Вы тут

Без штодзённай газеты — жыццё не жыццё і кофта для бабулі


Усе мы людзі, усе мы чалавекі

У дзяўчат, у жанчын, мусіць, з нараджэння закладзена жаданне атрымліваць падарункі, у крайнім выпадку — рабіць іх самім сабе.

Вось і нядаўна, перад Калядамі, пакруцілася я перад люстэркам у новым паліто (падарунак сясцёр да дня нараджэння) і падумала: трэба новая шапка.


Фота: pixabay.com

...У аддзел жаночага адзення зазірнула чыста з цікаўнасці: паглядзець, якім ветрам туды занесла вялікага сталага мужчыну.

— Мне патрэбна доўгая цёплая кофта, — патлумачыў ён прадаўцу-кансультанту.

— Кардыган? — удакладніла жанчына, падвяла пакупніка да кранштэйна з падоўжанымі жакетамі, жэстам паказала: выбірайце, маўляў.

— Тут няма патрэбнага, — ледзь не адразу прызнаў мужчына. — Усё нейкае светлае, яркае... Пакажыце, дзе ў вас спадніцы, дзе паліто?

— Не разумею, як вы іх будзеце купляць? — пачала злавацца прадавачка. — Усё ж гэта рэчы нятанныя. Іх трэба мераць: прыводзьце сваю жанчыну і няхай...

— Во, якраз гэта мне і трэба, — перапыніў пакупнік, — прывезці сваю бабулю. Хачу, каб яна разам з намі Новы год сустрэла. Але ж ёй дзявяты дзясятак, ехаць далёка. Баюся, каб па дарозе не змерзла, не прастыла.

Пачуўшы гэта, прадавачка тут жа змяніла гнеў на літасць і ўжо сама, разам з пакупніком, стала падбіраць усё неабходнае.

...У яе, мусіць, таксама недзе жыла ці жыве бабуля, з якой так хацелася б разам сустрэць Новы год?

Наталля ШАСТАКОВА

г. Гомель


«...Без штодзённай «роднай газеты» і жыццё не жыццё!»

Нехта з падпісчыкаў «Звязды», іх нашчадкаў захоўвае асобныя публікацыі, нумары газеты за 1945 год, за 1972-і... Я вось такімі рарытэтамі пахваліцца не магу: у маім сямейным архіве хіба што «Звязда» ад 12 сакавіка 1994-га.

Я тады быў амаль як Карлсан — мужчына ў росквіце сіл. А якой жа кветачкай выглядала жонка!..

Яе, на вялікі жаль, ужо нямашака: праклятая анкалогія... Ды і я, вядома ж, не той!

А здымак быў змешчаны ў ходзе «звяздоўскага» конкурсу прыпевак, які ахапіў тады ўсю Беларусь. Удзельнічалі Уладзімір Мартынаў з Мінска, Васіль Лапіцкі з Бабруйска, Уладзімір Шынгіроў з Крычаўшчыны, Барыс Адамейка з Барысаўшчыны, Уладзімір Немізанскі з Рагачова, Тамара Белазёрава з Піншчыны, Аляксандр Пікулік з Полаччыны, Тамара Арцюхова са станцыі Чырвоны Бераг...

Шмат было аўтараў! І якіх!.. Многія, відаць, таксама не з намі: не на гэтым свеце, а на тым, але ж добрай памяццю пра іх (апроч іншага) застаюцца прыпеўкі ў газеце.

...Па выніках конкурсу я быў запрошаны ў сталіцу, у рэдакцыю. Адтуль найсвятлейшыя ўспаміны — пра ўвесь калектыў, пра людзей, якія так беражліва, так шчыра ставіліся і — што радуе — па-ранейшаму ставяцца да беларушчыны: да сваёй роднай мовы, да нашай гісторыі і традыцый, да народнага гумару. Бо яно ж і сапраўды: каб не пеў-не цешыўся, дык даўно б павесіўся! Без добрай песні, без жарту, без штодзённай «роднай газеты»... і жыццё не жыццё!

...Да скону ў памяці адна з маіх публікацый. У ёй я расказваў пра дзядзьку Куцейку — земляка, досыць блізкага сваяка і рэдкага дзівака-гумарыста! Нават па мянушцы яго назваў.

Ведаў, што ў вёсцы ды ваколіцах той нумар «Звязды» зачытвалі да дзірак, што людзі спецыяльна ездзілі ў райцэнтр, каб пашукаць ды купіць газету. Аднак сустрэчы з героем я, шчыра кажучы, трохі баяўся...

А не трэба было! Яшчэ ў аўтобусе, па дарозе да роднай вёскі, пасажыры сталі нахвальваць мяне. Маўляў, малайчына: добра расказаў пра дзядзьку!

І сам той Куцейка — варта было трапіць на вочы — з форсам дастаў з-за пазухі пацёртую, патрапаную газету, як сцягам, патрос ёй над галавой, а мяне дык нават абняў і «чарку» наліў.

...Усё гэта — з успамінаў. Безліч іх — прыемных, шчымлівых і, вядома ж, не толькі мне! — падарыла «Звязда»! Яна — як і цёзка яе — аднайменная калядная зорка — застаецца сімвалам сонца, сімвалам надзеі, на тое, што халодныя дні ўрэшце скончацца, што прыйдзе вясна, што мы будзем сеяць і жыць.

Мікалай КАМАРОЎСКІ

г. Орша

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.