Вы тут

Самы навагодні «вітамін». Усё, што вы не ведалі пра мандарыны


Мандарыны ў наш час на прылаўках практычна круглы год (першыя новага ўраджаю з'яўляюцца ў продажы ўжо летам). Але становяцца яны абавязковым пунктам меню сярэднестатыстычнай беларускай сям'і па-ранейшаму ў асноўным зімой. Бліжэй да Новага года мандарыны ёсць ужо практычна ў кожным спісе, з якім пакупнік адпраўляецца ў краму ці на рынак.


Трэба сказаць, што ўзімку і асартымент мандарынаў — самы шырокі. Прычым не ўсе мандарыны на паверку — менавіта мандарыны (як мы іх агулам прывыклі называць). Ёсць, да прыкладу, танжэрыны, ёсць клеменціны, ёсць сарты мандарынаў і іх гібрыды. Такім чынам, выбіраем «самыя зімовыя цытрусавыя» да навагодняга стала.

Разбіраемся з разнавіднасцямі

Клеменціны — гэта, калі хто не ведае, і не мандарыны зусім, а «помесь» мандарына і апельсіна. Яны буйнейшыя, скурка ў іх тоўстая, «рыхлаватая» і чысцяцца яны лепш, чым уласна мандарыны. У Еўропе менавіта клеменціны лічацца галоўнымі каляднымі цытрусавымі. У нашых шыротах усё ж Новы год у большай ступені асацыіруецца з мандарынамі класічнымі. У якіх, дарэчы, ёсць сарты (часам — са складана вымаўляльнымі назвамі). Напрыклад, тыя самыя мандарыны, з якімі трывала асацыіруецца навагодні настрой, — звыклыя з дзяцінства аранжавыя «мячыкі» — гэта, аказваецца, хутчэй за ўсё, сорт Уншыу (ярка-аранжавая досыць тонкая скурка). Яны добра чысцяцца, таму што паміж скуркай і мякаццю ў сорту ёсць паветраная праслойка. Смак салодкі, але з добра выяўленай кіслінкай. Ёсць костачкі.

Без костачак (ну практычна) іншы сорт з тых, што мы ядзім, не ведаючы назваў — Фрэмонт. Яны больш салодкія, чым Уншыу, скурка ў іх мякчэйшая і мае бугаркі. Гэтыя мандарыны таксама лёгка чысцяцца, таксама сакавітыя і таксама пахнуць «Новым годам з дзяцінства».

А вось любімыя многімі пакупнікамі «абхазскія мандарыны» — гэта не сорт і не нейкі канкрэтны гібрыд. «Радаводнае дрэва» гэтых цытрусавых змяшчае нямала галін — у гады Савецкага Саюза там высаджваліся і Уншыу, і Сантра, і іншыя сарты мандарынаў. Таму абхазскія мандарыны бываюць рознакалібернымі і рознай ступені «аранжавасці», часам яны могуць мець зялёны бачок, але аб'ядноўвае іх цудоўны, непаўторны водар і смак. Яны лічацца ў аматараў мандарынаў самымі «экалагічнымі». На нашых рынках яны з'яўляюцца ў канцы лістапада, а ў лютым іх сезон ужо завяршаецца.

Навошта іх есці?

Дыетолагі сцвярджаюць, што мандарыны — страва з высокім глікемічным індэксам, і раяць налягаць на іх у першай палове дня, таму што, уявіце сабе, яны зусім не бяскрыўдныя для таліі. Калі ў навагоднюю ноч вы плануеце ў асноўным ляжаць перад тэлевізарам (што, вядома, дрэнна, але па-чалавечы так зразумела!), лепш паласавацца мандарынамі раніцай 1 студзеня. Пры гэтым у мандарынаў ёсць безумоўныя плюсы з пункту гледжання той жа дыеталогіі. Як вядома, Новы год — час бясконцых застолляў, калі нават аматары правільнага харчавання ўжываюць больш, чым звычайна, каларыйнага і тлустага. Мандарыны ж ўтрымліваюць караціноіды, што перашкаджаюць назапашванню тлушчу, а таксама клятчатку, якая спрыяе з'яўленню пачуцця сытасці. Так што, яны — адзін з пастаянных інгрэдыентаў дыет пры дыягназе «атлусценне» (праўда, есці іх рэкамендуецца, як ужо гаварылася, да поўдня).

І наогул, акрамя пазітыўных асацыяцый, у мандарынах яшчэ шмат добрага. Усяго 40 ккал у 100 грамах, вялікая колькасць вітамінаў (не толькі С, але і А, D, K і B12). Дарэчы, ўтрыманне вітаміну С у розных відах і сартах не аднолькавае. Прынята лічыць, што чым кіслейшы мандарын, тым гэтага вітаміну ў ім больш. Па факце, згодна з праведзенымі дыетолагамі лабараторнымі даследаваннямі, лідзіруюць па колькасці вітаміну С увогуле клеменціны (а яны салодкія!). Утрымліваюць яны парадку 50 мг аскарбінавай кіслаты на 100 г. Ва ўласна мандарынах «аскарбінкі» змяшчаецца ў сярэднім 20-30 мг на 100 г (што таксама нямала). Але гэта колькасць рэзка падае, калі мандарыны, напрыклад, прамерзлі пры няправільным захоўванні або транспарціроўцы.

Таксама ў мандарынах шмат фітанцыдаў, якія, з'яўляючыся прыроднымі антысептыкамі, падтрымліваюць імунітэт і абараняюць ад бактэрый і вірусаў. Вітамін В12 скарачае выпадзенне валасоў і паскарае іх рост, вітамін А — паляпшае зрок і работу кішэчніка. Спалучэнне вітамінаў і мікраэлементаў падаўляе выпрацоўку гармону стрэсу карцізолу. Такім чынам, спажываць мандарыны зімой — вельмі правільнае рашэнне. Засталося толькі палічыць, у якую суму сёлета абыдзецца нашым суайчыннікам гэты «вітамінавы кактэйль».

Аранжавы настрой

На Камароўцы — аранжавы настрой: ужо чаго-чаго, а мандарынаў тут цяпер — на любы смак і кашалёк: і на адкрытым рынку, і на закрытым. Перад Новым годам менавіта мандарыны «робяць касу» на фруктовых прылаўках. Набор па краіне-вытворцы, адкуль прыехалі гэтыя цытрусавыя, прыкладна такі ж, як і мінулай, і пазамінулай зімой: грузінскія кісла-салодкія, сакавітыя і без костачак (амаль), турэцкія (саладзейшыя і костачак больш), настальгічныя мараканскія (з чорнымі ромбікамі з надпісам Maroc, памятнымі «народжаным у СССР»), а таксама іспанскія, якія прадаўцы рэкамендуюць як «самыя салодкія», і іспанскія ж клеменціны. Сустракаюцца яшчэ кітайскія мандарыны (сама не бачыла, але прадаўцы кажуць — ёсць), якім, па словах суразмоўнікаў, пакупнікі не надта давяраюць. Можна спыніць выбар на італьянскіх — яны яркія, салодкія і без костачак, скурка тонкая і лёгка чысціцца, мякаць шчыльная і сакавітая. Што датычыцца цаны на мандарыны — яна вельмі варыятыўная. Ад 4.50 за турэцкія (на цэнніку пазначана, што яны «без костачак») аж да 16—17 за грузінскія («вельмі салодкія» і аздобленыя зялёнымі лісцікамі). У «мандарынавай геаграфіі» Камароўкі сёлета таксама ёсць Грэцыя і ПАР.

— Тыя, якія па 4-6 рублёў, — там будуць і вялікі, і маленькі мандарын, — распавядае прадаўшчыца за высокім прылаўкам з дарагімі іспанскімі і італьянскімі мандарынамі. — А я люблю, каб усё мандарынкі былі аднолькавыя, «калібраваныя». Таму што з таннымі шмат клопатаў. Пакупнікі патрабуюць: «А пакладзіце мне буйнейшыя!». А дробныя мне потым куды падзець?

На пытанне, якія мандарыны смачнейшыя, прадаўцы прапануюць спрабаваць і выбіраць.

— Хтосьці любіць з кіслінкай: занадта салодкія таксама не ўсім даспадобы, — тлумачаць мне.

Па балансе кіслаты і слодычы самымі смачнымі многія прадаўцы па старой памяці называюць менавіта мараканскія мандарыны — іх вызначае вельмі яркі колер скуркі і ўвагнутасць пасярэдзіне. І костачак ў іх амаль няма.

А самымі прыгожымі — часцей іспанскія. Пазнаць іх можна па глыбокім цёмна-аранжавым колеры лупіны і зялёнай галінцы на кожнай мандарынцы — так яны лепш захоўваюцца. П'едэстал гонару на «конкурсе прыгажосці» яны падзяляюць з італьянскімі мандарынамі, з больш светлай лупінай.

— Яны лёгка чысцяцца, — ахвотна тлумачыць прадаўшчыца. — Турэцкія чысцяцца горш. І сярод турэцкіх могуць сустракацца не вельмі салодкія, вадзяністыя на смак.

Лепш за ўсё, распавялі на Камароўцы, захоўваюцца іспанскія мандарыны — могуць ляжаць да двух тыдняў. А калі казаць аб «экалагічнай чысціні», самымі «чыстымі» лічацца абхазскія.

— Гэтыя маленькія па 12 аддам, а буйныя па 16. Спрабуйце! — ажыўляецца, убачыўшы пакупнікоў, чарнабароды прыгажун за прылаўкам. — Гэта абхазскія, вельмі салодкія і сакавітыя!

На заўвагу: маўляў, дарагавата, вунь там таннейшыя, прадавец крыўдзіцца.

— Не могуць абхазскія каштаваць 6-7 рублёў, і летась не маглі 3.50 каштаваць! Гэта вам прадалі або турэцкія, або кітайскія мандарыны пад выглядам абхазскіх, — пераконвае ён.

Наогул, з-за высокага ўтрымання фруктовых кіслот мандарыны не назапашваюць пестыцыды, адзначаюць дыетолагі. Але гэта не адносіцца да лупіны пладоў. Акрамя таго, зверху мандарыны для «таварнага выгляду» часта апрацоўваюць воскам. Для здароўя воск не нясе небяспекі, і ўсё ж перад тым, як чысціць, мандарыны лепш памыць пад цёплай праточнай вадой. Але вось аматарам настойкі на мандарынавай лупіне, роўна як і гарбаты з «мандарынавымі скарыначкамі» лепш пра гэта памятаць. Акрамя таго, у лупіне могуць назапашвацца інсектыцыды (на ўраджай мандарынаў вельмі ўплывае эфектыўная барацьба са шкоднікамі, у прыватнасці, з мармуровым клапом).

Калі мандарыны дрэнна чысцяцца (лупіна прыліпае да мякаці), гэта, зразумела, не па душы пакупніку. Але горшы адваротны варыянт — калі паветра паміж мякаццю і лупінай зашмат. Прадаўцы называюць такія мандарыны «пухлымі», і гэта галоўная прыкмета таго, што тавар «заляжалы». Дарэчы, вызначаць па галінцы з лісцікамі свежасць мандарынаў — няўдзячны занятак. Як і ігліца навагодняй ёлкі, мандарынавыя лісцікі ўмеюць надоўга «кансервавацца» ў вонкава свежым стане і звянуць няхутка. Так што, у апошні час лісцікі пакідаюць не толькі на іспанскіх, але і на іншых мандарынах проста для прыгажосці.

Адсутнасць «пухласці» — галоўны крытэрый выбару мандарынаў на рынку, ды і ў краме. Злёгку сцісніце плод — калі ён пругкі навобмацак, значыць, свежы, раяць прадаўцы. Астатняе зразумела на інтуітыўным узроўні. Купляем мандарынкі без плям на скурцы, увагнутасцяў і мяккіх участкаў (гэта маркер, што плады змерзлі, а потым адтаялі). У ідэале мандарыны павінны быць, як блізняты, — раўнамерна афарбаваныя, аднолькавай формы і практычна аднаго памеру.

Кошт пытання

І, нарэшце, пагаворым больш падрабязна аб кошце «самага зімовага вітаміну». Для пачатку — экскурс у мінулую зіму (тады мы таксама напярэдадні Новага года маніторылі цэны на мандарыны, і таксама на Камароўцы). Іспанскія мандарыны мінулай зімой каштавалі ад 5 —5,5 да 6 рублёў, 5-7 рублёў прасілі і за кілаграм мараканскіх (у залежнасці ад дыяметра), абхазскія мандарыны, нягледзячы на запэўніванні суразмоўніка, усё ж летась мне ўдалося знайсці па 3,5 рубля за кіло, хоць большасць прадаўцоў сапраўды прасіла больш дорага. За клеменціны (іспанскія і італьянскія) даводзілася выкласці ад пяці з паловай да 7 рублёў 50 капеек.

Што ў гэтым годзе? Грузінскія мандарыны можна набыць і за 5.99, і за 15-16 рублёў (у залежнасці ад калібра, сорту і смаку), іспанскія — ад 6.50 да 11.99, за італьянскія просяць ад 5.50 да 10.99 рублёў. Прыкладна ў тую ж суму абыдзецца кілаграм клеменцінаў з сонечнай Іспаніі. Самыя танныя сёлета —турэцкія мандарыны (у сярэднім ад 4.50 да 6 рублёў па рынку). Турэцкія клеменціны каштуюць 6.50. Грэчаскія мандарыны — у той жа цэнавай катэгорыі: 5.99-6 рублёў. Мараканскія — 6.50 за кілаграм. «Мандарынавы» ўраджай далёкай ПАР пакаштаваць можна па 10 рублёў за кіло. Як бачым, кошты на «аранжавы настрой» за год падраслі, па некаторых пазіцыях — даволі адчувальна. Але дыяпазон цэн вялікі (а якія мандарыны па факце будуць смачнейшымі, за 4.50 або за 16 — гэта яшчэ як паглядзець), так што, без мандарынаў на Новы год не застанецца ніхто.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.