Вы тут

Нарада з кіраўнікамі раёнаў і ўдзел у дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»


У ходзе рабочай паездкі на Брэстчыну Наталля Качанава правяла нараду з кіраўнікамі раёнаў і прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»


У Бярозе прайшла сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з кіраўнікамі выканаўчых органаў улады і старшынямі гар- і райсаветаў Брэстчыны. У нарадзе ўдзельнічалі таксама старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, сенатары ад Брэстчыны Юрый Наркевіч, Рыгор Пратасавіцкі, Анатоль Шалтанюк. 

Спікер верхняй палаты парламента адразу заклікала ўдзельнікаў сустрэчы да дыялогу і выказала спадзяванне, што сустрэча будзе плённай і канструктыўнай. 

— Мы ўжо правялі такія сустрэчы ў шэрагу рэгіёнаў краіны. На іх найперш гаворым пра вынікі года, пра тое, як спрацавалі рэгіёны ў плане сацыяльна-эканамічнага развіцця — абазначыла Наталля Качанава тэмы размовы. — Эканоміка — галава ўсяму. Ад стану эканомікі залежыць далейшае развіццё краіны. Сёння мы канстатуем, што Брэстчына — у лідарах па выкананні паказчыка па ВРП, звяртаем увагу на рэзервы і недахопы. Мы падводзім вынікі і вызначаем ключавыя задачы на новы год. 

Наталля Качанава адзначыла, што лічыць Брэстчыну перспектыўным рэгіёнам, падкрэсліла яе поспехі ў сельскай гаспадарцы і ролю ў забеспячэнні харчовай бяспекі краіны. «Вобласць пастаянна прырастае новымі праектамі. Кіраўніцтва рэгіёна робіць усё, каб пастаўленыя задачы выконваліся на належным узроўні».

Старшыня Савета Рэспублікі заклікала прысутных выказаць прапановы наконт развіцця і ўдасканалення заканадаўства, калі такія маюцца ў раёнах. Законатворчасць таксама была ў парадку дня гэтай сустрэчы. 

— Пры Савеце Рэспублікі працуе экспертны савет — нагадала спікер верхняй палаты. — Мы разглядаем нарматыўныя прававыя акты. Каб даць экспертную ацэнку своечасовасці прыняцця, ўздзеянню на грамадства, эфектыўнасці далейшай работы законаў. Каб законы былі выверанымі, ішлі ад жыцця, мы раімся са спецыялістамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікамі не толькі рэспубліканскіх структур, але і мясцовай улады. 

У ходзе рабочай паездкі Наталля Качанава пацікавілася работай па аптымізацыі сельскіх Саветаў. Старшыня Бярозаўскага райсавета Данута Гукіна расказала, як прайшла гэта работа, паведаміла аб некаторыях праектах і напрацоўках мясцовай улады раёна. 

У другой палове дня Наталля Качанава пабывала на навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» у Бярозаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Для дзяцей з асаблівасцямі развіцця зладзілі вясёлае свята з Дзедам Марозам і Снягуркай, з казачнымі героямі. 

Госці, вядома, прыйшлі з падарункамі. Старшыня Савета Рэспублікі ўручыла сертыфікат на 30 тысяч рублёў, якія плануюць затраціць на абсталяванне сенсарнай залы. Кіраўнік Брэстчыны Юрый Шулейка уручыў дзіцячай установе тэлевізар. А старшыня аблсавета Юрый Наркевіч падарыў інтэрактыўнае люстэрка, якое неабходна ў рабоце. 

Наталля Качанава вельмі цёпла павіншавала калектыў цэнтра, падзякавала педагогам і супрацоўнікам за іх нялёгкую працу. У размове з журналістамі спікер адзначыла, што за многія гады гэтая акцыя стала добрай, прыгожай традыцыяй: 

—У нашай краіне вельмі многа робіцца для таго, каб кожнае дзіця адчувала сябе шчаслівым. Гэта шчасце — дарыць хлопчыкам і дзяўчынкам сваё цяпло і падарункі. Таму мы з вялікай радасцю прыходзім у такія ўстановы. Хочацца, каб дзеці былі жывыя і здаровыя, каб жылі ў сем’ях, але так бывае не заўсёды, і тады дзяржава абавязкова падстаўляе плячо, аказвае падтрымку. А ў святочныя дні важна пажадаць усім дзецям нашай краіны быць здаровымі і шчаслівымі, жыць у мірнай краіне". 

Разам з дзецьмі госці павадзілі карагод вакол ёлкі, а затым кожны з выхаванцаў установы атрымаў падарунак. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».