага знака канкурэнтамі. У выніку расследавання ўстаноўлены факт нядобрасумленнай канкурэнцыі і ў адрас парушальніка вынесена прадпісанне.

У сваёй дзейнасці МАРГ аналізуе розныя рынкі, у тым ліку і лічбавыя. Яшчэ адна справа датычылася нядобрасумленнай канкурэнцыі на рынку паслуг воблачных сэрвісаў. Суб'ект, які ажыццяўляе дзейнасць у галіне камп'ютарнага праграмавання, размясціў у сетцы Інтэрнэт артыкул «У Беларусі з'явіўся канкурэнт «воблаку» Amazon з кластарам за $40 мільёнаў». У ёй ён апісаў інфармацыю аб аказанні паслуг ва ўласным цэнтры апрацоўкі даных (ЦАД), якая ўтрымлівала недакладныя звесткі. Ведамствам устаноўлены факт наяўнасці нядобрасумленнай канкурэнцыі шляхам увядзення ў зман. Найважнейшым саставам правапарушэнняў з'яўляецца злоўжыванне дамінантным становішчам на таварным рынку. Так, неабгрунтавана адмовіўшы аднаму са спажыўцоў у заключэнні дагавора на аказанне паслуг, дамінант на таварным рынку па пахаванні цвёрдых камунальных адходаў стварыў дыскрымінацыйныя ўмовы да спажыўцоў паслугі па пахаванні цвёрдых камунальных адходаў. Гэтым і парушыў забарону на злоўжыванне гаспадарчым суб'ектам дамінантным становішчам.

Акрамя прамых мер рэагавання ў мэтах аператыўнасці МАРГ прымяняе і меры прэвентыўнага характару. Так, за названы перыяд выдадзена дзесяць папярэджанняў у дачыненні да гаспадарчых суб'ектаў і дзяржаўных органаў. Папярэджанне прадугледжвае добраахвотнае выкананне гаспадарчым суб'ектам неабходных мер, накіраваных на ліквідацыю прыкмет парушэння антыманапольнага заканадаўства. У прыватнасці, МАРГ устаноўлены выпадкі нядобрасумленных паводзін суб'ектаў, якія займаюць дамінантнае становішча, пры рэалізацыі імі цукру і офіснай паперы. Карыстаючыся сітуацыяй, якая склалася на рынку, і дынамікай ўзроўню цэн, такія дамінанты навязвалі контрагентам дадатковы асартымент тавараў, у якіх апошнія не былі зацікаўлены і што для іх з'яўлялася эканамічна нявыгадным. У выніку МАРГ выдадзены папярэджанні, якія выкананы ў поўным аб'ёме.

«Узровень цэн на тавары і паслугі, якія не рэгулююцца, ніжэйшы за ўзровень інфляцыі»

— У кастрычніку ўведзена забарона на павышэнне цэн. Вы казалі, што Беларусь — адзіная краіна ў свеце, дзе рэгулюецца цана на больш за 50 % тавараў. Больш за тое, на некаторыя прадукты адзначаецца нават дэфляцыя. На якія тавары зніжаюцца цэны?

— Новая сістэма рэгулявання цэн, увасобленая ў пастанове № 713 і іншых нарматыўных прававых актах, ахоплівае каля 85 працэнтаў усіх тавараў і паслуг, уключаных у спажывецкі кошык насельніцтва, а гэта каля 350 таварных груп: напрыклад, тавары мяса-малочнай групы, рыба, хлеб, крупы, адзенне, абутак, электратавары, парфумерна-касметычныя тавары і мыйныя сродкі і інш. З уступленнем у сілу пастановы № 713 у кастрычніку цэны на многія спажывецкія тавары сапраўды знізіліся. Найбольшымі тэмпамі — цэны на нехарчовыя імпартныя тавары, а таксама тавары бакалейнай групы. Напрыклад, па даных Белстата, мы бачым, што абутак за кастрычнік у сярэднім патаннеў на 2,8 працэнта, бытавыя электратавары — на 1,7 працэнта, легкавыя аўтамабілі — на 4,7 працэнта, крупы і макароны — на 2,9 працэнта, раслінны алей — на 2,6 працэнта.

— Але што будзе з цэнамі надалей? Наколькі доўга іх можна ўтрымліваць на такім узроўні? І ці можна спрагназаваць, як забарона на павышэнне цэн адаб'ецца ў далейшым на эканоміцы краіны?

— Асноўная задача на 2023 год — зніжэнне інфляцыі да адназначнага ўзроўню. Кіраўніком дзяржавы ўжо пастаўлена задача перад Нацыянальным банкам і ўрадам: скараціць інфляцыю да сямі-васьмі працэнтаў. Пад гэтую мэту ў пастанове № 713 і была выбудавана сістэма па рэгуляванні цэн на ўнутраным рынку. Назіраючы станоўчыя эфекты новай сістэмы рэгулявання цэн, трэба адзначыць, па-першае, значнае запаволенне інфляцыі да 15,2 працэнта ў гадавым выражэнні па выніку кастрычніка, г. зн. толькі за адзін месяц зніжэнне інфляцыі склала 2,2 працэнтнага пункта, па-другое, чаканую актывізацыю спажывецкага попыту з-за зніжэння цэн на асобныя тавары. Некаторымі экспертамі адзначаюцца і асобныя рызыкі, асноўнымі з якіх з'яўляюцца дыспарытэт цэн з Расійскай Федэрацыяй і ўзнікненне «шэрага» гандлю. Але МАРГ і іншыя дзяржаўныя органы, у сваю чаргу, будуць прымаць адпаведныя кропкавыя рашэнні па нівеліраванні негатыўных наступстваў, у тым ліку па насычэнні ўнутранага рынку. Некаторыя з рашэнняў у гэты час ужо адпрацоўваюцца на нашай пляцоўцы.

— Якія тавары сёння лідзіруюць па росце цэн на іх?

— Яшчэ раз нагадаю, што цэны на 85 працэнтаў тавараў і паслуг, уключаных у спажывецкі кошык насельніцтва, сёння рэгулююцца дзяржавай. У бягучых эканамічных умовах цэны на ўсе спажывецкія тавары (паслугі) у цэлым растуць аднолькавымі тэмпамі. Існуюць асобныя нерэгуляваныя пазіцыі, якія паступова з месяца ў месяц даражэюць: гэта бытавыя і платныя медыцынскія паслугі. Пры гэтым узровень цэн на нерэгуляваныя тавары (паслугі) ніжэйшы за ўзровень існуючай у краіне інфляцыі. Сярод бытавых паслуг адзначаецца рост тарыфаў на паслугі па рамонце абутку, рамонце бытавых электрапрыбораў, хімічнай чыстцы вопраткі і паслугі цырульняў. Гэта звязана з павелічэннем сабекошту прадукцыі, якая вырабляецца, з прычыны росту кошту імпартнай сыравіны і матэрыялаў, выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, змяненняў курсаў валют, праблем з лагістыкай. Што датычыцца медыцынскіх паслуг, то асноўнай прычынай з'яўляецца рост выдаткаў на аплату працы.

«Удалося спыніць зніжэнне продажаў айчынных тавараў»

— Якія сферы ў найбольшай ступені закранула скарачэнне асартыменту? Ці сталі больш купляць беларускае ў сувязі са скарачэннем асартыменту на тыя ці іншыя таварныя пазіцыі?

— У продажы — досыць шырокі асартымент усіх асноўных тавараў, якія дазваляюць у цэлым задаволіць пакупніцкі попыт. У сувязі з увядзеннем новай сістэмы рэгулявання цэн у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 713 адзначаліся выпадкі звужэння асартыменту па асобных відах нехарчовых тавараў, што звязана з перабудовай бізнес-працэсаў кампаній пастаўшчыкоў тавараў пад новыя ўмовы працы. У мэтах недапушчэння дэфіцыту і звужэння асартыменту тавараў, МАРГ вядзецца шырокая тлумачальная праца, ажыццяўляецца аператыўны кантроль за наяўнасцю ў суб'ектаў гандлю запасаў тавараў, прымаюцца меры аператыўнага рэагавання.

Пытанне папаўнення асартыменту імпартнай вытворчасці вырашаецца пашырэннем «лінейкі» тавараў беларускай вытворчасці. Так, у 2022 годзе ўпершыню за апошні шэраг гадоў удалося спыніць тэндэнцыю зніжэння долі продажаў айчынных тавараў, што сведчыць аб павелічэнні попыту пакупнікоў на айчынныя тавары. Па даных Белстата, за студзень — верасень бягучага года ўдзельная вага продажу тавараў айчыннай вытворчасці павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 1,6 працэнта (з 59,5 да 61,1 працэнта). Напрыклад, значна вырас продаж айчынных яблыкаў — на 34,8 працэнта, шакаладу — на 7,0, макаронных вырабаў — на 8,9, піламатэрыялаў — на 23,6, керамічнай пліткі — на 27,5, тэлевізараў — на 28,7 халадзільнікаў і маразільнікаў бытавых — на 41,0, пральных машын — на 31,4, сродкаў бытавой хіміі — на 11,4 працэнта і многіх іншых тавараў. Павялічваецца таксама прысутнасць на паліцах расійскіх тавараў. Так, па даных Белстата, у студзені — верасні 2022 г. пры агульным зніжэнні імпарту спажывецкіх тавараў у Рэспубліку Беларусь (98 працэнтаў да студзеня — верасня 2021 г.) з Расійскай Федэрацыі завезена тавараў больш да ўзроўню студзеня — верасня 2021 года (102,1 працэнта).

— Каб не дапусціць росту цэн, на сайце МАРГ запусцілі анлайн-форму для паведамленняў ад грамадзян. Ці шмат сігналаў ад спажыўцоў атрымана з моманту запуску формы? Наколькі эфектыўны гэта сродак зваротнай сувязі?

— Так, на сайце МАРГ створана анлайн-анкета па пытаннях, звязаных з новай сістэмай рэгулявання цэн. Гэта як адзін з элементаў узаемадзеяння з бізнес-супольнасцю. Да нас паступаюць сігналы двух відаў: па растлумачэнні метадалогіі цэнаўтварэння, а таксама — прапановы бізнесу па карэкціроўцы дзеючай сістэмы. У МАРГ з моманту прыняцця пастановы № 713 паступіла больш за 10 тысяч зваротаў па ўведзеных падыходах, у тым ліку праз анлайн-анкету — 4 тысячы зваротаў. У краіне арганізавана шырокая тлумачальная работа: праводзяцца семінары па растлумачэнні пастановы № 713, распрацаваны і размешчаны ў адкрытым доступе восем «пакетаў» тлумачэнняў па найбольш частых пытаннях аб сістэме рэгулявання цэн, а таксама каментарыі ў фармаце «пытанне — адказ». Актуальныя пытанні рэгулярна асвятляюцца ў прэс-рэлізах, артыкулах і інтэрв'ю. Мы ўважліва ставімся да ідэй бізнесу, і калі яны не супярэчаць даручэнням кіраўніка дзяржавы па празрыстым рэгуляванні цэн, а толькі ўдасканальваюць бягучыя падыходы, то стараемся аператыўна ўкараняць іх у дзеючую сістэму. Своечасовая і якасная прапрацоўка пытанняў, што паступаюць, дазволіць у далейшым стварыць справядлівую, празрыстую і зразумелую для бізнесу сістэму цэнаўтварэння.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.