Вы тут

Бабулі, парашуты, іронія. Прэм’ера «Апошняга атракцыёна» ў Купалаўскім


Купалаўскі тэатр адзначыўся прэм’ерай: 27 снежня гледачам прадставілі трагікамедыю «Апошні атракцыён» паводле п’есы амерыканскага драматурга Дэвіда Ліндсі-Эбера. Дзея разгортваецца ў пансіянаце, а дакладней, у адным з яго пакояў. Да Абі, з’едлівай і крыху антысацыяльнай жанчыны ганаровага ўзросту, ролю якой выканала Тамара Міронава, падсяляюць суседку Мэрылін. Персанаж Вольгі Няфёдавай любіць поп-музыку, скандынаўскую хаду і сваіх унукаў. Канфлікт непазбежны: як двум супрацьлеглым людзям ужыцца на маленькай тэрыторыі?


Галоўнай фарбай пастаноўкі стала іронія, а для дасягнення камічнага эфекту стваральнікі спалучылі кантрасты, аб гэтым распавёў кампазітар Леанід Шырын:

Кампазітар Леанід Шырын.

— У «Апошнім атракцыёне» спалучаюцца элементы трагедыі і самаіроніі, якая дапамагае ў наш час выжыць. Праз музычнае суправаджэнне мы вырашылі адлюстраваць паядынак галоўных гераінь у двух раўндах: завязка паступова разгортваецца, стварае напружанне, якое падкрэслівае канфлікт.

Правільна расстаўленыя драматургічныя акцэнты — адна з адметнасцяў спектакля. Вось у пансіянат прыязджае сын Абі, якога яна не бачыла ажно пяць гадоў. Радасць! Але прычына такога вялікага перапынку сумная: сын доўгі час змагаўся з наркатычнай залежнасцю. Але, здаецца, выйшаў пераможцам. Рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Завадзюк гуляе з эмоцыямі гледачоў: вось зала смяецца з-за розыгрышу Мэрылін, а праз хвіліну змаўкае, бо ўсплывае новы трагічны факт з біяграфіі галоўных гераінь. А іх, як у жыцці кожнага чалавека, дастаткова: смерць блізкіх, праблемы са здароўем, самота.

Ідэнтыфікаваць сябе з Мэрылін і Абі дастаткова проста ў тым ліку і таму, што яны існуюць у сучаснасці. Абі, напрыклад, баіцца страціць свой планшэт, бо ў ім захоўваюцца ўсе яе кнігі. А Мэрылін носіць майку з Брытні Спірс і часам наведвае рэстаран сярэднеземнаморскай кухні. Абіраць адзін з бакоў не хочацца: ты аднолькава суперажываеш як панурай Абі, так і актыўнай Мэрылін, бо ведаеш, што кожная з іх вядзе ўнутраную барацьбу.

Магістральная тэма пастаноўкі: ці сапраўды непадобныя адзін да аднаго людзі ніколі не знойдуць агульную мову? Мэрылін і Абі даказваюць, што гэта не так. Прайшоўшы этап суперніцтва, яны робяць выснову, што дапаўняюць адна адну. Так Мэрылін вучыцца паглыбляцца ў сутнасць спраў, а Абі пачынае давяраць людзям, заўважае ў іх не толькі адмоўныя рысы.

Спектакль сапраўды нагадвае атракцыён, пэўныя амерыканскія горкі, дзе гледача пракатваюць ад фарсавых да трагічных эпізодаў. Так Абі ў сюрэалістычным паўсне, калі скочыла з парашутам, размаўляе з крумкачом. А Мэрылін, калі жадае напужаць суседку, інсцэніруе сваю смерць. І толькі глядач расслабляецца, разумеючы, што ўсё гэта жарт, музычная тэма змяняецца. І нехта ззаду паўшэптам пытаецца: «Яна што, сапраўды памерла?»

Сцэнаграфія, а ў прыватнасці выкарыстаныя стваральнікамі колеры і дэталі адлюстроўваюць настрой як саміх герояў, так і атмасферу, якая пануе ў пакоі. Першае, што бачыць глядач — кітчавыя гіпсавыя анёлы, якія вісяць над ложкамі. І толькі пры больш дэталёвым разглядзе можна заўважыць, што анёл Абі плача, а ў Мэрылін смяецца і пасылае пацалункі. Увогуле, мастакі вельмі пільна працуюць з дэталямі сусвету гераінь. Так, Абі кожны дзень палівае кветку ў гаршку, але расліна быццам з кожным днём сохне ўсё мацней. А на баку Мэрылін да сцяны прылеплены дзіцячы малюнак: яе маленькі ўнук захапляецца машынамі хуткай дапамогі.

Першае ўражанне ад «Апошняга атракцыёна» як аб лёгкім камедыйным спектаклі змяняецца рэфлексіяй на самыя розныя тэмы. Гэта і сацыяльныя праблематыка: наркатычная залежнасць, адзінота пажылых людзей і іх існаванне ў спецыяльных установах. І пытанні філасофскага напрамку: прыняцце непадобных да цябе людзей, уменне існаваць у сусвеце, які не заўсёды падпарадкоўваецца тваім уласным жаданням, страх смерці.

Пастаноўка Андрэя Завадзюка адрозніваецца ад прывычнай праграмы Купалаўскага. У сваім рэжысёрскім дэбюце Завадзюк не пабаяўся прадставіць беларускаму гледачу нестэрэатыпны вобраз пажылых жанчын. У пэўным сэнсе, атрымаўся невялікі эксперымент, які, безумоўна, знойдзе свайго гледача.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?