Вы тут

Пераможцам конкурсу «Алесі» і СПБ уручылі ўзнагароды


У Доме літаратара адбылося ўзнагароджанне пераможцаў літаратурнага конкурсу «Вы — пачатак прыгажосці, вы — жыцця першапрычына», прысвечанага беларускай жанчыне. Конкурс у дзвюх намінацыях — на найлепшы паэтычны і найлепшы празаічны твор — абвясціў у верасні гэтага года часопіс «Алеся» сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. 


Удзел у творчым спаборніцтве прынялі 60 аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі. У шчырых, прачуленых радках удзельнікі конкурсу ўслаўлялі душэўную стойкасць і патрыятызм, працалюбства і прыгажосць беларускай жанчыны.

Вызначыць пераможцаў было няпроста, але абавязкова. Сярод добрых твораў кампетэнтнае журы вылучыла найлепшыя. Дыпломы і прызы — падпіскі на першае паўгоддзе 2023 года на часопіс «Алеся» — пераможцам конкурсу ўручылі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч і галоўны рэдактар часопіса «Алеся» Ларыса Ракоўская.

— Часопіс «Алеся» рознабакова адлюстроўвае жыццё беларускай жанчыны, адводзіць месца на сваіх старонках і літаратурнай творчасці. Конкурс «Вы — пачатак прыгажосці, вы — жыцця першапрычына» — добрая ініцыятыва часопіса, — сказаў Алесь Карлюкевіч. 

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі таксама адзначыў, што літаратурныя конкурсы стануць добрай традыцыяй выдання. А галоўны рэдактар «Алесі» Ларыса Ракоўская выказала меркаванне, што з дапамогай гэтых конкурсаў будуць адкрыты новыя імёны ў паэзіі і прозе. 

Сярод пераможцаў — аўтары рознага ўзросту, з розных рэгіёнаў нашай краіны. Іх творы будуць неўзабаве надрукаваныя на старонках «Алесі», і кожны, спадзяемся, знойдзе свайго чытача. Праўда, з шасці пераможцаў двое не змаглі прыехаць на ўзнагароджанне, але яны таксама атрымалі ў падарунак падпіскі на часопіс на першае паўгоддзе наступнага года, а іх дыпломы хутка знойдуць сваіх гаспадароў. 

У намінацыі «Паэзія» першае месца заваявала Наталля Цвірко з вёскі Скрыбаўцы Шчучынскага раёна з вершам «Жанчына Радзімы маёй». Аўтар -настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў сельскай школе. Працавала ў Гродна і ў Мінску, але вярнулася да сваіх каранёў. 

Другое месца атрымала Ірына Карнаухава з Мачулішчаў Мінскага раёна. Аўтар піша не толькі вершы, але і апавяданні, песні. Найлепшым з дасланых ёю на конкурс твораў журы палічыла верш «Еще могу дать фору молодым». І гэта не проста сучасны трэнд і дэкларацыя, але жыццёвы дэвіз Ірыны Карнаухавай, якая дваццаць год таму арганізавала народны клуб паэтаў і кампазітараў «Жывіца» і з’яўляецца яго бяссменным кіраўніком.

Расціслаў Бензярук з Жабінкі на трэцім месцы — з вершам «Жонцы». Выкладаў мову і літаратуру, працаваў у жабінкаўскай газеце «Сельская праўда», зараз — на пенсіі. Аўтар многіх кніг. Цікавы факт: першае беларускамоўнае апавяданне Расціслава Бензерука для дзяцей «Ці прачнецца раніца?» было надрукавана ў 1970-м годзе ў нашым часопісе, які тады называўся «Работніца і сялянка». Затым больш за дзесяць яго казак і апавяданняў убачылі свет на старонках «Алесі».

У намінацыі «Проза» пераможцам стаў Міхась Пазнякоў (г. Мінск) з лірычна-містычным апавяданнем «Голас». У апавяданні вядомага пісьменніка юны герой вырашыў паваражыць у калядную ноч, каб пабачыць тую, з якой яму «век векаваць». І яго жаданне спраўдзілася... Зрэшты, вы самі зможаце прачытаць гэты твор — ён будзе надрукаваны ў № 1 часопіса «Алеся» за 2023 год. 

Ірына Салата з Гродна на другім месцы з апавяданнем «Жыццё пражыць...». Твор пра лёс жанчыны, якой давялося спазнаць шмат выпрабаванняў, але яна пераадолела іх дзякуючы сваёй працавітасці і жыццёвай стойкасці. Ірына Салата больш трыццаці гадоў працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, пісаць пачала ў сталым узросце і ўжо мае тры выдадзеныя кнігі. Актыўна ўдзельнічае ў літаратурным жыцці Гродзеншчыны. 

Трэцяе месца заваявала Галіна Пярун з аграгарадка Палыкавічы, што на Магілёўшчыне. Маладая пісьменніца даслала на конкурс эсэ «Беларуская жанчына», у якім імкнецца даць свой адказ на пытанне: якія яны — жанчыны Беларусі. Галіна Пярун піша прозу для дзяцей і дарослых, нядаўна ў яе выйшла кніга аповесцяў, казак для малодшых школьнікаў «Прыгоды сяброў і парады Усімдапамагайкіна». 

Паважаныя нашы аўтары, якія даслалі свае работы, але не патрапілі ў лік лаўрэатаў конкурсу! Дзякуем вам усім за ўдзел у творчым спаборніцтве, за цікавасць да тэмы конкурсу і да нашага часопіса, за ваша імкненне ператвараць жыццёвыя ўражанні ў мастацкае слова. Не засмучайцеся, бо неўзабаве стартуе новы літаратурны конкурс. Сачыце за абвесткамі. Да новых сустрэч!

Алена БРАВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.