Вы тут

Ірына Дарафеева: Усё пачынаецца з любові


Сапраўдны артыст заўсёды ведае, як рэалізаваць свой творчы патэнцыял. І заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева на ўласным прыкладзе паказвае, што не існуе нічога немагчымага. Сёння яна — паспяховая спявачка, актрыса, педагог — мае багаты вопыт у кожным са сваіх амплуа. Аднак па-ранейшаму ўмее адчуваць магію музыкі, імкнецца дзяліцца гэтым са сваёй аўдыторыяй, бо верыць: толькі любоў і шчырасць, адкрытасць дазваляюць не страціць сябе.

А пра тое, чым вымярае ўласны поспех, дзе знаходзіць натхненне і што па-сапраўднаму робіць сёння яе шчаслівай, Ірына Дарафеева расказала пры сустрэчы.


Дарыць людзям новыя пачуцці

— Ірына, якія асацыяцыі ў вас выклікае Новы год?

— Для мяне гэта час, калі зноў, нібы ў дзяцінстве, адчуваеш атмасферу чараўніцтва. Вядома, шмат работы ў гэтыя дні, але ў паветры лунае святочны настрой. Я вельмі люблю Новы год, і ў чаканні яго надыходу мне вельмі хочацца ствараць утульнасць і прыгажосць. Хутка зноў буду віншаваць родных і блізкіх, чакаць падарункаў і верыць, што ўсе жаданні збудуцца.

— Чым запомніцца ў творчасці бягучы год?

— Шмат падзей адбылося. Перыяд быў складаным, два гады пандэміі, без магчымасці рэалізаваць свае творчыя планы. Мы засяродзіліся на ўнутранай рабоце: рэпеціравалі з музыкантамі, працавалі з аранжыроўшчыкамі, пісалі новыя песні. Я марыла пра канцэрты і сустрэчу з гледачамі, рыхтавалася да свайго вялікага канцэрта, які планавала правесці ў Палацы Рэспублікі, яго па гэтай жа прычыне давялося перанесці. Але, на шчасце, ужо ў сакавіку змаглі рэалізаваць свае планы. Магчыма, той момант, калі давялося зрабіць паўзу, дапамог мне ўсё прааналізаваць, пераасэнсаваць, і ў мяне ўзнікла жаданне рабіць увогуле новую праграму. З'явілася песня з яркім жыццёвым пасылам «Усё пачынаецца з любові», якая стала пасля назвай усяго шоу. Канцэрт быў для мяне чаканым і значымым. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічала вялікая колькасць людзей, і я кожнаму бязмежна ўдзячная за прафесіяналізм, у тым ліку і тэлеканалу АНТ за здымкі тэлеверсіі, якую можна паглядзець на маім ютуб-канале.

— Як выбіраеце і шукаеце новы музычны матэрыял?

— Я арыентуюся на свой жыццёвы вопыт і музычны густ. Многія тэмы ўжо падымала ў творчасці, таму, нават вяртаючыся да нейкага матэрыялу, заўсёды імкнуся знайсці новае прачытанне, дадаць сваіх акцэнтаў. Выбіраю тое, што найперш мне адгукаецца, каб потым было цікава і іншым распавядаць гэтыя гісторыі. І я радуюся, што некаторыя мае песні, якія выконвала раней, дагэтуль гучаць свежа і актуальна. Мне пашчасціла супрацоўнічаць з вялікімі аўтарамі, кампазітарамі, музыкантамі як у Беларусі, так і за яе межамі. Вялікі след у маёй душы пакінула творчасць Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна, яго аўтарскае прачытанне і выкананне народных песень, сярод якіх «Калядачкі», «Касіў Ясь канюшыну» і г. д. Таму сёння мне хочацца працягваць вялікую справу нашага Песняра, і я таксама імкнуся данесці народную песню да гледача. Усё пачынаецца з вытокаў, якія нас падтрымліваюць, падсілкоўваюць.

Дасканаласць не мае межаў

— Чым будзеце радаваць аўдыторыю ў наступным, юбілейным годзе?

— Ідэі ёсць. Нязменным застаецца маё жаданне рабіць вялікія канцэрты, безумоўна, у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Таксама цяпер мы супрацоўнічаем з маскоўскім рэжысёрам, харэографам-пастаноўшчыкам Мікалаем Андросавым. Дасканаласць не мае межаў. Хочацца ярка адзначыць свой творчы юбілей.
І, спадзяюся, што гэта адбудзецца ў Віцебску на «Славянскім базары» на сцэне Летняга амфітэатра.

— Што для вас значыць быць беларускай спявачкай?

— За гады творчага жыцця я бачыла, як мяняюцца пакаленні гледачоў, якія прыходзяць на мае канцэрты, і разумею, што важна быць у трэндзе і ўмець зацікавіць моладзь. Але таксама важна быць патрыётам, не проста гаварыць пра любоў да сваёй краіны, але і мець смеласць і шчырасць штосьці рабіць на яе карысць. Таму для мяне заўсёды было важна праз свае песні паказаць не толькі прыгажосць гучання беларускай музыкі і слова, але і выказаць свае пачуцці, эмоцыі, аб'яднаць людзей.

— А скажыце, Ірына, як змянілася ваша ўспрыманне поспеху за 30 гадоў творчага жыцця?

— Поспех я атаясамліваю са штодзённай работай і яе вынікам. Як усе людзі, сутыкаешся з цяжкасцямі, праблемамі, стратамі, няўдачамі і становішся на прыступку вышэй сябе ўчарашняй, калі пераадольваеш іх усе. Поспех — гэта калі ты адчуваеш сябе максімальна задаволенай сваімі жаданнямі, думкамі, ідэямі, перспектывамі, ведаючы, што маеш сілы і магчымасці на іх рэалізацыю. Аднак поспех не трэба раўняць па ўзроўні папулярнасці, бо гэта вельмі розныя паняцці.

— Чаму складаней за ўсё адпавядаць у сваёй прафесіі?

— Узросту (Смяецца! — Аўт.). Важна яго не адчуваць, не апранаць на сябе нейкія штампы і клішэ. У жыцці і ў побыце я абсалютна просты чалавек. У мяне няма фобіі, быццам на людзях я адна, а дома ўжо другая, маўляў, артыст не можа быць прыземленым, не можа не іграць пастаянна на публіку. Мне важна захаваць гармонію, сілы і энергію, каб пражываць жыццё так, як я яго адчуваю, і заставацца маладой.

— Што дазваляе вам аднаўляць сілы ў моманты стомленасці і выгарання?

— Тады мне хочацца найперш цішыні і спакою. Добра дапамагаюць аднаўляцца шпацыры на прыродзе, спорт, сон ці чытанне добрай літаратуры, якая напаўняе і перазагружае мяне. Цікава паглыбляцца ў філасофію, чытаць пра лёсы вялікіх людзей, бо праз жыццё аднаго чалавека можна даведацца, у які час ён жыў, хто былі яго сучаснікі, які быў іх менталітэт. Але пры гэтым разумееш, што самым галоўным для кожнай асобы застаецца сям'я, карані, якія даюць нам сілы і дапамагаюць выстаяць у любых умовах.

Часам трэба даверыцца лёсу

— Якое ў вас стаўленне да грошай?

— Тут трэба, каб побач былі бухгалтар і юрыст. (Смяецца. — Аўт.). Я добра ўмею лічыць, але не люблю займацца пытаннямі фінансаў, таму давяраю іх спецыялістам. Разумею, што ў творчасць трэба ўкладвацца, калі хочаш быць у прафесіі. Плаціш за ўсё: ад касцюмаў, песень, кліпаў і да звядзення гатовага матэрыялу. У артыстаў гэта бясконцая гісторыя. А ў астатнім я, як кожная дзяўчына, вельмі люблю прыгажосць і якасць. Лічу, што не варта эканоміць на харчаванні, аддаю перавагу камфортнаму адзенню. Грошы патрэбны, каб рэалізаваць свае бліжэйшыя жыццёвыя патрэбы і творчыя задачы.

— Думаю, у кожнага бываюць перыяды, калі каханне, сяброўства праходзяць выпрабаванне нашымі поспехамі альбо няўдачамі. Як такія часы перажываць?

— Часам акалічнасці вымушаюць мяняць асяроддзе, па-іншаму расстаўляць прыярытэты. Але, адмаўляючыся ад старога, мы набываем нешта новае. Калі настае пункт незвароту і ты разумееш, што не адчуваеш сябе шчаслівым і патрэбным, то лепш змяніць маршрут. Я ў сваім жыцці таксама зведала і расстанні, і страты, і заўсёды ў такія моманты адчуваеш боль. Але трэба помніць, што важнае, душэўнае і роднае заўсёды застаецца з намі, у нашым сэрцы. Часам варта проста даверыцца лёсу, бо не заўсёды ўсё залежыць толькі ад нас. Галоўнае, што б ні здарылася, умець дарыць радасць і ствараць, шукаць выйсце і новыя варыянты.

— У жаночую дружбу верыце?

— Я веру ў чалавечую прыстойнасць і шчырасць. Калі ўзаемаадносіны не маюць магчымасці развівацца, то лепш ісці рознымі шляхамі. Я на такія сітуацыі гляджу па-філасофску. Бывае, варта даць сабе паўзу ў нейкіх кантактах, падумаць. У жыцці немагчыма не зведаць здрад, крыўд, але з часам я дарую і не трымаю зла. Чакаючы асаблівага стаўлення да сябе, можна ўсё сапсаваць. Я заўсёды помню, што не трэба заходзіць без запрашэння на асабістую тэрыторыю іншага. А захоўваць і падтрымліваць добрыя адносіны можна на працягу ўсяго жыцця.

— У нядаўніх інтэрв'ю вы дзяліліся, што сустрэлі нарэшце сваё сапраўднае каханне. Як змаглі разгледзець свайго чалавека?

— Я разумела, што для таго, каб у маім жыцці з'явілася месца для кахання, мне патрэбна адкрыцца для такіх перамен. І ў нейкі момант я спынілася і спытала сябе, а чаго ж мне не хапае для сапраўднага шчасця? Тады і згадала, як з юнацтва марыла пра сапраўднае каханне. І ў той момант я сустрэла свайго мужчыну. Аказалася, што ён быў і ў дзяцінстве, і ў юнацтве ў полі зроку, а вось разгледзець у ім блізкага і роднага чалавека мне ўдалося толькі праз гады. Я нарэшце адчула моцнае плячо побач і зразумела, што магу быць проста жанчынай. Ніколі не позна знайсці сваё сапраўднае шчасце.

— Наступная мара — сям'я?

— Так. У мяне ёсць выдатны прыклад ідэальных сямейных адносін — гэта мае бацькі. Яны ўжо шмат гадоў разам. Тата — проста найлепшы сем'янін. Мама — самая любячая, працавітая і добрая жанчына. Мае бацькі і ў рабоце, і ў жыцці заўсёды былі разам і ніколі не размяжоўвалі сям'ю, творчасць і свае інтарэсы. Я расла ў атмасферы любові, узаемаразумення, падтрымкі, таму і сама марыла менавіта пра такія адносіны. Калі ёсць каханне, то ты зусім па-іншаму ўспрымаеш свет. Я вельмі змянілася пад уплывам гэтага пачуцця і зараз радуюся кожнаму імгненню жыцця.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Ірыны ДАРАФЕЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.