Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Даішнік — друг чалавека»


Даішнік — друг чалавека

...У той і гаспадарцы, і акрузе Усевалад Міхайлавіч (ён жа проста Сева) быў на добрым рахунку. Ну яшчэ б: шчыры працаўнік, сем'янін, вопытны кіроўца, не гуляка, не п'яніца. Да таго ж — папросяць яго нешта зрабіць, некуды, напрыклад, падвезці, Сева, што называецца, ад слова — нікому не адмовіць... І за сваім «ГАЗонам», як за дзіцем глядзіць, бо ў дарозе...


Фота: БелТА

Чаго толькі там не бывае! За 30 гадоў работы Сева шмат дзе паездзіў: ледзь не ўсю Беларусь «прашнураваў», у Расіі пабываў, у Прыбалтыцы. А вось у Мінску — ні разу! У яго там нават радні не было, каб у госці з'ездзіць ды хоць уяўленне мець, што гэта за горад такі...

Але ж вось раптам камандзіроўка: збожжа трэба завезці на лікёра-гарэлачны завод.

Сева па звычцы: «Трэба дык трэба». Дастаў карту горада (якія навігатары ў 90-ым?), разам са знаёмым шафёрам «пралажылі» маршрут, і спакойна паруліў у сталіцу.

...Дзе ён памыліўся, як празяваў патрэбны паварот, сам пасля растлумачыць не мог, казаў, што чорт — няйначай — паблытаў: загнаў яго грузавік у паток легкавушак, разам з іншымі панёс па галоўным сталічным праспекце, на якім, як ні дзіўна, чамусьці ніхто не затрымліваў.

І сам ён, не могучы ні спыніцца, ні збочыць, нёсся наперад — і кіламетр, і два, і тры, аж пакуль перад носам не ўбачыў... плошчу Перамогі, аж пакуль разам з іншымі не апынуўся ў кругавым руху вакол манумента... І ўжо там разгубіўся канчаткова, бо ўсунуцца, ушчаміцца між машын на іншай паласе, пакінуць «зачараванае кола», ну ніяк не мог! А таму...

Грунтоўна загружаны зернем калгасны «ГАЗон» «наразаў» ці не трынаццаты круг, калі яго ўрэшце спыніў работнік ДАІ, прычым настроены быў вельмі рашуча: збіраўся складаць пратакол, выпісваць штраф. Аднак убачыўшы парушальніка, усё зразумеў. Да таго ж Сева — у мокрай ад поту кашулі, з гэткім жа мокрым тварам ды чубам — не збіраўся маўчаць:

— Чалавеча, мілы, памажы мне выехаць адсюль! — прасіў ён даішніка. — А то ж я суткі буду ў гэтай каруселі круціцца... Пакуль бензін не спалю...

На шчасце, міліцыянер таксама быў дзядзькам вясковым і таму не проста зразумеў чалавека, але і паспагадаў. Скамандаваў: «Едзь за мной» і, што называецца, суправадзіў аж да месца разгрузкі.

Расчулены Сева, апынуўшыся ўрэшце на тым самым злашчасным заводзе, прэзентаваў даішніку досыць важкую «пальцам піханую» каўбасу, якую адшкадаваў старшыня калгаса на той выпадак, калі на разгрузцы будзе чарга і спатрэбіцца хабар.

На гэтым мужчыны, задаволеныя сустрэчай, парукаліся ды развіталіся.

...І пра інцыдэнт (недарэчны выпадак) на сталічнай плошчы ніхто б, магчыма, не ведаў, калі б Сева сам не «пахваліўся», не расказаў іншым.

Пасмяяліся з яго калегі, але ж па-добраму, бо ў дарозе чаго толькі не бывае: чаму і каму не ўзрадуешся, як Сева — ледзь не другу даішніку.

Алена НЕСЦЯРОНАК,

г. Докшыцы.


Хто пытае, той не блудзіць,

хто шукае — знойдзе!

Гэта было ў далёкія 60-я гады мінулага стагоддзя. Зімы тады стаялі суровыя, з нярэдкімі маразамі градусаў пад 30, з моцнымі завеямі. Здаралася, хаты ў нашай вёсцы Ластавічы замятала так, што на вуліцу не выбрацца: людзі — нідзе ж не дзенешся — вылазілі праз гарышчы.

Дык вось прыкладна ў такое надвор'е дзядзька Яфім —— татаў пляменнік — запрасіў яго на так званую пагалоўшчыну, на забойства парсюка. Я, малая, напрасілася ў кампанію. А далей...

Тата запрог у сані Орліка і Харка, мама «прыбрала» мяне ў свой парадны кажушок і ў валёнкі. Мы паехалі з дому.

Раніца была сонечнай і марознай, снег весела скрыпеў пад палазамі.

Па дорозе тата вырашыў заехаць да радні ў вёску Кавалі — узяць з сабою сястру Кацю. Таму далей мы паехалі ўжо ўтраіх і да вёскі Замошша, да раз'езда, дзе жыў той дзядзька Яфім, дабраліся без прыгод. Тата на руках унёс мяне ў цёплую хату, паставіў на ногі. Я тут жа рухнула на падлогу, бо мамін кажушок на марозе настыў і даставаў да пят...

Але ж мужчынам было не да мяне: тата з дзядзькам Яфімам заспяшаліся на вуліцу, каб валіць, смаліць ды разбіраць таго парсюка. Гаспадыня з цёткай Кацяй падносілі ім розны посуд, ваду, потым — разбіралі кішкі, смажылі сала ды пячонку, зносілі на стол талеркі з салёнымі агуркамі, грыбамі, капустай, варанай бульбай... Пасярод гэтых закусак узвышалася пляшка гарэлкі, пачыналася вячэра — з тостамі, з рознымі размовамі.

А на вуліцы тым часам ва ўсю моц гуляла мяцеліца. Гаспадыня прапаноўвала нам застацца нанач, але ж мы нарэшце (тату з-за стала было не выцягнуць!) сабраліся дамоў, прычым — не з пустымі рукамі. Дзядзька Яфім надзяліў нас свежыной, ладны шмат сала дастаўся і цётцы Каці.

...Дарогі ці хоць нейкага знаку ад нашых ранішніх санных слядоў на вуліцы, вядома ж, не было, але коні смела рванулі з месца. Тата, сядзячы наперадзе (я з ім побач), зрэдку падганяў іх пужкай і спяваў сваю любімую песню: «Ой, дзяўчына, шуміць гай, каго любіш забывай-забывай...»

Можа, пашкадаваўшы яе, тую дзяўчыну, я азірнулася назад, на незамужнюю цётку Кацю і заўважыла, што на возе яе... няма.

Тата, вядома ж, спалохаўся, мы развярнулі коней і паехалі назад — шукаць прапажу. Адмахалі (тата потым казаў) каля двух кіламетраў, калі нарэшце ўбачылі пры дарозе нейкую постаць. Тата кінуўся да яе, стаў распытваць цётку, ці ўсё ў яе цэлае, ці не пабіла што, зваліўшыся з воза?.. І ўжо потым, строга:

— Чаму не трымалася?!

— Дык жа сала, — бубніла Каця. — Мне ж трэ было яго трымаць!

— І што — утрымала?!

— Не-е... Упусціла, — ледзь не плакала цётка. — Яно недзе тут, у гурбе ляжыць.

Тата, помню, давоодзіў ёй, што здароўе даражэй, што мерзнуць ды шукаць не будзем, што ён аддасць ёй свой кавалак, але Каця казала адно:

— Без сала я далей не паеду!

Такім чынам на ўзбочыне, бліжэй да месца падзення, пачаліся «раскопкі». Тата скінуў кажух, снег вакол сябе разграбаў рукамі і на каленях прасоўваўся наперад. Каця мерала гурбы нагамі, аж пакуль не пачула (ці не заўважыла?), што вецер «чытае» газету, у якую нашы сваякі загортвалі сала...

Радасць не мела межаў! Мы паселі такі ў сані і паехалі далей. Праўда, тата болей не спяваў і ўвесь час пазіраў назад, ці на месцы Каця.

...Дадому мы прыехалі позна: мама, чакаючы нас, «усе вочы прагледзела» і «ўсе нервы спаліла».

Тата расказаў ёй, чаму затрымаліся. І гісторыя гэта магла б забыцца, калі б яны абое, нават праз гады, час ад часу не паўтаралі: «Ну што ты трасешся, як Каця над салам?», «Што ты трымаешся... «, «Што шукаеш...»

А яно ж не грэх і трымацца, і шукаць, і трэсціся, бо добры ж прадукт!

І тая цётка была гаротніцай: ні сваёй сям'і, ні дома... Яна тады ў брата жыла. Можа таму і не хацела вяртацца дамоў без гасцінца.

Валянціна СУБАЧ,

Глыбоцкі раён.


Абачлівы кіроўца,

альбо Дурныя жарты плачу варты

Таму, хто ў гэтым сумняваецца, мой расказ: летні, але ж, далібог, праўдзівы!

...Дастае апоўдні спёка:

Аж аўтобус перагрэўся!

І да вечара далёка...

Смага змучыла Алеся:

Раз за разам выцірае

На сабе «дарожкі» поту,

На гадзіннік пазірае,

Каб хутчэй спыніць работу:

«Дзе ж той

канцавы прыпынак?..

Людзі мігам не збяруцца —

Мецьму час на адпачынак,

Каб напіцца, разагнуцца...»

Побач, ведае, — калодзеж,

Са сцюдзёнаю вадзіцай.

Праўду кажуць у народзе:

Яе піць і не напіцца!

...Хлыкнуў некалькі глыточкаў,

Намачыў — халоднай — шыю:

— Эх, як добранька, браточкі!

Нібы зноўку малады я!

А пасля і ў радыятар

З паўвядра вады падліў,

Як той пан ці губернатар,

Вакол ПАЗа пахадзіў...

У бутэльку ад «Сталічнай»

(Іншай тары не было)

У дарогу ўзяў крынічнай...

А язык — што памяло:

— Усе паселі?

Дык паедзем!..

Можа,

хто напіцца хоча?

Я вось гэта прадугледзеў:

Ёсць да беленькай ахвочы?

Не? Дык сам...

Бутэльку ўгору

Падымаў Алесь няшпарка,

З палавіну так агораў,

Сказануў:

«Была б тут чарка!..»

Пасля гэтага —

паехаў,

«Шумяць вербы...» заспяваў.

Пасажырам —

не да смеху!

І як толькі ПАЗік стаў,

Сыпанулі ўсе, як з меха,

І бывай ніхто не даў!

Гумарыст, што вёз паветра,

Дзверы больш не адчыняў,

Аж пакуль... аўтаінспектар

На дарозе не дагнаў.

Трубку суне ў твар шафёру:

Са сваім: «Ану, дыхні!»

Той:

— Каб ты не ведаў гора!

За рулём?!

Крый бог!.. Ані!

...А нарэшце быў райцэнтр

Дзе, як трэ было чакаць,

Стрэў Алеся сам дырэктар:

Кузьку ўспомніў...

Яго маць...

Факт: чароўную вадзіцу

Сам Алесь, бывае, п'е

Але ж нават «пахмяліцца»

Пасажырам не дае.

Віктар САБАЛЕЎСКІ​,

г. Узда.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР.

Ад яе ж і, напэўна, яшчэ раз: завяршаецца год — завяршаецца конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю, надрукаваную ў 2022-м, «малюецца» адмысловая табліца, дзе будуць пералічаны ўсе — з прозвішчамі аўтараў, з датамі публікацый... І дзе потым, ужо ў новым годзе, з'явяцца балы...

Нагадаем, што выставіць іх — свае ўласныя, вызначыць дзясятку тых, што найбольш спадабаліся і спісам даслаць у рэдакцыю — права кожнага з чытачоў. Дык чаму б не скарыстацца ім, не дапамагчы невялічкаму рэдакцыйнаму журы падвесці вынікі?

У пачатку 2023-га мы аб'явім іх і, дасць бог, узнагародзім пераможцаў.

А пакуль — шчыры дзякуй кожнаму, хто нам пісаў, кожнаму, хто хацеў гэта зрабіць, і, магчыма, хутка наважыцца, кожнаму, хто чытаў і будзе, бо...

Хай невялічкі, але ж запас гісторый у чаканні пятніцы яшчэ застаўся, значыць, па-ранейшаму сустракаемся? Як пісаў Віктор Гюго: «Мы нараджаемся з крыкам, паміраем са стогнам. Застаецца толькі жыць са смехам». Нягледзячы ні на што?

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.