Вы тут

Унучка Коласа Вера Міцкевіч: Жыцце і творчасць дзеда стала справай жыцця


Вера Міцкевіч, унучка народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, даследчыца яго творчасці і ўкладальніца ўнікальных выданняў, расказала,  як захапленне пошукамі і даследаваннем жыцця і творчасці знакамітага продка стала справай жыцця.


Фота: sputnik.by

Гісторыі з шафы

Гісторыя пошукаў інскрыптаў сягае яшчэ ў той час, калі я працавала ў Дзяржаўным мемарыяльна-літаратурным музеі Якуба Коласа. Гэта былі 1991—2001 гады. У фондах музея захоўвалася багатая калекцыя дарчых надпісаў Якуба Коласа да розных асоб. Калі ў 1997 годзе вырашылі стварыць выстаўку да чарговага юбілею, трэба было даць пра кожны з інскрыптаў больш шырокую інфармацыю, чым тая, што ўтрымлівалася ў апісанні гэтых дакументаў, расказаць пра коласаўскіх адрасатаў. Не пра ўсіх мы ведалі, таму вялі пошукі, што тады было значна больш складана, чым цяпер. Шмат працавалі з асабістым архівам Коласа — там таксама знаходзілася інфармацыя, якую адшуквалі па крупінках. Выстаўка атрымалася даволі змястоўная, а праз год, у 1998-м, давялося тры месяцы правесці на бальнічным з пераломамі нагі. Але ж сумаваць не хацелася! У нас была шафа кніг з дарчымі надпісамі да майго бацькі, Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча. Вырашыла скласці картатэку і апісаць, расшыфраваць: надпісы былі не толькі па-беларуску ці па-руску, але і на замежных мовах. Даводзілася перакладаць, многія яшчэ і расшыфроўваць: бывала, цяжка атрымлівалася разабрацца ў почырку, каб упэўнена сцвярджаць, што там напісана. Знайшліся дарчыя надпісы і на здымках, і на кружэлках. З’явілася задума расказаць пра іх, бо многія з тых людзей былі мне знаёмыя: пісьменнікі, навукоўцы, з якімі сябраваў бацька. Некаторыя дарылі не адну кніжку, а некалькі, напрыклад, Адам Мальдзіс, Генадзь Кісялёў, Максім Лужанін, Уладзімір Караткевіч.

З добрай перспектывай

Расказаць пра кожнага не атрымалася, бо цалкам інфармацыяй я не валодала. А калі ў 2014 годзе спаўнялася стагоддзе з дня нараджэння бацькі, прыйшла ідэя выдаць кнігу. Яна пабачыла свет пад назвай «Бачу пройдзеныя далі». Самы вялікі раздзел яе прысвечаны інскрыптам да Данілы Канстанцінавіча. Ва ўступе я апісала гісторыі, якія ведала. Адна з іх, што потым будзе мець працяг, — пра кружэлку. На ёй — дарчы надпіс Мікалая Браўна, піцерскага паэта-перакладчыка. З яго сям’ёй сябраваў Якуб Колас, гэтае сяброўства перайшло і да нашай сям’і. На кружэлцы пазначана: «Дарагім Данілу Канстанцінавічу і Але. Галасы тых, хто вечна будзе з намі. Па-сяброўску, з любоўю. Мікалай Браўн. Ленінград. 1963 год.

Май, 19». Там запісаны галасы пісьменнікаў: Льва Талстога, Аляксандра Купрына, Валерыя Брусава, Вікенція Верасаева, Уладзіміра Маякоўскага, Сяргея Ясеніна, Эдуарда Багрыцкага і іншых… Як аказалася пасля, калі стала разбіраць кніжкі з надпісамі мне, то першай, якую знайшла, была кніжачка ад Марыі Камісаравай, жонкі Браўна. У ёй — казкі, песні і загадкі Маршака выдання 1955 года («Детгиз»). Па гэтай кніжцы, памятаю, я вучылася чытаць. Дарчы надпіс датаваны 1963 годам.

Вельмі мне дарагія надпісы і ад Уладзіміра Караткевіча. На маё пятнаццацігоддзе ён зрабіў цудоўны запіс так званай «старадаўняй вяззю». Казаў, што

ў кожнага пісьменніка ёсць свой стыль, і сваё «вязьмо» зашыфраваў… А на мае дваццаць гадоў зрабіў такі надпіс на першым томе двухтомніка 1980 года: «Веры Данілаўне Міцкевіч у дзень яе дваццацігоддзя з пажаданнем здароўя і шчасця на астатнія сто дваццаць год яе светлага разумнага жыцця. Уладзімір Караткевіч, 25 чэрвеня 1981 года». Караткевіч заўжды жадаў шмат гадоў са шчодрай перспектывай… Сёлета мы з маці з’ездзілі ў музей Караткевіча ў Оршы і некалькі кніг з дарчымі надпісамі падаравалі ўстанове.

Дарагія надпісы ад тых пісьменнікаў, з якімі Колас сябраваў і якія потым дапамагалі ў арганізацыі музея, ва ўшанаванні памяці: удзельнічалі ў стварэнні філіялаў, адкрыцці мемарыяльных дошак, давалі парады, выступалі на мерапрыемствах. Гэта Янка Брыль, Іван Шамякін.

Лічу, што інскрыпты — катэгорыя рухомая, то-бок, яны з’яўляюцца, адшукваюцца. І ў нашай краіне, і за межамі. Асабліва шмат удалося знайсці за апошні час. Сёлета, напрыклад, мая пляменніца Васіліна адшукала 18 невядомых дагэтуль надпісаў. Цяпер патрэбна работа па расшыфроўцы.

З удзячнасцю да настаўніка

Два гады таму мяне зацікавіў дарчы надпіс на кнізе «Сымон-музыка» 1918 года. Зроблены ён у жніўні 1921 года ў Мінску. Падпісана выданне З. Л. Мышынскаму — абсалютна невядомай асобе. Кніга знаходзілася ў прыватнай калекцыі, але мне далі дазвол на расшыфроўку… За два гады ўдалося знайсці звесткі пра адрасата. Дакументы захоўваюцца ў архіве Цюменскай вобласці… Мне даслалі электронныя копіі, карціна выбудавалася. Дапамагла тая літаратура, што ёсць у нас. Высветлілася, што Мышынскі жыў у Ленінградзе, памёр у 1940 годзе. Ён стаў заслужаным настаўнікам РСФСР — гэта быў першы год, калі давалі такое званне, ён атрымаў яго за месяц да смерці…

Гэты чалавек на два гады раней за Канстанціна Міхайлавіча скончыў Нясвіжскую семінарыю — вось адкуль яны і былі знаёмы. Высветліць падрабязнасці дапамаглі архіўныя матэрыялы, сабраныя Генадзем Кісялёвым да стагоддзя Коласа… Зянон Леапольдавіч Мышынскі прыязджаў у Беларусь, магчыма, да радні ці аднавіць дакументы. А можа, шукаў працу, меў намер застацца на радзіме…

У музеі ёсць яшчэ адзін даваенны нерасшыфраваны інскрыпт. Некаторыя здагадкі маюцца… Для мяне гэта пэўная аддушына, калі саджуся і пачынаю разбірацца, думаць: як склалася гісторыя…

Публікацыю пра апошнюю з іх прысвяціла свайму класнаму настаўніку, матэматыку. Зянон Леапольдавіч Мышынскі быў матэматыкам таксама. Мой настаўнік працуе дагэтуль — яму 85 гадоў. Гэта Аляксандр Маркавіч Фельдман… Навучыў мяне логіцы, што спатрэбілася ў літаратуразнаўстве, музейнай і навуковай сферах. Вельмі яму ўдзячна…

Матэрыял падрыхтавала Таша ШПАКОЎСКАЯ

Фота з уласнага архіва Веры МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».