Вы тут

Дзе злавіць навагодні настрой


Напярэдадні любімага многімі зімовага свята тэлеканалы медыяхолдынга ўжо зрабілі навагодняе аздабленне, у тэлестудыях з'явіліся ўпрыгожаныя ялінкі, а на «першай кнопцы» ў відэапаштоўках гучаць віншаванні ад вядучых беларускага тэлебачання. Як у апошні дзень адыходзячага года, так і ў першыя дні 2023-га тэлеаўдыторыю чакае спецыяльная праграма. Там самыя разнастайныя прапановы — традыцыйныя навагоднія «агеньчыкі», кінастужкі з навагодняй атмасферай, каб падарыць кожнаму адчуванне свята і добры настрой.


Фота Лізаветы ГОЛАД.

З самай раніцы 31 снежня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» ствараць чароўную атмасферу будуць навагоднія меладрамы «Цётачкі», «За пяць хвілін да студзеня», «Тры жаданні» і прэм'ера фільма «Сярэбраныя канькі». Не абыдзецца ў гэты дзень і без спецыяльных выпускаў любімых праграм «Добрай раніцы, Беларусь!» і «Здароўе». Дарэчы, не пакіне без сюрпрызу гледачоў Святлана Бароўская ў сваім аўтарскім выпуску «Добрай раніцы, Беларусь!» у першы дзень новага года.

А вечарам, адразу пасля «Панарамы», на галоўным тэлеканале пачнецца святочны канцэрт «Новы год на «Беларусь 1», у якім для аўдыторыі будуць спяваць удзельнікі першага і другога сезонаў самага папулярнага беларускага музычнага праекта «Фактар.by» у кампаніі вядомых артыстаў — ансамбля «Песняры», Анатоля Ярмоленкі, Аляксандра Саладухі, Вікторыі Алешкі і многіх іншых.

У 23.50 у эфіры ўсіх тэле- і радыёканалаў — Навагодні зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі да беларускага народа. А першыя хвіліны 2023 года зноў зможам сустракаць пад акампанемент выступленняў любімых артыстаў на канцэрце «Новы год». Раніцай у 10.50 тэлегледачы ўбачаць «Галоўную ёлку краіны» — навагодняе дабрачыннае свята для дзяцей з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Тэлеканал «Беларусь 2» прапануе правесці апошні дзень 2022 года з сям'ёй за праглядам анімацыйных фільмаў. Распачне мультмарафон кінастужка «Папялушка і зачараваны прынц», а працягне яго любімая многімі сага аб прыгодах трох волатаў і іх сяброў.

Тэлеканал «Беларусь 3» падрыхтаваў сваім гледачам падборку класічнага кіно, тэматычных праграм і канцэртаў. У святочным эфіры зможам убачыць «Марозку», «Вяселле ў Малінаўцы», «Паласаты рэйс», «Зігзаг удачы», «Чарадзеяў» і шэраг іншых цікавых фільмаў. Для меламанаў «Беларусь 3» падрыхтаваў свае сюрпрызы — канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча да 80-годдзя Мусліма Магамаева, а таксама праграму «Музыка кіно» ад Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. А ў эфіры тэлеканала ў будучым годзе нас чакае тэлеверсія гала-канцэрта зорак сусветнай оперы, які прайшоў у снежні ў межах ХІІ Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму.

Тэлеканал АНТ парадуе сваю аўдыторыю праграмай з адметнымі штрыхамі. Так, 31 снежня тут пакажуць канцэрт заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай «Усё пачынаецца з кахання», а ўвечары — «Народны зорны Новы год». Пасля бою курантаў распачнецца праграма «Навагодняя ноч. 20 гадоў таму». А 1 студзеня маем шэраг прапаноў для аматараў добрага гумару — «КВЗ. Міжнародная ліга», «Міхаіл Задорнаў. Ад першай асобы» і ў перапынку прэм'ерны канцэрт «Новы год».

Тым часам аўдыторыю канала СТБ чакаюць кінапаказы і добрая музыка. У суботу ў праграме значацца: кінафільм «Навагодні перапалох», дакументальны праект «Навагодні калейдаскоп», а вечарам можна завітаць на «Навагодні кватэрнік». Выбірайце сваё кіно і святкуйце пад песні любімых артыстаў.

З надыходзячым вас Новым годам! Няхай ён будзе шчаслівы!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».