Вы тут

Юрый Наркевіч аб рабоце з насельніцтвам і рэальных ініцыятывах


Аб рабоце дэпутатаў, Саветаў, ініцыятывах, якія становяцца рэальнымі справамі на месцах, а таксама аб рабоце з моладдзю, з насельніцтвам па месцы жыхарства наша сённяшняя размова са старшынёй Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, членам Савета Рэспублікі Юрыем Наркевічам.


– Мы размаўляем у апошнія дні года, калі паўсюль праходзяць навагоднія ёлкі, калі ў самым разгары акцыя «Нашы дзеці». Прапаную пачаць гаворку менавіта з удзелу дэпутацкага корпуса ў падтрымцы дзяцей.

— Дэпутаты ўсіх узроўняў уключыліся ў гэтую высакародную справу, — гаворыць Юрый Іосіфавіч. — На месцах разам з райсаветамі працуюць дэпутаты абласнога Савета, парламентарыі, сенатары. Усіх дзяцей, якія маюць асаблівую патрэбу ва ўвазе, наведваюць і віншуюць са святамі. У гэтыя дні народныя выбраннікі ходзяць у школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, наведваюць шматдзетныя сем'і. Для ўсіх рыхтуюцца, акрамя салодкіх падарункаў, патрэбныя для вучобы і развіцця рэчы, дапаможнікі, спартыўны інвентар. Мы зыходзім з таго, што ўсе дзеці павінны быць ахоплены ўвагай, разуменнем, дапамогай. Падчас наведвання госці не толькі ўручаюць падарункі, яны праводзяць гутаркі, гавораць пра набыткі і клопаты кожнай канкрэтнай сям'і або ўстановы. Дзеці — гэта юныя грамадзяне краіны. Тое, што ўкладваецца ў іх выхаванне цяпер, адгукнецца справамі ў недалёкай будучыні.

— Відавочна, як і ў выхаванне моладзі: старшакласнікаў, студэнтаў, маладых спецыялістаў... У канцы года абласны Савет шмат працаваў з маладзёжнымі парламентамі. Якія высновы, на ваш погляд, можна зрабіць са зносін з падрастаючай зменай?

— Так, каля месяца таму прайшло першае пасяджэнне Маладзёжнага парламента другога склікання пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў. У склад абласнога Маладзёжнага парламента ўвайшлі 44 прадстаўнікі маладзёжных парламентаў, створаных пры гарадскіх і раённых Саветах дэпутатаў. Тут, на пасяджэнні, яны падвялі вынікі работы свайго першага парламента. Праекты, якія ўдалося рэалізаваць за тры гады, былі накіраваныя на павышэнне прававой і палітычнай культуры моладзі, на прафарыентацыю выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, на сацыялізацыю дзяцей, што маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Патрыятычны праект «Атрад пакаленняў» праводзіўся разам з юнармейцамі «Вахты Памяці» Брэсцкай крэпасці і сабраў юнармейцаў мінулых гадоў. У дзень вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яны адстаялі сумесную «Вахту Памяці» каля Вечнага агню. Мерапрыемства прайшло на высокай патрыятычнай ноце.

Важна і тое, што брэсцкая моладзь добра сябе паказала на рэспубліканскім узроўні, у складзе Рэспубліканскага маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе. Новы склад парламента таксама мае змястоўную праграму дзеяння. Думаю, што цяперашнія яго члены будуць працаваць яшчэ больш плённа, з улікам вопыту мінулага складу.

Падтрымліваць і развіваць маладзёжны рух стала прынцыповай пазіцыяй нашай дзяржавы. Дэпутацкі корпус вобласці актыўна супрацоўнічае з моладдзю па самых розных кірунках. Мы бачым, што ёсць усе падставы давяраць маладым нават адказныя задачы, бо ў нас актыўная, ініцыятыўная, крэатыўная моладзь. Думаю, што ў недалёкай будучыні мы ўбачым асобных маладых парламентарыяў у складзе раённых, а таксама абласнога Саветаў.

— Гэта значыць, што ў сваіх маладзёжных фарміраваннях яны праходзяць своеасаблівую школу грамадскай дзейнасці. А школай дзейнасці для дэпутата-пачаткоўца нярэдка называюць работу выязной сесіі. Апошняе даводзілася чуць ад многіх дэпутатаў. Напрыклад, работнік гарадской установы культуры па сакрэце сказала мне, што на жывёлагадоўчай ферме ўпершыню пабывала менавіта падчас выязной сесіі. Якія сесіі з выездам сталі адметнымі ў гэтым скліканні, ці маеце намер і далей практыкаваць такую форму работы?

— Сапраўды, выязная сесія — адна з найбольш эфектыўных формаў работы дэпутатаў. На месцы ёсць магчымасць убачыць аб'ект альбо вытворчасць на свае вочы, атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, каб адказна прымаць рашэнне, выпрацоўваць рэкамендацыі, завастраць увагу на праблемах. Добрыя водгукі ў дэпутацкім асяродку мела леташняя сесія па праблемах фермерства, якая праходзіла ў Ляхавіцкім раёне. Мы ўсебакова абмеркавалі эфектыўнасць работы сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Перад пленарным пасяджэннем удзельнікі сесіі наведалі некалькі такіх гаспадарак, а таксама азнаёміліся з работай Ляхавіцкага кансервавага завода.

Удзельнікі сесіі пабывалі на адной са старэйшых фермерскіх гаспадарак Ляхавіцкага раёна «Уладзімір плюс», якая мае 18 гадоў гісторыі, спецыялізуецца на вырошчванні яблыкаў і чорных парэчак. На 50 гектарах яблыневага саду — вядучыя сусветныя сарты. Ёсць уласнае сховішча, дасканалая структура халоднага захавання дае магчымасць прапаноўваць на рынак прадукцыю амаль кожны год.

На кансервавы завод дэпутаты накіраваліся, каб пагаварыць аб перапрацоўцы прадукцыі. Завод выпускае паўтары сотні найменняў вырабаў і купляе сыравіну ў прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Наведвальнікі змаглі пераканацца, што невялікае перапрацоўчае прадпрыемства працуе мабільна, тут выкарыстоўваюцца найноўшыя формы ўпакоўкі, каб задаволіць самы розны попыт патэнцыяльных пакупнікоў. Такім чынам, атрымалася прадметна пагаварыць пра ўзаемаадносіны вытворцаў і перапрацоўшчыкаў.

На сесіі мы канстатавалі, што ў цэлым фермерскія гаспадаркі даказалі сваю эфектыўнасць. Найбольш паспяхова развіваюцца тыя з іх, якія ўкладваюць сродкі ў развіццё вытворчасці, чуйна рэагуюць на патрэбы спажывецкага рынку. І ўжо ёсць выпадкі, калі паспяховыя фермеры набылі неплацежаздольныя сельгасарганізацыі. Напрыклад, у 2018 годзе КСУП «Міжлескае» Лунінецкага раёна было прададзена фермерскай гаспадарцы «Навіцкіх». Годам пазней КСУП «Рубельскі» Столінскага раёна набывае фермер гэтага раёна. З пераходам да новых уласнікаў вытворчыя паказчыкі былых калгасаў палепшыліся, пагашаныя пратэрмінаваныя абавязацельствы, вырасла заработная плата работнікоў. Фермерскія гаспадаркі таксама выступаюць пакупнікамі асобных маёмасных комплексаў сельгасарганізацый у ходзе працэдуры банкруцтва. Усё гэта вельмі важна ўлічваць у далейшым развіцці аграрнай галіны вобласці, якую прадстаўляе цэлы шэраг народных выбраннікаў.

На нядаўняй сесіі па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў Іванаўскім раёне мы вучыліся, як трэба рабіць. У ходзе сесіі наведалі Іванаўскую дзіцячую школу мастацтваў, мотальскія музеі, іншыя аб'екты. Дэпутаты высока ацанілі работу органаў кіравання і самакіравання раёна па захаванні гістарычнай спадчыны. Мы ўбачылі, што ў раёне ўмеюць шанаваць гісторыю, беражліва ставяцца да спадчыны, прыкладаюць шмат намаганняў, каб славутасці падтрымліваліся ў належным стане, праводзяць вялікую работу па добраўпарадкаванні.

— І не толькі ў іванаўцаў можна павучыцца. Часта бываю ў сельскіх Саветах і ведаю, што кіраўнікі сельвыканкамаў пад сваёй работай маюць на ўвазе найперш парадак на зямлі, добраўпарадкаванне, падтрыманне ў належным стане тэрыторый. Хоць гэта і няпроста, асабліва пры сціплых бюджэтах мясцовых выканкамаў у глыбінцы, некаторыя працуюць даволі цікава, знаходзяць узаемаразуменне з сельгаспрадпрыемствамі і іншымі арганізацыямі, прыцягваюць спонсараў, адным словам, дабіваюцца, каб вёскі, аграгарадкі выглядалі прывабна. Як аблсавет заахвочвае такую работу?

— Сапраўды, парадак на зямлі — той кірунак работы, які заўсёды меў асаблівую актуальнасць. Гэтую работу ўлічваем падчас падвядзення вынікаў абласнога конкурсу паміж сельсаветамі, які праводзіцца ў вобласці з 2009 года. Да ўвагі бярэцца шмат крытэрыяў. Гэта і добраўпарадкаванне тэрыторыі, азеляненне населеных пунктаў, а таксама вырашэнне сацыяльных пытанняў, бытавое і гандлёвае абслугоўванне, работа ўстаноў культуры — адным словам, усё, ад чаго залежыць якасць жыцця вясковага чалавека. Быць пераможцам у конкурсе не толькі прэстыжна, але і выгадна. Прэмію можна выкарыстаць на далейшае добраўпарадкаванне і паляпшэнне, што паспяхова робіць мясцовая ўлада.

Першае месца сёлета заваяваў Хідрынскі сельскі Савет Кобрынскага раёна. На тэрыторыі сельсавета актыўна вядзецца будаўніцтва жылля, пяць новых кварталаў жылой забудовы разбіта за апошнія гады. Калі людзі ўзводзяць дамы, значыць, вёска жыве, у яе ёсць будучыня. У згаданым сельсавеце не толькі клапоцяцца пра сённяшні дзень, але і з вялікай павагай ставяцца да гісторыі. Прыведзены ў парадак і дагледжаны помнікі ваенным падзеям, якіх тут нямала.

Другое месца падзялілі паміж сабой два сельсаветы — Відамлянскі Камянецкага раёна і Рэчыцкі Столінскага раёна. У Відамлі азеляненнем і навядзеннем прыгажосці займаюцца многія гады. У вёсцы становіцца ўсё больш добраўпарадкаваных і ўпрыгожаных сядзіб. У практыку ўвайшло спаборніцтва за найлепшую сядзібу. Акрамя Відамлі, у склад сельсавета ўваходзіць нямала малых вёсак. Каб іх падтрымаць, у тым ліку ў плане добраўпарадкавання, задумалі фестываль малых вёсак пад назвай «Вёсачка мая — мая чараўніца». Кожны год у адным з такіх населеных пунктаў праводзіцца свята вёскі, да якога цэлы год ідзе падрыхтоўка. А на фэст збіраюцца ўсе пакаленні вяскоўцаў, нават дзеці-ўнукі прыязджаюць здалёк. Сельгаспрадпрыемства не абыходзіць увагай ніводнага былога работніка, падарункі ўручаюцца ўсім калгасным пенсіянерам, ушаноўваюць цяперашніх працаўнікоў, калі такія ёсць.

Аграгарадок Хідры Кобрынскага раёна – цэнтр сельсавета,  які перамог у абласным конкурсе добраўпарадкавання.

У Рэчыцкім сельсавеце Столінскага раёна ажыццяўляюцца мясцовыя праекты. Такія, напрыклад, як добраўпарадкаванне парку ў Ніжнім Церабяжове. Гэта на 90 працэнтаў захаваны парк старадаўняй сядзібы ХІХ стагоддзя. Біялагічная разнастайнасць флоры і фаўны названага парку здзіўляе вучоных. Тут растуць рэдкія і зусім рэдкія ў нашых шыротах дрэвы і кусты, жывуць птушкі-чырванакніжнікі. Вось гэты парк сельская грамада на чале з мясцовай уладай узялася падчысціць, вызваліць ад зарасніку і лішніх кустоў. За год ужо палепшылі пяць гектараў з дванаццаці, на цэнтральнай дарожцы ўстанавілі лаўкі, аднавілі ўваходныя вароты. Важна, што работа працягваецца.

Трэцімі прызёрамі сталі Ляскавіцкі сельсавет Іванаўскага раёна і Хатыніцкі Ганцавіцкага. Апошні складаюць два аграгарадкі — Хатынічы і Раздзялавічы ды невялічкая вёсачка Яловая. Хатынічы — даволі вялікая вёска. Насельніцтва яе складае больш за 2600 чалавек. Тут маецца ўся інфраструктура, ёсць амбулаторыя з участковай бальніцай. Гандлёвае абслугоўванне арганізавана на прыстойным узроўні, усяго на тэрыторыі сельсавета 15 гандлёвых пунктаў, з іх 6 магазінаў — прыватныя, працуюць два кафэ.

Дом культуры з бібліятэкай ніколі не пустуюць. Тутэйшыя людзі здаўна любілі песні, танцы, займаюцца ў самадзейных калектывах, удзельнічаюць ва ўсіх святах і мерапрыемствах. Нязменным клопатам сельвыканкама з'яўляецца падтрыманне ў парадку вясковых вуліц, грамадскіх месцаў, памятных мясцін. Дарэчы, на згаданай тэрыторыі маецца пяць помнікаў падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Ляскавіцкі сельсавет Іванаўскага раёна — прыгарадны. Гэтым у многім абумоўлена спецыфіка работы. Цяпер у распрацоўцы знаходзіцца шосты па ліку квартал новай забудовы. Штогод здаецца ў эксплуатацыю да 12 новых дамоў. Пачатковы кошт участкаў зямлі на аўкцыёне ў 10 разоў меншы, чым у райцэнтры. Таму не дзіва, што людзі, нярэдка жыхары райцэнтра, набываюць участкі менавіта ў Ляскавічах. Населены пункт забудоўваецца, расце колькасць насельніцтва, таму многае робіцца па яго добраўпарадкаванні. На тэрыторыі ёсць асаблівы аб'ект — раённы дзіцячы прытулак. Ён размешчаны ў Ляхавічах. Мясцовая ўлада дапамагае ўстанове ў пытаннях добраўпарадкавання і не толькі. Для дзетак, якія абдзелены бацькоўскай увагай, асабліва патрэбна зрабіць нешта добрае.

Знарок падрабязна спыніўся на асобных аспектах работы некалькіх сельсаветаў, каб паказаць, якая вялікая работа праводзіцца на месцах. Асаблівае значэнне аддаецца рабоце з насельніцтвам, у тым ліку па падтрымцы і развіцці ініцыятывы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?