Вы тут

Беларусы падарожнічаюць унутры краіны, расіяне плацяць за камфорт


Сёлетні год стаў для турыстычнай сферы часам частковага аднаўлення пасля пандэмійных лакдаўнаў. Спецыялісты адзначаюць узрослую цікавасць беларусаў да ўнутранага турызму. Істотна ўзрасла ў нашай краіне колькасць гасцей з Расіі. Многія турысты адкрылі для сябе Беларусь, прычым сёлета да нас прыехала шмат гасцей, якія аддавалі перавагу прэміум-адпачынку са SPA-гатэлямі, наведваннем гандлёвых цэнтраў і аквапаркаў. Жыхарам маладых расійскіх гарадоў цікавыя беларускія замкі, прадстаўнікам паўночных і паўднёвых рэгіёнаў — наш клімат і прырода. Ёсць цікавасць да нашай краіны ў гасцей з краін ШАС і Сярэдняй Азіі, у прыватнасці — Узбекістана, Індыі і Кітая. Развіваць гэтыя напрамкі мяркуецца ў перспектыве.


Фота: БелТА.

Турыстаў з Літвы і Латвіі — у сем разоў больш

Як адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык, турыстычны сезон 2022 года быў дынамічным і развіваўся. Пасля пандэміі турыстычная сфера пачала актыўна набіраць ход. Сярод станоўчых вынікаў намеснік міністра вызначыў вялікі паток айчынных турыстаў. Іх колькасць па ўнутраных маршрутах за 9 месяцаў узрасла амаль на 200 тысяч у параўнанні з 2021-м (116 % да ўзроўню мінулага года). У рамках арганізаваных тураў па нашай краіне цягам года падарожнічала звыш мільёна беларусаў.

Адметна, што ўзрасла колькасць замежных турыстаў. За 10 месяцаў Беларусь наведала 1 мільён 163 тысячы замежнікаў (122 % да ўзроўню мінулага года), нягледзячы на скарачэнне авія- і чыгуначных зносін. Лідарамі па-ранейшаму з'яўляюцца расіяне — 393 тысячы турыстаў. У 7 разоў больш турыстаў прыехала сёлета з Літвы і Латвіі. Колькасць палякаў засталася на ўзроўні 2021-га. «Бязвізавы рэжым з Літвой, Латвіяй і Польшчай паказвае сваю эфектыўнасць — нашу краіну наведваюць суседзі», — адзначае Алег Андрэйчык.

119 мільёнаў долараў прывезлі расіяне

Павялічыўся аб'ём экспарту турыстычных паслуг. За 10 месяцаў ён склаў каля 150 мільёнаў долараў (139 % да ўзроўню мінулага года). Асноўным экспарцёрам з'ўяляецца Расія — расіяне пакінулі ў нашай краіне 119 мільёнаў долараў, прычым гэта лічба сёлета ўзрасла удвая. Госці з Турцыі, Латвіі, Кітая пакідаюць у Беларусі ад 2 да 3 мільёнаў долараў. Захавалася станоўчае сальда турыстычных паслуг, яно складае 85 мільёнаў долараў.

Сёлета каля двух мільёнаў турыстаў спыняліся ў беларускіх гатэлях — на 600 тысяч больш, чым летась. Такім чынам, адчуваецца запатрабаванасць гасцінічнага бізнесу, як і неабходнасць удасканалення сэрвісу.

Санаторна-курортныя ўстановы летась павялічылі загрузку амаль на 8 %. Мяркуецца, што ў сярэднім па годзе яна складзе 81-82 %. Такім чынам, амаль 1,5 мільёна чалавек сёлета прайшлі аздараўленне, амаль 200 тысяч з іх — замежнікі.

— Летам мы адчулі, што санаторна-курортныя ўстановы і гасцініцы, асабліва ў абласных цэнтрах і сталіцы, былі перагружаны. Турыстам было складана трапіць да нас. Гэта красамоўны факт, што турызм развіваецца, і часам нам не хапае аб'ектаў, каб прыняць усіх ахвотных, — падкрэсліў намеснік міністра.

Эфектыўна працавалі і суб'екты турызму (сёння іх 3 150), і аб'екты паляўнічага турызму (іх 133), іх загрузка складала 90 %. Асноўныя стратэгічныя рынкі, якія разглядаюцца для супрацоўніцтва ў 2023 годзе — 15-20 рэгіёнаў Расіі. З імі мяркуецца прапрацаваць узаемадзеянне ў сферы турызму. Маюцца і нядрэнныя напрацоўкі з краінамі СНД, плануецца, што і дапандэмійныя сувязі з Кітаем будуць адноўленыя.

Попыт на прэміум-клас

Як расказаў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычынй індустрыі Філіп Гулы, у 2022-м годзе Беларусь убачыла іншых турыстаў з Расіі, у якіх запатрабаваныя гатэлі прэміум-класа і SPA-комплексы. Гэта людзі сярэдняга ўзросту з дзецьмі, якія жывуць у пяцізоркавым гатэлі і наведваюць гандлёвыя цэнтры і аквапаркі. У людзей больш старэйшага ўзросту па-ранейшаму запатрабаваны адпачынак у беларускіх санаторыях і экскурсійныя праграмы.

— У Расіі большасць гарадоў, якія размяшчаюцца ніжэй за Ніжні Ноўгарад, — адносна маладыя. Для іх жыхароў нашыя палацы — глыбокая старажытнасць. Для гасцей з поўдня Расіі і краін Сярэдняй Азіі нашы балоты і прырода — сапраўдны цуд. Сярэдні клас любіць прыязджаць у туры выхаднога дня. Для расіян у нас шмат адкрыццяў, — расказвае памочнік генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі холдынга «Гасцінічны холдынг кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» Аляксей Стрэльчанка.

Ён адзначае, што сёлета намеціўся новы трэнд — чатырох- і пяцізоркавыя гатэлі сталі карыстацца большай папулярнасцю, чым гасцініцы эканом-класа.

— Першы квартал у прадстаўнікоў гасцінічнай індустрыі не выклікаў аптымізму і не дазваляў спадзявацца на выканенне паказчыкаў. А затым усё змянілася — да нас прыехалі турысты з Расіі. У падпарадкаванні мы маем гасцініцы рознага ўзроўню сэрвісу: «Планета», «Юбілейная», «Мінск» і «Прэзідэнт-гатэль». І калі параўноўваць іх загрузку з 2021-м, то сёлета яна значна вырасла. Калі ж параўноўваць з самым паспяховым 2019-м, то яго паказчыкаў пакуль не дасягнём. У 2019-м загрузка складала амаль 55 %, то цяпер 43-45 %. Затое пяцізоркавы «Прэзідэнт-гатэль» пераўзышоў усе паказчыкі паспяховага 2019-га. Калі ў 2019-м высокай загрузкай вызначаліся трохзоркавыя «Планета» і «Юбілейная», то цяпер акцэнт перамясціўся на больш камфлртныя гатэлі, — адзначае Аляксей Стрэльчанка. — Прыязджаюць людзі з грашыма, якія шмат пабачылі. Яны гатовы плаціць, але патрэбны бездакорны сэрвіс.

На Новы год сталічныя гатэлі даўно распрадалі большасць месцаў. У першы тыдзень студзеня, калі ў расіян будуць калядныя канікулы, загрузка гасцініц складае да 95 %. У навагоднюю ноч «Прэзідэнт-гатэль» заняты на 95 %, гасцініца «Мінск» — да 85 %, іх рэстараны — на 100 %.

Аляксей Стрэльчанка адзначыў, што ёсць добрыя перспектывы ў развіцці аўтобусных тураў з Паволжскіх рэгіёнаў Расіі. Ёсць цікавасць да Беларусі ў турыстаў з Індыі, і прамы авіярэйс мог бы істотна паспрыяць росту колькасці гасцей з гэтай краіны. Нягледзячы на новыя ўспышкі каранавіруса ў Кітаі, цяпер назіраецца дзелавая актыўнасць прадстаўнікоў кітайскіх кампаній у нашым рэгіёне, якія збіраюцца выйсці на беларускі рынак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».