Вы тут

Пераломны час: каму пагражае астэапароз


Сітуацыю з астэапарозам сёння часам ацэньваюць як эпідэмію. Аднак спецыялісты лічаць: так казаць нельга, паколькі гаворка ідзе аб хранічным захворванні. Колькасць пацыентаў з такой паталогіяй, безумоўна, расце, але не ў апошнюю чаргу ў сілу паляпшэння абследавання.

У каго часцей за ўсё выяўляюць астэапароз? Да якіх спецыялістаў варта звяртацца пры наяўнасці яго сімптомаў? Што кожны можа зрабіць для прафілактыкі гэтай хваробы?


У каго і чаму

— Як правіла, астэапароз сустракаецца ў жанчын у постменапаўзальным перыядзе з-за гарманальных змен (пасля 50 гадоў у кожнай трэцяй), альбо ў людзей старэйшых за 70 гадоў, — адзначае загадчыца аддзялення астэапарозу Мінскага гарадскога цэнтра астэапарозу і хвароб касцёва-цягліцавай сістэмы Алена Скрыпнік.

— У жанчын пасля наступлення менапаўзы часцей за ўсё здараюцца пераломы касцей перадплеччаў і ладыжак. А ў пажылым і старым узросце пераважаюць вельмі цяжкія для аднаўлення пераломы шыйкі сцягна. Другасны астэапароз узнікае на фоне іншых захворванняў: напрыклад, рэўматалагічных (рэўматоідны артрыт, сістэмныя паталогіі злучальнай тканіны), анкалагічных, з боку ЖКТ, эндакрыннай сістэмы і іншых. На развіцце хваробы ўплывае і спадчынная схільнасць.

Дыягностыка і лячэнне

Пераломы пры малаважных, здавалася б, падзеннях і ўдарах — галоўны сімптом астэапарозу. Акрамя гэтага пацыенты з такім дыягназам часта скардзяцца на стомленасць у хрыбетніку, асабліва пры працяглым стаянні ці пры фізічных нагрузках. Сігналіць аб наяўнасці астэапарозу і зніжэнне росту больш чым на 3 см за год. Займаюцца ім рэўматолагі. Накіраваць да спецыялістаў гэтага профіля могуць тэрапеўты ці эндакрынолагі, калі пацыент назіраецца ў іх.

— Галоўны метад абследавання, які дазваляе высветліць наяўнасць астэапарозу, — рэнтгенаўская астэадэнсітаметрыя, — тлумачыць Алена Скрыпнік. — Гэта высокадакладны, абсалютна бязбольны метад вымярэння мінеральнай шчыльнасці касцей, які дазваляе дыягнаставаць страту касцяной масы на самых ранніх стадыях. Дадаткова нярэдка прызначаюць біяхімічныя аналізы крыві, каб пазнаць утрыманне вітаміна Д у арганізме, кальцыя, фосфару. Ёсць спецыяльныя апытальнікі, якія дазваляюць вылічыць рызыку пералому касцей у бліжэйшыя 10 гадоў.

Лячэнне астэапарозу дастаткова працяглае, але пры ўмове прыхільнасці яму, яно можа быць вельмі эфектыўным і дазволіць захаваць высокую якасць жыцця. Асноўная група прэпаратаў, якія прымяняюцца пры гэтым захворванні, — бісфасфанаты і дзенасумабы. Апроч медыкаметознай карэкцыі пацыентам з такой паталогіяй важна прытрымлівацца багатага кальцыем харчавання і рэгулярна выконваць лячэбную фізкультуру. Паказаны практыкаванні для ўмацавання доўгіх цягліц спіны хрыбетніка. Пры астэапарозе рэкамендуецца займацца скандынаўскай хадзьбой, плаваннем. Забараняецца паднімаць цяжары звыш 3 кг і згінацца ў хрыбетніку.

Прафілактыка

Абавязковае патрабаванне для прафілактыкі астэапарозу — рацыянальнае, збалансаванае харчаванне, якое забяспечвае арганізм тлушчамі, бялкамі, вугляводамі. Бялку трэба спажываць не менш за грам на кожны кілаграм вагі. У рацыёне абавязкова павінны быць прадукты, багатыя кальцыем. Згодна з даследаваннямі, у сярэднім беларусы з’ядаюць за суткі з ежай 400-500 мг кальцыя. А для добрага абмену рэчываў гэтая лічба павінна складаць 1200 мг. У перадменапаўзальным перыядзе жанчынам варта дадаткова прымаць прэпараты кальцыя — на працягу 2-3 месяцаў двойчы за год у дазоўцы 500 мг штодня. Характэрны для беларусаў дэфіцыт вітаміна Д, які правакуе развіццё астэапарозу, не ў апошнюю чаргу тлумачыцца недахопам сонечных дзён. Спецыялісты рэкамендуюць вітамін Д прымаць прафілактычна ў дозе 2000 міжнародных адзінак штодня або 50 000 міжнародных адзінак у месяц (пры дастатковым узроўні), а таксама ў больш высокай дазоўцы, калі яго ўзровень ніжэй за норму. Неабходная ўмова для папярэджання астэапарозу — рух. Зразумела, не варта марнатравіць алкаголем, і калі вы паліце, лепш пазбавіцца ад сваёй залежнасці, 

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».