Такімі дасягненнямі напрыканцы адыходзячага года можа пахваліцца Нацыянальны цэнтр электронных паслуг, для супрацоўнікаў якога 2022-і стаў вельмі прадукцыйным. Абноўленая версія асабістага кабінета, магчымасць праз інтэрнэт атрымаць звесткі пра аўто, даведацца аб памеры сацыяльных дапамог і падаткаў, прагледзець інфармацыю пра вакцынацыю, падаць мытную дэкларацыю... Гэта далёка не поўны пералік магчымасцяў, якія прапануе жыхарам краіны Адзіны партал электронных паслуг (АПЭП), а налета сэрвісаў стане яшчэ больш, абяцаюць спецыялісты лічбавай сферы. Сёлета, дарэчы, у Беларусі аказана больш за 72,6 мільёна электронных паслуг (летась іх было 17,5 мільёна). Пра найбольш запатрабаваныя існуючыя паслугі, а таксама крыху пра будучыя расказалі ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг (НЦЭП).
Новая версія электроннага асабістага кабінета, які, як вядома, з'яўляецца ключом доступу да ўсіх электронных паслуг і сэрвісаў, змешчаных на партале, пабачыла свет яшчэ ў пачатку года. Выкарыстоўваць удасканалены рэсурс, які набыў больш магчымасцяў, цяпер можна не толькі для атрымання нейкіх паслуг, але і замаўляць у ім функцыі, якія раней былі неўласцівыя. Цяпер тут можна, напрыклад, весці справаводства, расказала Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг:
— Раней прадпрыемству трэба было мець асобную сістэму дакументаабароту, каб карыстацца ёй для ўласных патрэб, а на партале — вырашаць іншыя задачы, атрымліваючы пэўныя паслугі. Цяпер жа, не выходзячы з асабістага кабінета юрыдычнай асобы, можна займацца ў ім справаводствам. Атрымліваць і накіроўваць карэспандэнцыю з адначасовым падключэннем да СМДА (сістэмы міжведамаснага дакументаабароту) у пакеце. Аднак такая магчымасць даступная толькі невялікім кампаніям.
У абноўленай версіі існуе таксама модуль «электронная пошта». Аднак гэта не паўнавартасная паштовая праграма для электроннага ліставання, а менавіта сэрвіс асабістага кабінета. З яго дапамогай могуць абменьвацца лістамі ўладальнікі актываваных асабістых кабінетаў. Пасродкам новага асабістага кабінета могуць абменьвацца паміж сабой дакументамі і EDІ-правайдары (гэтая магчымасць яшчэ дапрацоўваецца).
Новая версія асабістага кабінета дазваляе таксама працаваць аператарам «аднаго акна» спецыялісту, які ў рабоце карыстаецца праграмным комплексам «Адно акно». Ён адрозніваецца ад службы «адно акно», куды грамадзяне звяртаюцца з заявамі на атрыманне пэўных адміністрацыйных працэдур, удакладніла спецыяліст:
— У праграмным комплексе «Адно акно», акрамя аператараў аднайменных службаў, могуць працаваць і прадстаўнікі іншых арганізацый, якія таксама ажыццяўляюць адміністрацыйныя працэдуры. Адміністрацыйныя і электронныя паслугі, а таксама механізм іх рэалізацыі на адзіным партале ў нечым падобныя, аднак маюць адрозненні. Пералік адміністрацыйных працэдур рэгламентаваны заканадаўча: для фізічных асоб — Указам Прэзідэнта № 200, для юрыдычных — пастановай Саўміна № 548. Усе дзеянні, прапісаныя ў згаданых дакументах, лічацца адмінпрацэдурамі. Усё, чаго ў іх няма, — электроннымі паслугамі.
Зараз адбываецца пераход на праграмны комплекс «Адно акно» версіі 3.0, які запрацуе ў 2023 годзе і ўяўляе сабой менавіта пашыраны функцыянал асабістага кабінета. Іншымі словамі, уладальнік асабістага кабінета як аператар «Аднаго акна» мае крыху больш пераваг у параўнанні з тым, калі б ён працаваў у сваім кабінеце проста як юрыдычная асоба. У якасці аператара можна таксама ствараць заявы і апрацоўваць іх.
Цяпер асабістыя электронныя кабінеты аўтаматычна створаны для ўсіх беларусаў (на падставе звестак з рэгістра насельніцтва) і патрабуюць толькі першаснай актывацыі.
Каб «адчыніць» асабісты кабінет найбольш дакладна і мець доступ да максімальнай колькасці паслуг, актываваць яго лепш праз строгую аўтэнтыфікацыю, параіла Святлана Караневіч:
— Гэта патрэбна, каб сістэма дакладна ідэнтыфікавала чалавека, звязаўшы даныя з рэгістра насельніцтва з дакладнай асобай. Даныя з рэгістра ў сваю чаргу становяцца даступнымі толькі пры ўводзе грамадзянінам свайго ідэнтыфікацыйнага нумару падчас строгай аўтэнтыфікацыі з дапамогай ІD-карткі ці электроннага лічбавага подпісу. Пры нястрогай аўтэнтыфікацыі кабінет намінальна таксама будзе адкрыты, аднак, паколькі сістэма не ідэнтыфікуе вас на 100 %, то і даступных вам паслуг будзе значна менш.
Паслуг, якія даступны толькі пры строгай аўтэнтыфікацыі з дапамогай ІD-картак, усё больш. Гэта тлумачыцца ў тым ліку і заахвочваннем беларусаў заказваць новыя дакументы. На сёння актывавана каля 200 тысяч асабістых кабінетаў: каля 110 тысяч — фізічнымі асобамі і 90 тысяч — юрыдычнымі.
— У новай версіі кабінета яго ўладальнік можа самастойна падпісвацца на паслугі, а таксама праглядаць стан асабістага рахунку, які цяпер аўтаматычна ствараецца да кожнага кабінета, адкрытага па строгай аўтэнтыфікацыі, — падкрэсліла Святлана Караневіч. — Раней трэба было штораз аплачваць паслугу, каб яе атрымаць, а цяпер можна проста папоўніць сродкі на рахунку — з яго будуць аўтаматычна спісвацца грошы за заказаныя паслугі. А на спецыяльнай укладцы можна праглядаць, за што і колькі вы плацілі.
За год цэнтр стварыў для карыстальнікаў 37 новых паслуг і чатыры адміністрацыйныя працэдуры. Гэткі высокі паказчык — сведчанне зацікаўленасці органаў у асваенні лічбавай прасторы, упэўнена начальнік аддзела:
— Аптымізацыя лічбавага ўзаемадзеяння паміж сабой дзяржорганаў таксама ў выніку садзейнічае якасці атрымання паслуг грамадзянамі. Калі юрыдычныя асобы проста ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, гэта аўтаматызуе працэсы, адпаведна, хутчэй прымаюцца рашэнні адносна грамадзян па іх заявах.
Адна з апошніх прапаноў цэнтра — паслуга 3.16.04 «Інфармацыя аб памеры атрымання (неатрымання) дапамогі па доглядзе інваліда 1 групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту», што аказваецца на падставе звестак дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу «Банк даных сацыяльных выплат» Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Дзякуючы ёй грамадзянін можа праз партал атрымаць звесткі, ці з'яўляецца ён асобай, якая даглядае інваліда ці састарэлага, каб атрымаць нейкія льготы, абазначыла начальнік аддзела:
— Папулярнай сярод беларусаў стала і паслуга 3.19.02 «Прадастаўленне фізічным асобам звестак аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях». Такога кшталту інфармацыя можа спатрэбіцца, напрыклад, пры працаўладкаванні, у дачыненні да самога сябе ці трэцяй асобы (па даверанасці). З ліпеня такіх паслуг аказана ўжо
10 тысяч.
Яшчэ адной яскравай і запатрабаванай беларусамі стала паслуга 3.58.01 «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто», дзякуючы якой можна даведацца пра марку, нумар, наяўнасць страхоўкі і тэхагляду аўто, а таксама праверыць, ці не знаходзіцца машына ў вышуку, удакладніла спецыяліст цэнтра:
— У гэтую комплексную паслугу інтэгравана некалькі рэсурсаў: Дзяржаўтаінспекцыі, Белтэхагляду, Бюро па транспартным страхаванні. Паслуга даступная ўсім карыстальнікам. Акрамя комплекснай паслугі, існуюць асобныя паслугі на падставе звестак з рэсурсаў Дзяржаўтаінспекцыі, даступныя толькі пэўнай катэгорыі спажыўцоў (дзяржорганаў). Звесткі пра знаходжанне аўто ў вышуку (па рэгістрацыйным знаку) выкарыстоўваюцца, дарэчы, не толькі з беларускіх баз даных, але і з рэсурсаў краін СНД.
З 1 студзеня 2023 года беларусы змогуць добраахвотна плаціць новы падатак на прафесійны даход (ППД). Каб падаваць звесткі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), на адзіным партале ўжо запрацавала электронная паслуга 3.21.04 «Атрыманне звестак аб плацельшчыках падатку на прафесійны даход, пры адміністраванні ППД, у частцы страхавых узносаў плацельшчыкаў ППД», якая аўтаматызуе ўзаемадзеянне Міністэрства па падатках і зборах і ФСАН.
З 1 лістапада пашырыўся функцыянал электроннай паслугі 3.64.01 «Добраахвотнае накапляльнае пенсіённае страхаванне», якая дае чалавеку магчымасць з дапамогай страхавога прадпрыемства накопліваць дадатковыя грошы на старасць. Цяпер у асабістым кабінеце на партале працадаўца (ён мусіць удзельнічаць у праграме, калі жаданне ўзяць удзел аформіў яго падначалены) можа ствараць спісы розных тыпаў, а таксама прагледжваць іх і пры неабходнасці рэдагаваць змест спісаў, папярэдне накіраваных у страхавое прадпрыемства «Стравіта».
На партале даступна таксама паслуга 3.65.02 «Прадастаўленне звестак для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (ад медыцынскіх работнікаў)». З новага года запрацуе і паслуга 3.65.01 «Прадастаўленне звестак для выяўлення фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў (ад грамадзян)».
— Сэрвісы створаны для выяўлення рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў сістэмы кровазвароту, анкалагічных хвароб, хранічных абструкцыйных захворванняў лёгкіх і цукровага дыябету, — абазначыла Святлана Караневіч. — Яны рэалізаваны ў выглядзе анкетавання. У залежнасці ад адказаў чалавека сістэма сфармулюе дакумент, дзе будзе ўказана, да якіх захворванняў патэнцыйна можа быць схільны чалавек. Гэта зроблена, каб рэалізаваць ідэю дыспансерызацыі аднаго дня: запоўніў анкету — наведаў урача — атрымаў дапамогу.
У наступным годзе цэнтр працягне работу па інтэграцыі новых дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў (ДзІР) з агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай (ААІС), дзе будуць утрымлівацца новыя цікавыя звесткі, на падставе якіх будуць кампанавацца новыя паслугі для фізічных і юрыдычных асоб, запэўніў дырэктар НЦЭП Раман Градусаў:
— З ААІС пакуль інтэграваны 47 інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыйных сістэм. І яны ўжо даюць ашаламляльны вынік па пошуку патрэбнай інфармацыі. Уяўляеце, што будзе, калі іх стане больш! Мы вядзём актыўныя перамовы з дзяржаўнымі органамі — уладальнікамі новых рэсурсаў, каб на партале з'яўлялася ўсё больш цікавых паслуг. Відавочна, што больш зручнымі для карыстальнікаў становяцца зносіны з дзяржорганамі праз мабільны тэлефон, таму налета ў нас з'явіцца мабільная версія партала. Ужо амаль завершана работа над праграмай, якая дазволіць счытваць даныя з ІD-картак з дапамогай мабільнай прылады і такім чынам аўтарызавацца на АПЭП, і чалавеку не патрэбны будзе счытвальнік карткі для аўтарызацыі праз камп'ютар. Такім чынам удасканаліцца электроннае ўзаемадзеянне чалавека з дзяржавай.
Раман Градусаў павіншаваў беларусаў з надыходзячым Новым годам, пажадаўшы ісці ў нагу з часам і актыўна асвойваць перавагі лічбавага свету, які з кожным днём становіцца ўсё больш відавочнай рэальнасцю. Варта актывіраваць уласныя электронныя кабінеты, каб карыстацца зручнымі сэрвісамі, тым больш што сістэма аховы інфармацыі таксама актыўна развіваецца, і ў ААІС рэалізаваны ўсе тэхналогіі, якія не дазволяць персанальным даным чалавека згубіцца, падкрэсліў ён.
Ірына СІДАРОК
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.