Вы тут

У Гродне не робяць пышнае вяселле і аддаюць перавагу нестандартным імёнам


Аказваецца, апошнім часам далёка не ўсе маладыя пары імкнуцца шумна святкаваць шлюб. Многія, наадварот, аддаюць перавагу сціпламу святкаванню ў вузкім коле альбо наогул проста прыходзяць забраць пасведчанне. А вось з рэгістрацыяй імёнаў усё больш-менш стабільна. У топе каторы год запар — Машы і Мішы. На змену Сняжанам прыйшлі Міланы і Мілены. Аб прыярытэтах гродзенцаў расказала намеснік начальніка аддзела ЗАГС Гродзенскага гарвыканкама Надзея Калачова.


Фота Гродзенскі гарадскі ЗАГС.

— Надзея Аляксандраўна, ці знайшліся ў мінулым годзе ахвотныя зарэгістраваць шлюб 31 снежня?

— Так. Кожны год ёсць жадаючыя ўступіць у шлюб 31 снежня. Мінулы год — не выключэнне: падалі заявы пяць пар.

— Чым прадыктавана такое рашэнне?

— Прычыны могуць быць розныя. У некаторых падыходзіць да заканчэння тэрмін падачы заявы. Хочуць паспець. Хтосьці прыехаў на святы да бацькоў, мае адзін-два тыдні, каб зарэгістраваць шлюб. Некаторыя кажуць, што гэта вельмі крута, бо кожны Новы год будзе яшчэ і чарговай датай сумеснага жыцця. Гэта такая сімвалічная падзея — пачатак новай сям'і ў Новы год. А для нявесты — незабыўны падарунак да Новага года.

— Узнікае пытанне: як сабраць гасцей на такую ўрачыстасць?

— Справа ў тым, што зараз само паняцце "вяселле" губляе свой традыцыйны сэнс. Рэгістрацыя можа адбыцца ў вузкім коле. Больш за тое, можа прысутнічаць толькі жаніх і нявеста, хаця сама працэдура праходзіць ва ўрачыстай атмасферы. Гэта зараз вельмі папулярна. Заказваюць урачыстую рэгістрацыю, праводзяць фотасесію для дваіх і праводзяць рамантычны вечар з некалькімі гасцямі.

Вялікія і шумныя застоллі становяцца рэдкасцю, іх мала хто арганізоўвае. Адыходзіць у мінулае такі важны калісьці складнік кожнага вяселля, як сваты. У лепшым выпадку могуць быць сведкі. Але для рэгістрацыі шлюбу ў іх няма неабходнасці. Некаторыя пары проста аддаюць даніну традыцыі.

— У такім разе можна прыйсці, што называецца, без усялякіх цырымоній і зарэгістраваць шлюб?

— Сёння многія імкнуцца мінімізаваць гэту падзею. Пары могуць проста прыйсці і, як кажуць у народзе, распісацца. Некаторыя атрымліваюць пасведчанне ў будзённай абстаноўцы. Калі цырымонія не ўрачыстая, дастаткова выказаць волевыяўленне і паставіць подпісы. У гэтым выпадку не прадугледжаны ні абмен пярсцёнкамі, ні пацалункі. Нічога гэтага няма. Такая тэндэнцыя датычыцца не толькі пярэдадня Новага года.

— Калі справа пойдзе ў гэтым кірунку, вяселлі могуць стаць папросту нямоднымі...

— Пакуль рана гэта сцвярджаць. Сапраўды, калі параўнаць гадоў 10—20 таму, то такіх "мінімізаваных" шлюбаў стала значна больш, але апошнія некалькі гадоў сітуацыя роўная. Хаця вяселлі не такія шматлюдныя. Раней трымаліся традыцый, на вяселле запрашалася ўся радня, цяпер ад гэтага адыходзяць.

— Колькі шлюбаў зарэгістравана ў 2022 годзе? Ці расце колькасць інтэрнацыянальных сем'яў?

— У Гродне тры загсы. У нашым гарадскім зарэгістравана амаль тысяча шлюбаў. Інтэрнацыянальныя таксама ёсць, такіх некалькі дзясяткаў. Часцей за ўсё гродзенцы ўступаюць у шлюб з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі. Паменшылася колькасць шлюбаў з грамадзянамі Украіны. Сёлета сужэнцамі нашых гараджан сталі грамадзяне Літвы, ЗША, Сірыі, Сенегала, Германіі, Францыі, Польшчы і іншых краін. Для рэгістрацыі замежнікі павінны мець даведку аб адсутнасці зарэгістраванага шлюбу з іншымі асобамі. Яна выдаецца кампетэнтнымі органамі той краіны, грамадзянінам якой з'яўляецца жаніх альбо нявеста. Даведка павінна быць легалізавана. Калі ўсе дакументы сабраны, шлюб рэгіструецца. Мінімальны тэрмін рэгістрацыі — тры дні, максімальны — тры месяцы, як і для грамадзян Беларусі.

— Таксама важна закрануць тэму разводаў. Апошнім часам яна на слыху...

— У ЗАГСе разводзяцца толькі тыя сямейныя пары, у якіх дасягнута ўзаемная згода, няма агульных непаўналетніх дзяцей і няма маёмасных спрэчак. Калі ўсе ўмовы супадаюць, сужэнцы могуць прыйсці ў ЗАГС і скасаваць шлюб. Як правіла, у гэтай катэгорыі маладыя бяздзетныя сем'і са стажам ад аднаго да пяці гадоў, альбо больш сталыя пары, чые дзеці выраслі і раз'ехаліся. Іх бацькі вырашылі маёмасныя спрэчкі, і палічылі, што цяпер могуць спакойна разысціся. Магчыма, збіраліся зрабіць гэта даўно, але чакалі, пакуль вырастуць дзеці. У 2022 годзе было каля 130 такіх сем'яў. Гэта лічба на ўзроўні 2021 года.

— Што датычыцца дзяцей. Якая тэндэнцыя па нараджальнасці, калі меркаваць па вашым ЗАГСе?

— Значных скачкоў апошнія некалькі гадоў няма. Другі год запар рэгіструем 1,5 тысячы нованароджаных. Хаця, калі браць за пяць год, колькасць рэгістрацый паменшылася. І хлопчыкаў на два-тры дзясяткі больш, чым дзяўчынак.

— Якім імёнам гродзенцы аддаюць перавагу?

— У пяцёрку-2022 увайшлі Аліса, Ева, Ксенія і Вікторыя. А бясспрэчным лідарам стала Сафія. Прычым гэта імя ў топе ўжо гадоў дзесяць. Мабыць, ва ўсіх ёсць знаёмыя з такім імем. І ў школах, і ў садках, паўсюдна можна пачуць імя Сафія. Папулярнымі застаюцца Аліса і Ксенія. З кожным годам набірае рэйтынг Ева. Не здаюць пазіцый Паліна і Марыя. Паколькі імя Марыя мае біблейскія карані, яно вельмі шырока распаўсюджана ў свеце.

— А як жа Карыны і Сняжаны? Здаецца, гэтыя імёны таксама на слыху?

— Цяпер іх значна менш. У 2022 годзе ў Гродзенскім гарадскім ЗАГСе зарэгістравана толькі адна дзяўчынка з рамантычным імем Сняжана.

У разрад рэдкіх імёнаў трапілі Вольгі, Святланы, Алёны, Наталлі, Таццяны. Дзяўчынак з такімі імёнамі рэгістравалі адзінкі, хаця не так даўно яны былі на слыху. Зараз ім на змену прыйшлі Міланы, Мілены, Арыны, Агаты, Агніі, Ясеніі. Гродзенцы аддаюць перавагу не зусім стандартным імёнам, якія, на іх думку, больш цікавыя, выклікаюць нейкія асацыяцыі.

У інтэрнацыянальных сем'ях у 2022 годзе з'явіліся Віктарыяна, Беата, Івонка, Ліяна, Лукер'я, Эрыка, Моніка. Ёсць дзяўчынка з імем Ая, а яе маці Ія. Дарэчы, сям'я беларусаў. Імя, магчыма, перайшло ад замежнікаў, два гады таму Ая зарэгістравана ў сям'і, дзе бацька з Лівана.

— Ці не бывае нейкіх складаных выпадкаў пры рэгістрацыі імёнаў?

— Іншы раз прыходзіцца абмяркоўваць іх напісанне. Супрацоўнікі ЗАГСу карыстаюцца слоўнікам асабовых імёнаў, дзе прапісаны імёны па-руску і па-беларуску. Гэта агульнаўстаноўленыя нормы. Але некаторыя бацькі хочуць змяніць нейкую літару. Такая сітуацыя склалася падчас рэгістрацыі хлопчыка, якога бацькі хацелі назваць Даніэль. Па-руску імя пішацца праз літару "е". Але большасць бацькоў настойваюць на тым, каб імя ў абодвух выпадках пісалася Даніэль. Пры жаданні бацькі могуць назваць дзіця любым імем, але мы нагадваем, што потым пастаянна прыйдзецца ўдакладняць, як правільна пісаць імя. Гэта не вельмі зручна. Да таго ж трэба памятаць, што выбар імя для сына будзе ў далейшым яшчэ і імем па бацьку для яго дзяцей. Некаторыя прыслухоўваюцца.

— Зараз варта згадаць пра топ-імёны для хлопчыкаў. Дык хто ў нас ў лідарах? Раман ці Арцём?

— Гэтыя імёны таксама можна назваць хадавымі. А яшчэ Марк, Мікіта і Мацвей. Але лідзіруе Міхаіл. Ён набраў больш за ўсіх прыхільнікаў. Такая тэндэнцыя захоўваецца на працягу 7-8 гадоў. Некалі імя было надзвычай папулярным, але на некаторы час амаль выпала з ужытку. Цяпер зноў стала модным. Можа, таму, што выклікае цёплыя эмоцыі. Заўважана, што дзеці з гэтым імем добрыя, чулыя, спагадлівыя і ў той жа час рашучыя.

Другі ў рэйтынгу — Максім. І трымаецца ён у топе даволі працяглы час і, як бачым, не здае пазіцыі. У тройцы лідараў, як ні дзіўна, застаецца Аляксандр. Сярод работнікаў ЗАГСа нават ёсць такі жарт: "У кожнай сям'і ёсць свой Аляксандр". А калі добра пашукаць, то і не адзін.

А такія распаўсюджаныя нядаўна імёны, як Вячаслаў, Антон, Віталь, Марцін, Барыс, паціху сыходзяць з арэны. Іх у спісе адзінкі. Як і Валянцін, Генадзь, Віктар і Мікалай. Затое сустракаюцца Якаў і Лука. Прычым гэтыя імёны рэгіструюцца штогод.

Калі гаварыць пра ўзрост бацькоў, ён павялічыўся. Сярэдні ўзрост маці — 29 гадоў, бацькі — 31.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».